Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
Натуральна, што гэтай сітуацыяй хутка зацікавіліся «кампетэнтныя» органы. Асабліва пасля таго, як ягоная жонка прад’явіла даведку, што ваенінжынер III рангу Булаўскі загінуў 23 чэрвеня 1941 года і выкраслены з кадравых спісаў Чырвонай Арміі. На падставе тае даведкі ўдава, як і належала, атрымлівала нейкую выплату і, магчыма, другі раз выйвіла замуж. Але яшчэ год таму ён паведаміў ёй, што жывы, і не атрымаў адказу. «Мы пасылалі грамадзянцы Філіпавай ваша цяперашняе фота, і яна пісьмова заявіла, піто вы — не яе першы муж. Дык хто вы ў сапраўднасці?» — дабіваліся ад яго ў Смершы.
Каб апраўдацца, даказаць, што ён — гэта ён, патрэбны былі дакументы, якіх у яго не захавалася. Нс было і сведчанняў жывых людзей — знаёмых, суседзяў, тых, з кім разам служыў. Адразу пасля вяртання з палону ён з’ездзіў у Віцебск, пахадзіў па ягоных руінах. На месцы дома, дзе ён нарадзіўся, у чалавечы рост буялі лапухі ды крапіва, не збярогся нават завулак па Суражскай шашы, дзе ён некалі жыў. Ягонае міну-
лае аказалася безнадзейна адсечаным ад цяперашняга жыцця, хоць ты яго пачынай спачатку. Калі б тое было магчыма...
Ён перажыў усё: цяжкое раненне, што прычынілася да ягонай інваліднасці, ганьбу і знявагі палону. Знемагаючы ад непасільнае працы ў вугальных штрэках Рура, з усяе сілы стараўся трымацца, не зламацца, не зваліцца ў нябыт. Пра радзіму ён думаў няшмат, ведаў, радзіма для яго перастала быць маці, а пасля палону напэўна зробіцца мачыхай. Роднай маці ў яго даўно не было, бацькі таксама. Ад бацькі ён змушаны быў адмовіцца пасля ягонага арышту ў трыццаць восьмым; не стрываўшы таго, раптоўна памерла маці. Ягоныя начальнікі і падначаленыя ці не ўсе палеглі на заходнебеларускіх палях у сорак першым. Але ён спадзяваўся, што, магчыма, дзесьці засталіся дзве яго родныя душы — жонка і дачка, і тая спадзяванка заўжды грэла яго, была для яго паратункам. Належала толькі выжыць, дачакацца, стрываць.
I во дачакаўся. Вочнае стаўкі.
У камеру прынеслі сняданак — жалезную міску пярлоўкі, да якой ён не дакрануўся. Хадзіў з кутка ў куток, каб якнебудзь адолець зацяты неспакой, што ўсё большаў у ім з начы. Праз нейкі час у камеру зазірнуў вывадны: «Ну, ты будзеш есці або забраць?» — і ён абыякава махнуў рукой. Ён нецярпліва чакаў следчага, які прыйшоў толькі ў паўдзён. Весела перамаўляючыся каля ганка з начальнікам гаўптвахты — немаладым старшым лейтэнантам тэхнічнай службы, той проста кіўнуў выпушчанаму ў калідор арыштанту і вывеў яго на вуліцу. Звыкла кульгаючы, Булаўскі пакорліва ішоў за капітанам. 3 нагрэтай паўдзённаю спёкай вуліцы яны неўзабаве павярнулі ў невялічкі скверык, на рагу якога самотна прыткнуліся да бардзюра дзве вясковыя бабкі з пастаўленымі ля ног тарбінкамі семак; абедзве палахлівымі позіркамі праводзілі яго да павароткі. Толькі тут, на нямеценай, закіданай недакуркамі дарожцы, Булаўскі згледзеў за сабой канваіра — ладнага мацака-салдата з аўтаматам на рамяні. Падобна, на гэты раз канваір быў не з каравула, хутчэй з контрразведкі. Значыць, яны сапраўды падазраваюць яго, думаў Булаўскі. Кепскія тады яго справы — гэтыя дарма падазраваць не любяць.
Аддзел контрразведкі Смерш займаў мадэрновы, некалі дагледжаны буржуазны дамок з вострым чарапічным дахам. Праз абабітыя жалезам дзверы яны зайшлі на ўнутраны двор з некалькімі легкавікамі ля дальняй сцяны. Мабыць, для пэўнага роду працэдур у асабняку быў выдзелены пакой на першым паверсе — пусты, з адным сталом каля ўмацаванага кратамі акна, дзвюма табурэткамі ля сцяны. Капітан, часта пазіраючы на свой гадзіннік, заклапочана падбягаў да акна і бяздумна задаваў пустыя пытанні:
— Ну як — нічога? Выспаўся? На гаўптвахце толькі і спаць, праўда? Як на курорце...
У каторы раз зірнуўшы на гадзіннік, ціха сам сабе мовіў: «Спазняюцца» — і павярнуўся да яго.
— Ну, во што! Пакуль час, сядай за стол, пішы аўтабіяграфію. Падрабязней толькі.
Булаўскі пакорліва апусціўся на табурэтку збоч стала, падсунуў пададзены яму аркуш паперы. Пісанне біяграфіі і тут, мабыць, было любай працэдурай следства. На гэтыя аўтабіяграфіі яшчэ ў фільтрацыйным лагеры выдаткоўвалася куча паперы, і ён тады думаў: няўжо іх чытаюць? Аказалася, нс толькі чытаюць — падрабязна даследуюць, параўноўваюць і вывучаюць, каб выявіць нейкія супярэчнасці. Калі ж дзве аўтабіяграфіі аднаго чалавека абсалютна аднолькавыя, дык гэта тым болей для іх падазрона. Мабыць, мяркуецца, што чалавек вывучыў легенду і не можа адступіць ад яс без наяўнасці дадатковых фактаў. I так, і гэтак было кепска. Для таго, каго падазравалі, вядома.
Стоячы ля акна, не паварочваючыся да яго, капітан пачаў гаварыць штось, нібыта з намёкам, не дагаворваючы:
— Панімаеш, хутка яны прыедуць, і ты паглядзі, ці яна гэта. Нават калі яна, панімаеш... Усё ж жанчына! Жанчыне належыць зважаць. Калі не прызнае, нашто табе яе прызнаваць?
— Як? — чагосьці не мог даўмецца Булаўскі.
— Ну, панімаеш, нашто ёй псаваць жыццё? Ды і яму таксама. Вялікі чалавек, заслужоны...
— Ах во што! — расчаравана мовіў Булаўскі, нешта ўсё ж зразумеўшы ў блытаным маналозе следчага. — А ён хто — гэты заслужоны чалавек?
Капітан ніякавата пацепаў плячыма, бы ад чагось дакуч лівага, яшчэ зірнуў у акно.
— Ну, разумееш... Ен адказны начальнік. 3 нашых органаў...
— Панятна, — толькі і знайшоў што сказаць Булаўскі. Здаецца, яму сапраўды што-нішто рабілася зразумела. Па
ўсёй верагоднасці, справа была не ў ёй, ягонай жонцы Ніне Іванаўне, — справа ў яе новым мужы. Пра яго клапаціўся следчы. Што ж, падумаў Булаўскі, можа, капітан мае рацыю — не трэба ўпарціцца. Нашто псаваць жыццё абаім, хай жывуць доўга і шчасліва. Без Булаўскага, вядома, каторы тут лішні. I ён вырашыў, што калі яна яго не прызнае, ён яе не прызнае таксама. Няхай усе будуць задаволены. Тым болей яе заслужоны муж, каторы з органаў. Дзякуй, таварыш капітан, што падказаў.
У чарговы раз паўзіраўшыся ў акно, капітан страпянуўся — яны прыехалі. Прашорхаўшы па пяску коламі, у двары спынілася машына, змоўк рухавік. Цярохін таропка заняў за сталом сваё месца, Булаўскі застаўся збоку. Шырока расчыніўшы дзверы, у пакой увайшлі два афіцэры — высокі бландзіністы капітан і пажылога веку маёр з прыкметным жыватом пад цеснаватым кіцелем — падобна, нейкі чын з вайсковае пракуратуры. Яны абмяняліся з Цярохіным некалькімі малазначнымі фразамі і камусьці скамандавалі за дзвярыма:
«Хай войдзе».
Булаўскі напружыўся нутром, рыхтуючыся да самага, можа быць, важнага моманту ў сваім жыцці. Адчуў, зараз штось вырашыцца, ад чаго адразу пераменіцца, стане інакшым ягоны лёс. Як ён ні імкнуўся захаваць спакой, тое яму мала ўдавалася; пачаў паднімацца ціск, застукала ў скронях. I во расчыніліся дзверы, і ў пакой неяк марудна ўвайшла маладая жанчына ў лёгкай крэпдэшынавай сукенцы, з чорнай сумачкай у руках. Светлыя валасы яе пульхнай прычоскі былі модна прыўзняты над ілбом і густа ападалі на плечы. Нясмелым, амаль палахлівым позіркам яна акінула афіцэраў, следчага за сталом і яго побач таксама. I ён заўважыў, як гэты позірк на ім ледзьве прыкметна скалануўся. Пасля, мінаючы яго, яна пачала пазіраць толькі на следчага.
Ведама ж, то была Ніна Іванаўна, ягоная Нінка, з моманту апошняй сустрэчы з якой мінула шэсць гадоў. Яна быццам і не надта змянілася, хіба папаўнела крыху ды нешта страціла ад свае маладой упэўненасці.
— Грамадзянка Філіпава, вы пазнаеце гэтага чалавека? — запытаўся Цярохін.
Ніна болей уважліва, чым раней, паглядзела на былога мужа, трошкі закусіла краёчкі вуснаў і моўчкі пакруціла галавой.
— Паглядзіце яшчэ і скажыце: вы яго не пазнаеце?
— He, — адказала яна ледзь чутна.
— Так, добра, — працягваў сваю справу следчы і звярнуўся да Булаўскага: — А вы, грамадзянін падследны, пазнаеце ў гэтай грамадзянцы сваю жонку?
Прабіў ягоны час — зараз Булаўскі павінен штось адказаць і адбудзецца галоўны вердыкт яго нешчаслівага лёсу. Хай ён будзе строгі, але справядлівы. Ён зірнуў у твар Ніны, іх позіркі сустрэліся, і ў знаёмых вачах жонкі ён згледзеў даўнюю, застарэлую жальбу — да сябе ці, можа, і да яго таксама.
— He, — мовіў ён амаль насуперак сваёй спакутаванай волі, і ў той жа момант адчуў, як штосьці ў ім зрушылася з свайго звыклага месца. Гэта, падобна, спалохала яго, але штось перайначыць, напэўна, было ўжо позна.
— Значыць, вы — незнаёмыя людзі? Так? — завяршыў сваю працэдуру следчы.
Афіцэры каля сцяны, Цярохін за сталом ды і Ніна таксама напружана чакалі, мабыць, ужо прадчуваючы яго апошні адказ. Ён чакаў таксама — у гэты самы апошні момант ён яшчэ не ведаў, што скажа — што ў ім скажа нехта, дзіўным чынам адасоблены ад яго. I ён ціха вымавіў аднымі вуснамі: «Так».
Што ж, падобна, усё было скончана; болей гэтыя людзі ў пагонах справы да іх не мелі. Ніна Іванаўна павярнулася і, не развітваючыся, ціха выйшла з пакоя, за ёй выйшаў бландзі ністы капітан. Тоўсты пракурор падышоў да стала, за якім Цярохін штось таропка пісаў на паперы.
— Ну, а з гэтым што? — кіўнуў ён у бок Булаўскага.
— Будзем разбірацца, — буркнуў капітан.
— 3 ім трэба працаваць. Відаць, не простая птушка.
— Ды ўжо канешне.
Усё яшчэ збянтэжаны нядаўняй сустрэчай, Булаўскі не адразу пачуў і не адразу зразумеў, пра што яны. Пра каго? Калі ж нарэшце сэнс іхніх слоў дасягнуў ягонай разгубленай свядомасці, ён унутрана сцяўся — дык во што! Гэта ён — няпростая птушка. Можа, і не Булаўскі нават. Хаця ён жа сам і пацвердзіў тое. Называсцца, пайшоў насустрач. А сам як жа?
Збянтэжаны і ўзрушаны, ён пайшоў у калідор, куды яму паказаў следчы, што з каменным выразам твару скіраваўў ззаду. Кудысь яго павялі — падобна, зноў на гаўптвахту. У калідоры Цярохін зайшоў наперад, ззаду далучыўся канвой — на гэты раз аж два аўтаматчыкі, і Булаўскі сцяміў: ягоныя справы дрэнь. Дагэтуль былі кепскія, сталі і яшчэ горшыя.
Яго вывелі з падворка, і следчы перайшоў на другі бок вуліцы — да знаёмага сквера. Тут было не так горача, каля ўвахода ў сквер ляжала на баку перапоўненая скрынка са смеццем. На свежапафарбаванай у зялёны колер лаўцы прыляпілася разгорнутая газеціна, — відаць, ноччу хтосці на ёй сядзеў. Можа, якая-небудзь закаханая парачка, падумаў Булаўскі і пачуў блізкі шорхат машыны. Па вуліцы хутка праехаў «Віліс», на заднім сядзенні яго мільганула знаёмая постаць у крэпдэшынавай сукенцы са сьветлавалосай дзяўчынкай побач — вецер церабіў яе сіні бант на макаўцы. «Оля!» — выбухнуў у ім немы крык, тут жа абарваны сухім вокрыкам ззаду: «Не адставаць, не адставаць!» На самай справе, капітан, не азіраючыся, хутка шыбаваў наперадзе, кульгавы арыштант адставаў. Можа, гэта і не Оля, падумаў ён. Хто сядзеў на пярэднім сядзенні «Віліса», ён так і не паспеў заўважыць.