Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
3 гэтай хвіліны я пакахала цябе. Я ведаю, жанчыны часта гаварылі табе, свайму ўлюбёнцу, гэтыя словы. Але павер мне, ніхто не кахаў цябе з такою рабскаю вернасцю, з такою самаадданасцю, як тая істота, якою я была і якою назаўсёды засталася для цябе, бо нішто на свеце не можа зраўняцца з патаемным дзіцячым каханнем, такім непатрабавальным, самаахвярным, такім пакорлівым, насцярожаным і палкім, якім ніколі не бывае патрабавальнае і — хай несвядома — прагнучае ўзаемнасці каханне дарослай жанчыны. Толькі адзінокія дзеці могуць цалкам затоіць у сабе сваё пачуццё, другія выбалботваюць яго сяброўкам, прытупляюць яго прызнаннямі,— яны часта чулі і чыталі пра каханне і ведаюць, што яно непазбежны лёс усіх людзей. Яны цешацца ім, як цацкаю, выхваляюцца ім, як хлопчыкі сваёю першаю выкуранаю цыгарэтаю. Але я — у мяне
не было нікога, каму б я магла даверыцца, ніхто не павучаў і не перасцерагаў мяне,— я была нявопытная і наіўная; я рынулася ў свой лёс, як у бяздонне. Усё, што расло і спела ўва мне, я давярала толькі табе, герою маіх мараў; тата мой даўно памёр, ад мамы, з яе пастаяннымі клопатамі беднай удавы, якая жыла на пенсію, я была далёкая, легкадумныя школьныя сяброўкі адштурхоўвалі мяне, бо яны бесклапотна гулялі тым, што было ў мяне вышэйшым пачуццём,— і ўсё тое, што звычайна дробніцца і расшчэпліваецца ў душы, усе мае заглушаныя пачуцці нецярпліва рваліся на паверхню і імкнуліся да цябе. Ты быў мне — як растлумачыць табе? любое параўнанне, узятае паасобку, будзе занадта слабае,— ты быў проста ўсё для мяне, усё маё жыццё. Усё існавала толькі таму, што мела дачыненне да цябе, усё ў маім жыцці толькі ў тым выпадку набывала сэнс, калі было звязана з табою. Ты перайначыў усё маё жыццё. Дагэтуль абыякавая і пасрэдная вучаніца, я нечакана стала першаю ў класе; я чытала мноства кніг, чытала да глыбокай ночы, бо ведала, што табе падабаюцца кнігі; на маміна здзіўленне, я раптам пачала з шалёнаю стараннасцю практыкавапца Ў ігры на фартэпіяна, бо мне здавалася, што ты любіш музыку. Я чысціла і цыравала сваё адзенне, каб не лезці табе на вочы неахайна апранутаю, і страшэнна пакутавала ад чатырохвугольнай латкі на школьным фартуху, перашытым са старой мамінай дамашняй сукенкі. Я баялася, што ты заўважыш гэтую латку і будзеш пагарджаць мною, таму, узбягаючы па лесвіцы, я заўсёды прыціскала да левага боку партфель з кніжкамі і дрыжала ад страху, што ты ўсё-такі ўбачыш латку. Але якім смешным быў мой страх — бо ты ніколі, амаль ніколі на мяне не глядзеў!
I ўсё-такі я ўвесь дзень толькі тое і рабіла, што чакала цябе, сачыла за табою. На нашых дзвярах было круглае, у меднай аправе вочка, праз якое можна было бачыць твае дзверы. Гэтае вочка — не смейся, каханы,
нават цяпер, нават цяпер я не саромеюся праведзеных каля яго гадзін! — было маім акном у свет; там, у ледзяной прыхожай, баючыся, каб не здагадалася мама, я праседжвала ў засадзе, з кніжкаю ў руках, цэлыя вечары не адзін месяц і не адзін год. Я была нібы нацягнутая струна, якая пачынала дрыжаць пры тваім набліжэнні. Я заўсёды была з табою, неадступна, з напружанаю ўвагаю сачыла за табою, але для цябе гэта было гэтак жа непрыкметна, як напружанне спружыны гадзінніка, які ты носіш у кішэні і які ў цемры цярпліва адлічвае і адмярае твае дні і суправаджае цябе на тваім шляху нячутным біццём сэрца, а ты толькі ў адну з мільёнаў адлічваемых ім секунд кідаеш на яго беглы позірк. Я ведала пра цябе ўсё, ведала ўсе твае звычкі, усе твае гальштукі, усе гарнітуры; я ведала і хутка навучылася адрозніваць усіх тваіх знаёмых, я падзяляла іх на тых, хто мне падабаўся, і на тых, каго я ненавідзела: з трынаццаці да шаснаццаці гадоў я кожную гадзіну жыла толькі табою. Ах, якога толькі глупства я не рабіла! Я цалавала дзвярную ручку, да якой дакраналася твая рука, я падняла акурак цыгары, які ты кінуў, перш чым зайсці да сябе, і ён быў для мяне свяшчэнным, бо да яго дакраналіся твае вусны. Вечарам я сотні разоў, знайшоўшы якую-небудзь прычыну, выбягала на вуліцу, каб паглядзець, у якім пакоі гарыць у цябе святло, і мацней адчуць тваю нябачную прысутнасць. А ў тыя тыдні, калі ты падарожнічаў — у мяне сэрца сціскалася ад страху кожны раз, калі я бачыла добрага Егана, які спускаўся ўніз з тваім жоўтым чамаданам,— маё жыццё на доўгія тыдні замірала і траціла сэнс. Панурая, маркотная, злосная, бадзялася я па доме, вечна баялася, каб мама па заплаканых вачах не заўважыла маёй роспачы.
Я ведаю: усё, што я табе расказваю,— смешныя, дзіцячыя выхадкі. Мне трэба б саромецца іх, але я не саромеюся, бо ніколі маё каханне да цябе не было больш чыстым і гарачым, як у той далёкі час дзіцячых выбры-
каў-захапленняў. Цэлымі гадзінамі, цэлымі днямі магла б я расказваць табе, як я жыла тады табою, хоць ты ледзь ведаў мяне ў твар, бо пры сустрэчах на лесвіцы, баючыся твайго пякучага позірку, я апускала галаву і неслася міма, быццам чалавек, які кідаецца ў ваду, каб выратавацца ад агню. Цэлымі гадзінамі, цэлымі днямі магла б я расказваць табе пра забытыя табою гады, магла б разгарнуць перад табою поўны каляндар твайго жыцця; але я не хачу надакучаць табе, не хачу цябе мучыць. Я толькі яшчэ раскажу табе пра самае цудоўнае здарэнне ў маім дзяцінстве, і, прашу цябе, не смейся з мяне, бо якое б яно ні нязначнае — для мяне, дзіцяці, яно было бясконцым шчасцем. Здарылася гэта, здаецца, неяк у нядзелю. Ты кудысьці паехаў, і твой слуга зацягваў у кватэру праз адчыненыя дзверы толькі што выбітыя цяжкія дываны. Старому было цяжка, і я раптам расхрабрылася, падышла да яго і спыталася, ці не магу я яму дапамагчы. Ён здзівіўся, але не адхіліў маёй дапамогі, і такім чынам я ўбачыла тваю кватэру, твой свет, твой пісьмовы стол, за якім ты працаваў, на ім кветкі ў блакітнай крышталёвай вазе, твае шафы, твае карціны, твае кнігі. Я змагла толькі кінуць крадком беглы позірк на тваё жыццё, бо верны Еган, канечне, не дазволіў бы мне прыгледзецца бліжэй, але гэтым аднымадзінюткім позіркам я ўвабрала ў сябе ўсю атмасферу тваёй кватэры, і гэта дало багатую пажыву маім бясконцым марам аб табе ў сне і наяве.
Гэтае здарэнне, гэтае кароткае імгненне было самым шчаслівым у маім дзяцінстве. Я расказваю табе пра яго, каб ты, хоць ты не ведаеш мяне, нарэшце адчуў, як чалавечае жыццё гарэла і згарала побач з табою. Пра гэтае імгненне я расказваю табе, і яшчэ пра другое, больш жахлівае, якое, на жаль, надышло вельмі хутка ўслед за першым. Як я табе ўжо гаварыла, я дзеля цябе забылася пра ўсё, не заўважала мамы і ні на кога і ні на што не звяртала ўвагі. Я прагледзела, што адзін пан
у гадах, купец з Інсбрука, далёкі мамін сваяк. пачаў часта бываць і заседжвацца ў нас; я нават радавалася гэтаму, бо ён часам вадзіў маму ў тэатр і я заставалася адна, магла думаць пра цябе, падпільноўваць цябе, і гэта было для мяне вышэйшым, адзіным шчасцем. I вось аднаго разу мама з нейкаю ўрачыстасцю паклікала мяне ў свой пакой і сказала, што ёй трэба сур’ёзна пагаварыць са мною. Я збялела, у мяне моцна затахкала сэрца,— няўжо ў яе ўзнікла падазрэнне, няўжо яна аб чым-небудзь здагадалася? Мая першая думка была аб табе, аб таямніцы, якая звязвала мяне са светам. Але мама сама выглядала збянтэжанаю; яна ласкава пацалавала мяне (чаго ніколі не рабіла) раз і другі, пасадзіла побач з сабою на канапу і пачала, запінаючыся і чырванеючы, расказваць, што сваяк-удавец прапанаваў ёй руку і сэрца і што яна, галоўным чынам дзеля мяне, дала згоду. Япічэ мацней затахкала ў мяне сэрца,— толькі адною думкаю адгукнулася я на маміны словы, думкаю аб табе. «Але ж мы застанемся тут?» — з цяжкасцю выціснула я з сябе. «Не, мы пераедзем у Інсбрук, там у Фердынанда цудоўная віла». Больш я нічога не чула. У мяне пацямнела ў вачах. Пазней я даведалася, што страціла прытомнасць; да мяне яшчэ дайшло, як мама ціхенька расказвала айчыму, які чакаў за дзвярамі, што я раптам адхіснулася, ускінула ўгору рукі і звалілася на падлогу, як нежывая. He магу табе апісаць, што адбывалася ў наступныя дні, як я, бездапаможнае дзіця, змагалася з усёмагутнаю воляю дарослых; нават цяпер, калі я пішу пра гэта, у мяне дрыжыць рука. Я не магла выдаць сваёй таямніцы, і таму маё супраціўленне выглядала простаю непаслухмянасцю, злоснаю ўпартасцю. Ніхто больш са мною не гаварыў, усё рабілася за маёю спінаю. Для падрыхтоўкі да пераезду выкарыстоўвалі тыя гадзіны, калі я была ў школе: кожны дзень, вярнуўшыся дадому, я бачыла, што яшчэ адну рэч прадалі або адвезлі. На маіх вачах разбуралася
кватэра, а з ёю і маё жыццё; аднаго разу, прыйшоўшы са школы, я даведалася, што ў нас пабывалі ўпакоўшчыкі мэблі і ўсё вынеслі. У пустых пакоях стаялі падрыхтаваныя да адпраўкі чамаданы і два складаныя ложкі — для мамы і мяне: тут нам засталося толькі правесці яшчэ адну ноч, апошнюю, а раніцаю — выехаць у Інсбрук.
У гэты апошні дзень я зусім ясна зразумела, што не магу жыць далёка ад цябе. У табе адным я бачыла сваё выратаванне. Што я тады думала і ці была здольная наогул у гэтыя роспачныя гадзіны разумна думаць, я ніколі не змагу сказаць, але раптам мама кудысьці пайшла — я ўсхапілася з месца і, як была, у школьнай сукенцы, падалася да цябе. He, я не ішла, нейкая неадольная сіла штурхала мяне да тваіх дзвярэй; я ўся дрыжала і ледзь перасоўвала здранцвелыя ногі. Я была гатова — я і сама не ведала дакладна, чаго хацела,— упасці да тваіх ног, прасіць цябе пакінуць мяне ў сябе, як служанку, як рабыню; баюся, што ты пасмяешся з гэтай нявіннай адданасці пятнаццацігадовай дзяўчынкі, але, каханы, ты не стаў бы смяяцца, калі б ведаў, як я стаяла тады на халоднай пляцоўцы, скаваная страхам і ўсё-такі гнаная наперад нейкаю невядомаю сілаю, як я прымусіла сваю дрыготкую руку адарвацца ад цела, падняцца і пасля імгнення жорсткай барацьбы, якое мне здалося вечнасцю, націснуць пальцам на кнопку званка. Я і сёння яшчэ чую рэзкі пранізлівы звон і цішыню, якая настала потым, калі ўся кроў ва мне застыла, калі сэрца маё перастала біцца і я толькі прыслухоўвалася, ці не ідзеш ты.
Але ты не выйшаў. He выйшаў ніхто. Відаць, цябе тады не было дома, а Еган таксама адлучыўся за нейкімі пакупкамі: і вось я паплялася, з мёртвым водгукам званка ў вушах, назад у разбураную, апустошаную кватэру і, зняможаная, павалілася на нейкі плед. Ад зробленых мною чатырох крокаў я стамілася больш, чым