Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Васіль Быкаў
Поўны збор твораў у чатырнаццацг тамах
Рэдакцыйная калегія:
БЫКАВА I. М., ПАШКЕВІЧ A. А„ САЧАНКА (ПЯТРОВІЧ) Б. П„ СІНЬКОВА Л. Д„ ТЫЧЫНА М. А.
Кіраўнік праекту — КАЗУЛІН А. У.
Васіль
Быкаў
Поўны збор твораў
Том
Аповесці
Мінск
Саюз беларускіх пісьменнікаў Масква
ТАА «Выдавецтва Время»
ББК 84Бел7 Б 95
Наклад гэтага выдання бясплатна перадаецца ў бібліятэкі Беларусі.
Укладанпе і каментары Алеся Пашксвіча.
g gg Быкаў В.
Поўны збор твораў, У 14 т. Т. 4. Аповесці. Мінск, Саюз беларускіх пісьменнікаў; Масква, ТАА «Выдавецтва «Время», 2006. 600 с., 1 л. партр.
ISBN 5-9691-0121-4
Гэта псршы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьмснніка Беларусі Васіля Быкава (1924-2003).
Падчас укладання тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які паспсў спланаваць праспект выдання свайго 8-томнага Збору твораў. У чацвёрты том Поўнага збору твораў увайшлі аповссці «Апопіні басц» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракста» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г.).
Это первос в нсторнн Полное собранне проязведеннй Народного пнсатсля Бсларусн Васнля Быкова (1924-2003).
Прн составлснпн томов в псрвую очередь учнтывалось мненне самого автора, успевшего спланнровать проспскт нздання своего 8-томного Собрання пронзведеннй. В чствсртый том Полного собрання пронзвсденнй вошлп повестн «Послсдннй босц» (1957 г.), «Журавлнный крнк» (1959 г.), «йзмена» (1960 г.), «Третья ракета» (1961 г.), «Западня» (1962 г.), «Альпнйская баллада» (1964 г.).
ISBN 5-9691-0072-2
ISBN 5-9691-0121-4 (т. 4)
© Саюз беларускіх пісьмсннікаў, 2006
Апошні баец
Раздзел першы
Маёнтак гарэў. Над кучаравістымі верхавінамі вязаў і ліп шугала ў паднябессе мітуслівая вогненная грыва. Густыя шэрыя воблакі дыму вяртлявымі клубамі валілі ўгару; вецер раздзьмухваў, ірваў і іскрыў у наваколлі жудасць пажару; слаўся ўдушлівы горкі смурод. Ад смуроду, дыму і ііылу, узнятага выбухамі, не ставала паветра, каб дыхаць. I ў раўку за садком, змучаная нясціхным боем, знясіленая, адрэзаная ад сваіх, задыхалася жменька байцоў.
Іх вельмі мала засталося тут — штаб ды рэшткі аднаго батальёна на чале з камандзірам палка. Яны спыніліся ўчора ў гэтым маёнтку, бо адступаць далей не было куды. I ад самага ранку раскацістым рэхам калацілі наваколле гарматныя выбухі, рассыпалася кулямётная траскатня, ірваліся гранаты, злосна чхалі з лагчын мінамёты, і асколкі бязлітасна секлі акрываўленую шматпакутную зямлю.
У травяністым раўчуку, ля прыземленай дашчатай паветкі, стуліўся з кулямётам баец. Лежачы ў мелкім акопчыку, ён туга ўпіраў у плячо прыклад «ручніка» і неадрыўна глядзеў у поле, адкуль атакаваў вораг.
Калі агнявыя віхуры ўгары крыху суцішыліся, кулямётчык прыслухаўся да гукаў бою, і нейкая неспакойная думка з’явілася на яго твары.
— Пэўна, цяпер пойдуць, — сказаў ён. — Вы чуеце: сціхае?
Але ніхто не адказаў яму. Хлопец пазіраў усё ў збажыну, нешта думаў, шчыльней прыпадаў да кулямёта, чакаючы новай атакі. I раптам спалохана ўздрыгнулі яго бялявыя вочы, ён азірнуўся, прыўзняў галаву.
— Таварыш лейтэнант!
Адказу не было. Тады Пятрусь Кляновіч спалохана ірвануўся і, прыгнуўшыся, па дне раўчука кінуўся да суседняга акопчыка.
Лейтэнант ляжаў, уткнуўшыся тварам у засыпаную зямлёй траву, і не варушыўся. Згінаючыся да долу, хлопец ухапіў чалавека за плечы, узваліў на спіну яго цяжкае цела. Ад скроні па бруднай шчацэ камандзіра марудна споўз струменьчык згуслай крыві.
— Таварыш лейтэнант! — з роспаччу і надзеяй паклікаў яго Пятрусь, але лейтэнант не адгукаўся.
Болей у іхняй роце не было нікога. За два дні няспынных баёў адзін за адным гінулі людзі. Палову рота страціла на шляху адступлення, другую палову — у гэтым маёнтку. Смерць лейтэнанта зусім збяптэжыла хлопца, ён у знямозе схіліўся ля забітага камандзіра, ужо не хаваючы сваёй проставалосай галавы. Ён быў плячысты, моцны, але зусім яшчэ малады, той уцалелы хлапец з двума трохкутнічкамі на чырвоных пятліцах. Па лабатым схуднелым твары няроўнымі бруднымі пісягамі паўзлі струмені поту, і поўныя роспачы пазіралі на свет вялікія, нейкія не мужчынскія яго вочы.
Тым часам з мітуслівай збажыны ў полі паявіўся густы ланцуг цёмназялёных мундзіраў. Блізкая кулямётная чарга крамзанула па вішэнніку, з будыніны пасыпаліся трэскі. Паўз голаў пранеслася нешта важкае, і ззаду ў садку грымнуў выбух.
Пятрусь спалохана кінуўся да кулямёта, прыклаўся шчакой да вышмальцаванага прыклада і пусціў у жыта доўгую чаргу. Няспынны грукат, шум скалыхнулі наваколле. Па ўсім маёнтку ірваліся снарады, узляталі ў дымнае неба галіны дрэў, кавалкі дахаў, клочча травы. Над зямлёю з варожага боку несліся нябачныя сталёвыя струмені. Быццам нажніцамі, кулі стрыглі траву і кусты — так і сыпаліся на дол лісткі і галінкі. Нарэшце, загарэлася і апошняя ўцалелая будыніна — дашчатая паветка.
Пятрусь перазарадзіў кулямёт і зноў прыпаў да прыцэла. У невысокай, па пояс, збажыне ён добра бачыў прыгнутыя постаці ворагаў з аўтаматамі і падкасанымі да локця рукавамі. Яны прыгіналіся, зялёныя іх каскі матава блішчэлі.
Немцы на хаду страчылі з аўтаматаў, але аглушаны сваім кулямётам Пятрусь не чуў іх стрэлаў. Трымаючы мушку пад іхнімі постацямі, ён да болю ў пальцы ціснуў на спуск, кулямёт ірваўся ў руках, нібы жывая імклівая істота, горкі парахавы смурод і пыл абдавалі хлопца.
Зводдаль, ля дарогі, густа і папорыста трашчаў «максім». Яго чэргі часам зусім прападалі ў грукаце бою, і хлопец устрывожана пазіраў туды. Там — камандзір палка, ён зараз камандаваў імі, яго прысутнасць супакойвала і давала надзею.
Урэшце ворагі пачалі знікаць у жыце, — відаць, яны не вытрымалі адпору і ў гэты раз. Патроху кулямётны агонь па сядзібе таксама пацішэў, але здалёку аднекуль з’явіўся новы трывожны гук. Ён хутка напоўніў сабой спахмурнелы летні прастор, прыглушыў усе іншыя гукі і ўсё ўзмацняўся. Сержант боязна зірнуў у захмаранае, дымнае неба — там плылі самалёты.
«Чые?» — мільганула пакутлівая думка. I ў той жа момант пярэдні самалёт вельмі хутка неяк дзеўбануў носам і шалёна панёсся на іх прыціхлы раўчук. У паветры засвістала, загрукатала...
Страшэнныя выбухі скаланулі наваколле, зямля стагнала, кідалася ў нямой роспачы, дрыжэла, у паветры круціліся шалёныя віхуры. Здавалася, што зямля перамяшалася з паветрам і ўсё на свеце рынула ў нябыт.
Невядома, колькі працягвалася гэтая жудасць. Але нарэшце грукат прыціх, і Пятрусь расплюшчыў вочы. «Жывы?» — са здзіўленнем падумаў ён, яшчэ не верачы, што жах гэты скончыўся. Сержант наглядзеў у той бок, дзе страляў «максім» і дзе быў камандзір, быццам шукаючы паратунку. Самалёты тым часам набліжаліся зноў, і тады, у гэтую кароткую паўзу спакою, пачуўся надрыўны голас камандзіра палка:
— Таварышы, уперад! У атаку, ура-а-а-а-а!!І
Пятрусь зноў зірнуў туды, на масток, і нібы раптоўная хваля падхапіла яго. Узняты камандзіравай рукой, там трапяткім полымем ірвануўся на ветры іх палкавы сцяг. Камандзір узмахнуў ім, азірнуўся і выскачыў з раўчука. Ля яго
ўмомант з’явіліся яшчэ людзі, і ўсе яны шуганулі ў збажыну — наперад, на ворага. Апусцелы дагэтуль раўчук зашавяліўся постацямі байцоў, недалёка ад хлопца мільганула ў жыце шырокая спіна старшыны Наскова. Ён быў з суседняй роты іхняга батальёна, і Пятрусь узрадаваўся, убачыўшы знаёмага чалавека. Наскоў хутка знік у збажыне, і нейкая нязведаная, зацятая сіла падхапіла і сержанта. Схапіўшы лейтэнантаву вінтоўку, ён пераскочыў нізенькі бруствер і рынуўся за ўсімі насустрач ворагу.
А ззаду зноў грукацела, грымела, вішчэла, калацілася зямля і хісталася неба. На галовы байцоў няспынным дажджом сыпалася зямля, паднябессе выла і стагнала. Злева і справа беглі байцы, праўда, вельмі рэдкі і вельмі кароценькі быў іх ланцужок, але ўдар быў імклівы. Пятрусь бег, стараючыся трымацца поруч камандзіра са сцягам. У яго цяпер неяк паспакайнела на душы, нібы ўжо мінулі ўсе небяспекі. Блізасць камандзіра і сцяга, здавалася хлопцу, хавалі яго ад бяды, і ён хацеў толькі спаткаць ворага, каб даць, нарэшце, выйсце сваёй сіле. Але сустрэцца з фашыстамі ім не ўдалося, аўтаматчыкі не вытрымалі нечаканага напору, і сержант разоў некалькі бачыў здалёку, як мільганулі ў жыце іх прыгнутыя спіны.
Ланцуг усё каціўся па полі ўздоўж дарогі ў напрамку адзінокай развесістай грушы, што ўдалечыні высілася на ўзгорку. Спачатку немцы разгубіліся, відаць, і амаль не стралялі, але з часам, пэўна, угледзелі, што сілы атакуючых невялікія, і на ўзгорку ля грушы загаманілі іх скарастрэльныя кулямёты. Хтосьці побач з сержантам раптам спатыкнуўся і знік у жыце, але іншыя беглі і беглі, і наперадзе ўсіх, схіліўшыся ў імклівым тэмпе, усё зіхацеў іх сцяг.
Але нядоўга цягнулася іх адважная атака. Ужо вельмі мала заставалася смельчакоў, каб доўга гнаць ворагаў. На паўшляху да грушы кулямётны агонь фашыстаў стаў шчыльны і дружны. Яны заляглі у тым месцы, дзе жытняе поле перамежвалася нешырокай палоскай сенажаці. Пятрусь, зусім знясілены, упаў ля крушні камення, сабранага з нівы, і высунуў з жыта вінтоўку.
Узгорак ля грушы ўжо люта трашчаў кулямётамі, а іх
ланцужок маўчаў. Аддыхаўшыся крыху, Пятрусь паглядзеў наўкола. Непадалёку высоўваліся з жыта штыхі вінтовак тых, што ўцалелі ў час гэтай атакі, у хмарным небе над ім гойдаліся лёгкія і зялёныя яшчэ каласы.
Самалёты зніклі, і раптам стала зусім ціха: кулямётны агонь спыніўся, і толькі збажына цягнула ў цішы сваю шумлівую маркотную песню. Пятрусь адразу западозрыў нешта нядобрае ў гэтай цішыні і ўвесь насцярожыўся. Аднекуль ад дарогі данёсся аддалены гул матораў. Хлопец ужо добра ведаў, што гэта за гук: шмат трывог знёс ён за тыя ваенныя дні ад гэтых крыжастых грамадзін. Побач нехта прыўзняўся над жытам, нехта спалохана крыкнуў «танкі». Пятрусь ляжаў на мулкіх усохлых купінках і напружана слухаў.
Гэта была страшная сустрэча тут, на роўным полі, з адной толькі вінтоўкай у руках. Зноў, як у тым раўчуку, хлопцаву спіну крануў самотны халадок страху.
Ланцуг маўчаў яшчэ нейкі час, а потым ад байца да байца панеслася каманда: хутка, па адным перабягаць управа, у хмызняк. Пятрусь пераказаў гэтыя словы далей і на локцях і каленях шыбануў у збажыну. Непадалёку, рассоўваючы жыта, прамільгнула дужая постаць Наскова. Нехта вельмі вытыркнуўся з жыта, і на яго тут жа злосна крыкнулі. Але было позна ўжо. Танкі адразу заўважылі спробу выйсці з-пад удару і ўсёй сілай сваёй зброі люта накінуліся на байцоў. Зноў завыла, забушавала, зашамацела наваколле, струмені куль панесліся над полем, абсыпаючы зямлёю жыта, загрымелі выбухі.