Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
Да Чазлякоў, аднак, ён яшчэ не дабрыў — не ведаў нават, ці далёка да іх засталося, — як на нейкай імшарыне сярод ельніку згледзеў журавіны. Густы россып чырвоных кропелек у дробнай, глянцавітай лістоце, здаецца, нікім не чапаны, бы знарок чакаў яго тут. I Хведар кінуўся ў ягады, пачаў зграбаць іх прыгаршчамі. Ён і еў іх, не дужа выбіраючы, — з лісцем і смеццем, і сыпаў у кішэні, поўзаючы на каленях у сыраватай, але не дужа балоцістай імшарыне. Канешне, журавіны кепска спатольвалі голад, ды іх смак быў прыемны — звыклы ягадны смак, вядомы яму з дзяцінства і не забыты на Поўначы. Там таксама калі-нікалі ён дарываўся да гэтага ласунку, які неаднойчы ратаваў яго, як і сотні такіх самых небарак, ад голаду і хваробы. Толькі там не часта выпадала тое, што тут — бяры хоць кашамі. Шкада, што ў яго цэлыя ўсяго тры кішэні — у штанах і паддзёўцы, — ці многа набярэш у іх. Калі кішэні былі поўныя, ён пачаў грэсці ягады ў шапку і так поўзаў на каленях па імшарыне, аж пакуль не сказаў сабе: годзе! Усяго не з’ясі, а ўзяць з сабою ўжо не было як. На ўсялякі выпадак ён пастараўся прыкмеціць шчаслівую імшарынку — за вялікім ельнікам у бок Чазлякоў. Мо яшчэ спатрэбіцца.
Трохі павесялеўшы, з цяжкімі кішэнямі і поўнаю ягад шапкай у руках пайшоў далей. Куды — і сам не ведаў. Ельніку, здавалася, не было канца-краю ці, можа, ён узяў няўдалы накірунак?
Мабыць, і праўда — няўдалы, ён зразумеў тое, як убачыў перад сабой нізкі, без елак, падлесак і за ім нешырокі прасцяг асакі, за якім усчыналіся глухія зараснікі лазы і алешніку. To пачыналася Багавізна, якая ў тутэйшым краі была д’ябальскай, старахавітай мясцінай. Многія пакаленні жыхароў шмат чаго начуліся пра яе ад старэйшых і ў сваю чаргу расказвалі ўнукам неверагодныя і страшныя гісторыі, што там здараліся з людзьмі. Усё незвычайнае і страшнае ў тутэйшай мясцовасці ішло з Багавізны. Ёю палохалі плаксівых дзяцей і п’яных мужыкоў, жадалі ў злосці крыўдзіцелям праваліцца пад зямлю ў Багавізне. Там і сапраўды можна было праваліцца так глыбока, што ніхто не змог бы дастаць. Казалі, там быў нейкі падземны ход ці рака, што злу-
чала тамашнія прадонні з іншымі вірамі і азёрамі. Калі перад рэвалюцыяй у Багавізне залілася Змітракова карова, дык пад восень яе труп знайшлі аж у Белым возеры — праз сем вёрст ад Багавізны, хоць іх не злучала ніякая, нават самая малая рачулка. To быў людзьмі і богам пракляты край — дзесяць вёрст суцэльнае багны і віроў, між якімі ліпелі чэзлыя вольхі, аер, зараснікі трыснягу ды на купінах буяў улетку лазняк. Туды ніколі не хадзілі па ягады, нават журавіны, якіх там заўжды было процьма, не лавілі рыбу. Людзі спрадвеку абміналі тыя мясціны, а калі хто выпадкам туды трапляў, дык пасля дзён колькі дрыжэў ад страху і ўпудна крычаў паначы. Зімой Багавізна трохі падмярзала, але яе шматлікія вокны-прадонні нават у самы люты мароз браліся тоненькім лёдам, які не трымаў чалавека. Хіба што ваўка. I ў калядныя марозныя ночы там да ранку гучала выццё шматлікіх ваўчыных зграяў. Некалі там вадзілася багата мядзведзяў, якія не давалі спакою і жыхарам суседніх паселішчаў. Хведар памятаў, як дзед расказваў пра адну такую сустрэчу з касалапым, акрай Багавізны, дзе старога заспела залева і ён мокры схаваўся ў выпаленае пастухамі дубовае дупло. Ліў дождж, было цемнавата, а ў дупле і зусім стала цёмна, калі ў яго сунулася нешта касматае і смярдзючае. Дзед сцяўся, ні жывы ні мёртвы, — мядзведзь так яго прыціснуў шырокім касматым задам, што нельга было дыхнуць. Касалапы зручпа ўмясціўся ў дупле, мабыць, мяркуючы адпачыць тут да ранку. Але дзеду адпачываць не было як, яму трэба было араць прыгон, а раней знайсці і забрытаць каня, якога ён пусціў недалёка пасвіцца. I як было вылезці, каб не патрывожыць няпрошанага госця? Доўга дзед думаў, а тады як крыкне, і той мядзведзь, як корак з бутэлькі, выскачыў з дупла, абдаўшы, аднак, чалавека не дужа духмяным рэчывам. Такая была Багавізна.
Хвсдар павярнуўся прэч ад гіблай мясціны і зноў пайшоў лесам. Прытаміўшыся, сеў пад тоўстым яловым камлём, аблітым белай смалой, патроху еў з шапкі журавіны, думаў. Усё ж як добра ў лесе на волі! Ніхто цябе нікуды не гоніць, ты не патрэбны нікому, як і ніхто не патрэбны табе. Каб так можна было пражыць жыццё! Зрэшты, калісь так і
жылі: у хаўрусе з прыродай і лесам, знаходзячы ў ім і пракорм у галодныя гады, і прытулак у часы ліхалецця. Лес абараняў, лес саграваў душу і цела. Хто ж яшчэ болыпы быў дабрадзей для тутэйшага люду? Мусіць, лепшага не было ніколі. Але гэта даўней. А цяпер во настала часіна — не паратуешся і ў лесе. Людзям заўжды знойдзецца да цябе патрэба ці злосць, знойдуць і пад зямлёй, адшукаюць і ў лесе. He дай бог адбіцца ад людзей, стаць не такім, як усе. Гэта ён добра зведаў. Аднак і не прыкмеціў, як усё тое сталася, што таму стала прычынай. Вось і ў прыродзе, хто ведае, якія існуюць прычыны, але здараецца амаль тое самае. Яму прыгадаўся выпадак на паўночнай рацэ, калі ён рабіў плытагонам. Неяк сядзеў у дашчаным буданчыку на вадзе, часаў кліна пад аслабелае перавясла, і раптам праз дзверы ў нейкай здзічэлай трывозе куляю ўляцёў верабей, кінуўся яму на плечы, на галаву, аж збіў долу шапку. Хведар ад спалоху ўгнуўся, замахаў рукамі, адбіваючыся ад вераб’я, які праз момант вылецеў у дзверы. Выскачыўшы за ім, Хведар зразумеў прычыну дзіўнага ўчынку птушкі. Аднекуль над плытамі коса шуганула чародка вераб’ёў, і птушкі, бы па камандзе, кінуліся на небараку. Угары закруціўся птушыны клубок, усе люта рвалі аднаго, і хутка ад верабейчыка нічога не засталося. Нават нічога не ўпала на раку, толькі некалькі пушынак-пер’яў ціха апускаліся над вадою. Тут жа, даўшы круты разварот, вераб’іная чародка знікла за лясным абрывам ракі. Хведар тады стаяў і думаў: завошта? Нават і птушкі! Ці гэта такі спрадвечны закон прыроды — каб усе на аднаго? Але чаму на аднаго? Чым гэты верабей разгнявіў астатніх? Нейкім кепскім учынкам? А можа, толькі якімсці непадабенствам да астатніх, ці можа быць так, што ён і не вінаваты — вінаватая стая? Як у людзей? Ці ў птушак так не бывае?
Хаця, мабыць, у птушак бывае інакш, чым у людзей. Усё ж у птушак больш справядлівасці. Той выпадак з вераб’ямі ён бачыў у жыцці аднойчы, а людской несправядлівасці нагледзеўся да брыдоты. Кожнага дня.
Гэты раз ён доўга сядзеў пад елкай, неяк сцішыўшыся, прыдрамнуў, можа. Недзе ўгары, на яловай вяршаліне, гарласта закаркала варона, і ён абудзіўся. Усё ж ягоныя думкі
кіравалі далёка ад гэтага ельніку, часцей імкнуліся да вёскі. Ён думаў пра яе там, на Поўначы, думаў цяпер. Пра яе хаты, клопаты, сваіх суседзяў-сяльчан. Пра яе палітыя потам гоні. Яму не было як да яе паткнуцца, але думкамі ён быў там. I яго дужа цягнула туды. Хоць бы і праз небяспеку.
Мабыць, адвячоркам ён нарэшце наважыўся і зноў рушыў па лесе. Ішоў ранейшым шляхам, туды, адкуль яго выгнаў сабака. Ішоў асцярожна, цікуючы навакол, часта спыняўся, слухаў. Ды навокал было ціха і пуста. Вецер угары, мабыць, уняўся пад вечар, елкі стаялі роўна і супакоена, бы ў задуменні. Той статак, мабыць, ужо брыдзе каля выгана, падумаў Хведар, злы сабака рупліва падганяе ззаду каровак. Людзі таксама імкнуцца з поля да свайго жытла; напроціў начы ў лесе наўрад ці хто будзе.
He паспеў ён яшчэ выйсці на ўзлесак, як пачало змяркацца. У лесе пад дрэвамі стаў гусцець змрок, стулілася, нібы пашырэла, кустоўе ўнізе, вільгатнейшым рабіўся травяны дол, і Хведар пачаў трохі спяшацца — ісці было яшчэ многа. Ужо ў прыцемках ён мінуў тое месца, дзе яго спудзіў сабака, і неўзабаве выйшаў з лесу. Наперадзе распласталася трохі светлаватае, але павітае ўжо змрокам поле. Да вёскі трэба было ісці полем, па стаптаным статкам іржышчы. Мабыць, аднак, ісці цераз поле было яшчэ рана, і ён сеў на абмежку, сядзеў, патроху еў журавіны, бавіў час. Перад ім ляжалі зпаёмыя да кожнай драбніцы гоні — з дзьвюма грушкамі на Петраковым надзеле, каменнаю крушняй зводдаль, у канцы загонаў. Некалі тут быў і бацькаў надзел, на якім нямала папрацаваў і ён, Хведар. Праўда, на тым надзеле болей і даўжэй за яго гаспадарыў старэйшы брат Міцька, які, як усчалася калектывізацыя, падаўся на шахты ў Данбас. Спярша з’ехаў сам, а затым забраў і сямейку, назусім кінуўшы хату, зямлю, усю маёмасць. Мусіць, нельга тут стала жыць брату высланага кулака і Міцька рашыўся на высылку па сваёй волі. Як ён цяпер там, на шахтах? Hi разу не напісаў яму пад Котлас, зрэшты, як не напісаў яму і Хведар таксама. Ды ён не ведаў і адраса. Распадаліся сем’і, нішчылася людская роднасць, спрадвечная вясковая крэўнасць. Сталі браты як чужыя.
Што брат, калі во і сын таксама.
Пра сына Міколку Хведар не пераставаў думаць ніколі, гэта была яго незагойная болька, даўні пякучы клопат. Добра, канешне, што сыну ўдалося адкараскацца ад бацькавай ганьбы і нават пралезці ў начальства. Але, мусіць, дужа рызыкоўна ўсё тое, можна і згарэць датла. Чула яго бацькоўскае сэрца, што ў надта хісткім становішчы апынуўся сын, і дужа хацеў бацька як-небудзь засцерагчы яго ад бяды. Але што мог ён, даўні лішэнец, беглы спецперасяленец, чым мог памагчы сыну? Хіба адрачыся ад яго, ніколі не напомніўшы аб сабе ні пісьмом, ні просьбай, ні нават скупой весткай, — быццам ён знік, памёр ці яго і не існавала зусім. Хай будзе шчаслівы сынок Міколка, хай ніколі не скрыўдуе на бацьку. Можа, пашэнціць хоць апошняму з роду Роўбаў, іншых удача ўжо абмінула і, мабыць, ніколі не вернецца.
Над полем і выганам памалу ўсталёўвалася сцюдзёнаватая восеньская ноч. На небе ў ірваным ашмоцці хмараў з’явіўся бліскучы кругляк поўні, нядоўга павісеў над полем і закаціўся за раскудлачаны край аблокаў. Праз нейкі нядоўгі час выкаціўся ў іншым месцы, і на гэты раз свяціў доўга і ярка, абліваючы поле, узлесак, чалавека на абмежку бліскучым прывідным святлом. Хведар не любіў поўні, яна заўжды трывожыла яго загадкавым, няпэўным адчуваннем. Цяпер жа дык і зусім была яму непатрэбнай, і Хведар чакаў, калі яна схаваецца надоўга. Вёска і яе хаты з узлеску былі відаць кепска, адсюль іх засланялі хвоі на могілках, якія высокаю суцэльнай купай чарнелі за выганам. Там панаваў змрок, і нават у месячным святле нічога нельга было ўбачыць. Хведар, аднак, узіраўся ў тыя дальнія вясковыя абрысы, і ягоную ўвагу найболей прыцягвалі могілкі. Як поўня (надоўга ці не) схавалася ў хмарах і навакол усё пацямнела, ён падняўся з узмежка, таропка пайшоў у поле. Поўня за той час зноў выглянула разы два і зноў схавалася за аблокі, але ён, ужо не спыняючыся, дайшоў да могілак. 3 гэтага боку, ад поля, хісткая агароджа ля іх была паламана, мусіць, жывёлай, ён пералез цераз нізкую жэрдку і спыніўся: месяц ляніва асвятляў бязладнае нагрувашчванне крыжоў і магіл. Гэта былі, мабыць, усе іювыя пахаванні, іх тут сабралося