Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
— Брава, брава! — запляскалі, быццам праслухаў-
шы оперную арыю, мужчыны, якія з захапленнем сачылі за яе гульнёю. Іх гартанныя галасы вывелі старога са здранцвення. Са злосцю ён паглядзеў на іх.
«Вось яны, нягоднікі! — стукала яго сэрца.— Вось яны... Але хто ж з іх? Хто з гэтых трох франтаў валодаў ёю?.. Якія яны прыбраныя, надушаныя, выгаленыя... гультаі... Мы ў іх узросце сядзелі ў залатаных штанах у канторы, стоптвалі чаравікі, абіваючы парогі кліентаў... іх бацькі, мабыць, яшчэ і цяпер пакутуюць, крывёю і потам здабываюць для іх грошы... а яны ездзяць па белым свеце, гультайнічаюць... вунь яны якія — загарэлыя, вочы вясёлыя, нахабныя... Чаму ім не быць прыгожымі і вясёлымі? Варта такому нагаварыць кампліментаў ганарыстай дзяўчыне, як яна ўжо гатова да яго ў ложак... Але хто ж з іх трох, хто?.. Бо адзін з іх, ведаю, і цяпер у думках раздзявае яе і самазадаволена прыцмоквае языком: «Яна была маёю...» Ен ведае яе з галавы да ног і думае: «Сёння ноччу зноў...» і падае ёй знакі вачамі... Ах, паскуднікі... Забіць бы яго, як сабаку!»
На пляцоўцы заўважылі старога. Дачка, усміхаючыся, замахала ракеткаю, мужчыны прывіталіся. Ен не адказаў на прывітанні і толькі глядзеў неадрыўна апухлымі, налітымі крывёю вачамі на яе гарэзлівую ўсмепіку: «I ты яшчэ асмельваешся ўсміхацца, бессаромніца!.. Але і той, можа, пасмейваецца сабе ў вусны і думае — вось ён стаіць, стары, дурны жыд, які ўсю ноч храпе ў сваім ложку... каб ён толькі ведаў, стары дурань!.. Так, так, я ведаю, вы смеяцеся, вы гідліва абыходзіце мяне, як плявок... але дачка — прыгожая дзяўчына, і доўга прасіць яе не трэба... дый маці... праўда, крыху таўставатая, расфуфыраная, нафарбаваная, але яшчэ нічога сабе; калі да яе як след падысці, дык і яна, бадай, не адмовіцца... Правільна, сабакі, правільна: вы маеце рацыю — бо яны самі вешаюцца вам на шыю, распусніцы... Што вам да таго, што ў кагосьці сэрца абліваецца крывёю; вам бы толькі пацешыцца, толькі б пацешыць
іх, распусніц... Застрэліць бы вас з рэвальвера, адсцябаць бізуном... Але вы маеце рацыю, бо ніхто гэтага не зробідь... бо толькі глытаеш крыўду і гнеў, як сабака свае ваніты... вы маеце рацыю, бо ты баішся, страшна баішся, не ідзеш і не хапаепі бессаромніцу за рукаў, не адцягваеш яе ад вас... стаіш тут, маўчыш і давішся сваёю жоўцю... баязлівец... баязлівец... баязлівец...
Стары мусіў абаперціся на парэнчы — так моцна калаціў яго бяссільны гнеў. I раптам ён плюнуў сабе пад ногі і, хістаючыся, пайшоў з саду.
Ен накіраваўся ў горад; на адной вуліцы спыніўся перад вітрынаю магазіна; за шыбаю ўзвышаліся стракатыя піраміды і ступеньчатыя вежы з разнастайных тавараў,— усё, што магло спатрэбіцца турыстам: кашулі і рыбалоўныя снасці, блузкі і вуды, гальштукі, кніжкі, нават печыва; але стары глядзеў толькі на адну рэч, нядбайна кінутую сярод дарагіх шыкоўных прадметаў,— на тоўстую сукаватую палку з жалезным наканечнікам; такою палкаю, калі моцна ўзяць яе ў руку і добра размахнуцца...
«Забіць... забіць сабаку!» — як ачмурэлы, амаль з асалодаю думаў стары; яго пацягнула ў краму, і там ён за бясцэнак набыў сукаватую важкую дубіну. I толькі ён сціснуў яе ў кулаку, як адчуў прыліў сілы: бо любая зброя дадае фізічна слабаму чалавеку ўпэўненасці. Моцна сціскаючы палку, стары адчуваў, як напружваюцца мышцы рук. «Забіць... забіць сабаку!» — мармытаў ён сам сабе, і міжволі яго цяжкі, няўпэўнены крок рабіўся больш цвёрды, роўны, хуткі; ён не хадзіў, а як бы бегаў па набярэжнай узад і ўперад, задыхаючыся, увесь потны — болей ад злосці, якая, нарэшце, знайшла выйсце, чым ад хуткай хады. А рука яго сутаргава сціскала масіўную булавешку палкі.
Са сваёю зброяй ён і ўвайшоў у блакітны цень халаднаватай тэрасы, шукаючы злоснымі вачамі невядомага яму ворага. I не памыліўся: у кутку сядзелі ў зруч-
ных плеценых крэслах яго жонка, дачка і непазбежная тройца. «Хто з іх, хто? — няўцямна думаў ён, моцна сціскаючы палку ў кулаку.— Каму з іх праламаць чэрап?.. каму?.. каму?» Але Эрна памылкова растлумачыла яго шукальны позірк і ўжо ўскочыла з месца, пабегла яму насустрач.
— А вось і ты, татачка! Мы ўсюды шукалі цябе. Ведаеш, пан фон Медвіц запрашае нас пакатацца ў сваім аўтамабілі, мы паедзем берагам да самага Дэзенцана, вакол усяго возера.— Гаворачы, яна ласкава падштурхоўвала яго да століка, мабыць, чакала, што ён падзякуе за запрашэнне.
Мужчыны ветліва ўсталі, каб прывітацца з ім. Стары задрыжаў. Але ён адчуваў блізкасць дачкі, яе цёплую ласку, і гэта пазбавіла яго рашучасці. Воля яго была зламана, і ён паціснуў адну за другою працягнутыя рукі, моўчкі сеў, дастаў цыгару і са злосцю ўпіўся зубамі ў мяккую тытунёвую масу. Перарваная размова на французскай мове, з выбухамі смеху, узнавілася.
Стары скурчыўся, сядзеў моўчкі і з такою сілаю грыз цыгару, што карычневы сок афарбаваў зубы. «Вы маеце рацыю... маеце рацыю,— думаў ён.— Мне можна пляваць у твар... я толькі што паціснуў яму руку!.. усім тром. Я ж ведаю, што адзін з іх і ёсць той нягоднік... а я спакойна сяджу з ім за адным сталом... Я яго не забіў, я ветліва падаў яму руку... Яны маюць рацыю, цалкам і поўнасцю, калі смяюцца з мяне... I як яны размаўляюць пры мне, быццам мяне тут зусім няма!.. быццам я ўжо ляжу ў зямлі... I пры гэтым яны абедзве — і Эрна і яе маці — добра ведаюць, што я не разумею ні слова па-французску... абедзве гэта ведаюць, абедзве, і ніхто з іх не спытаецца ў мяне аб чым-небудзь хоць бы для прыліку, каб мне не выглядаць такім смешным, такім страшэнна смешным... Я для іх пустое месца... толькі непрыемны прыдатак, штосьці лішняе, што ім перашкаджае... чаго яны саромеюцца. I яны не выга-
няюць мяне толькі таму, што я зарабляю грошы, гэтыя брудныя, гнусныя грошы, якімі я іх сапсаваў... гэтыя грошы, над якімі вісіць боскі праклён... Хоць бы слова сказалі мне жонка, родная дачка... Толькі на гэтых разявакаў глядзяць яны, на гэтых прыбраных, выглянцаваных ёлупняў... і як яны рагочуць, ледзь не вішчаць, быццам іх лапаюць у цёмным месцы... А я... усё гэта я трываю... сяджу, слухаю, як яны смяюцца, нічога не разумею і ўсё-такі сяджу, замест таго каб стукнуць кулаком... пабіць іх гэтаю палкаю, разагнаць, перш чым яны пачнуць спароўвацца ў мяне на вачах... Усё гэта я дазваляю... сяджу і маўчу, як дурань... баязлівец... баязлівец...
— Дазвольце,— сказаў на ламанай нямецкай мове італьянскі афіцэр і пацягнуўся да запальнічкі.
Стары, разбуджаны з глыбокага роздуму, здрыгануўся і кінуў злосны позірк на афіцэра, які ні аб чым не здагадваўся. На момант шалёны гнеў авалодаў ім, і ён сутаргава сціснуў у кулаку палку. Але тут жа губы яго скрывіліся і расплыліся ў бяссэнсавай усмешцы:
— О, я дазваляю,— сказаў ён рэзкім, зрывістым голасам.— Канечне, я дазваляю, хе-хе... усё дазваляю... усё, што хочаце... хе-хе... усё дазваляю... усё, што ў мяне ёсць, да вашых паслуг... са мною можна сабе ўсё дазволіць...
Афіцэр здзіўлена паглядзеў на яго. Ен дрэнна ведаў нямецкую мову і не ўсё зразумеў. Але крывая, няўцямная ўсмешка старога збянтэжыла яго. Немец міжволі падаўся наперад, абедзве жанчыны збялелі — як палатно — на момант усталявалася мёртвая цішыня, як у кароткі прамежак паміж маланкаю і грукатам грому.
Але злосная ўсмешка тут жа знікла з твару старога, палка выслізнула з рук, ён скурчыўся, як пабіты сабака, і збянтэжана кашлянуў, спалоханы сваёю смеласцю. Эрна паспешна паспрабавала ўзнавіць размову, каб зменшыць узніклую няёмкасць, нямецкі барон адказаў
з наўмысным ажыўленнем, і праз некалькі мінут ужо зноў бесклапотна цёк на момант затрыманы паток слоў.
Стары абыякава сядзеў сярод гэтых балбатуноў, цалкам паглыблены ў сябе,— можна было падумаць, што ён спіць. Важкая палка выслізнула з рук і матлялася паміж ног. Усё ніжэй апускалася схіленая на руку галава. Але цяпер ужо ніхто не звяртаў на яго ўвагі: над яго тужлівым маўчаннем гучна плёскаліся хвалі слоў, час ад часу ўскіпала пена смеху ад гуллівага жарту, а ён нерухома ляжаў на дне, у бясконцым змроку сораму і болю.
Хтосьці весела прапанаваў пайсці ў гасціную. Мужчыны адразу ўсталі, Эрна паспешна пайшла следам, крыху павольней паднялася маці. Ніхто не палічыў патрэбным звярнуцца з асобым запрашэннем да паглыбленага ў дрымоту старога. Толькі адчуўшы раптоўна вакол сябе пустату, ён прачнуўся — гэтак прачынаецца сярод ночы чалавек, калі з яго саслізне коўдра і халоднае паветра дакранецца да голага цела. Ен міжволі абвёў позіркам апусцелыя крэслы, але з гасцінай, дзе стаяў раяль, ужо чуліся рэзкія, грубыя гукі джазу, смех і падбадзёрлівыя воклічы. Пачалі танцаваць. Так, танцаваць, без канца танцаваць — гэта яны ўмеюць! Зноў і зноў будуць гарачыць кроў, бессаромна прыціскацца адно да аднаго — пакуль не настане час пажынаць плады. Танцуюць, лодыры, вісусы, вечарам, ноччу і сярод белага дня — гэтым яны і спакушаюць жанчын.
Ен зноў са злосцю схапіў палку і падаўся ўслед за імі. У дзвярах ён спыніўся. Барон сядзеў за раялем напаўпаварота, каб бачыць танцораў, брынкаў на памяць і наўгад амерыканскую модную песеньку. Эрна танцавала з афіцэрам, а даўганогі граф Убальдзі не без цяжкасці вёў сваю нязграбную поўную даму. Але стары глядзеў толькі на Эрну і яе кавалера. Як лёгка і лісліва
гэты ветрагон паклаў рукі на яе кволыя плечы — быццам яна цалкам належала яму! Як яна падавалася да яго ўсім целам, як яны ліплі адно да аднаго ў яго на вачах і ледзь стрымлівалі дрэнна схаваную страсць! Так, гэта ён, ён — кожны рух выдаваў іх блізкасць, якая ўжо пранікла ў кроў. Так, гэта ён, ён — і ніхто другі, ён чытаў гэта ў яе прыплюшчаных вачах, у якіх зіхотка адлюстроўваўся ўспамін аб больш поўнай асалодзе — вось ён, злодзей, які ноччу палымяна дакранаўся да ўсяго, што цяпер ледзь схавана пад лёгкай хісткай на ветры сукенкай. Вось злодзей, які ўкраў у яго дзіця... яго дзіця! Стары міжволі зрабіў крок наперад, каб вырваць яе з яго рук. Але яна не заўважыла бацькі. Усёй істотай аддавалася яна рытму танца, падпарадкоўвалася ледзьве ўлоўнаму руху рукі спакусніка, якая яе вяла; адкінуўшы галаву, яна самазабыўна неслася ў віхуры музыкі, якая захапляла яе, не адчувала ні прасторы, ні часу, не заўважала старога, які дрыжаў як у ліхаманцы, задыхаўся і не зводзіў з яе запаленага гнеўнага позірку. Яна адчувала толькі сябе, толькі сваё юнае цела, паслухмяна падпарадкоўвалася траскучаму перарывістаму імкліваму рытму. Яна адчувала толькі сябе, ды яшчэ блізкасць гарачага мужчынскага дыхання, дужую руку, якая абдымала яе, і яна думала цяпер толькі, каб не паддацца спакусе кінуцца насустрач жаданню, аддацца яго ўладарнай сіле. I ўсё гэта пакутліва абвостраным чуццём угадваў стары; кожны раз, калі яна адлятала ад яго ў кругавароце танца, яму здавалася, што яна знікае навекі.