Пякучая таямніца
Штэфан Цвэйг
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 496с.
Мінск 1994
Між тым сямейныя сваркі не спыняліся, і паміж мужам і жонкаю разыгрываліся ўсё болей цяжкія сцэны; магчыма, незразумелая злосць Крэсчэнцы часткова была прычынаю раздражняльнасці баранесы, якая расла дзень у дзень. Занадта працяглае дзявоцтва, якое разладзіла яе нервы, горыч ад халоднасці да яе барона, задзірлівыя варожыя паводзіны слуг — усё гэта прывяло да таго, што разнерваваная ўсё болей траціла кантроль над сабою. Дарэмна яе шпігавалі бромам і вераналам; штучна стрыманае ўзбуджэнне з падвоенаю сілаю прарывалася ў час сутычак, і ўсё заканчвалася істэрычнымі прыпадкамі і плачам, прычым ніхто не спагадаў ёй і нават не спрабаваў паказаць, што шчыра хоча ёй дапамагчы. Нарэшце доктар, да якога звярнуліся за парадаю, параіў ёй паехаць на два месяцы ў санаторый. Звычайна вельмі няўважлівы муж з такою раптоўнаю заклапочанасцю адобрыў гэтую прапанову, што баранеса, якою зноў авалодаў недавер, спачатку не згадзілася ехаць. Але ўрэшце яе ўсё-такі пераканалі; было вырашана, што пакаёўка паедзе з гаспадыняю, а Крэсчэнца застанецца адна на ўсю вялікую кватэру абслугоўваць барона.
Вестка, што клопаты пра гаспадара будуць давераны
ёй адной, уздзейнічала на непаваротлівы розум Крэсчэнцы як моцны ўзбуджальны сродак. Быццам усе жыццёвыя сокі гэтай жанчыны дагэтуль былі змешчаны ў чарадзейнай бутэлечцы, і цяпер, калі яе моцна страсянулі, з самых глыбінь яе істоты, з самага дна, паднялася затоеная страснасць і цалкам перайначыла яе. Ранейшую няўклюднасць як рукою зняло; ледзяны панцыр, які быццам скаваў яе, растаў, і рухі, хада ў яе сталі лёгкія і энергічныя. Наэлектрызаваная радаснаю весткаю, яна насілася па пакоях, бегала ўгору і ўніз па лесвіцы; не чакаючы распараджэнняў, памагала рыхтавацца да ад’езду, сама адна спакавала ўсе чамаданы і занесла іх у карэту. А ўвечары, калі барон вярнуўся з вакзала і, аддаючы Крэсчэнцы палку і паліто, з уздыхам палёгкі сказаў: «Шчасліва выправадзіў!», адбылося нешта небывалае. Раптам вакол шчыльна сціснутых губ Крэсчэнцы, якія дагэтуль, як у жывёл, ніколі не смяяліся, пачалося нейкае дзіўнае пацепванне, рот скрывіўся, расцягнуўся, і нечакана яе твар асвяціўся такою дурнаватаю, радаснаю, жывёльна адкрытаю ўсмешкаю, што барона гэта непрыемна ўразіла, і ён моўчкі, саромеючыся сваёй недарэчнай фамільярнасці, пайшоў да сябе ў пакой.
Але гэтая мімалётная збянтэжанасць хутка знікла, і ўжо ў бліжэйшыя дні абодва, гаспадар і служанка, аднадушна цешыліся чароўным адчуваннем спакою і прыемнай свабоды. Ад’езд баранесы як бы разагнаў навіслыя над домам навальнічныя хмары; вольны муж, шчасліва збаўлены ад пастаяннага абавязку даваць справаздачу пра ўсе свае ўчынкі, ужо ў першы вечар прыйшоў дадому вельмі позна, і маўклівая паслужлівасць Крэсчэнцы незвычайна кантраставала з вельмі ўжо шматслоўным прыёмам, які звычайна аказвала яму жонка. Крэсчэнца ў сваю чаргу з вялікім стараннем завіхалася ў гаспадарцы: уставала на досвітку, да бляску начышчала ручкі і клямкі, як заведзеная, скрэбла
і мыла, прыдумвала надзвычайна смачныя стравы, і ўжо ў першы дзень, за абедам, барон са здзіўленнем убачыў, што дзеля яго аднаго пастаўлены каштоўны сервіз са срэбра, які бралі з буфета толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. Барон наогул не вызначаўся ўважлівымі адносінамі да свайго атачэння, але і ён не мог не заўважыць клапатлівай, амаль пяшчотнай паслужлівасці гэтай дзіўнай істоты; а таму што з характару ён быў чалавек дабрадушны, то і не скупіўся на пахвалу. Ен хваліў прыгатаваныя ёю стравы, час ад часу звяртаўся да яе з прыветлівымі словамі, а калі аднаго разу раніцаю ў дзень баронавых імянін на стале з’явіўся ЦУДоўны торт з яго ініцыяламі і гербам, выеыпаным цукрам, ён весела засмяяўся і сказаў:
— Ты ж мяне зусім збалуеш, Чэнці! А што я буду рабіць, калі, не дай бог, зноў вернецца мая жонка?
Аднак барон яшчэ некалькі дзён стрымліваўся і не даваў сабе поўнай волі. Але потым ён па многіх прызнаках пераканаўся, што Крэсчэнца яго не выдасць, і завёў у доме дашлюбныя халасцяцкія парадкі. На чацвёрты дзень свайго саламянага ўдаўства ён паклікаў да сябе Крэсчэнцу і без доўгіх тлумачэнняў абыякавым тонам распарадзіўся, каб яна ўвечары падрыхтавала халодную вячэру на дзве асобы, а сама ішла спаць,— астатняе ён усё зробіць без яе. Крэсчэнца выслухала яго моўчкі, не маргнуўшы вокам; нельга было вызначыць, піто яна зразумела сэнс яго слоў, што ён дайшоў да яе нізкага лба. Аднак вельмі хутка барон з вясёлым здзіўленнем пераканаўся, што Крэсчэнца добра ведала, што меў на ўвазе яе гаспадар, бо калі ён позна ўвечары вярнуўся з тэатра дадому з маладзенькай вучаніцай опернай студыі, то не толькі стол быў вытанчана сервіраваны і ўпрыгожаны кветкамі, але і ў спальні побач з яго ложкам быў падрыхтаваны нанач яшчэ адзін і госцю чакалі пантофлі і шаўковы шлафрок баранесы. Муж, які вырваўся на волю, мусіў міжвольна ўсміхнуцца, пабачыў-
шы такую выключную стараннасць служанкі. Усякая сарамлівасць перад гэтай вернай саўдзельніцай знікла сама па сабе, і ўжо раніцай ён паклікаў яе званком, каб яна памагла адзецца даме яго сэрца; гэта канчаткова замацавала іх маўклівую згоду.
Тады ж Крэсчэнца атрымала новае імя. Вясёлая баронава сяброўка, якая якраз у тыя дні развучвала партыю Эльвіры і жартам называла свайго палюбоўніка Дон Жуанам, аднаго разу з усмешкаю сказала яму: «Пакліч сюды сваю Лепарэлу!» Гэтае імя насмяшыла барона — бо яно ніяк не пасавала да сухарлявай ціролькі,— і з гэтага часу ён інакш не зваў яе, як Лепарэла. Крэсчэнца, упершыню пачуўшы непрывычнае слова, неўразумела падняла вочы, але, захопленая мілагучнасцю гэтага, хоць і незразумелага ёй імя, успрыняла перайменаванне з гордасцю, быццам ёй надалі ганаровае званне: кожны раз, калі барон весела клікаў яе новым імем, яе вузкія губы рассоўваліся, адкрываючы жоўтыя конскія зубы, і яна лісліва, быццам сабака, падыходзіла да свайго літасцівага ўладара, каб выслухаць яго загады. '
Імя далі жартам, але будучая прымадонна і не падазравала, як беспамылкова трапна яна ахрысціла баронаву служанку і як надзвычай дакладна гэтае імя вызначала дзіўную істоту, бо высахлая векавуха, якая не знала кахання,— падобна супольніку Дон Жуана Дапонтэ1, знаходзіла нейкую незразумелую радасць у прыгодах свайго гаспадара. Ці радавалася яна, што кожнае раніцы бачыла ложак ненавіснай гаспадыні раскінуты і зганьбаваны то адным, то другім маладым целам, ці ў ёй самой абуджаліся таемныя жаданні, але гэтая набожная, непрыступная старая векавуха з нейкаю шалёнаю гатоўнасцю памагала барону ў яго любоўных прыгодах. Сама яна, змардаваная дзесяцігод-
1 Аўтар лібрэта оперы «Дон Жуан» Моцарта.
дзямі цяжкай працы, даўно стала істотаю бясполаю і цяпер грэлася каля чужога агню, з пажадлівасцю зводніцы праводзячы позіркам да дзвярэй спальні спачатку першую, потым другую, а потым і трэцюю госцю: нібы пратрава, уздзейнічала на яе дрымотную свядомасць гэтая ўзбуджальная вострая атмасфера, гэтае далучэнне да баронавых любоўных уцех. Крэсчэнца сапраўды ператварылася ў Лепарэлу і стала такою ж разбітною, жваваю і кемліваю, як і яе жыццярадасны цёзка; у яе з’явіліся зусім новыя, нечаканыя рысы, як быццам яны выраслі ў гарачай атмасферы руплівага еаўдзельніцтва,— мноства маленькіх хітрыкаў, знаходлівасць, нешта пранырлівае, цікаўнае, насцярожанае і дзёрзкае. Яна падслухоўвала каля дзвярэй, заглядвала ў замочную шчыліну, абшнарвала пакоі і ложкі; учуўшы новую дзічыну, падштурхнутая дзіўным узбуджэннем, яна насілася ўгору і ўніз па лесвіцы, і мала-памалу гэтая вострая цікаўнасць, гэтае прагнае саўдзельніцтва ператварылі неадчувальную статую, якою яна здавалася дагэтуль, у нешта накшталт жывога чалавека. На здзіўленне ўсім суседзям, Крэсчэнца раптам зрабілася гаваркою: яна балбатала з пакаёўкамі, няўклюдна жартавала з паштальёнам, на рынку ўступала ў размову з гандляркамі, а аднаго разу ўвечары, калі на дварэ ўжо патухлі ліхтары, служанкі ў доме насупраць пачулі дзіўнае мурлыканне, якое даносілася са звычайна маўклівага акна: няўмела, скрыпучым голасам Крэсчэнца напявала адну з тых песенек, якія ўвечары спяваюць цірольскія пастушкі на альпійскіх пашах; нязладжана, цяжка, быццам спатыкаючыся, вырывалася няхітрая мелодыя з неспрактыкаваных вуснаў, і ўсё-такі ў ёй чуваць было нешта замілаванае і далёкае. Упершыню з часу дзяцінства Крэсчэнца спрабавала спяваць, і гэтыя няўпэўненыя гукі, якія з цяжкасцю прабіваліся на святло з цемры страчаных гадоў, міжвольна бралі за сэрца.
Менш за ўсіх заўважаў перамену ў Крэсчэнцы ба-
рон — ненаўмысны віноўнік гэтага дзівоснага пераўтварэння, бо хто ж аглядваецца на свой цень? Ведаеш, што ён увесь час бясшумна ідзе за табою па пятах, калінікалі забягае наперад, быццам яшчэ неўсвядомленае жаданне, але як рэдка чалавек прыглядаецца да яго і спрабуе пазнаць самога сябе ў гэтым недарэчна перакручаным абліччы! Барон нічога не бачыў у Крэсчэнцы, акрамя таго, што яна заўсёды была гатовая да паслуг, маўклівая, надзейная і самазабыўна адданая. Ен асабліва цаніў якраз гэтую маўклівую заўсёдную пачцівасць у самых рызыкоўных сітуацыях; часам спагадліва, быццам гладзіў сабаку, кідаў прыветлівае слова, іншы раз дазваляў сабе пажартаваць з ёю, нават гулліва тузаў за вуха, a то і дарыў крэдытку ці білет у тэатр — яму драбяза, якую ён, не раздумваючы, выцягваў з кішэні камізэлькі, а ёй — рэліквіі, якія яна свята захоўвала ў сваёй скрыначцы. Паступова ён прывык думаць услых пры Крэсчэнцы, даваў ёй усё больш складаныя даручэнні; і чым болыя ён давяраў ёй, тым больш старанна і ўдзячна яна служыла яму. У яе ўсё мацней развіваўся нейкі дзіўны інстынкт, нешта падобнае на нюх ганчака — яна ўвесь час вынюхвала, высочвала і вышуквала самыя нязначныя баронавы жаданні і не толькі выконвала, але нават і папярэджвала іх; усё яе жыццё, уласныя планы і надзеі быццам перайшлі ў барона; яна на ўсё глядзела яго вачамі, слухала яго вушамі, дзяліла яго прыгоды і радасці ў нейкім амаль ненармальным натхненні. Яна ўся ззяла, калі гаспадар прыводзіў яшчэ адну новую жанчыну, і з яўным расчараваннем, амаль з крыўдаю ад няспраўджаных надзей сустракала яго, калі ён вяртаўся дадому без каханкі — яе калісьці сонны розум працаваў цяпер гэтак жа спрытна і імкліва, як раней працавалі толькі рукі, а ў вачах гарэў жывы, дапытлівы агеньчык. У загнанай, змардаванай цяжкаю працаю клячы абудзіўся чалавек, але чалавек цёмны, скрытны, хітры і небяспечны, поўны каварных намераў і гатовы на любыя інтрыгі.