Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
а пераапрануць y cyxoe не было ў што, і ён здзеў сваю світку, неяк укруціў дачушку. Прыйшоў Кузняцоў, убачыў усё, зразумеў і скінуў ватоўку — на ўхутай! Дзякуй яму, ухутаў. Пасля Кравец нагатаваў вады, і ён паіў яе кіпнем — здаецца, неяк сагрэў дзяўчо.
На ноч паклаў на іхнім звычайным месцы, ззаду за буданчыкам, на звільгатнелых улежаных трантах, ухутаў мешкавінай і брыгадзірскай ватоўкай. Спярша сагрэлася і заснула, і ён, седзячы побач, думаў: мо яшчэ і абыдзецца. Ды не абышлося. Пад ранак запылала дачушка, усчаўся вялікі жар, прасіла ўсё піць, жалілася: баліць галоўка. Ён усё паіў яе цёплай вадой, іншага нічога ў іх не было — ні лекаў, ні якіх зёлак. Раніцай трохі задрамала, але была гарачая, а яму трэба было заступаць на стырно. Наперадзе, сказаў брыгадзір, быў самы трудны ўчастак шляху, трэ было глядзець пільна. Але, як ні глядзелі, усё ж пасадзілі крайні плыт на каменне, ледзьве здзёрлі яго пад абед. За той час ён якіх пару разоў наведаўся за буданчык, і ў яго кожны раз ападала сэрца — кепска было дачушцы. Як па тую бяду, абапал ракі плылі таежныя, без аніводнага паселішча берагі, цягнуліся голыя абрывы, і над імі высіўся хвойны дрымучы лес. Брыгадзір бачыў ягонае гора і, здаецца, спачуваў яму, сказаў: у канцы тыдня прыйдзем у Мезу, там ёсць амбулаторыя, можа, зносім туды малую. Нібы збаўлення, Хведар прагна чакаў тае Мезы ўдзень і ўначы, сам не кладучыся ні на хвіліну, усё то варочаў стырном, то багром, бегаў па зыбкіх плытах, штораз заглядваючы за буданчык. Волечцы рабілася ўсё горш. На трэці дзень яна ўжо не пазнавала яго, толькі прасіла адагнаць птушак. Спярша ён здзівіўся: якіх птушак? А тады зразумеў: яна ж трызніць. Наступнаю ноччу неяк сцішылася і неўпрыкмет адышла з гэтага свету. Назаўжды адляцела, як светлая малая птушачка, яе чыстая дзяўчачая душа...
Да паўдня яна ляжала ўсё там жа, за буданом на трантах, і яны не ведалі, што з ёй рабіць. Тады брыгадзір выдраў з будана тры дошкі, якія былі там заместа падлогі, сказаў Краўцу збіць труну. Той і праўда збіў — маленькую, на метр, скрыначку, у якую паклалі худзенькае збялелае цела Волечкі. Ну а як пахаваць? Навокал вада, плыты нідзе не прыстаюць
да берага, што ш рабіць? I брыгадзір надумаў заднім плытом трохі падграбці на павароце да берага (спыніць жа гэтую аграмадзіну было немагчыма) і па водмелі знесці труну на бераг. Хведар скочыў з плыта раней, яны перадалі яму труну, і ён, стоячы па грудзі ў вадзе, прыняў яе. Пакуль выбраўся на сухое, дужа намок, намачыў нежывую дачушку, пасля ўзлез на абрыў і агледзеўся. Скрозь на беразе сцяной стаяў лсс — елкі і піхты. У адным месцы была невялічкая прамыіна, і на адным баку ля яе ўтварыўся роўны зграбны мысок. Неяк усцягнуў на гэты мысок труну і ўзяўся капаць магілку. Мусіць, у каменным жвіры капаў доўга і трудна, але ёп не прыкмячаў таго, ён увесь час горка плакаў, не стрымліваючы слёз. Жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху, і Хведар думаў: што яшчэ чакаць ад яго? Што яно можа адабраць яшчэ? Пасля ўсяго, што з ім сталася, уласнае жыццё траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным. Таго Рагаўцова, як ён позна ўвечары дагнаў плыты, ён не мог бачыць ад нянавісці і крыўды. I не мог зразумець, як гэта іншыя, і брыгадзір Кузняцоў таксама, паводзілі сябе з тым злыднем, нібы нічога і не здарылася. Ці яны нічога не разумелі? Ці баяліся яго? Ці яшчэ што? А Хведару ўсё ж спачувалі. Кравец ціха войкаў, круціў галавой, брыгадзір жа зацята маўчаў, здавалася тады, ён ні пра што іншае і не дбаў, апроч як пра свае плыты. Але як нарэшце прыйшлі ў Котлас і збылі на лясной біржы свой лесавы караван, гэты Кузняцоў паклікаў яго за рог складской будыніны, дзе не было нікога, і сказаў: «Даведка трэба?» — «Даведка? А дзе яе ўзяць?» — не зразумеў Хведар. «На, трымай, — сказаў Кузняцоў, азірнуўшыся, і сунуў у ягоныя рукі складзены квадрат паперкі. — Бярог для сябе, але, гляджу, табе самы раз будзе».
Хведар узяў тую даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча, яна і праўда неўзабаве дужа яму спатрэбілася. 1 ён быў бы шчыра ўдзячны брыгадзіру, калі б не тая цана, якую ён за яе заплаціў. Тая непамерная цана замінала яго ўдзячнасці, і ён часам думаў, што ў параўнанні з загубленай дзіцячай душой усё тое — дробязь.
Поўня на небе ярка свяціла між хмар зыркім сцюдзёным
святлом, кладучы наўкось на магілах частыя цені ад крыжоў. Воддаль на выспе пад хвоямі стаяў чорны змрок, які шырокім і даўгім ценем амаль дасягаў дальняга краю могілак па-над выганам. Тут жа было ўсё добра відаць — кожны крыж і кожная купінка магілы. I толькі калі ў небе насоўвалася суцэльная хмара, тады ўсё навакол патанала ў цемрадзі. Хведар нібы заплюшчваў вочы і невідушча стаяў між магіл. Увогуле тут яму было добра, нават спакойна і ўтульна: ён нібы далучаўся да аднасяльчаы і ладзіў з імі нетаропкую маўклівую бяседу — і пытаўся, і скардзіўся, і разважаў. Шкада, што не меў адказу, ну але ўжо ён прывык да таго, нібы аглух за многія тыдні свайго адзінокага блукання. У задуменні тупаючы між магіл, напаткаў і дбайна прыбраную магілу — на схіле бліжэй да крайніх аграмадзін-хвояў. Тут сапраўды кідаўся ў вочы дагляд і дбайнасць — магіла было роўненька абкладзена дзёрнам і свежа пасыпана дробным белым пяском, васьміканцовых крыжоў мясцілася аж два разам — меншы і болыііы за ім, абодва фарбаваныя белаю фарбай. Поруч прыткнулася спрытная, бы дзіцячая, лаўка, на якую, стаміўшыся, прысеў Хведар. Хто тут пахаваны, ён не мог здагадацца. Ужо, мабыць, не стары, не дзед і не баба, магілы старых так не ахаджваюць. Можа, гэта так пастаралася жонка для любага мужа? Але жонка наўрад ці зрабіла б усё так майстроўна і дбайна. Тады муж — жонцы? Ці хутчэй за ўсё бацькі — свайму дзіцёнку, мабыць, так. Але нідзе не напісана нічога — безыменная магіла, навек прапісаная толькі ў сэрцах, блізкіх нябожчыку.
А ў яго Волечкі, мабыць, няма ўжо і купінкі...
Доўжылася ціхая месячная ноч. На могілках стала сцюдзёнавата, надвор’е ці не меціла павярнуць на замаразкі, думаў Хведар, панікла седзячы ля прыбранай чужой магілкі. Яму нікуды не хацелася рушыць адсюль, тут ён, як нідзе ў іншым месцы, адчуваў сябе ў спакоі, адноснай бяспецы. Мусіць, недзе пад ранак закацілася-знікла поўня, навакол стала цёмна, бы ў склепе. Да начной цемрадзі Хведар, аднак, даўно прызвычаіўся, цемра яго не палохала. I ён сядзеў, прыпамінаў, думаў. Жаваў кіслыя журавіны, ашчадна выбіраючы з кішэні па две-тры ягады разам. I, мабыць, трохі
драмаў. Толькі, як заўжды, пачала даймаць сцюжа. Да сцюжы ён не мог прызвычаіцца, асабліва пад старасць, на дрэнных харчах і пакутаваў ад яе ў ссылцы і тут во таксама. Можа, таму, што намёрзся, як ніхто за жыццё. He ўмеў грэцца, як іншыя, ляскаючы сябе рукамі, прысядаць і тупаць. На сцюжы ён дубянеў, сціскаўся, нерухомеў — трываў. Таксама як трываў голад, знясіленасць, ганьбу. Ужо нямала гадоў усе яго намаганні ішлі на адно толькі — трываць. Ён не ўзрываўся, як некаторыя, калі, здавалася, трываць было неяк, не абураўся ад кепскіх харчоў, зверскай працы ці людской несправядлівасці, толькі сціскаў зубы, калі тыя яшчэ былі ў яго, і — трываў. Мусіць, не было ў свеце такіх абставін, якія б ён не навучыўся трываць. Апроч хіба аднаго — няволі-журбы расстання. Тут ужо ён не мог перайначыць сябе, ягоная натура насуперак усім абставінам імкнулася дамоў — праз безліч небяспек і нягод. Тады, першы раз, не ўдалося, не пашэнціла другі раз. Затое дамогся таго трэцім разам і цяпер быў амаль шчаслівы. Дык піто яму цяпер сцюжа! Ці голад! Урэшце ён быў там, дзе марыў апынуцца пяць жахлівых гадоў. Што яму болей?
Мусіць, трэба было ісці ў лес, каб ранкам не налезці каму на вочы, але ён разморана бавіў цёмны перадсвітальны час, вагаўся. Яшчэ праз нейкі нядоўгі час прыкмеціў, што на могілках стала відней, выступілі са змроку бліжнія магілы і крыжы, і ён зразумеў: світае. Ускраек неба над лесам ужо засвятлеўся на самы першы зачын новага дня, і ён устаў з лаўкі. З’явілася думка менавіта такою гадзінай, на ціхім золку, пакуль не абудзілася вёска, яшчэ прайсці па вуліцы — хто ведае, можа, астатні раз, болей ужо не прыйдзецца. А цяпер, можа, ніхто ііе згледзіць.
Вузенькай дарожкай паміж магіл прайшоў праз густы змрок тоўстых хвояў і выйшаў з-пад іх на вясковую вуліцу. Дахі дамоў, вяршаліны вулічных дрэў, садкоў толькі выплывалі са змроку, вуліца і двары ляжалі яшчэ ў цемрыве, піклі ў санлявым спакоі вясковыя хаты, прызбы, платы; густаваты змрок туліўся пад абвіслымі стрэхамі хлявоў і дваравых будынкаў. Хведар ціхенька прайшоў да сярэдзіны вёскі. На нейчым плоце вецер варушыў стракатую анучу,
згледзеўшы якую Хведар падумаў з трывогай: аднак добра світае, мабыць, ён усё ж прапазніўся. I ён паддаў кроку. Ён ішоў краем вуліцы, ашчадна і мякка шорхаючы ў мураве пасталамі, толькі сюды-туды зыркаў позіркам — хацелася як найболып убачыць, заўважыць, запомніць. I раптам ягоны позірк застыў у недаўменні: насупраць за тынам шарэў нейчы ўважлівы жаночы твар, скіраваўшы на яго здзіўлены позірк цёмных вачэй, якія ўвачавідкі пачалі шырэць, акругляцца ў нямым раптоўным здзіўленні. Ён нічога болей не бачыў там — ні апраткі, ні нават хусткі на галаве, адзін толькі гэты погляд азваўся ў ім раптоўнай здагадкай: «Любка». I ён стаў. За два крокі ад яго былі варотцы ў двор, ён тузануў іх, не ведаючы яшчэ, навошта гэта зрабіў, расчыніў у двор. Жанчына, бы страціўшы мову, глядзела на яго, невядома, пазнаючы ці не, а затым здзічэла-голасна закрычала: «А-аа-ай!» і кінулася назад, на ганак. Ён скалануўся ад спалоху, але стаяў у варотцах і ўчуў, як у хаце грукнулі дашчаныя дзверы і тут жа лязгнула засова.
Падумаўшы, што зараз нехта выскачыць з хаты ці праз вокны ўбачыць яго на вуліцы, Хведар шаснуў у двор, сцежкай пабег у гарод і па росным бульбоўніку загумення падаўся ў світальнае поле. Усё ў ім калацілася ад гэтай неспадзяванай сустрэчы з Любкай, з якой яны разам раслі ў вёсцы, рабілі побач на бацькоўскіх надзелах, якую ён некалі нават кахаў трохі — наіўным маладым дзецюком перад прызывам на вайсковую службу. I крыўдна было яму, і горка, але ж... Мабыць, спалохалася жанчына і ледзьве не пагубіла яго. A можа, і не пазнала. Але не дзіва — хіба пазнаў бы сябе ён сам? Што ў ім засталося ад ранейшага Хведара, ад таго жаўтаротага дзецюка? Цяпер ён здань, начны, бесцялесны прывід, ад якога жахаюцца людзі, месца якому, мабыць, побач з ваўкамі ў лесе.