• Часопісы
  • Навелы  Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Навелы

    Штэфан Цвэйг, Томас Ман

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 319с.
    Мінск 1996
    128.68 МБ
    Дзяўчынка пачынае раптам дрыжаць і не можа ад хвалявання вымавіць ні слова. Малодшая яшчэ мацней прыціскаецца да яе.
    — Што... што ж?
    — I тут яна сказала: «У мяне ж дзіця ад цябе».
    Малодшая аж падскоквае:
    — Дзіця? Дзіця! Гэтага не можа быць?
    — Але яна ж сказала гэта.
    — Ты, мабыць, дрэнна пачула.
    — He, не! Ен паўтарыў яе словы; як і ты, ён аж падскочыў і сказаў: «Дзіця?» Яна доўга маўчала, а потым кажа: «Што ж цяпер будзе?» А потым...
    — Што потым?
    — Потым ты кашлянула, і мне прыйшлося ўцякаць.
    Малодшая зусім разгублена глядзіць перад сабою.
    — Дзіця! Гэтага не можа быць. Дзе ж у яе дзіця?
    — He ведаю. Вось гэтага я і не магу зразумець.
    — Можа, дзе-небудзь дома... там, адкуль яна прыйшла да нас. Мама, канечне, не дазволіла ёй узяць яго з сабою з-за нас. I таму яна такая засмучаная.
    — Ты што? Яна ж тады нават не ведала Ота.
    Яны зноў змаўкаюць, доўга думаюць, але не знаходзяць адгадкі. I гэта мучыць іх. Першай пачынае гаварыць малодшая:
    — Дзіця — гэтага не можа быць! Адкуль у яе дзіця? Яна ж не замужам, а толькі ў замужніх бываюць дзеці, гэта я ведаю добра.
    — Можа, яна была замужам?
    — Глупства. He за Ота ж.
    — Але адкуль жа...
    Яны разгублена пазіраюць адна на адну.
    — Бедная фрэйлен,— засмучана гаворыць адна. Зноў і зноў з іх вуснаў злятаюць гэтыя словы — уздых шчырага спачування. I тут жа зноў успыхвае цікаўнасць.
    — Хто ў яе — дзяўчынка ці хлопчык?
    — А хто яго ведае.
    — Што ты думаеш — калі я ў яе папытаюся... вельмі, вельмі асцярожна?..
    — Ты з глузду з’ехала!
    — Чаму? Яна ж такая добрая да нас.
    — Ці ж можна так? Нам пра такія рэчы не гавораць. Ад нас усё ўтойваюць. Калі мы ўваходзім у пакой, яны заўсёды адразу спыняюць размову і пачынаюць гаварыць усякае глупства з намі, быццам мы маленькія,
    а мне ж ужо трынаццаць гадоў. Навошта тады пытацца ў іх? Нам усё роўна скажуць няпраўду.
    — А мне гэтак хочацца ведаць!
    — А мне, думаеш, не хочацца?
    — Ведаеш... што мне зусім не зразумела,— што Ота як бы нічога не ведаў. Кожны ведае, што ў яго ёсць дзіця, гэтак жа, як і кожны ведае, што ў яго ёсць бацькі.
    — Ен прыкідваецца, нягоднік, ён увесь час прыкідваецца.
    — Але ж не ў такой справе. Толькі... толькі... калі ён хоча нас падмануць...
    Уваходзіць фрэйлен. Яны адразу змаўкаюць і робяць выгляд, што вучаць урокі. Але тайком касавурацца ў яе бок. Вочы ў яе як быццам чырвоныя, голас стаў ніжэйшы і дрыжыць. Дзяўчынкі прыціхлі і глядзяць раптам на яе пачціва і са страхам. «У яе ёсць дзіця, таму яна такая засмучаная»,— не пакідае іх думка. I пакрысе яе смутак ахоплівае і іх саміх.
    Назаўтра за абедам яны даведваюцца нечаканую навіну: Ота пакідае іх дом. Ен заявіў дзядзьку, што ў яго хутка экзамены і яму трэба старанна да іх рыхтавацца, а тут яму вельмі перашкаджаюць. Ен нойме сабе дзе-небудзь пакойчык на адзін-два месяцы, пакуль не скончацца экзамены.
    Абедзвюх дзяўчынак ахоплівае страшэннае хваляванне. Яны ўгадваюць тайную сувязь гэтай навіны з учарашняй размовай, сваім абвостраным інстынктам адчуваюць нейкае ашуканства, баязлівыя ўцёкі. Калі Ота развітваецца з імі, яны груба паварочваюцца да яго спінаю. Але тайком сочаць за ім, калі ён падыходзіць развітвацца з фрэйлен. У яе дрыжаць губы, але яна маўчыць і спакойна падае яму руку.
    За апошнія дні дзяўчынак быццам падмянілі. Яны не гуляюць, не смяюцца, вочы страцілі вясёлы, бесклапотны бляск. Імі валодаюць непакой і разгубленасць, пануры недавер да тых, хто іх акружае. Яны болей не вераць таму, што ім гавораць, у кожным слове падазраюць хлусню ці нейкі намер. Цэлымі днямі яны прыглядваюцца і цікуюць, сочаць за кожным рухам, ловяць кожны жэст, кожную інтанацыю. Як цені, сноўдаюцца яны за ўсімі, падслухоўваюць пад дзвярамі, спрабуюць даведацца што-небудзь. Горача імкнуцца яны зняць са
    сваіх незадаволеных плячэй цёмную сетку гэтых таямніц або кінуць хоць адзін позірк праз яе ячэйку на свет рэчаіснасці. Дзіцячая вера — гэтая вясёлая бесклапотная слепата — пакінула іх. Акрамя таго, яны прадчуваюць, што гэта яшчэ не ўсё, што трэба чакаць развязкі, і баяцца прапусціць яе. 3 таго часу, як дзеці ведаюць, што іх акружае мана, яны сталі прыдзірлівыя і падазроныя, самі пачалі хітраваць і прыкідвацца. У прысутнасці бацькоў яны надзяваюць на сябе маску дзіцячай прастаты, каб потым праявіць нечаканую актыўнасць. Яны незвычайна ўзбуджаныя, імі валодае нервовы непакой; вочы, якія раней свяціліся мяккім роўным бляскам, цяпер гараць ліхаманкавым агнём, а іх позірк стаў болей глыбокі. Яны такія бездапаможныя ў сваім пастаянным высочванні і падпільноўванні, што ўсё болей і болей прывязваюцца адна да аднае. Часам у іх раптоўна ўзнікае патрэба ласкі, яны падпарадкоўваюцца ёй і раптам парывіста абдымаюцца або, прыгнечаныя сваім няведаннем, пачынаюць плакаць. Без усякай, здаецца, прычыны ў іх жыцці нечакана настаў пералом.
    Сярод многіх крыўд, да якіх яны сталі цяпер вельмі чуллівыя, адна асабліва кранае іх. Яны, здавалася, моўчкі абавязаліся як мага болей радаваць сваю засмучаную фрэйлен. Урокі яны рыхтуюць старанна і акуратна, памагаюць адна адной. Іх не чуваць, яны не даюць падставы для скаргаў, папярэджваюць кожнае яе жаданне. Але фрэйлен нічога не заўважае, і ім гэта вельмі балюча. Яна стала зусім іншая ў апошні час. Часам, калі адна дзяўчынка звяртаецца да яе, тая ўздрыгвае, быццам яе разбудзілі. Позірк яе тады паволі, як бы шукальна, вяртаецца аднекуль здалёку. Часам яна гадзінамі сядзіць нерухома і глядзіць перад сабою, паглыбленая ў мары. Тады дзяўчынкі на дыбачках ходзяць наўкола, каб не трывожыць яе, яны няясна і таямніча адчуваюць, што яна цяпер думае пра сваё дзіця, якое дзесьці далёка. 3 нейкіх глыбінь у іх абуджаецца жаноцкасць і мацнее любоў да фрэйлен, якая стала цяпер такою ласкаваю і такою ціхаю. Яе звычайна хуткая і ганарлівая паходка зрабілася больш паважнаю, рухі асцярожней, і ва ўсім гэтым дзеці адчуваюць таемны смутак. Яе слёз яны ніколі не бачаць, але павекі ў яе часта чырвоныя. Яны заўважаюць, што фрэйлен
    спрабуе ўтоіць ад іх сваё гора, і яны ў роспачы, што не могуць ёй дапамагчы.
    I вось аднаго разу, калі фрэйлен павярнулася да акна і правяла насоўкаю па вачах, малодшая раптам набіраецца адвагі, ціхенька бярэ яе за руку і кажа:
    — Фрэйлен, вы такая засмучаная ў апошні час. Гэта не наша віна, праўда?
    Фрэйлен расчулена глядзіць на дзяўчынку і праводзіць рукою па яе мяккіх валасах.
    — He, дзеці, не,— кажа яна,— канечне, не ваша.— I пяшчотна цалуе яе ў лоб.
    Яны ўсё назіраюць і высочваюць, не мінаюць нічога, што трапляе на вочы. I вось адна з іх, зайшоўшы неяк у пакой, улавіла некалькі слоў. Гэта была толькі адна фраза, бо бацькі адразу ж абарвалі размову, але кожнае слова выклікае ў іх цяпер тысячу здагадак. «Мне таксама нешта здалося,— сказала мама.— Я зраблю ёй допыт». Дзяўчынка спачатку аднесла гэта на сябе і, спалоханая, пабегла да сястры шукаць парады і дапамогі. Але за абедам яны заўважаюць, што бацькі дапытліва пазіраюць на адлучана-задумлівы твар фрэйлен, а потым пераглядваюцца паміж сабою.
    Пасля абеду мама, як між іншым, звяртаецца да фрэйлен:
    — Зайдзіце, калі ласка, да мяне ў пакой. Мне трэба з вамі пагаварыць.
    Фрэйлен моўчкі схіляе галаву. Дзяўчынкі моцна дрыжаць, яны адчуваюць: цяпер штосьці павінна здарыцца.
    I як толькі фрэйлен уваходзіць у пакой, яны кідаюцца ўслед за ёю. Прыхінацца да дзвярэй, абшукваць усе закуткі, падслухоўваць і высочваць стала ў іх чымсьці звычайным. Яны ўжо не адчуваюць ні непрыстойнасці, ні дзёрзкасці сваіх паводзін, у іх толькі адна думка — разгадаць усе таямніцы, якімі ім захіляюць доступ да жыцця.
    Яны падслухоўваюць. Але да іх даносіцца толькі ціхенькі шэпт. Яны нервова дрыжаць. Яны баяцца, што ўсё прапусцяць.
    Але вось за дзвярамі чуваць гучны голас. Гэта мамін голас. Ен гучыць сярдзіта і злосна:
    — Няўжо вы думаеце, што ўсе людзі сляпыя і ніхто
    гэтага не заўважыць? Уяўляю сабе, як вы выконвалі свае абавязкі з такімі думкамі і з такімі маральнымі прынцыпамі. I вось такой асобе я даверыла выхаванне дзяцей, маіх дзяўчынак! Вы ж іх зусім занядбалі...
    Фрэйлен, мусіць, штосьці пярэчыць. Але яна гаворыць вельмі ціха, і дзеці нічога не могуць зразумець.
    — Адгаворкі, адны адгаворкі! У легкадумных жанчын заўсёды ёсць адгаворкі. Аддаецца першаму сустрэчнаму і ні пра што не думае. А там — хоць трава не расці. I вось такая хоча быць выхавальніцай, выхоўваць дзяўчынак. Нахабства, дый годзе! Думаю, вы не разлічваеце, што вось такою я буду трымаць вас і далей у маім доме?
    Дзеці падслухоўваюць за дзвярамі. Ад страху ў іх па целе бягуць дрыжыкі. Яны нічога не разумеюць, але ім страшна чуць злосны мамін голас. А цяпер яны чуюць у адказ ціхі нястрымны плач фрэйлен. 3 вачэй у іх цякуць слёзы. Але мамін голас робіцца яшчэ болей сярдзітым:
    — Гэта ўсё, што вы ўмееце — цяпер плакаць! Мяне вы гэтым не расчуліце. Такіх асоб мне не шкада. Што з вамі цяпер будзе, мяне зусім не тычыцца. Вы самі ведаеце, да каго вам трэба звярнуцца, я ў вас нават не пытаюся пра гэта. Я ведаю толькі адно: пасля таго, як вы гэтак нізка паставіліся да сваіх абавязкаў, я ні хвіліны болей не стану трымаць вас у сябе дома.
    У адказ — толькі рыданні, роспачныя, нястрымныя рыданні, ад якіх дзяўчынак за дзвярамі трасе як у ліхаманцы. Ніколі яны не чулі такога плачу. I цьмяна яны адчуваюць: хто гэтак плача, не можа быць вінаватым. Мама цяпер змоўкла і чакае. Потым яна рэзка кажа:
    — Вось і ўсё, што я хацела вам сказаць. Збярыце сёння свае рэчы і заўтра раніцаю прыходзьце ўзяць разлік. Бывайце!
    Дзеці адскокваюць ад дзвярэй і ратуюцца ў свой пакой. Што гэта было? Быццам маланка ўдарыла паблізу. Яны стаяць бледныя і дрыжаць. Упершыню яны сутыкаюцца з рэчаіснасцю. I ўпершыню яны асмельваюцца паспрабаваць узбунтавацца супраць бацькоў.
    — Гэта подла так гаварыць з ёю,— выціскае з сябе старэйшая і кусае губы.
    Малодшую яшчэ палохаюць такія дзёрзкія словы.
    — Але мы нават не ведаем, што яна зрабіла,— ляпеча яна жаласна.
    — Нічога, пэўна, дрэннага. Фрэйлен не можа зрабіць нічога дрэннага. Мама яе не ведае.
    — А потым — як яна плакала. Мне стала так страшна.
    — Але, гэта было жахліва. А як мама на яе крычала. Гэта подла, чуеш, подла.
    Яна тупае нагою. Слёзы засцяць ёй вочы.