Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
Хай яна спрахне, тая малатарня, навошта ён з ёю звязаўся! Малаціў бы, як і раней, цапамі, ужо не так шмат было
таго збожжа, каб яго за зіму не абабіць на таку ў тры цапы. Дык не, захацелася, каб культурна, каб малатарняй...
Як цяпер помніцца, думку пра тое падаў сын Міколка. Тады ўжо ён быў ладны дзяцюк, увосень збіраўся на прызыў у Чырвоную Армію і лічыўся сакратаром камсамольскай ячэйкі ў Нядолішчы. Як ён стаў сакратарыць, у хаце паявіліся газеты і брашуры, некаторыя цікавыя часопісы, як «Бязбожнік», напрыклад. Звычайна сын быў дужа заняты дзень і чытаў толькі ноччу пры лямпе, а назаўтра што цікавейшае падсоўваў бацьку — то артыкул у «Беларускай вёсцы» пра падаткі і самааблажэнне, то выступленне таварыша Сталіна пра апазіцыю, a то брашуру наркома Прышчэпава пра культуру сельскай гаспадаркі. Хведар чытаў зболыпага, не дужа ўсё разумеючы, але галоўнае ён цяміў спраўна: жылі сапраўды кепска, бедна, малакультурна, гаспадарку вялі няправільна. Гэта — вядома, на кепскае ён даволі нагледзеўся. Але як гаспадарыць правільна? Мусіць, каб правільна весці гаспадарку, аднаго ведання мала, патрэбны грошы, інвентар, угнаенні. Каб было болын угнаення на яго гектары, завялі другую кароўку, выгадавалі цялушачку, хоць малака для іхняй сямейкі хапала і ад адной галавы. Гады чатыры перад тым Хведар, можа, самы першы ў вёсцы, купіў у Полацку плуг — новенькі, фабрычны, афарбаваны ў сіні колер, з роўненька вытачанымі дубовымі ручкамі. Спрытны аказаўся плужок, адна радасць была араць ім, нават прыходзілі паспрабаваць суседзі. Пасля купілі плугі і яшчэ некалькі мужыкоў. Плугі ўсім падабаліся.
I вось неяк увосень позненька ўвечары прыходзіць Міколка. Стомлены, згаладнелы, у гразкіх ботах, аказваецца, быў на нейкай нарадзе ў раёне. Маці хутчэй міску на стол, ён з’еў троху і кажа: «Бацька, а давай купімо малатарню. Ёсць такая магчымасць праз патрэбкааперацыю. Грошы можна не разам — у россрочку». Хведар адказаў не адразу, падумаў. Канешне, яно б дужа не блага, тая малатарня, ён ужо бачыў такую ў суседняй вёсцы Шаўцы. Летась там тры ці больш гаспадаркі склаліся і купілі, казалі, добра малоціць, дужа даволыіыя былі мужыкі. I лягчэй, чым цапамі, і хутчэй. Але ж... Бы чула ягонае сэрца, чым тое можа абярнуцца. Ужо
ведаў прыкмету: новае і небывалае ў сялянскім жыцці — часта пахне махлярствам ці дурасцю, і трэба папярэдне прыгледзецца, каб не ашукацца. Ён так і сказаў сыну, а той толькі засмяяўся: як гэта ад малатарні можа быць кепска? Гэта ж за тыдзень з малацьбой можна ўправіцца, не тое што ўсю зіму цапамі махаць. Яно так, канешне, думаў Хведар, ды ўсё маўчаў, вагаўся. Уранку, як Міколка пабег па сваіх камсамольскіх справах, асцярожна параіўся з Гануляй і вырашыў: купім. Пакуль не перакупіў хто спрытнейшы з якой іншай вёскі.
Малатарню прыцягнулі на трэці дзень пасля пакроваў. Памог швагер Тамаш, доўга ладзілі пад павеццю прывад з драўлянымі дышламі і жалезнымі прэнтамі перадачы. Адклаўшы свае камсамольскія справы, памагаў і Міколка, усё ж ён таксама разбіраўся ў сучаснай сялянскай тэхніцы. Урэшце ўсё наладзілі і апробавалі новую машыну. Ну, канешне, ніякага параўнання з цапамі — і хутка, і якасна. Праўда, народу для абслугі трэба болей, чым на таку; развязваць перавяслы, падаваць на стол, затым адзін машыніст, самы галоўны чалавек на малатарні, двое адграбаць зерне і прыбіраць салому. I яшчэ паганяць коней у паветцы. Чалавек шэсць, не меней, патрабавала да сябе тая малатарня. Але ўсё апраўдалася. Малацілі талакой, гаспадаркамі дзвюма ці трыма адразу, як калі складвалася. Хведар нікому не адмаўляў, меркавалі як хто хацеў, а плацілі, хто колькі мог. У залежнасці ад намалоту, канешне. Усё па добрай волі, што ж ён які эксплуататар для сваіх сяльчан? Мусіць, ён бы даў малаціць і дарма, але трэба былі грошы, усё ж малатарня каштавала не дзешава, і хоць узялі ў крэдыт, але сплочваць трэба было кожны квартал. Да каляд памалацілі ўсе суседзі і некаторая яго радня. Нават прывозілі з суседніх вёсак. Усім малаціў Роўба.
Нядоўга, аднак, пагрукацела на ягоным таку тая чырвоная малатарня. У наступную восень прыйшоў той самы сельсавецкі старшыня Сокур, з ім яшчэ нехта вусаты з раёна і апячаталі. Аказваецца, дапусціў ён эксплуатацыю, непрацоўны даход. «А як жа цяпер? Што будзе?» — пытаўся Хведар. «Што будзе, тое і будзе», — цьмяна адказаў вусаты, зашчап-
ляючы свой пацёрты партфельчык. Яны ўдвух, не азіраючыся, пайшлі са двара, а ён моўчкі стаяў ля варот, ужо адчуваючы, што гэта — не страта малатарні. Гэта — пачатак і яшчэ большай бяды, што чорнай варонай закружылася над яго галавой. Міколкі ў той час ужо не было дома, месяцы два, як прызвалі на вайсковую службу, адправілі на далёкаўсходнюю граніцу. Прыслаў адтуль нершы ліст, апісваў, як адказна і пачотна служыць на самай баявой граніцы, «у непасрэдсцвенным сапрыкаснавенні» з японскімі самураямі, і што давер родзіны ён апраўдае. Хведар скупа яму адпісаў пра іхняе жыццё, але пра малатарню не ўставіў ні слова. Хай сын служыць спакойна, апраўдвае давер родзіны.
А ў Нядолішчы на той час заварыліся малавясёлыя справы. Знайшліся зайздроснікі, як той Зыркаш, якія напісалі на яго за малатарню ажно ў Полацк — што абірае сялян. Але ж хіба ён абіраў?.. А як сталі размяркоўваць цвёрды падатак, адразу ўспомнілі тую матараню, і Сокур сказаў, што тут будзе па справядлівасці, на малатарні Роўба нешта заробіў. Хведар не ведаў, як адказаць: коратка адказаць ён не ўмеў, а доўга тлумачыць не было як. I выйшла так, што старшыня меў рацыю: заробіў Роўба ці не, але ў вёсцы другой малатарні не было, і цвёрды падатак прыляпілі яму законна.
Цяпер, падумаўшы, дык разумееш — на чарта яму здалася тая малатарня? Лепей бы, як спрадвек, малацілі цапамі, мелі б які-ніякі хлеб і сваё жытло. I не мелі б таго няшчасця, што, як з прорвы, абрушылася затым на яго сямейку.
Але, мусіць, тады нічога ўжо не ўратавала б, малатарня была толькі прычэпкай. Так ужо калі гружаны воз пахінецца ў калдобіне, дык, як ні хапайся рукамі, абернецца, адзін бок перасверыць другі. Тая малатарня была толькі апошнім давескам, які перасверыў яго і без таго нахілены воз жыцця. Бо яго пазначылі, як пазначаюць памаўзлівую скаціну ў статку, нейкая адзнака асаблівасці з’явілася на ягоным прозвішчы ў сельсавеце ці, можа, у раёне. Той цвёрды падатак — семдзесят пудоў збожжа ён неяк сплаціў, хоць падмёў усе хлебныя засекі ў клеці — вывез усё да першага сакавіка, як і прадпісвала абвестка. Галаднавата стала ў іх на стале, невядома, чым было засеяць яравы клін: засталося пуды два
ячменю і трохі аўса. I ён не ведаў: ці прыкупіць астатняе, ці пазычыць у каго? Ён яшчэ не надумаў, як яму выкруціцца з ярыной, калі прынеслі новы, яшчэ болей цвёрды, падатак: на гэты раз восемдзесят пудоў збожжа і сто рублёў грашыма. Ён сказаў сабе: з глузду яны там з’ехалі, дзе ён гэтулькі возьме? Бегаў у сельсавет, ездзіў у раён да знаёмага сакратара Церабільнікава, які яшчэ з ягоным Міколкам разам працаваў у камсамоле, — скардзіўся, тлумачыў, прасіў. He, не памагло нічога, сказалі: не сплоціш у срок, апішам усю гаспадарку, «в том чысле будынкі і жывёлу». Пабедаваў з тыдзень і пачаў хадзіць па радні, сваёй і жончынай, па хоць бы трошку заможных людзях у вёсках. Але ўсе нібы здранцвелі, аглухлі да чужой бяды, ніхто нічога не даў. Мусіць, кожны думаў, як выкруціцца самому, бо Роўба ўжо не першы быў абкладзены цвёрдым падаткам, чуў, такі ж падатак нанакладвалі і ў іншых вёсках. Тады кінуўся прадаваць малатарню, абвясціў у вёсцы, у суседніх паселішчах. Ды ніхто не купляў, не пытаўся нават. Мусіў папрадаваць жывёлу, абедзвюх кароў, усе авечкі, дзвюх свіней. Дурны быў, не ведаў, што дарма ўсё гэта, не ўратуе і квітанцыя аб поўным разліку. Нічога, мабыць, ужо не магло ўратаваць, калі хтосці надзяліў яго паганым з страшным словам «кулак».
Неяк тады, бегаючы па грошы, спаткаў у мястэчку Наэма, старога яўрэя, з якім калісці меў справу, як купляў малатарню, ды заходзіў да яго і раней. Дружбы між імі вялікай не было, але Наэм мог пазычыць грошы і нават пачакаць, калі не выпадала аддаць, як дамаўляліся, ці замест рублёў мог узяць яйкі, масла ці нават пару мяхоў бульбы. Заўжды дзелавы, рухавы Наэм брыў па вуліцы, бы нічога не заўважаючы вакол. Усё ж Хведар павітаўся, і яны разгаварыліся трохі, і тады Хведар дазнаўся, што і ў Наэма таксама нелады з уладай. Як Хведар паскардзіўся на сваю бяду, стары яўрэй узяў яго за гузік і дужа пацягнуў да сябе. «Я табе скажу: кідай усё, бяры дзяцей у ахапку і ўцякай. Куды? Няважна куды, — куды вочы глядзяць. Пасля позна будзе... Гэта табе кажа Наэм! Я ўсё кінуў і во з гэтым вандзэлкам іду на станцыю. Я тут не жыхар болей! Я — бежанец! Ты мяне паслухай, Хведар!»
He, тады Хведар яго не паслухаў: як гэта ўсё кінуць? A зямля, гаспадарка? I куды падацца? Тут усе яго карані, вяскоўцы, радня — як ён можа з’ехаць куды ў непрытульны, нязнаны свет?
Ён пражыў у Нядолішчы яшчэ месяцаў дзесяць. Нярадаснае было тае жыццё, бясхлеб’е і посніца надоўга пасяліліся ў ягонай хаце. Хведар дык яшчэ неяк трываў, сцяўшы зубы, а Ганулька пачала часта плакаць, асабліва ўранку ля печы, як бралася варыць ежу і нешта трэба было ўсыпаць у чыгун, пакласці на патэльню. Для малой Волечкі хадзіла па малако ў вёску да Лёксы ці да Грачыхіных. Тыя ім спачувалі, перажывалі іхнюю бяду, бы сваю, і чым маглі памагалі. Мусіць, тады ён схадзіў і да Цыпруковага Зміцера, які трэці год быў вінен яму трыццаць рублёў грошай. Быў вінен з той малацьбы і не аддаваў, і Хведар не мог напомніць яму — было ўсё ж няёмка, бы ён дамагаўся чаго незаконнага. Дарма тады не паслухаў Ганульку, якая, калі ён сабраўся ўвечары да Зміцера, сказала: «Не ідзі! Хай яны згараць, тыя трыццаць рублёў, калі ён такі чалавек нягодны...» Мусіць, нягодны, нават напэўна так, думаў Хведар, але ж сам трапіў у нявыкрутку, як тут не пойдзеш. Пайшоў і, канечне ж, атрымаў дулю. He меў грошы Зміцер ці не схацеў аддаць — хто яго ведае, толькі дужа нядобра пагаварылі яны, і Хведар, прыйшоўшы дамоў, зацята маўчаў да ранку. Яно, можа б, і нічога асаблівага, можа б, як і абышлося і без тых грошай, калі б гэты Зміцер не быў у актывістах камбеда. Калі пачалося самае страшнае — раскулачванне, менавіта ён і прапанаваў на пасяджэнні раскулачыць Хведара Роўбу. Як лішэнца і цвёрдападатніка. Што ж, яго паслухалі, Хведара выслалі. Правялі класавую барацьбу на вёсцы, а тая трыццатка так і засталася за Зміцерам. Хай карыстаецца на здароўе. Хведару не шкада грошай, толькі яшчэ болей сумна зрабілася ад таго на свеце.