Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
Толькі Сушчэня бокам зморана апусціўся ля Бурава, як ззаду, на шашы, раздаўся прыглушаны крык — незразумелы, але, як здалося Сушчэню, страхавіта-пагрозлівы, і зараз жа дробна пратрашчала чарга, за ёй другая і трэцяя. Сушчэня спярша ўгнуўся, прыпаў да зямлі, потым успомніў пра свой наган і дрыготкамі пальцамі выдраў яго з кішэні. Нейкі час ён не ведаў, што яму трэба рабіць — затаіцца, уцякаць ці бегчы насустрач Войціку, які, пэўна, трапіў у бяду. Чэргі і яшчэ трашчалі, між іх чуліся глухаватыя крыкі, толькі адсюль ён нічога зразумець не мог — невядома нават, на якой мове крычалі. На шчасце, аднак, крыкі не набліжаліся, яны гучалі ўсё ў выемцы, там жа трашчалі і стрэлы; куляў тут не было чуваць, значыць, стралялі не ў гэты бок. Урэшце Сушчэня наважыўся і крадком з наганам у руцэ прадраўся праз край алешніку, асцярожна паглядзеў праз хмызняк.
Добра ўжо затуманеная вечаровым прыцемкам сенажаць ляжала пустая, Войціка нідзе не было, і Сушчэня сумеўся зноў: што ж яму цяпер тут рабіць?
Тым часам стрэлы на дарозе спыніліся, з туманнай цішы нядоўга даносіліся глухаватыя галасы, але ме крыкі, падобна, там гаманіла некалькі чалавек запар, але зноў, на якой мове — зразумець было нельга. Нарэшце ляснуў адзіночны стрэл, і ўсё сціхла. «Што яны там нарабілі? Што нарабілі?» — білася ў галаве ў Сушчэні недарэчпая думка-пытанне. Але што нарабілі — няцяжка было здагадацца, ды ён не хацеў верыць у тое — ён усё ўзіраўся ў прарывістую грыўку кустоўя каля шашы пад слупамі і чакаў, што адтуль паявіцца Войцік. Ды Войцік не паяўляўся, ад стомы і напружання ў Сушчэні пачало дваіцца ўваччу. Ён і не заўважыў, як зусім змерклася — змрочны туман зусім праглынуў хмызняковы шнурок пад правадамі, сцяну хвой па той жа бок шашы, неўпрыкмет заслаў і нешырокі прасцяг сенажаціНа трохі яшчэ светлаватым небе ўгары адбілася чорнае сучча алешын — настала ноч. Нядоўгая трывога на шашы ўляглася, галасы змоўклі, падобна было, што там усё затаілася. Ці, можа, яны паехалі? Але маторнага грукату ён не пачуў, хіба там не было аўтамабіляў? Тады што там было і адкуль узялося?
Усё не ў стане саўладаць з хваляваннем, Сушчэня вярнуўся назад, да Бурава, які, даўно абыякавы да ўсяго, ляжаў на спіне пад кустоўем. Тут ён пастаяў і паслухаў, думаючы, што мо Войцік паявіцца з іншага месца. Толькі дарма. На лесавых прасторах заўладарыла золкая восеньская ноч, ад рэчкі несла зябкаю сырасцю, а Войціка нідзе не было. Але куды ж тады было падацца Сушчэню? Сцяміўшы, што, мабыць, Войціка тут не дачакацца, ён аж здрыгануўся знячэўку — гэта было жахліва... Мала таго, што Бураў, дык яшчэ і Войцік! Што ж тады ён адзін без іх, куды ён падасца?
Ён выйшаў з кустоўя, ступіў некалькі крокаў па сенажаці, паслухаў. Цяпер ужо можна было не хавацца, у змроку начы і зблізку няшмат чаго можна было згледзець. Хуткім крокам Сушчэня прайшоў па траве ўздоўж кустоўя, перадумаў — пайшоў у другі бок. Увагу яго ўсё цягнула да сябе шаша, пэўна, трэба было падысці туды. Ён баяўся: там маглі сядзець ворагі, пільнаваць яго або Войціка, калі таму пашчасціла ўцячы. Але тое месца, дзе ён перайшоў шашу і дзе павінен быў перайсці яе Войцік, уладарна цягнула яго да сябе, і Сушчэня наважыўся. Праўда, ён не пабег наўпрост цераз сенажаць, а павярнуў наўзбоч, даў добрага крука, пакуль абышоў тое злашчаснае месца і ля тэлеграфнага слупа з падпорынай вылез на адхон. Адхон тут быў яшчэ болей высокі, удзень, мусіць, дарогу з яго можна было бачыць далёка. Але гэта ўдзень. Цяпер жа ні здалёк, ні паблізу нічога не было відаць, у выемцы, нібы ў праваллі, трохі курэў змрочны туман. Сушчэня прысеў на адхоне, пасядзеў, паслухаў. Пасля з наганам у руцэ ашчадна, каб не паслізнуцца, спусціўся да шашы, перабег яе па сырым гравію і ўскараскаўся на адхон насупраць. Ніхто яго не ўбачыў; нідзе ніхто не азваўся. Тады ён дужа асцярожна, праз кожныя пяць крокаў спыняючыся, пачаў красціся да таго месца, дзе пераходзіў шашу на той бок. У травяністым доле і асабліва ў выемцы нічога не было відаць, і ён болей спадзяваўся на сваё адчуванне, калі шукаў тое месца. «Здаецца, недзе тут блізка, — урэшце падумаў ён, добра такі пратупаўшы пад адхонам. — Ці, можа, далей...» Так разважаючы, ён згледзеў у тумане ледзьве прыкметны бляск лужыны і ўзрадаваўся,
зразумеўшы, што праходзіў менавіта тут. Але што з таго? Войцік мог пайсці іншым шляхам, мог наогул не выйсці з лесу... Усё ж Сушчэня прайшоў раз і другі па адхоне, паўзіраўся ў чорныя баравыя нетры паблізу. Нідзе не было нікога... Зрэшты, Войцік мог і ўцячы, ці яны маглі забіць яго і забраць з сабой. Шмат было магчымасцей у ворагаў, а вось у яго, здаецца, ужо не засталося ніводнай.
Пастаяўшы на адхоне і нявесела разважыўшы, ён з апанураным сэрцам пачаў спускацца ўніз. I нечакана ў траве натрапіў нагою на штось мяккае, хапіў рукою і пазнаў: то была кепка. Жорсткая суконная кепка з цвёрдым даўгім казырком — знаёмая кепка Войціка. Аж спалохаўшыся ад тае знаходкі, ён замітусіўся на адхоне, прабег паўз канавы і ў стаптаным быльнягу ледзьве не наскочыў на чалавека. Цёмнай нерухомай купінай той ляжаў ніцма, і штосці белае на ім выразнаю плямай свіцілася ў змроку.
Поўзаючы на каленях, Сушчэня абмацаў яго — то быў Войцік, і быў ён нежывы, ужо стаў халодны, як і зямля, на якой ляжаў. Вінтоўкі нідзе не было, паддзёўку з яго, мабыць, здзерлі, гамашы таксама — за адной нагой валаклася ануча, другая нага была босая. Кішэні штаноў матляліся вывернутыя, мабыць, шукалі зброі ці якой маёмасці, — забілі і кінулі. Сам не адчуваючы сябе ад страхавітага хвалявання, Сушчэня ўпоперак на плечы ўзваліў шчуплаватае цела Войціка і подбегам адолеў шашу. Трохі цяжэй было ўзлезці на адхон. Але наўкола па-ранейшаму ляжала цішыня, нават не гулі правады ўгары, і ён, гучна дыхаючы, кінуўся па сенажаці да рэчкі.
Апошнія крокі да таго месца, дзе ляжаў Бураў, ён ужо ледзьве брыў, знясілены раптоўнаю стомай, неяк усё ж датупаў з забітым на плячах да другога забітага і разам з ношаю ўпаў на дол. Здаецца, сілы ў яго ўжо не засталося, бо не засталося надзеі, усё зайшло ў абсалютны тупік, і толькі яшчэ недарэчна доўжылася яго жыццё, якое цяпер немаведама навошта яму. Што яму рабіць цяпер з ягоным жыццём, чым яму абараніць яго і ці варта абараняць наогул? Каму будзе шчасце з таго абароненага ім жыцця? Хто ўзрадуецца таму жыццю, калі самому яно ўжо не на радасць, а на беспрасветныя злыя пакуты.
Трохі паляжаўшы, ён заварушыўся, сеў. Выпрастаўшы ногі, сядзеў на золкім доле пагорка. Праз туман і голае вецце кустоўя ўнізе па-начному цьмяна і санліва паблісквала рака, і ляжалі побач двое забітых. Дзіўна, яны прыехалі на станцыю, каб забіць яго, ды ўсё атрымалася інакш: ён вось жывы, а яны мёртвыя. I во дзіва: яму няма з таго радасці. Нібы ён сам таксама ўжо мёртвы.
Сушчэня трохі пацягнуўся, паправіў Войціка — перакаціў яго на спіну. Пасля, падумаўшы, стаў на калені, падцягнуў яго танклявае, нібы ў падлетка, цела, паклаў побач з Буравым. Два партызаны, як у страі — плячо ў плячо. Толькі адзін босы, а так абодва ў кашулях, без шапак. Старэйшы і малады. 3 вольнымі рукамі, без зброі.
Зброя была ў яго — чорны міліцэйскі наган з сямю патронамі ў барабане. Але нашто яму сем патронаў? Яму патрэбны ўсяго адзін. Каб падвесці апошні рахунак жыццю. Ці выкараскацца з гэтага тупіка, у які ято загналі немцы, вайна і жыццё... Сумленна, як усе, на роўных правах з людзьмі жыць ён нс мог, а несумленна ён не хацеў. У яго была жонка, радня, рос сынок Грышачка, як было класці пляму на іхнія лёсы? A не запляміць было ўжо немагчыма. Насуперак свайму жаданню, усім сваім намаганням. Што ж яму яшчэ засталося?
Ну, але, што ж, мусіць, усё мае свой сэнс і свае законы. Чалавек не ўсё можа. Часам ён не можа нічога. Загінулі ж гэтыя людзі, партызаны і патрыёты, чым ён лепшы за іх? Ён жа ў іх смертны час быў разам з імі і ўжо хоць бы таму заслужыў такую самую смерць? Хай яму даруюць людзі, жонка Анэля, сынок. Ён заўсёды стараўся быць добрым мужам і бацькам, ды вайна ці няшчасны лёс сталі мацней за яго. Бог ведае, як ён любіў іх і колькі натрываўся за іх! Мусіць, было б усё інакш, калі б не гэтая яго любоў, якую скарысталі з разлікам тыя, што загналі яго ў гэтую пастку, пакінуўшы іх заложнікамі. Немец Гросмаер скруціў яго лёс, але ёп не пераможа ягонае волі. Ягоная вольная воля — можа, тое адзінае, што засталося непадлеглым нікому. Усё ж ён гіамрэ на свой выбар... Хай хоць гэта суцешыць яго ў яго горкай долі. Іншага суцяшэння сабе ён ужо не знаходзіў...
Золкай туманнай ноччу група падрыўнікоў партызанскай брыгады «Дзядзі Сашы» прабіралася на шашу, каб замініраваць мост цераз Рэсу. Хлопцы трохі заблудзілі звечара і выйшлі на дарогу ўбаку ад моста. Каб зноў не блукаць паначы і зэканоміць час, паціху пайшлі над адхонам. Ішлі моўчкі, насцярожана, след у след за пярэднім — старшым групы, вайсковым сяржантам з акружэнцаў. Вёсак паблізу тут не было, паліцыя ўначы не надта гойсала гэтай лесавой дарогай. Але ўсё ж...
Але ўсё ж трохі ўбаку і зводдаль нечакана раздаўся стрэл — нягучны шчоўкнуў у тумане, і хлопцы ўсе разам прыселі. Ды стрэлаў больш не было. Хвойны бор за дарогай моўчкі чарнеў у туманным паўзмроку, па другі бок, за сенажаццю, наогул няшмат што было відаць. Недзе ўгары, за аблокамі, ужо ўзышоў месяц, трохі падсвятліў ноч, якая, аднак, мляўка таілася ў шэрай туманнай навалачы.
— Так, балуецца нехта... Дурак нейкі, — ціха сказаў той, што ішоў за старшым. Старшы недаверліва пакруціў галавой у пілотцы, паслухаў і, мабыць, нічога больш не ўчуўшы, засцярожліва пайшоў далей.
Іншыя павалакліся следам.
Іхні галоўны клопат чакаў іх наперадзе.
Аблава
Аповесць
Раздзел першы
ЧАЛАВЕК НА ІМШАРЫНЕ
Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было. Гэта цяпер, увосень, імшарына набрыняла вадой і стала падобнаю на балота, а ўлетку, у пару сенакосу, дык тут скрозь было суха, вольна хадзілі касцы, бабы і нават ездзілі на брыках, калі звозілі сена. Дзенідзе ў доле яшчэ і цяпер налітыя чорнай вадой блішчэлі сляды конскіх ног. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло імшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам. Скураныя пасталы на нагах у чалавека даўно раскіслі ад балотнай вады, анучы наскрозь змакрэлі. Але чалавек не заўважаў таго і між кустоўя ўпарта імкнуўся кудысці. Наўкола стаяла цішыня, нідзе не было нікога. Людзі завіхаліся на палетках, выбіралі бульбу, — нашто цяпер каму гэтая дальняя прырэчная імшарына? Чалавек, мабыць, ведаў тое і ўсё ж адчуваў сябе песпакойна, нават трывожна; хада яго была такая насцярожаная, што, здавалася, варта недзе каркнуць вароне, як ён здрыганецца і абамрэ на месцы.