Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
Таму Мацюхіну трывожна і клопатна, усё трэба дагледзець самому, камандаваць узводам і бегаць па выкліках да начальства, дакладваць, апраўдвацца і слухаць нервовыя начальніцкія мацюгі. I, тым не менш, стома перамагла неспакой і ўсе ягоныя клопаты, старэйшы сяржант задрамаў пад віскат і выбухі мінаў. Добра, побач ужо акапаўся малады ўвішны аўтаматчык Казыра, памкамузвода загадаў яму назіраць і слухаць, спаць — ні-ні, ні ў якім разе — іначай бяда. Немцы таксама спрытныя не толькі ўдзень, але і ўначы. За два гады вайны Мацюхін нагледзеўся рознага.
Неўпрыцям заснуўшы, Мацюхін адчуў сябе нібыта дома, быццам ён задрамаў на прызбе ў нейкай дзіўнай знямозе; можа, п'яны, і быццам суседская свіння сваім сцюдзёным лычом тыкаецца ў ягонае плячо — ці не хоча схапіць за яго
зубамі. Ад непрыемнасці памкамузвода прачнуўся і адразу адчуў, што за плячо яго сапраўды хтось тузае — будзіць, ці што.
— Што такое?
— Гляньце, таварыш памкамузвод!..
У шэрым світальным небе над акопчыкам хілілася танклявая постаць Казыры, які ўзіраўся, аднак, не ў бок немцаў, а ў тыл, яўна там чымсь зацікаўлены. Трываючы ранішшою дрыжаку ў целе, Мацюхін прыўстаў на каленях і згледзеў непадалёк цёмны грувасткі абрыс аўтамабіля з коса настырчаным верхам; там жа ціха і стрымана варушыліся людзі.
— “Кацюша”?..
Мацюхін усё зразумеў і ціха, сам сабе вылаяўся. To рыхтавалася да залпу рэактыўная «кацюша». I адкуль яе прынесла сюды? I чаму менавіта сюды, на гэты бугор, да ягоных аўтаматчыкаў?
— От цяпер зададуць немчуры! От зададуць! — радаваўся Казыра.
Іншыя байцы з бліжніх ямак-акопчыкаў таксама, відаць, заінтрыгаваныя нечаканым начным суседствам, павылазілі на паверхню. Усе з цікавасцю сачылі, як ля аўтамабіля стрымана варушыліся артылерысты, карпатліва ладзячы свой знакаміты залп. «Чорт бы іх узяў з іх залпам!» — нерваваўся памкамузвода, які ўжо ведаў кошт гэтых залпаў. Карысць, хто ведае якая, за полем у тым ляску ня многа пабачыш, a клопату, глядзі, наробяць...
Між тым над полем і ляском, што ўжо зачарнеўся наперадзе, патроху пачало світаць. Праяснела хмарнае неба ўгары, дзьмуў сьвежаваты вецер, відавочна збіралася на дождж. Памкамузвода ведаў, што калі папрацуюць «кацюшы», дык абавязкова пасыпле дождж. Урэшце там, ля машыны, мітусня нібы прыціхла, усё, здаецца, замерла, некалькі чалавек адбегліся далей, за машыну, данесліся глухаватыя словы нейкай артылерыйскай каманды. I раптам над галовамі ў паветры рэзка віскнула, загуло, засквірчэла, агняныя хвасты ўдарылі ў зямлю за машынай, цераз галовы аўтаматчыкаў пырхнулі і зніклі ракеты. Воблака пылу і дыму, закру-
ціўшыся ў белай віхуры, ахутала “кацюшу”, частку акопчыкаў і пачало расплывацца па схіле пагорка. Яшчэ не сціх гул у вушах, як там ужо закамандавалі — на гэты раз гучна, ня тоячыся, са злоснай рашучасцю, да машыны кінуліся людзі, хутка паўскоквалі на яе падножкі, і во яна праз рэшту ўзнятага залпам пылу пасунулася з пагорка ўніз да сяла. У той час наперадзе за полем і ляском грымотна загрукала — чарада раскацістага працяглага рэха данеслася з далечыні.
— О, даець, о даець немчуры праклятай! — ззяў маладым курносым тварам аўтаматчык Казыра. Іншыя таксама, павылазіўшы наверх ці пастаўшы ў акопчыках, з захапленнем узіраліся ў незвычайнае відовішча за полем, поўныя стрымана-страхавітай салдацкай радасці. Адзін толькі памкамузвода Мацюхін, бы скамянелы, стаяў на каленях у неглыбокім акопчыку і, як толькі за полем абарваліся глухія выбухі, закрычаў, што было моцы:
— Ва ўкрыццё! Ва ўкрыццё, такую вашу матары! Казыра, ты што...
Ён аж ускочыў на ногі, каб вылезці з акопчыка ды пазаганяць аўтаматчыкаў у іхныя схованкі. Ды не паспеў. Дзесь там, за ляском, шчоўкнуў адзіночны выбух ці стрэл, і ў небе рознагалоса завыла, заскуголіла... Ураз, адчуўшы небяспеку, аўтаматчыкі, бы гарох па стале, сыпанулі ў свае акопчыкі. I неба закалацілася, завыла, загрукацела... Першы залп нямецкіх шасціствольных мінамётаў лёг трохі з пералётам, бліжэй да сяла, другі — бліжэй да пагорка, а затым усё навокал перамяшалася ў суцэльным месіве выбухаў. Адныя рваліся бліжэй, іншыя далей, увесь пагорак ператварыўся ў дымна-агняны вулкан, які ўвішна таўклі, капалі, пералапачвалі нямецкія міны. Так цягнулася доўга, здавалася, бясконца доўга. Аглушаны, засыпаны зямлёй, Мацюхін курчыўся ў сваім акопчыку, з жахам чакаючы, калі... Калі ж... Але тое «калі» ўсё не наставала, а выбухі таўклі, калацілі зямлю, якая, здаецца, трэскалася, разломвалася на ўсю глыб, гінучы сама і цягнучы за сабой пагібель на ўсё астатняе.
Але во неяк пакрысе ацішэла...
Мацюхін засцярожліва выглянуў — спярша наперад у поле:
ці не ідуць? He, адтуль, здаецца, яшчэ не ішлі. Затым ён зірнуў убок, на колішні ланцужок узводу аўтаматчыкаў, і не ўбачыў яго. Увесь пагорак зеўраў ямінамі-варонкамі, быў завалены гліністымі выварацінамі, глыжы і зямля засыпалі ўсё наваколле, трава знікла зусім. Непадалёк пляската распласталася доўгая постаць Казыры, які не паспеў дабегчы да свайго акопчыка. Галава і верхняя частка ягонага цела былі засыпаныя зямлёй, ногі таксама, толькі на абцасах не стаптаных яшчэ чаравікаў паблісквалі выслізганыя металёвыя касячкі.
Як яшчэ пацішэла і ветрам пачало зганяць убакі высока ўзняты пыл, Мацюхін вылез з акопчыка і пайшоў па пагорку. Трэба было палічыць, што ў яго засталося ад учарашняга ўзвода аўтаматчыкаў...
Палкаводзец
Як вядома, кепская навіна не ходзіць адна, за ёй бяжыць другая. Гэтая другая дагнала Палкаводца па дарозе ў гаспадарку Мельнікава. У таго Мельнікава не заладзілася з самага пачатку, палкі не маглі адарвацца ад дняпроўскага берагу, суседзі здорава выскачылі паперад, на правым флангу ўзялі горад, за які ўчора Палкаводца віншаваў Галоўнакамандуючы. Але толькі Палкаводзец выехаў з сяла, як з КП па рацыі перадалі: на правым флангу няўстойка, немцы контратакавалі буйнымі сіламі, адкінулі пяхоту за рэчку. Палкаводзец паўзіраўся ў карту і загадаў паварочваць на ракадную дарогу — ехаць на правы фланг. Учуўшы новы загад, два ягоныя ад’ютанты, маладыя статныя палкоўнікі, перадалі яго сігналамі астатнім машынам — бронетранспарцёру з аховай і крытай бартавой з трыбуналам, якія заўжды суправаджалі Палкаводца. Уся невялічкая калона пачала таропка разварочвацца на разбітым, цесным і гразкім прасёлку. У «вілісе» ўсе маўчалі. Маўчаў, сцяўшы квадратныя сківіцы, Палкаводзец, маўчалі ад’ютанты, прадчуваючы, што іх чакае. Ня выключана, што Палкаводзец хутка ўскочыць у самае пекла і жалезнай рукой... У ягонай жалезнай руцэ яны ўжо мелі магчымасць пераканацца...
Куляючыся па выбоінах, трохі разганяючыся на роўнядзі і выскокваючы на невысокія, парослыя драбналесьсем пагоркі, «віліс», транспарцёр і бартавая каціліся насустрач недалёкай баявой калатнечы, якую ўжо не магло заглушыць і натужлівае выццё іхных матораў, хутка стала чуваць, што бой грымеў побач, дзесь за ляском, дзе, як сведчыла карта ў руках Палкаводца, сярод шырокага поплаву працякала
крывуляка-рачулка. Хто мог падумаць, што нямецкія танкі менавіта тут і ўдараць, — думаў Палкаводзец. He хапала ім роўнядзі, ці што? Ці ўжо навучыліся ў нас, нашай азіяцкай кемлівасці? Але ўдарылі менавіта тут, у гэтым зусім мала здатным для таго месцы. I, як на бяду, фронт на гэтым участку аказаўся слабаваты, учора брыгаду Чарамісіна перакінулі ў цэнтар, на падмогу перадавому атраду; тут жа заставаўся адзін супрацьтанкавы полк, і той, здаецца, размяшчаўся трохі правей. А пяхоце без падмацунку, вядома, прыйшлося не соладка, і яна не стрывала. Такое яе прадвызначэнне на ўсякай вайне і ва ўсякай арміі.
«Віліс» выскачыў на пясчаны пагорачак, парослы рэдкім маладым сасоннічкам, і адразу ж рэзка кінуўся ўбок, коламі з хрустам ломячы тыя сасонкі. Палкаводзец знячэўку вылаяўся, ледзьве паспеўшы ўхапіцца рукой у пальчатцы за металёвую дугу перад сабой. Аднак ён тут жа зразумеў, што лаяцца марна, усё правільна. Па сасонніку ўжо джагалі чэргі, трэба было матаць назад або выскокваць і класціся долу. Палкаводзец і выскачыў. Трохі счакаў, а пасля, прыгінаючыся, выбег вышэй і апусціўся на сухі верасовы дол. Перад ім наперадзе разгортвалася шырокая панарама надрэчнага поплава і з ёй — ганебнае відовішча бязладнага драпу. Колькі ўжо за вайну даводзілася назіраць Палкаводцу гэтую ганьбу, але прывыкнуць да яе ён не мог і звычайна без вагання карыстаўся выпрабаваным сродкам. На ашаломленых, апанаваных страхам людзей можна было ўздзейнічаць толькі яшчэ большым страхам з усіх страхаў, якія меліся ў распараджэнні начальніка. Наша пяхота бегла, уцякала да рэчкі, караскалася цераз яе берагі, некаторыя ўжо былі блізка ад пагорка на гэтым беразе. На рачным беражку сярод лазняку дымна палыхаў адзін скасабочаны «студэбекер», там запалохана мітусіліся людзі. Другі, аднак, выкараскаўся з твані і з гарматай на прычэпе марудна поўз да пагорка. На ягонай падножцы стаяў чалавек у гімнасцёрцы, без шыняля, з абвязанай бінтамі галавой. Ці не камандзір супрацьтанкавай батарэі, — падумаў Палкаводзец. Той нешта крычаў, мабыць, паказваючы шафёру кірунак. Ззаду, з-за ракі, з розных напрамкаў несліся тра-
сірныя чэргі, на рыкашэтах агнянымі пчоламі разлятаючыся ў бакі. Палкаводзец, не азірнуўшыся, кінуў цераз плячо ахове: «Затрымаць!», і некалькі байцоў на чале са старэйшым сяржантам кінуліся праз сасоннік з пагорка.
Пакуль тыя сарванымі галасамі спынялі пяхоту, Палкаводзец узіраўся ў поплаў і асабліва далей, па той бок рэчкі, дзе з ляска выпаўзалі светлажоўтыя нямецкія танкі. Палкаводзец ужо сустракаўся з імі і ведаў, што гэта ён рашучымі дзеяннямі свайго войска змусіў нямецкае камандаванне перакінуць іх з Афрыкі, дзеля якой яны і былі афарбаваныя ў колер пустыні. Але тут ім не пустыня, тут найчасцей балоты. Раз-пораз яны білі з гарматаў па берагах ракі і па пехацінцах па гэты бок. Ад выбухаў калаціўся гіагорак...
Поруч і асабліва ззаду за Палкаводцам з насцярожаным выразам на тварах ляжала чалавек дзесяць з аховы, трошкі ніжэй прыбег і выцягся пад сасонкай старшыня вайсковага трыбуналу — франтавы маёр, скрозь абпярэзаны партупеямі і рамянямі, з фуражкай на галаве. За ім ужо расшпільваў тоўстую сумку ягоны сакратар, малады чалавек у плашчнакідцы. Той усё пазіраў на Палкаводца, пальцы яго дрыжэлі, і ён кепска спраўляўся з сумкай. Яны чакалі. Ужо не першы раз яны выязджалі з Палкаводцам і ведалі сваю справу. Тым болей, што гэта была іх праца, якую яны рабілі, рызыкуючы ўласным жыццём. Блізкія два выбухі ў сасонніку змусілі іх тыкнуцца галовамі ў дол, Палкаводзец жа на выбухі не адрэагаваў ніяк. Ён назіраў за тым, што адбываецца на поплаве.