Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Свіст па-ранейшаму не мог зладзіць са сваім ажыўленнем. Ніколькі не асцерагаючыся, ён вылез з гразкай траншэі і ў незашпіленым шынялі з настаўленым каўняром рассеўся на тыльным брустверы. Праўда, асцерагацца, можа, і не трэба было, бо дарога і поле наперадзе скрозь пуставалі. Транспарцёр яшчэ дыміў, але ўжо дагарэў, выставіўшы ветру закураны жалезны бок. Там жа стаялі пакінутыя пабітыя матацыклы, і Свіст, усё пазіраючы туды, не вытрымаў.
— Камандзір,— гукнуў ён Карпенку, які лапаткай выкідваў гразь з ячэйкі,— давай туды збегаю на хвіліну.
Карпенка выпрастаўся, паглядзеў у поле, паморшчыўся: відаць было, што ён не ўхваляе гэтай задумы, хоць і не хоча адмовіць Свісту.
— Га, камандзір? — пытаўся бранябойшчык,— Можа, з яды што прыдбаем. A то ўжо пуставата, турэцкі бог, ярына зялёная.
Карпенка яшчэ агледзеўся і нехаця дазволіў:
— Ну ідзі, толькі глядзі, каб дзе ранены не падстрэліў.
— О, мы яго хутка прыкокнем,— узрадаваўся бранябойшчык і пераскочыў траншэю,— Аўсееў, гайда са мной.
— He, лепш ідзі сам.
— Эх ты, баягуз! — пагардліва кінуў Свіст і гукнуў Глечыку: — Пайшлі, салажонак, трафеі збіраць.
Глечык збянтэжыўся, не ведаючы, што рабіць,— хацелася паглядзець і было боязна вылазіць з траншэі на паверхню, дзе нядаўна лютавала смерць. Але адмовіцца ён усё ж не здолеў, тым больш што Свіст ужо пагардліва кінуў:
— Чаго трусіш? Пайшлі.
Тады ён узяў вінтоўку і вылез у вольны, вельмі прасторны і боязны свет. Яны перайшлі чыгунку і выправіліся па дарозе ў лагчыну.
Глечык даволі ніякавата адчуваў сябе тут, у гэтай прасторы, усё карцела адстаць ад Свіста, прыхавацца за яго спіну, думалася, што вось-вось ад тых варожых машын загрукаціць чарга і смерць-боль праніжа яго цела. Аднак там пакуль што не бачна было нікога, і хлопец стрымліваў, перамагаў свой страх і ішоў поплеч з таварышам. Так яны перайшлі масток і набліжаліся к пабоішчу, ніхто не страляў у іх, і Глечык паспакайнеў. Свіст жа досыць рашуча, з гранатай за дзягай, на якой блішчала вялікая флоцкая спражка, падышоў да транспарцёра, што стаяў на дарозе, абышоў яго, зазірнуў у адчыненыя ззаду дзверы. Жывога тут не відаць было нікога, воддаль на гразі ляжаў ніцма забіты немец, ля яго ў канаве другі, смярдзела паленай гумай, смылелым рыззём і фарбай. He бачачы небяспекі, Глечык таксама падышоў да машыны.
Зірнуўшы туды-сюды, Свіст ухапіўся за дзверцы і скочыў у нутро транспарцёра. Глечык з нарыхтаванай вінтоўкай зазірнуў следам і аж адскочыў са страху. На чорным цыратавым сядзенні, адкінуўшы голаў і звесіўшы на дно нерухомую руку, ляжаў забіты гітлеравец. Пасля, трохі асмялеўшы, хлопец цікаўна і палахліва ўгледзеўся ў яго бяскроўны белабрысы твар, ён хацеў убачыць у ім які выраз, якую рысу — разгадку той ваяўнічай сквапнасці, што несла ў Расію шматмільённая армія гэтых чужынцаў. Але твар немца быў звычайны, хударлявы, парадкам няголены, і ні следу болю, ні чаго іншага з былога пачуцця ўжо не было ў ім. Свіст жа, безуважны да забітага, бесцырымонна перас-
тупіў яго і, лязгаючы нейкім жалеззем, пачаў корпацца ў чэраве машыны.
— Эй, Глечык, трымай!
Ён падаў у дзверы новенькі і нічуць не абгарэлы зграбны варанёны кулямёт. Глечык узяў яго, а Свіст яшчэ пакапаўся нешта і саскочыў з бярэмкам набітых патровамі стужак. Іх ён таксама аддаў хлопцу, а сам падхапіў на дарозе пакінуты аўтамат, нагой перавярнуў на спіну яго забітага гаспадара і гідліва плюнуў. Глечык увесь час адчуваў сябе ніякавата і боязна. Забітыя былі зусім як жывыя: у шынялях, рамянях, з круглымі бляшанкамі процівагазаў, толькі не рухаліся, але, здавалася, у кожнае імгненне яны могуць ускочыць з долу і кінуцца на іх. А Свіст гэтым часам, не звяртаючы на мерцвякоў асаблівай увагі, агледзеў матацыкл, абышоў другі транспарцёр, той, што засеў у канаве, і цераз борт таксама пералез у яго кузаў.
— Халера, няма нічога,— з прыкрасцю сказаў ён адтуль,— Пагарэў увесь харч, ярына зялёная.
Глечык дык аж узрадаваўся, што яды не знайшлося (якая там яда сярод гэтай гідоты). Доўга тут расходжвацца яны не сталі і неўзабаве падаліся назад.
Хлопец валок кулямёт, цяжкі маток металічных стужак і цяпер ужо не адчуваў таго страху, з якім ішоў сюды. Гэтая экскурсія нават спадабалася Глечыку, і ён усё перажываў захапленне сваімі сябрамі, якія ўчынілі такі вялікі разгром. Цяжка было нават уявіць сабе, што тыя звычайныя, простыя людзі гэтак удала панішчылі магутную германскую тэхніку, пабілі на дарозе тых самых немцаў, якія заваявалі Еўропу і якіх ад самай граніцы не маглі спыніць нашы дывізіі. Хлопец не мог зразумець усяго, але адчуваў, што і Карпенка, і Свіст, можа, і Аўсееў за знешняй сваёй прастатой і нехлямяжасцю маюць нешта ўмелае, дужае і надзейнае. I толькі ён, Глечык, відаць, не меў у сабе ніякай вайсковай сілы і таму баяўся і пакутаваў: гэтулькі страху ў нядаўнім баі вынесла яго хлапечае сэрца. Але ён пяўся, душыў у сабе той страх, стараўся хоць чым-небудзь памагчы ў той агульнай справе, што рабілі яны. Цяпер жа, пазнаўшы першую перамогу і супакоіўшыся, ён немаведама што гатовы быў
зрабіць для камандзіра Карпенкі, для смелага слаўнага Свіста, да слёз шкада было Фішара, з якім яны трохі нават пасябравалі ў апошнія дні і елі суп з аднаго кацялка. Маладая, адзінокая і шчырая душа Глечыка гарнулася да іх — гэтай маленькай купкі байцоў, у якой і ён пакрысе пачынаў знаходзіць свой жыццёвы прытулак.
— От гэта ладна,— сказаў Карпенка, калі яны падышлі да траншэі,— От гэта хвалю.
Ён пераняў у Глечыка яго ношу, беражна агледзеў новенькі кулямёт, ухапіўшы вялізнай пяцярнёй, пацягнуў рукаятку.
— Трафей,— засмяяўся Свіст, скакаючы ў траншэю да камандзіра.— А гламянуць няма. Была торба галет, ды і тая абгарэла. А гэта табе, камандзір,— усё трохі лягчэйшы за твайго пудовіка «дзегцяра».
Карпенка ўсё круціў у руках кулямёт, аглядаючы яго з усіх бакоў, паляскаў затворам, пацэліўся, ускінуўшы на руку. Кулямёт яму падабаўся, але старшына ўсё нешта разважаў з сабой.
— А патроны? — спытаў ён Свіста,— Гэта і ўсё? He, брат, не падыдзе. На, Аўсееў, асвойвай, ваяваць будзеш, а мне мой болей здатны.
Свіст, здзівіўшыся, свіснуў і крануў на віхрах пілотку.
— Ну і дарма. Я яго сам схапіў бы, ды ПТР — з двума не зладзіш.
Аўсееў без усякай радасці ўзяў кулямёт, а Свіст, запусціўшы руку ў глыбокую кішэшо свайго шыняля, нешта выняў у сцятым кулаку.
— Ну, а на гэта што скажаш? Га?
Карпенка далікатна ўзяў з яго далоні круглы кішэнны гадзіннік на доўгім бліскучым ланцужку, заскарузлымі вялікімі пальцамі беражна расчыніў футляр, пакруціў галоўку. Гэта быў добры кішэнны гадзіннік з секунднай стрэлкай, выпуклымі фосфарнымі лічбамі на крэмавым цыферблаце.
— Пятнаццаць камянёў, анкерны ход — вот, брат, трафей!
— хваліўся Свіст.— Хочаш, бяры. На імяніны не дам, а цяпер — калі ласка.
— Глядзі ты, ладная штуковіна: пятнаццаць камянёў, Ka-
жаш? — не то ўсур’ёз, не то з іроніяй казаў старшына.— Маладзец ты, Свіст, малайчына. Так праз год-два з цябе выйдзе выдатны марадзёр, ці не так, ярына зялёная?
— Ну, яшчэ што скажаш: марадзёр! — засмяяўся Свіст,— He хочаш — давай сюды.
Ён працягнуў руку, але Карпенка, не зважаючы на гэта, размахнуўся з усяе свае немалое сілы і так ляпнуў гадзіннікам аб пашчэрбленую сцяну старожкі, што аж пасыпалася тынкоўка і з тонкім звонам разляцеліся ў бакі, пэўна, усе пятнаццаць каменьчыкаў.
— Вось і ўсё, і маўчок — справа скончана,— сказаў камандзір і адвярнуўся да свайго кулямёта ў ячэйцы.
Свіст пачухаў патыліцу, па-блазенску падміргнуў Глечыку і сапраўды не сказаў ні слова.
17
Зацікавіўшыся новаю зброяй, Глечык падышоў да Аўсеева, і яны ўдвух пачалі даследаваць гэты трафейпы кулямёт. Аўсееў чамусьці зноў стаў невясёлы і маўклівы, і нельга было зразумець, што рабілася ў яго душы. Дэманстратыўна, не прыкмячаючы Глечыка, ён паставіў на бруствер трафей, здзьмухнуў пыл і расчыніў затворную каробку.
— «Эмга трыццаць чатыры», апошняй мадэлі,— буркнуў ён,— У вучылішчы мы вывучалі. Хуткастрэльнасць велізарная — не раўня нашаму «дзегцяру».
Глечык уважліва глядзеў, слухаючы болей за сябе спрактыкаванага таварыша, і думаў, што той пакажа, як абыходзіцца з кулямётам. Але Аўсееў з незразумелай варожасцю закрычаў на хлопца:
— А наогул на якога д’ябла! Ты прынёс — ты і страляй!
— Дык я ж не ўмею,— шчыра прызнаўся Глечык.— А чаму ты не хочаш?
Аўсееў памаўчаў, пашчоўкаў затворам і злосна гыркнуў: — Мне яшчэ жыць хочацца.
Глечыку ён не хацеў казаць усяго, што разумеў сам,— таго, што з кулямётам куды больш небяспечна ў баі, чымся з вінтоўкай, што ў першую чаргу б’юць кулямётчыкаў, што
цяпер яму не схавацца ў траншэю, бо Карпенка запатрабуе агню і зноў Аўсееву прыйдзецца рызыкаваць галавой. Адразу чорным ценем азмрочыўся яго спачатку праяснелы настрой, зноў у голаў шыбануў жаль, што, паддаўшыся нерашучасці і стоме, праспаў такую здатную для паратунку ноч. Трывожнае пачуццё асуджанасці ўсё больш ахоплівала яго, і Аўсееў, напружыўшы ўсе сілы розуму, узяўся шукаць выйсця.
Ён прыкінуў, што калі перадаць кулямёт Глечыку і дамовіцца з ім, дык можна было б, прыкрываючыся ад старшыны рогам старожкі, па траншэі і канаве як-небудзь прабрацца к лесу. Думалася яму, што напалоханы ў першай сутычцы Глечык можа пагадзіцца на ўцёкі, а ён паабяцае, што затым паможа знікнуць і яму. Таму, раптам перамяніўшы свае адносіны да маладога байца, Аўсееў па-сяброўску спытаў:
— Слухай, хочаш кулямёт? Страляць я цябе навучу.
— Ага, навучы,— згадзіўся Глечык і падступіў бліжэй.
Аўсееў ужо акрыяў ад першай удачы і ўзяўся тлумачыць, як зараджаць кулямёт, калі ад старожкі пачуўся строгі Карпенкаў голас:
— He хітруй, Аўсееў. Тут табе не кірмаш — таргавацца. Табе загадана, ты і выконвай.
Звузіўшы на ветры злосныя вочы, Аўсееў з нянавісцю паглядзеў на старшыну і прыкусіў губу.
— Сабака,— ціха сказаў ён праз зубы.— Фельдфебель. Чорта лысага ты тут да вечара пратрымаешся. Паб’юць, як мышэй.
Глечык з раптоўнай трывогай у душы зірнуў на яго, памаўчаў, прыкідваючы сэнс благіх слоў, і не паверыў таварышу.
— Няўжо паб’юць? А мы з кулямётаў, ды «пэтээр» ёсць.
— 3 кулямётаў! — пагардліва чмыхнуў Аўсееў,— Прафан ты ў гэтых справах. Невук зялёны.
Глечык збянтэжана паціраў рукавом варанёную сталь кулямёта. Настойлівая ўпэўненасць Аўсеева ў благім урэшце ўстрывожыла і яго, але хлопец не хацеў верыць у тое, бо ўжо звыкся з думкай аб іх удачы, і з кепскім проста не было сіл пагадзіцца.