Нічые  Андрэй Федарэнка

Нічые

Андрэй Федарэнка
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 430с.
Мінск 2009
91.17 МБ
Пасля выхадных, у панядзелак, аўтобуса не было, і Васкевіч прыйшоў у Двароўку пешкі, ступіў на бібліятэчны двор, падняў галаву — і сэрца абарвалася. Акно, што насупраць яго «кафедры», каля якога ён любіў курыць і думаць, чарнела пустатою: дзве шыбкі былі разнесены ўшчэнт. Калі выбілі? У пятніцу? Няўжо два выхадных так і прастаяла?! Агледзеў снег, рамы, зазірнуў усярэдзіну — не, не падобна, каб лазілі. Тады чаму разбілі? Ключоў няма — дамаўляліся, што Пеця пакіне бабцы... Тут з-за вугла, ад пошты выскачыла бабка, завойкала, аддала ключы:
— Вызывайце міліцыю! Яго ўжэ хацелі забіраць лячыцца, ужэ ўчастковы казаў — хай толькі шчэ раз!..
— Каго?
— Ручку тую малахольную! Як вуп’е, такая гадасць несусветная! He давайце ім больш ключы!..
Васкевіч зайшоў у бібліятэку, прабег вачыма па стэлажах — як стаяла ўсё, так і стаіць, нічога не ўкрадзена. Каля акна валяецца пабітае шкло, пасярэдзіне на падлозе яшчэ нявысахлая вада... Снежкамі разбілі. Проста так, нізашто, на злосць — бо ён не такі, як яны... I Пеця гэты не мог умяшацца!.. Што за людзі, што ў іх у галовах, чым яны жывуць?..
Бабка кінулася прыбіраць.
— Сцякла ж няма, мо б Іван паставіў,— казала яна,— дык і Йвана няма, паплёўся ў лясніцтва, зноў нап’ецца, бо ў тых палучка...
— А калі да гэтага схадзіць, Ручкі,— хай ставіць, раз выбіў.
— А Божа! — пляснула бабка ў далоні.— Ён паставіць! Ён не здолее дошкі ў плот прыбіць.
— А што ён робіць, працуе дзе?
— На трахтары, жыжку возіць на поле. Жыве адзін з маткаю, п’е, як дурны які...
«Ладна,— падумаў Васкевіч,— шуму не падымаць, сабе ж даражэй...» Наказаў бабцы пабыць тут, блізка дзе, зняў шнурком размеры, схадзіў назад, дамоў, забраў з гарышча два кавалкі шкла, што маці хавала на чорны дзень, пацёгся назад у Двароўку, у магазіне купіў шкларэз. Адрэзалася роўна, у акурат, нідзе не трэснула, і пакрысе супакоіўся — правільна, так і трэба, сам, маўчком. Са сваімі законамі ў чужы манастыр не суйся. Калі прыбіваў штапікі, упаўзла ў двор бабка нейкая на двух кіёчках, яшчэ здалёк загаласіла:
— А мой ты сынку, прасьці яго!..
Плакала, «бо Валера мой не жэніцца» і не йдзе за яго ніхто, што яго хочуць выганяць з работы, а так ён, калі цвярозы, «дабрачы», «што і ў мяне ж сэрца, як і ў каждай маткі, за яго баліць»...
Найбольш уразіла Васкевіча, ледзь не да саромных слёз давяло, што гэтая бабка з кіёчкамі марыць пра ўнукаў і што паганенькі Ручка для яе ніякі не Ручка, а родны сын, у якога, як і ў кожнага чалавека, ёсць імя — Валера; яна так і заве яго, і, відаць, ёй крыўдна, што людзі дражняць яго нейкай сабачай мянушкай; сын, якога яна песціла малога, любавалася ім і спадзявалася, верыла, што, калі ён вырасце, будзе ёй помач і абарона.
XII
Скончыўся люты, і адразу ж, за якіх пару дзён, скончылася і тая слотная, адліжная зіма 91-га года. Толькі дзе-нідзе ў полі, у лесе, каля платоў і ў ямках паўз дарогу пааставаліся латкі старога снегу. Замаразкі прапалі, і ўночы было цёпла, як і днём. Другія суткі амаль без перапынку церушыўся нудны дожджык.
Увесь час цягнула ў сон, а выспацца не можна было. Васкевіч прачынаўся раніцаю і не мог дапяць, што цяпер — вечар ці ранак? Усё тая ж цемрадзь за акном, капае, ціхенька шоргае аб рамы дождж, запацелыя шыбы...
3 гэтай вясной, з гэтым дажджом прыпоўз такі сум, што выць хацелася. Адзінота, такая доўгая, і якія ўсе аднастайныя дні!
Увойдзеш з двара ў хату, як ні абцірай ногі, сляды астаюцца. I ад гэтага брыдка, сумна, адзінока. Лямпачка, такая няўтульная раніцаю, слаба свеціць жоўтым святлом (яркую матка шкадуе ўкручваць — шмат энергіі бярэ); сядзеш есці, падзёўбаеш відэльцам учарашнюю падагрэтую бульбу, нясмачную, цвёрдую, напішаш пальцам на запацелай шыбе «Лена» ці «Жыве Беларусь» — і вытраш адразу ж, з нейкай злосцю... Нашто ўсё, каму ты трэба, якой Лене, якой Беларусі?!.
Паеў, у Двароўку заехаў, на пошту забег, па бібліятэчныя газеты і часопісы — цэлы пак, і ніводнага пісьма... 3 Мінска ні слыху ні дыху! I ўжо не хацелася думаць так, быццам расказваеш Лене ці Рамановічу. Гартаў часопісы, упіваўся вачыма ў газетныя рубрыкі, загалоўкі — і не мог чытаць, звыклая злосць запаўняла ўсяго, не верыў ніводнаму слову. Нашто гэта пішуць, для каго?.. Няўжо яшчэ нехта можа верыць у гэта?!. Уключаў свой маленькі галасісты «Сокал», які прынёс з дому,— тое ж самае: палітыка, рэферэндум, «паўлаўскі» грашовы абмен... Курыў, хадзіў па бібліятэцы з кутка ў куток, чытаў кнігі; калі была ахвота, калупаўся ў каталозе, прыводзіў да ладу алфавітныя карткі. Абедаў хлебам з салам, салёным гурком. Перад вячэрнім аўтобусам, калі трэба было ўжо зачыняцца, наўзгад даставаў пяць-шэсць фармуляраў (схолькі чытачоў па планах павінна было ў дзень прыходзіць, іле, вядома, не прыходзіла), запаўняў, у дзённік запісваў: школьнікаў — 2, пенсіянераў — 2, служачых — 1, калгаснік — 1; кніг узялі: мастацкіх — 10 (з іх на беларускай мове — 5), грамадска-палітычных — 3... Цёмна вяртаўся дадому, глядзеў тэлевізар, спаць клаўся.
Ну, працуе. Ну, месяц прайшоў. Ну і што? Для чаго ўсё?
Васкевічу думалася, што ён проста яшчэ ніколі не жыў самастойна, як дарослыя людзі жывуць. Возьмем школу — усё ясна, настаўнікі над душою, ведаеш, што гэта ім трэба, каб ты давучыўся да канца і атрымаў атэстат. Армія — яшчэ ясней, кожны яфрэйтар — начальства, ведаеш, што гэтаму начальству патрэбна, каб ты адбарабаніў сваё і вярнуўся дамоў. Інстытут — выкладчыкам трэба, каб ты вывучыўся і адпрацаваў за тыя грошы, што дзяржава ў цябе ўбухала... Заўсёды некаму трэба было, каб Васкевіч рабіў тое й тое. А цяпер каму ён трэба? Нікому. Аддадзены сам сабе. Хочаш — сядзі хоць да пенсіі ў бібліятэцы, не хочаш — кідай, шукай што другое.
Проста нічога не аставалася, як верыць, што недзе нехта ўсё ж помніць пра яго і, магчыма, у гэтую вось хвіліну нехта ў некага пытае: «Ну, як там наш выгнаннік?» — «Прыцішэў, гібее ў сваёй бібліятэцы!» — «Вось і добра, нагляду за ім не здымаць!..»
Увечары можна прайсціся па вёсцы: у адзін канец, дзе дарога на станцыю, у другі — дзе шаша з горада на Двароўку... Ціха, цёмна, глуха, нават тэлевізары мала ў якіх вокнах свецяцца, сабакі маўчаць, толькі гразь пад гумовікамі папісквае ды дождж ледзь чутна стракоча аб брызентавую накідку... Калі хто сустрэнецца, буркне нешта на твой «добры вечар» і доўга яшчэ будзе стаяць і глядзець табе ў спіну — быццам ты з турмы збег... Можна да Пульса зайсці, пасмяяцца, як ён чытае — ён ведае амаль усе літары, але не ўмее зліваць іх у склады і выдумляе абы-якія словы: замест «Гомельскія навіны» чытае «голыя ногі», замест «мастацкі фільм» — «майсцер Хведзя» (дзядзька Хведзя — яго сусед)... Пасядзіш, пасмяешся, але праз міг так абрыдне, што захочацца хоць зноў у цемру, пад дождж...
Перад мінулымі выхаднымі ўсё ж астаўся паглядзець, што за двароўская «маладзёж». У такім жа вялікім, як і бібліятэка, памяшканні з двух ранейшых класаў, у адным кутку, абсеўшы лаўку, гулялі ў «храпа» — Пеця, Ручка, нейкія малыя, нейкі чорны, калматы, як цыган, з доўгімі бруднымі пазногцямі, якому ішла карта і ён увесь час крычаў: «Са мной!», «Верталёт!», «Тры ўзяткі!»; побач, проста на падлозе,— літровы слоік самагонкі — хто хоча падыходзь, налівай, пі... Усе, у тым ліку і малыя, курылі бесперапынна. У другім кутку, дзе таксама стаялі лаўкі, дзявочая кампанія слухала магнітафон. Была там маленькая, худая і гадкая
дзяўчынка, якая пстрыкала клавішам, пераганяючы касету, і лаялася матам. Была баба гадоў пад трыццаць з грудным дзіцём, танцавала, прыціскаючы гэтае дзіцё да сябе. Час ад часу дзіцё заходзілася плакаць, тады з кутка карцёжнікаў крычалі: «Глушы байстручаня!», а баба спакойна адказвала: «Уйдн, скройся!» Была нейкая Люда, даволі мілавідная, сядзела сабе ціхенька на лаўцы. Васкевічу, што стаяў слупам каля карцёжнікаў і, як і ўсе, курыў, убачылася ў ёй нейкая блізкасць, роднасць душаў, падумалася, што яна, мабыць, задыхаецца тут, у гэтым балоце, ірвецца да жыцця і проста няма каму ўзяць яе за руку і вывесці «на сонца» і што гэтым чалавекам можа стацца ён, Васкевіч... Ён быў ужо наважыўся астацца тут, выпіць; магчыма, пагуляць у таго ж «храпа», каб «зліцца з масамі» і каб потым было лягчэй з ёю пазнаёміцца. Але Люда, пасядзеўшы ў рамантычным задуменні, пазяхнула, падышла да карцёжнікаў, стала ззаду, абняла цыгана, пачала падказваць, чым хадзіць... Той адмахваўся, смыкаў плячыма — перашкаджала трымаць карты; Люда яшчэ мацней ашчаперыла. На Васкевіча ніхто не звяртаў увагі. Ён сабраўся і пайшоў, і ніхто яго не пазваў, не папрасіў астацца.
У горадзе, калі ездзіў атрымліваць першую палучку, заскочыў да брата Сцяпана. Той якраз збіраўся на працу ў другую змену, і не пагаварылі добра — так, перакінуліся парай слоў, пакуль Антон праводзіў яго да прыпынку і пакуль чакалі рабочы аўтобус. Сцяпан быў не ў гуморы. Такім Антон яго рэдка бачыў і не любіў такога. На пытанне, што новага, крутнуў галавою — нічога.
Антон загаварыў пра блізкі рэферэндум, сказаў, што апошнім часам раптоўна перастаў усяму верыць і, відаць, зусім не пойдзе галасаваць.
— А я пайду,— сказаў Сцяпан,— За Саюз. Дастаў бардак гэты за шэсць гадоў... Шэсць гадоў бардаку, а дабіліся таго, што гарэлка была па пяць, а стала па дзесяць. I тую купі паспрабуй!..
— Ну чаму — у нацыянальным плане...— пачаў быў Антон — трэба ж было яму нешта гаварыць.
— Што ў нацыянальным? Зараз, глядзі, я табе пакажу ўсе перамены...
Ён выцягнуў з торбачкі газетны скрутак («А там сала, хлеб, салёны агурок...» — падумаў Антон), адгарнуў край газеціны:
— Вось наша «брахалаўка», помніш, была ўся па-беларуску? А цяпер глядзі — уся, акрамя «шапкі», па-руску... Вось гэта адзіныя перамены ў нацыянальным плане!..
Прыязджаў у бібліятэку старшыня сельсавета Лобан, на «Масквічы» з будачкай, наказаў нікому больш не даваць ключы ад «клуба», бо тут будзе ўчастак для галасавання, а ён, Васкевіч, прызначаецца сакратаром гэтай «галасавальнай» камісіі. Усе бібліятэкары ў час выбараў заўсёды былі сакратарамі.
Васкевіч вымушаны быў прымацаваць на дзвярах бібліятэкі і магазіна плакаты такога зместу:
БЮЛЛЕТЕНЬ
для голосовання на референдуме СССР 17 марта 1991 года
Счнтаете лн Вы необходнмым сохраннть Союз? ДА	НЕТ