Навелы
Штэфан Цвэйг, Томас Ман
Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
Я міжвольна здрыгануўся і спыніўся. Яшчэ момант, і я павярнуў бы назад, але штосьці заварушылася ў цемры, нехта ўстаў, зрабіў два крокі, і раптам я пачуў яго голас.
— Прабачце,— ветліва і неяк вінавата сказаў ён,— вы, відаць, хочаце пайсці на сваё месца, але мне здалося, што вы перадумалі, убачыўшы мяне. Прашу вас, сядайце, я зараз пайду.
Я, у сваю чаргу, паспяшаўся адказаць, што прашу яго застацца і што я хацеў адступіць, каб не перашкаджаць яму.
— Мне вы не перашкаджаеце,— не без горычы запярэчыў ён,— наадварот, я рады пагаварыць з кім-не-
будзь. Ужо дзесяць дзён, як я не вымавіў ні слова... эрэшты, ужо шмат гадоў... I мне цяжка, я задыхаюся — відаць, таму, што я мушу несці свой цяжар моўчкі... Я болей не магу сядзець у каюце, у гэтай... у гэтай магіле... я болей не магу... і людзей я таксама не магу цярпець, бо яны цэлы дзень смяюцца... Я не магу вытрымаць гэтага цяпер... я чую гэта нават у каюце і затыкаю вушы... праўда, ніхто ж не ведае, што... яны нічога не ведаюць, а потым, што чужым да таго?
Ен зноў запнуўся і раптам нечакана і паспешна сказаў:
— Але я не хачу турбаваць вас... прабачце за маю балбатлівасць.
Ен пакланіўся і хацеў ісці. Але я стаў настойліва ўтрымліваць яго.
— Вы зусім не турбуеце мяне. Я таксама рады пагутарыць тут, у цішыні... Цыгарэту?
Ен узяў яе. Я чыркнуў запалку. Зноў у дрыготкім святле ўзнік ягоны твар, які быццам адарваўся ад чорнага фону; на гэты раз ён быў звернуты да мяне. Вочы за акулярамі ўтаропіліся ў мой твар прагна і з нейкаю шалёнаю сілаю.
Мне зрабілася не па сабе. Я адчуваў, што чалавек хоча гаварыць, што ён мусіць гаварыць. I я ведаў, што мне трэба маўчаць, каб аблегчыць яму гэта.
Мы зноў селі. Побач з ім у кутку стаяла другое крэсла, яго ён і прапанаваў мне. Мы курылі, і па тым, як неспакойна скакала ў цемры светлае кальцо цыгарэты, я бачыў, што яго рука дрыжыць. Але я маўчаў, маўчаў і ён. Потым раптам ён ціхім голасам папытаўся:
— Вы вельмі стаміліся?
— He, зусім не.
Голас у цемры зноў на хвілінку змоўк.
— Я хацеў бы папытацца ў вас пра нешта... гэта значыць, я хацеў бы вам сёе-тое расказаць. Я ведаю, я добра ведаю, як недарэчна звяртацца да першага стрэчнага, але... я... я... у цяжкім псіхічным стане... Я дайшоў да мяжы, калі мне што б там ні было, трэба з кім-небудзь пагаварыць... а то я загіну... Вы зразумееце мяне, калі я... пэўна ж, калі я вам усё раскажу. Я ведаю, што вы не можаце дапамагчы мне... але я як бы хворы ад гэтага маўчання... а хворы заўсёды смешны ў вачах другіх...
Я перабіў яго і папрасіў не мучыцца дарэмна. Хай ён не саромеецца і раскажа мне ўсё... Канечне, я не магу яму нічога абяцаць, але на кожным чалавеку ляжыць абавязак прапанаваць сваю дапамогу. Калі мы бачым блізкага ў бядзе, то, зразумела, наш абавязак дапамагчы яму...
— Абавязак... прапанаваць сваю дапамогу... абавязак паспрабаваць... Значыцца, і вы думаеце, што на нас ляжыць абавязак... абавязак прапанаваць сваю дапамогу?
Тройчы паўтарыў ён гэтыя словы. Мне стала страшна ад іх тупога, упартага паўтарэння. Ці не вар’ят гэты чалавек? А мо ён п’яны?
Але, зусім дакладна адгадаўшы маю думку, як быццам я выказаў яе ўслых, ён раптам сказаў зусім другім голасам:
— Вы, мусіць, лічыце мяне вар’ятам ці п’яным? He, гэтага няма, пакуль што яшчэ няма. Толькі тое, што вы сказалі, дзіўна ўразіла мяне... уразіла моцна, бо гэта якраз тое, што мяне цяпер мучыць — ці ляжыць на нас абавязак... абавязак...
Ен зноў пачаў запінацца. Потым раптам змоўк, каб крыху пазней, зрабіўшы над сабою намаганне, загаварыць:
— Справа ў тым, што я ўрач. У нашай практыцы часта бываюць такія выпадкі, такія фатальныя... ну, скажам, няясныя выпадкі, калі не ведаеш, ці ляжыць на табе абавязак... абавязак жа не адзін — ёсць абавязак перад блізкім, ёсць яшчэ абавязак перад самім сабою, і перад дзяржаваю, і перад навукаю... Трэба памагаць, канечне, для гэтага мы і існуем... але такія правілы добрыя толькі ў тэорыі... Да якіх межаў трэба памагаць?.. Вось вы чужы чалавек, і я для вас чужы, і я прашу вас маўчаць пра тое, што вы мяне бачылі... Добра, вы маўчыце, выконваеце гэты абавязак... Я прашу вас пагаварыць са мною, бо я проста здыхаю ад свайго маўчання... Вы гатовы выслухаць мяне. Добра... Але гэта ж лёгка. А што, калі я папрашу вас узяць мяне ў ахапак і кінуць за борт?.. Тут ужо канчаецца ласка, гатоўнасць дапамагчы. Дзесьці яна павінна канчацца... дзесьці павінен спыніцца гэты абавязак... ці, можа, якраз ва ўрача ён і не павінен канчацца? Няўжо ўрач павінен быць якімсьці збавіцелем, якімсьці сусветным памоч-
нікам толькі таму, што ў яго ёсць дыплом з лацінскімі словамі: няўжо ён сапраўды павінен сапсаваць сваё жыццё і падліць сабе вады ў кроў, калі з’яўляецца якая-небудзь... калі з’яўляецца які-небудзь пацыент і патрабуе ад яго высакароднасці, гатоўнасці дапамагчы, прыстойнасці? Так, дзе-небудзь канчаецца абавязак... там, дзе мяжа нашых сіл, менавіта там...
Ен зноў на момант спыніўся і потым сказаў:
— Прабачце, я гавару з такім хваляваннем, але я не п’яны... яшчэ не п’яны... аднак, не буду хаваць ад вас, што і такое са мною цяпер часта бывае ў гэтай д’ябальскай адзіноце... Падумайце — я сем гадоў жыў амаль выключна сярод тубыльцаў і жывёл... тут можна адвучыцца звязна гаварыць. А калі пачнеш гаварыць, дык адразу хлыне цераз край... Але пачакайце... так, я ўжо ўспомніў... я хацеў у вас спытацца, хацеў расказаць вам адзін выпадак... ці ляжыць на нас абавязак дапамагаць... з анёльскаю чысцінёю, бескарысліва дапамагаць... Зрэшты, я баюся, што гэта будзе занадта доўгая гісторыя. Вы папраўдзе не стаміліся?
— Ды не ж, зусім не.
— Я... я вельмі ўдзячны вам... He адмовіцеся?
Ен пашнарыў дзесьці за сабою ў цемры. Бразнулі адна аб адну дзве, тры, а мо і болей пляшак, якія ён, відаць, паставіў побач з сабою. Ен прапанаваў мне віскі; я толькі прыгубіў чарку, а ён адразу перакуліў сваю. На момант паміж намі ўсталявалася маўчанне. Пачуўся ўдар звана: была палова першай.
— Дык вось... я хачу расказаць вам пра адзін выпадак. Уявіце сабе, што ўрач у адным... у маленькім мястэчку... ці, дакладней, у вёсцы... урач, які... урач, які...
Ен зноў запнуўся. Потым раптам, разам з крэслам, падаўся да мяне.
— Гэтак нічога не выйдзе. Я проста павінен расказаць вам усё з самага пачатку, a то вы не зразумееце... Гэта нельга прыводзіць як проста прыклад, як абстрактны выпадак... я павінен расказаць вам сваю гісторыю. Тут не месца ні сораму, ні гульні ў хованкі, перада мною ж таксама раздзяваюцца дагала і паказваюць свае балячкі... Калі хочаш, каб табе. памаглі, то няма чаго віляць і ўтойваць... Дык вось, я не стану расказваць вам пра выпадак з нейкім выдуманым урачом... я раздзя-
ваюся перад вамі дагала і гавару «гэта пра мяне»... Саромецца я развучыўся ў гэтай дзікай адзіноце, у гэтай праклятай краіне, якая выядае душу і высмоктвае мозг з касцей.
Мусіць, я зрабіў нейкі рух, бо ён раптам запыніўся.
— Ах, вы пратэстуеце... разумею. Вы ў захапленні ад Індыі, ад хмараў і пальмаў, ад усёй рамантыкі двухмесячнага падарожжа. Так, тропікі поўныя чароўнасці, калі бачыць іх толькі з чыгуначнага вагона, з аўтамабіля, з каляскі рыкшы: я сам гэта зведаў, калі сем гадоў назад упершыню прыехаў сюды. Аб чым я толькі тады не марыў — я хацеў авалодаць мовамі і чытаць свяшчэнныя кнігі ў арыгінале, хацеў вывучаць мясцовыя хваробы, працаваць дзеля навукі, вывучаць псіхіку тубыльцаў — так завуць мясцовых жыхароў на еўрапейскім жаргоне,— стаць місіянерам чалавечнасці і цывілізацыі. Усім, хто сюды прыязджае, мроіцца адзін і той самы сон. Але за нябачным шклом гэтай аранжарэі чалавек траціць сілу, ліхаманка — ад яе нікуды не ўцячэш, колькі ні глытай хініну — падточвае нервы, робішся вялы і лянівы, друзлы, як медуза. У еўрапейца міжволі сціраецца яго маральнае аблічча, калі ён трапляе з вялікіх гарадоў у такую праклятую балоцістую глуш — рана ці позна гэта адчуе на сабе кожны; адны п’юць, другія кураць опіум, трэція звярэюць і пачынаюць лютаваць — так ці інакш, але сваю частку глупства атрымліваюць усе. Смуткуеш па Еўропе, марыш, каб калі-небудзь зноў прайсці па гарадской вуліцы, пасядзець у светлым пакоі цаглянага дома, сярод белых людзей; год за годам марыш аб гэтым, а настане час, калі можна б пайсці адпачыць,— ужо і не хочацца крануцца з месца. Ведаеш, што ўсімі забыты, што ты чужы, як марская ракавінка, на якую людзі наступаюць нагою. I застаешся, гразнеш у сваім балоце і гінеш у гарачых, вільготных лясах. Хай будзе пракляты той дзень, калі я прадаў сябе ў гэтую смярдзючую глухамань...
Між іншым, зрабіў я гэта не зусім добраахвотна. Я вучыўся ў Германіі, стаў урачом, нават добрым урачом, і працаваў у лейпцьігскай клініцы. У медыцынскіх часопісах таго часу шмат пісалі пра новую прышчэпку, якую я першы ўвёў у практыку. Тут я закахаўся ў адну жанчыну, з якою пазнаёміўся ў бальніцы; раней яна
давяла свайго палюбоўніка да шаленства, і ён стрэліў у яе з рэвальвера; неўзабаве і я шалеў не горш за яго. У яе была прывычка паводзіць сябе з людзьмі пагардліва і холадна, і гэта літаральна зводзіла мяне з розуму — уладныя і дзёрзкія жанчыны заўсёды ўмелі прыбраць мяне да рук, а яна гэтак скруціла, што я зусім страціў галаву. Я рабіў усё, што яна хацела, я... ды што там, чаму мне не сказаць усяе праўды, бо прайшло ўжо восем гадоў... я залез дзеля яе ў бальнічную касу, і, калі гэта выплыла наверх, узнік скандал. Праўда, дзядзька пагасіў нястачу, але маёй кар’еры прыйшоў канец. I тут я даведаўся, што галандскі ўрад вярбуе ўрачоў у калоніі і забяспечвае іх пад’ёмнымі. Я адразу падумаў, што гэта, відаць, не райскае месцейка, калі прапануюць грошы наперад; я ведаў, што магільныя крыжы на гэтых расадніках малярыі растуць у тры разы хутчэй, чым у нас. Але калі чалавек малады, яму заўсёды здаецца, што хваробы і смерць пагражаюць каму хочаш, але толькі не яму. Ну, што ж, выбару ў мяне не было, я паехаў у Ратэрдам, падпісаў кантракт на дзесяць гадоў і атрымаў вялікі пачак банкнотаў. Палову я адаслаў дадому, дзядзьку, а другую вывудзіла ў мяне ў партовым квартале адна асоба, якая здолела абабраць мянеі да ніткі толькі таму, што была ўжо вельмі падобная на тую праклятую кошку. Без грошай, без гадзінніка, без ілюзій пакідаў я Еўропу і не адчуваў асаблівага смутку, калі наш параход выбіраўся з гавані. А потым я сядзеў на палубе, як сядзіце вы, як сядзяць усе, я бачыў Паўднёвы Крыж і пальмы, сэрца млела ў грудзях. Ах, лясы, адзіноцтва, цішыня! — марыў я. Ну, адзіноцтва я атрымаў-такі даволі. Мяне прызначылі не ў Батавію ці Сурабайю, у горад, дзе ёсць людзі, і клубы, і гольф, і кнігі, і газеты, a — зрэшты, назва не мае ніякага значэння — на адзін з глухіх пастоў, у двух днях язды ад бліжэйшага горада. Два-тры нудныя, высахлыя чыноўнікі, некалькі паўеўрапейцаў з тубыльцаў — гэта было ўсё маё акружэнне, а, акрамя таго, куды ні кінь вокам, толькі лес, плантацыі, зараснік і балоты.