Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
а тут яшчэ на фронце загінуў муж мае сястры, і яна засталася з чатырма малымі дзецьмі... Але тата нічога не ведае аб нашых матэрыяльных цяжкасцях. Спачатку мы эканомілі на ўсім, эканомілі яшчэ болей, чым раней, але нічога не памагала. Потым пачалі прадаваць рэчы — яго калекцыю мы, зразумела, не чапалі... Прадавалі свае каштоўнасці; але, божухна, колькі іх там было — бо цэлых шэсцьдзесят гадоў тата кожны зберажоны пфеніг выдаткоўваў толькі на гравюры. I вось настаў дзень, калі прадаваць болей не было чаго... Мы проста не ведалі, што нам рабіць далей... I тады... мы з мамаю вырашылі прадаць адну гравюру. Тата ніколі б не дазволіў гэтага, ён жа не ведае, як цяжка жыць, ён і не здагадваецца, як цяпер цяжка дастаць з-пад крыса хоць крыху прадуктаў, ён не ведае і таго, што мы прайгралі вайну і аддалі Эльзас і Латарынгію; мы болей не чытаем яму ў газетах пра гэта, каб ён не хваляваўся.
Мы прадалі вельмі каштоўную рэч — адну гравюру Рэмбранта. Гандляр даў нам за яе шмат, вельмі шмат тысяч марак; мы думалі, што гэтых грошай нам хопіць на некалькі гадоў. Але вы ведаеце, як растаюць сёння грошы... Грошы мы занеслі ў банк, але праз два месяцы ад іх нічога не засталося. Прыйшлося прадаць яшчэ адну гравюру, а потым яшчэ адну; і кожны раз гандляр пасылаў нам грошы толькі тады, калі яны трацілі сваю вартасць. Тады мы паспрабавалі прадаць іх на аўкцыёне, але і тут, нягледзячы на мільённыя цэны, нас ухітраліся ашукваць... Пакуль гэтыя мільёны даходзілі да нас, яны ператвараліся ў нічога не вартыя паперкі. Так адна за адною зніклі лепшыя гравюры з яго калекцыі, засталося ўсяго некалькі штук — і ўсё дзеля таго, каб не памерці з голаду. А тата і не здагадваецца.
Таму мама і спалохалася так, калі вы сёння зайшлі да нас... бо каб тата паказаў вам свае папкі, усё адразу выявілася б... У старыя паспарты — ён іх усе пазнае навобмацак — мы паклалі замест прададзеных гравюр
копіі ці падобныя на іх па форме аркушы паперы, і таму тата, дакранаючыся да іх, ні аб чым не здагадваецца. I калі ён іх толькі абмацвае і пералічвае (а ён добра запомніў іх паслядоўнасць), то гэта прыносіць яму такую радасць, як і раней, калі ён бачыў іх відушчымі вачамі. Да таго ж у нашым маленькім гарадку няма ніводнага чалавека, якога б тата лічыў вартым бачыць ягоныя скарбы... I ён так фанатычна любіць кожную гравюру, што ў яго, мусіць, сэрца разарвалася б ад гора, даведайся ён, што ўсе яны даўным-даўно сплылі з яго рук. 3 таго часу як памёр загадчык аддзела гравюр на медзі Дрэздэнскай галерэі, вы — першы, каму ён пажадаў паказаць сваю калекцыю. I я прашу вас...
Яна раптам працягнула да мяне рукі, і вочы яе напоўніліся слязамі.
— Мы просім вас... не рабіце яго няшчасным... не рабіце нас няшчаснымі... не разбурыце апошнюю ілюзію, памажыце нам зберагчы яго веру, што ўсе гравюры, якія ён вам будзе апісваць, ёсць яшчэ ў наяўнасці... адно падазрэнне, што іх болей няма, адправіла б яго на той свет. Можа, мы несправядліва абышліся з ім, але мы не маглі паводзіць сябе іначай. Трэба ж было неяк жыць... а ці ж чалавечае жыццё, ці ж чатыры сястрыны сіроты не даражэй, чым гэтыя гравюры?.. Да таго ж дагэтуль мы нічым не азмрочылі яго радасці; ён шчаслівы, што кожны дзень пасля абеду можа цэлых тры гадзіны перагортваць свае папкі, размаўляючы з кожнаю гравюраю, як з чалавекам. А сёння... сённяшні дзень мог бы стаць найшчаслівейшым днём у яго жыцці, бо ён ужо столькі гадоў чакае выпадку паказаць свае скарбы чалавеку, які можа ацаніць іх; прашу... малю вас, не пазбаўляйце яго гэтай радасці!
Я проста не магу перадаць вам, з якою праніклівасцю гэта было сказана. Божухна, колькі ўжо разоў даводзілася мне, антыквару, сустракацца з самым бессаромным падманам, калі, подла карыстаючыся інфля-
цыяй, у няшчасных літаральна за кавалак хлеба забіралі фамільныя каштоўнасці, якія захоўваліся ў сям’і стагоддзі, але тут лёс зладзіў вельмі ўжо незвычайную штуку, і ўсё гэта моцна ўзрушыла мяне. Канечне, я паабяцаў маўчаць і зрабіць усё, што можна, каб выканаць іх просьбу.
Далей мы пайшлі разам; па дарозе я з горыччу слухаў яе расказ, з дапамогаю якіх хітрыкаў абдурвалі бедных прастадушных жанчын, і гэта яшчэ болей умацавала мяне ў намеры дапамагчы ім як мага. Мы падняліся па лесвіцы і ледзь толькі ўзяліся за ручку дзвярэй, як з пакоя пачуўся радасны грукатлівы голас старога: «Заходзьце, заходзьце!» Мабыць, з уласціваю сляпым вастрынёю слыху ён улавіў гук нашых крокаў, калі мы яшчэ толькі падымаліся па лесвіцы.
— Герварт нават не мог сёння задрамаць, гэтак яму карціць паказаць вам свае скарбы,— з усмешкаю сказала старэнькая. Аднаго толькі даччынога позірку было даволі, каб супакоіць яе наконт маіх паводзін. На стале ўжо ляжалі стосы папак. Ледзь адчуўшы дотык мае рукі, сляпы без лішніх цырымоній узяў мяне за локаць і пасадзіў у крэсла.
— Вось так, пачнём без прадмоў — прагледзець нам трэба шмат чаго, а ў паноў-берлінцаў заўсёды няма часу. У гэтай першай папцы ў мяне Дзюрэр, даволі поўны, як вы зараз пераканаецеся, і адна гравюра лепшая за другую. Між іншым, вы гэта самі зможаце ацаніць, паглядзіце сюды! — I ён разгарнуў першую папку.— Вось яго «Вялікі конь».
Асцярожна, ласкава, кончыкамі пальцаў, як звычайна бяруць вельмі крохкія рэчы, ён дастаў з папкі паспарту, у якое быў устаўлены чысты пажаўцелы аркуш паперы, і трымаў гэтую нічога не вартую рэч з захапленнем у выцягнутай руцэ. 3 хвіліну ён глядзеў на яе, канечне, нічога не бачачы; але ў нейкім экстазе ён трымаў чысты аркуш у выцягнутай руцэ на ўзроўні вачэй. Як па
ўзмаху чараўнічай палачкі, яго напружаны твар раптам прыняў выгляд чалавека, які бачыць. А яго вочы, толькі што зусім нежывыя з нерухомымі зрэнкамі, раптам прасвятлелі, у іх прамільгнула думка. Быў гэта проста водбліск паперы ці бляск ішоў знутры?
— Ну як,— горда папытаўся ён,— вы калі-небудзь бачылі больш цудоўны адбітак? Глядзіце, як тонка і выразна вылучаецца кожны штрых. Я параўнаў свой экземпляр з дрэздэнскім, і той здаўся мне нейкім расплывістым, цьмяным. I якая радаслоўная! Вось! — Ен перавярнуў аркуш і пазногцем так упэўнена пачаў вадзіць па чыстай паперы, адзначаючы месцы, дзе павінны былі быць паметкі былых уладальнікаў, што я міжволі зірнуў, ці няма іх там на самай справе.— Гэта пячатка калекцыянера Наглера, а тут Рэмі і Эсдайля; ці ж маглі мае славутыя папярэднікі думаць, што іх скарб калінебудзь трапіць сюды, у гэты пакойчык!
Мароз прабягаў у мяне па скуры, калі стары, які нічога не ведаў аб сваёй страце, захапляўся зусім чыстым аркушам паперы, і жудасна было глядзець, як ён з абсалютнай дакладнасцю вадзіў на нябачаных, існуючых толькі ў яго ўяўленні паметках былых уладальнікаў гравюр. Ад жаху ў мяне сціснула ў горле, і я не мог ні слова прамовіць яму ў адказ; але, паглядзеўшы разгублена на абедзвюх жанчын, я ўбачыў баязліва працягнутыя да мяне рукі старэнькай жанчыны, якая дрыжала ад страху. Тут я сабраўся з сілаю і зноў пачаў іграць сваю ролю.
— Цудоўна,— нарэшце прамармытаў я.— Выдатны адбітак.
I зігоў твар старога заззяў ад гордасці.
— Гэта яшчэ што,— узрадаваўся ён.— А вы б паглядзелі на яго «Меланхолію» або на «Пакуту» ў фарбах — другога такога экземпляра няма на свеце. Ды вы паглядзіце толькі,— і зноў яго пальцы з любасцю забегалі па ўяўным відарысе,— які мяккі сакавіты тон, якая
свежасць! Увесь Берлін з усімі сваімі панамі антыкварамі і мастацтвазнаўцамі перавярнуўся б дагары нагамі, пабачыўшы яе!
Бурныя трыумфальныя патокі слоў ліліся цэлыя дзве гадзіны. He, я не змагу перадаць вам той папраўдзе містычны жах, які валодаў мною, калі я праглядаў разам з ім сотню ці дзве чыстых паперак і ўбогіх рэпрадукцый. Нябачная, даўным-даўно раскіданая на ўсе чатыры бакі калекцыя працягвала з такою дзіўнаю рэальнасцю жыць ва ўяўленні старога, што ён беспамылкова, у строгай паслядоўнасці і дэтальна апісваў адну за другою гравюры; для гэтага сляпога, падманутага і вартага жалю ў сваім няведанні чалавека яна аставалася нязменнаю, і страсная сіла яго бачання была настолькі вялікая, што нават я пачаў міжволі паддавацца гэтай ілюзіі. Адзін толькі раз жахлівая небяспека прабуджэння парушыла самнамбулічную ўпэўненасць яго натхнёнага бачання. Калі ён расхвальваў рэльефнасць адбітку рэмбрантаўскай «Антыёпы» (а пробны адбітак сапраўды быў бясцэнны) і з любасцю вадзіў сваім нервова-празорлівым пальцам па ўяўных лініях, ён не знайшоў на гладкім чужым аркушы паперы добра вядомых яму паглыбленняў. Твар старога раптам азмрочыўся, голас зрабіўся няўпэўнены.
— Ці ж... «Антыёпа» гэта? — прамармытаў ён збянтэжана. Я адразу ж умяшаўся, выхапіў у яго з рук паспарту з чыстым аркушам і пачаў з запалам і як мага падрабязней апісваць і мне добра вядомую гравюру. Рысы твару сляпога зноў разгладзіліся. Чым болей я хваліў гравюру, тым болей твар старога грубаватага чалавека расцвітаў шчыраю прастадушнаю радасцю.
— Нарэшце знайшоўся чалавек, які нешта разумее,— не мог нарадавацца ён, з пераможным выглядам павярнуўшыся ў бок жанчын.— Нарэшце, нарэшце вы можаце пераканацца, як многа каштуюць мае гравюры. Вы мне не верылі, увесь час бурчалі, што я ўбухаў на
сваю калекцыю ўсе грошы. Гэта праўда, што я шэсцьдзесят гадоў не ведаў ні піва, ні віна, ні тытуню, ні тэатра, ні кніжак, а толькі ўсё збіраў і збіраў грошы, каб набыць гэтыя гравюры. Але пачакайце, вы яшчэ разбагацееце, калі мяне не будзе сярод жывых,— тады вы будзеце багатыя, багацей за ўсіх у горадзе, такія багатыя, як самыя вялікія багацеі ў Дрэздэне, і тады вы будзеце радыя, што я калісьці быў вось такі дзівак. Але пакуль я жывы, ніводная гравюра не пакіне гэты дом — перш хай вынесуць мяне, а ўжо потым маю калекцыю.
I ён ласкава, быццам жывую істоту, пагладзіў апарожненыя даўно папкі. Мне было жудасна, але разам з тым і ўцешна, бо за ўсе гады вайны я ні разу не бачыў на твары немца выразу такога поўнага, такога чыстага шчасця. Побач з ім стаялі жонка і дачка, і было таямнічае падабенства паміж імі і фігурамі жанчын на гравюры выдатнага нямецкага майстра, якія, прыйшоўшы да труны збавіцеля і ўбачыўшы, што камень адсунуты ўбок і магіла пустая, у радасным экстазе, з выразам набожнага жаху на тварах застылі каля ўвахода, уражаныя гэтым цудам. I як там, на гравюры, паслядоўніцы Хрыста ўсміхаюцца праз слёзы, прадчуваючы з’яўленне збавіцеля, вось так і гэтая няшчасная, раздаўленая жыццём старая і яе састарэлая дачка ўсміхаліся, асветленыя чыстаю дзіцячаю радасцю сляпога старога,— гэта была ашаламляльная карціна, якой мне не даводзілася бачыць ніколі ў жыцці. Але стары ніяк не мог здаволіцца, слухаючы маю пахвалу, зноў і зноў ён раскрываў і закрываў папкі, прагна лавіў кожнае маё слова; і таму я з палёгкаю ўздыхнуў, калі нарэшце яму прыйшлося адсунуць са стала лжэкалекцыю і супраць волі ачысціць месца пад каву. Але які нікчэмны быў мой вінаваты ўздых у параўнанні з бязмежнаю радасцю і задорам гэтага нібы на трыццаць гадоў памаладзелага старога! Ен быццам захмялеў і асмялеў ад віна: расказваў мноства анекдотаў пра свае набыткі і ўдалыя знаходкі, што-