Навелы
Штэфан Цвэйг, Томас Ман
Выдавец: Юнацтва
Памер: 319с.
Мінск 1996
I сапраўды, яна рэзкім жэстам рукі перапыніла мяне, быццам адмятала ўсе гэтыя супакойлівыя словы.
— Мяне, доктар, не гэта трывожыць. У той раз, калі я хадзіла з першым хлопчыкам, маё здароўе было куды
лепшае... але цяпер я ўжо не тая... у мяне не ў парадку з сэрцам...
— Вось яно што, з сэрцам не ў парадку,— паўтарыў я, паказваючы ўсім сваім выглядам неспакой.— Зараз паслухаем.— Я зрабіў рух, быццам устаю, каб дастаць стэтаскоп. Але яна спыніла мяне. Голас яе гучаў цяпер вельмі рэзка і катэгарычна, як каманда.
— У мяне не ў парадку з сэрцам, доктар, я папрашу вас верыць таму, што я кажу. Я не хацела б траціць час на даследаванні — вы маглі б, думаецца, выказаць мне крыху болей даверу. Я дастаткова даказала свой давер вам.
Цяпер гэта была ўжо барацьба, адкрыты выклік. I я прыняў яго.
— Давер патрабуе шчырасці, поўнай шчырасці. Гаварыце ясна, я ж урач. I перш за ўсё зніміце вуаль, сядайце сюды, пакіньце ў спакоі кнігі і ўсе гэтыя хітрыкі. Да ўрача не прыходзяць пад вуаллю.
Горда выпрастаўшыся, яна акінула мяне позіркам. Хвіліну памарудзіла. Потым села і падняла вуаль. Я ўбачыў твар — такі, які баяўся ўбачыць: непранікальны, цвёрды, рашучы, адзначаны незалежнаю ад узросту прыгажосцю, твар з шэрымі вачамі, якія часта бываюць у англічанак,— вельмі спакойныя, але поўныя затоенага агню. Гэтыя тонкія сціснутыя губы ўмелі захоўваць тайну. Нейкі момант мы глядзелі адно на аднаго — яна ўладна і дапытліва, з такою халоднаю жорсткасцю, што я не вытрымаў і міжвольна адвёў убок вочы.
Яна лёгенька пастуквала пальцамі па стале. Значыцца, і яна нервавалася. Потым раптам сказала:
— Вы ведаеце, доктар, чаго я ад вас хачу, ці не ведаеце?
— Здаецца, ведаю. Але лепей пагаворым адкрыта. Вы хочаце вызваліцца ад вашага стану... хочаце, каб я вызваліў вас ад непрытомнасці, ухіліў... ухіліў прычыну. Правільна я зразумеў?
— Так.
Як нож гільяціны, упала гэтае слова.
— А вы ведаеце, што падобныя эксперыменты небяспечныя... для абаіх бакоў?..
— Так.
— Што закон мне гэта забараняе?
— Бываюць выпадкі, калі гэта не толькі не забаронена, але, наадварот, рэкамендуецца.
— Але для гэтага трэба заключэнне ўрача.
— Дык зрабіце гэтае заключэнне. Вы ж урач.
Ясна, цвёрда, не мігаючы, глядзелі на мяне яе вочы. Гэта быў загад, і я, маладушны чалавек, дрыжаў, уражаны дэманічнаю сілаю яе волі. Але я яшчэ курчыўся, не хацеў паказаць, што ўжо раздушаны. «Толькі не спяшацца! Як мага болей марудзіць! Вымусіць яе папрасіць»,— нашэптвала мне нейкае няяснае жаданне.
— Гэта не заўсёды ва ўладзе ўрача. Але я гатовы... Параіцца з калегам у бальніцы...
— He трэба мне вашага калегі... я прыйшла да вас.
— Дазвольце даведацца, чаму менавіта да мяне?
Яна холадна зірнула на мяне.
— He бачу прычыны хаваць гэта ад вас. Вы жывяце наводшыбе, вы мяне не ведаеце, вы добры ўрач, і вы...— яна ў першы раз запнулася,— відаць, нядоўга прабудзеце ў гэтай мясцовасці, асабліва калі... калі зможаце ўзяць з сабою дадому добрую суму грошай.
Мяне аж скаланула. Гэты сухі, як бы камерцыйны разлік ашаламіў мяне. Дагэтуль губы яе яшчэ не разамкнуліся для просьбы, але яна даўно ўжо ўсё падлічыла і спачатку высачыла мяне, як дзічыну, а потым пачала паляванне. Я адчуваў, як пранікае ў мяне яе дэманічная воля, але я супраціўляўся з усёю злосцю. Яшчэ раз прымусіў я сябе прыняць дзелавы, амаль іранічны тон.
— I гэтую добрую суму вы... вы аддасцё ў маё распараджэнне?
— За вашу дапамогу і неадкладны ад’езд.
— Вы ведаеце, што я тады трачу права на пенсію?
— Я кампенсую вам яе.
— Вы гаворыце вельмі ясна... Але я хацеў бы яшчэ большай яснасці. Якую суму ганарару мелі вы на ўвазе?
— Дванаццаць тысяч гульдэнаў, з выплатаю па чэку ў Амстэрдаме.
Я задрыжаў... задрыжаў ад гневу і... захаплення. Усё яна разлічыла — і суму, і спосаб плацяжу, які прымушаў мяне да ад’езду, яна мяне ацаніла і купіла, не ведаючы мяне, распарадзілася мною, упэўненая ў сваёй уладзе. Мне вельмі хацелася ўдарыць яе па твары... Але калі я, дрыжучы, устаў з месца — яна таксама ўстала — і паглядзеў ёй у вочы, паглядзеў на гэты моцна
сціснуты рот, які не жадаў прасіць, на гэты ганарысты лоб, які не жадаў схіляцца, мною раптам авалодала... авалодала... нейкая прага помсты, насілля. Мусіць, і яна гэта адчула, бо высока падняла бровы, як робяць, калі хочуць асадзіць надакучлівага чалавека; ні яна, ні я не хавалі сваёй нянавісці. Я ведаў, што яна ненавідзіць мяне, бо адчувала патрэбу ўва мне, а я яе ненавідзеў за тое... за тое, што яна не хацела прасіць. У гэтую хвіліну, у гэтую адзіную хвіліну маўчання мы ўпершыню загаварылі зусім шчыра. Потым, нібы змяя, упілася ў мяне думка, і я сказаў... сказаў ёй...
Але пачакайце, так вам не зразумець, што я зрабіў... што сказаў... мне трэба спачатку растлумачыць вам, як... як зарадзілася ўва мне... гэтая... вар’яцкая думка...
Зноў ціхенька бразнула ў цемры чарка. I голас працягваў з яшчэ болыпым узбуджэннем:
— He думайце, што я хачу зменшыць сваю віну, апраўдацца, абяліць сябе... Але вы без гэтага не зразумееце... He ведаю, ці быў я калі-небудзь добрым чалавекам... але, здаецца, дапамагаў я заўсёды ахвотна... А там, у маім сабачым жыцці, гэта была ж адзіная радасць: карыстаючыся жменькаю ведаў, увагнаных у мозг, зберагчы жыццё жывой істоце... Я адчуваў сябе тады госпадам богам... Далібог, гэта былі мае лепшыя хвіліны, калі прыходзіў вось такі жоўты хлапчына, пасінелы ад страху, са змяіным укусам на добра распухлай назе і, плачучы, маліў не адразаць яму нагу, і я ўмудраўся яшчэ выратаваць яго. Я ездзіў у самыя далёкія мясціны памагаць жанчыне, якую трэсла ліхаманка; выпадала рабіць і тое, чаго чакала ад мяне мая сённяшняя наведніца — такое здаралася яшчэ ў Еўропе, у клініцы. Але тады я адчуваў, што камусьці патрэбны, тады я ведаў, што выратоўваю кагосьці ад смерці ці роспачы, а гэта патрэбна і самому выратавальніку — усведамляць, што ты патрэбны другому.
Але гэтая жанчына — не ведаю, ці здолею я растлумачыць вам,— яна ўзбуджала, раздражняла мяне з той мінуты, як увайшла, нібыта выпадкова, у мой дом. Сваёю ганарыстасцю яна выклікала ў мяне супраціўленне, абудзіла ўсё... як бы гэта сказаць... абудзіла ўсё прыглушанае, усё схаванае, усё злоснае. Мяне збівала
з панталыку, што яна разыгрывала перада мною ледзі і з халоднаю абыякавасцю прапаноўвала здзелку, у той час як справа ішла пра жыццё і смерць... I потым... потым... зрэшты, ад гульні ў гольф не нараджаюцца дзеці... я ведаў... лепей будзе сказаць, я раптам з жахліваю выразнасцю падумаў — гэта і была тая думка,— з жахліваю выразнасцю падумаў, што гэтая спакойная, гэтая фанабэрыстая, гэтая халодная жанчына, якая пагардліва падняла бровы над стальнымі вачамі, прачытаўшы ў маім позірку адмову... амаль абурэнне,— што яна два-тры месяцы назад ляжала ў ложку з мужчынам і, можа, стагнала ад асалоды, голая, як жывёліна, і іхнія целы ўпіваліся адно ў адно, як вусны ў пацалунку... Вось гэта і была думка, якая пранізала мяне, калі яна паглядзела на мяне з такою ганарыстасцю, з такою пыхлівай халоднасцю, нібы англійскі афіцэр... і тады, тады ў мяне ўсё напружылася... я як бы ашалеў ад жадання ўнізіць яе... 3 гэтага моманту я бачыў праз сукенку яе голае цела.. з гэтага моманту я толькі і жыў думкаю авалодаць ёю, вырваць стогн з яе жорсткіх вуснаў, бачыць гэтую халодную, гэтую ганарыстую жанчыну ў экстазе пачуццяў, як той, другі, каго я не ведаў. Гэта... гэта я і хацеў вам растлумачыць... як я ні апусціўся, аднак ніколі яшчэ не злоўжываў сваім становішчам урача... але тут не было прагнай цягі, не было нічога сексуальнага, пажадлівага, паверце мне... я не стаў бы адпірацца... толькі моцнае жаданне перасіліць яе гордасць... перасіліць як мужчына... Я, здаецца, ужо казаў вам, што вонкава халодныя жанчыны заўсёды мелі нада мною асаблівую ўладу... але цяпер, цяпер да гэтага дадалося яшчэ і тое, што я ўжо сем гадоў не быў блізкі з белаю жанчынаю, што я не ведаў супраціўлення... Бо тутэйшыя жанчыны, гэтыя мілыя істотышчабятухі, з радасным хваляваннем аддаюцца беламу чалавеку, «пану»... Яны ціхмяныя і пакорныя, заўсёды даступныя, заўсёды гатовыя дагаджаць вам з ціхім, гартанным смехам... Але якраз з-за гэтай пакоры, з-за гэтай рабскай дагодлівасці праходзіць асалода, і ты адчуваеш сябе свіннёю... Разумееце цяпер, разумееце, як ашаламляльна ўздзейнічала на мяне раптоўнае з’яўленне гэтай жанчыны, поўнай пагарды і нянавісці, наглуха замкнёнай, якая адначасова і дражніла сваёю таямніцаю, і напамінала аб нядаўняй страс-
ці... калі яна дзёрзка ўвайшла ў клетку такога мужчыны, як я, такога адзінокага, згаладалага, адрэзанага ад усяго свету паўчалавека, паўзвера... Гэта... вось гэта я хацеў вам сказаць, каб вы зразумелі ўсё астатняе... зразумелі тое, што адбылося потым. Дык вось... перапоўнены нейкім злосным жаданнем, атручаны думкаю пра яе, голую, жаданую, якая аддаецца мне, я ўнутры ўвесь падцягнуўся і разыграў абыякавасць.
Я холадна вымавіў:
— Дванаццаць тысяч гульдэнаў?.. He, на гэта я не згодны.
Яна зірнула на мяне, крыху збялелая. Відаць, яна ўжо здагадалася, што маё супраціўленне выклікана не прагнасцю. I ўсё ж яна спыталася:
— Колькі ж вы хочаце?
Але я не хацеў працягваць размову ў такім прытворна халодным тоне.
— Давайце не будзем гуляць у хованкі. Я не дзялок... не бедны аптэкар з «Рамэо і Джульеты», які прадае атруту за corrupted gold1... можа, я менш за ўсё дзялок... гэтым спосабам вы нічога не даб’ецеся.
— Дык вы не хочаце?
— За грошы — не.
На момант паміж намі ўсталявалася цішыня. Было так ціха, што я першы раз пачуў яе дыханне.
— Чаго ж вы яшчэ можаце хацець?
Тут я не мог болей трымацца:
— Перш за ўсё я хачу, каб вы... каб вы не звярталіся да мяне як да гандляра, а як да чалавека... Каб вы, калі вам трэба дапамога, не... лезлі адразу ж з вашымі гнюснымі грашамі... а папрасілі... мяне як чалавека, дапамагчы вам як чалавеку... Я не толькі ўрач, у мяне не толькі прыёмныя гадзіны... у мяне бываюць і другія гадзіны... можа. вы прыйшлі якраз у такую гадзіну...
Яна хвіліну маўчыць. Потым яе вусны злёгку крывяцца, дрыжаць, і яна хутка пытаецца:
— Значыцца, каб я вас... папрасіла... тады б вы гэта зрабілі?
— Вось вы ўжо зноў таргуецеся! Вы згодны прасіць толькі ў тым выпадку, калі я спачатку паабяцаю. Спачатку вы павінны мяне папрасіць, тады я вам адкажу.