Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Змораны і ўзрушаны сержант паставіў на ахоўнік пісталет і сеў на купіну. Ён вельмі стаміўся і ледзь знаходзіў сілы, каб не зваліцца, але душа хлопца была поўная невыказнай, нейкай дзіўнай, ніколі яшчэ не адчуванай буйнай радасці.
3 лесу вылез Жук, ён нешта трымаў у руках і падышоў да сержанта.
— Вось аўтамат, — працягваў ён Петрусю свой трафей.
— Пэўна, дзеду трэба аддаць: у мяне ж пісталет.
— А ў дзеда ёсць, — усміхнуўся Жук.
I сапраўды, дзед з’явіўся з кароткім нямецкім карабінам і нават з дзягай на жываце, якую адцягвалі два цяжкія падсумкі. Нупрэеў у адной руцэ нёс сваю вінтоўку, а ў другой трымаў гранату з доўгай драўлянай ручкай. Усе прыселі побач з сержантам і пасядзелі так, чакаючы, пакуль утаймуюцца ўсхваляваныя і змораныя сэрцы.
— Ну, праклятае гадаўё, — сказаў сержант. — За адну бяду вы атрымалі. Чакайце — атрымаеце за ўсё.
— Ой, і добра ж яны іх лупянулі, — захапляўся дзед. — К чортавай матары ўсю чараду. Як, не раўнуючы, карова языком злізала.
Ужо добра развіднела. Перад хлопцамі паволі выступіў з цемры невялікі лужок з някошанай травой, за ёй ляжалі палеткі. Людзі яшчэ пасядзелі трошкі, ажыўлена размаўляючы, і пачалі збірацца ў дарогу. I тады нечакана зусім блізка з кустоўя выскачыў на лужок Агальцоў — успатнелы, вясёлы, зухаваты, са збітай набок пілоткай.
— Прывет, арлы! He трэба слёз. Агальцоў — не гузік: прапаў, дык знойдзецца.
Падышоўшы да ўсіх, ён в лязгатам скінуў з плячэй два аўтаматы, зняў рудую афіцэрскую сумку, напханую нейкімі паперамі, і з-за пазухі выняў некалькі пачак аўтаматных патронаў.
— Вось трафеі нашых войск. Малайцы летуны — далі жару. Шкада, не сустрэць іх, а то б па сто грамаў паставіў, — і
старшына выразна паляпаў сябе па сцягну, дзе целяпалася на дзязе абшытая лямцам фляжка.
— I як гэта ты натрапіў на нас? — здзівіўся Нупрэеў, падазрона азіраючы старшыновы трафеі.
— Гэ, стары, разумець трэба. Дзе шум-бойка, там і я. Такі ўжо характар. Ды і конік дапамог: увесь час алюрам. Ну але і вы, здаецца, малайцы. А як твая сумка, сержант? — ужо сур’ёзна запытаў ён.
— Тут, вось, — паказаў клунак сержант і ўсміхнуўся.
— Ото добра. Ну, калі так, то і пачаставацца можна. Трымай кілішкі! — жартаваў старшына, адкручваючы фляжку.
Людзі весела ўхмыляліся.
Раздзел восьмы
Выйшаўшы з хваёвага лесу, хлопцы нечакана ўбачылі шырокую дарогу. Гладкая, да бляску ўезджаная стужка яе гонка каціла на ўсход, побач на тэлеграфных слупах густа блішчэлі ізалятары. Як бы добра было ісці па ёй і як прасіліся на яе роўнядзь ногі, змучаныя бясконцай хадой па лясах, балотах, часта без аніякай сцяжынкі, па густой збажыне, цераз раўчукі і ўзгоркі. Але як выткнешся на яе, калі там бясконца імчаць нямецкія аўтамабілі, грукочуць цяжкія фурманкі, злосна фыркаюць матацыклы.
Выбраўшы зручны момант, калі паблізу не было аўтамабіляў, хлопцы скаціліся з высокага абрыва, перабеглі дарогу і схаваліся ў зарасніку раўчука, што вёў у далеч лясных прастораў. Раўчук усё паглыбляўся, хмызняковыя схілы яго ўсё пашыраліся, скрозь буялі алешігік, асіннік, ляшчыннік. Месцамі, на высокіх выспах, як вартавыя, стаялі адзінокія сосны. У раўку быў халадок, у густой засені пахла прэлым лісцем і воўчымі грыбамі.
Як і ўсе апошнія дні, Пятрусь ішоў наперадзе. Стомленыя людзі маўчалі, кожны думаў сваё, а з Петрусёвай галавы ўсё не выходзілі старыя думы-клопаты.
На кожным узгорку, на кожным узлеску Пятрусь углядаўся ў краявід, услухоўваўся, намагаючыся пачуць трывожныя гукі бою, якіясьці адзнакі фронта. Колькі разоў на ляс-
ных сцежках раптоўна спыняўся ён і слухаў — далёкі невыразны гук здаваўся яму гарматным стрэлам, і думалася — там ідзе бой.
Учора дзед хадзіў у вёску па харчы і прынёс лісток паперы з аддрукаваным на адным баку тэкстам. На непісьменнай беларускай мове пісалі нейкія вылюдкі, што Чырвоная Армія разбіта, што нямецкія войскі набліжаюцца да Масквы, што Беларусь вызвалена ад бальшавікоў.
Вельмі шмат відавочнай хлусні было ў тых словах, і ўсё ж глыбокім болем азваліся яны ў душы Петруся. Яны сядзелі тады ў жыце, было ранне, так пяшчотна і міла заліваліся ўгары жаўрукі і так агідна эдалося жыпь на гэтым свеце. Мусіць, нешта благое адбілася ў ягоных вачах, калі ён прачытаў тую паперку, бо раптам яго позірк сустрэў спалох у такіх добрых, лагодных заўсёды вачах Жука. I Пятрусь перамог сябе, напружыў сілы і сказаў, ірвучы паперку:
— Брахня! Хто ж тады ім лазню задаў на дарозе, га?
I адразу бліснулі надзеяй Жукавы вочы, павесялелі салдацкія твары. Жыве і змагаецца армія, жыць будзе краіна Саветаў, — у іншае ён не хацеў і не мог верыць, так, як не паверыў бы, што раптам магло знікнуць паветра ці наступіць канец свету. Але як жа знайсці яе, гэтую армію, як сказаць, што шасцёра сыноў яе выкараскаліся з пагібелі, збераглі савецкі воінскі сцяг і што яны гатовы зрабіць усё, каб толькі далучыцца да цябе, стаць у агульны баявы ланцуг?
Калі добра ўзнялося сонца, ісці стала душна і цяжка. Хлопцы моўчкі брылі гіа аўражыне, але Пятрусь па сабе адчуваў, што трэба зрабіць адпачынак. Якраз трапілася невялічкая прагалінка над ручаём, роўненькая, як дыванок, парослая прывабнай дробнай траўкай з вострымі сцяблінкамі, якая так і клікала да сябе. Вакол яе стаяў у цішы алешнікавы гушчар з прахладным ценем у доле.
Пятрусь моўчкі скінуў аўтамат, расперазаўся, сцягнуў боты і зняў гімнасцёрку. Крэкчучы ад задавальнення, распрануліся і астатнія, усе добра вымыліся ў ручаіне.
— Дзед-барадзед, палуднаваць! — узбадзёраны сцюдзёнай вадой, вяртаўся да свайго звычайнага тону старшына Агальцоў. — Аб’яўляецца меню: суп-харчо з фрыкадэлькамі, бішбар-
мак па-нямецку, жабіны лапкі ў марынадзе. Кніга скаргаў — у касіра.
Усе смяяліся, а дзед тым часам разразаў акраец хлеба, трошкі сала і раскладваў на Жукавай рудай світцы шэсць кавалкаў.
— Ну, дзед, ты майстар на харчовыя справы. Відаць, бабіна школа. Галоўнае хутка і ўсім пароўну. Атрымаю пад каманду полк — цябе вазьму начальнікам ПФС. Так і ведай, — жартаваў старшына.
— Фээс, фээс, — агрызаўся дзед, не разумеючы, пэўна, што гэта такое. — Каб ты ведаў — я ў японскую бамбардзірам быў, усляпую па японцах цераз сопкі паліў. А ты — фээс!
— Няўжо трапляў? — з’едліва здзіўляўся старшына.
Маладыя хутка справіліся з ежай, са смакам напіліся з ручаіны і выцягнуліся ў вузенькім цяньку збоч прагаліны. Пятрусь усё сядзеў ля світкі, абхапіўшы калені, думаў нешта і ўрэшце сказаў:
— Спаць да ночы! Толькі варту паставіць.
— Чаму да іючы? — узняў з травы галаву старшына.
— Уначы пойдзем на дарогу, таварышы, — растлумачыў сержант. — Годзе нам туляцца па лясах. Пойдзем і будзем біць фрыцаў, дзе зручна выдасца. Трэба дапамагаць Чырвонай Арміі — мы ж байцы, а не паляўнічыя якія.
Гэта была новая справа, і людзі, зацікавіўшыся, паўзнімаліся з долу і селі на траву.
— Слухай, Пецька, — пасля нядоўгай паўзы сказаў старшына. — Ты што надумаў. Ужо тыдзень без днёўкі! Давай адпачнём дзе вару дзён, а там і на дарогу.
Петрусю не спадабалася такая прапанова. Аж два дні! Колькі можна прайсці за іх, можна нават і дасягнуць фронта.
— He, — сказаў ён. — He час дняваць зараз.
— He час, не час! А калі ж час? Як ногі выцягнеш? Годзе дурыць табе! — зазлаваў старшына.
Але Пятрусь стаяў на сваім і не згаджаўся ні на якія днёўкі. Яго падтрымаў Нупрэеў.
— Што да мяне, дык ты добра надумаў, — сказаў стары
баец. — Па роўненькай дарозе мы далёка махнём за ноч. Нашто тая днёўка? У кустах пераднюем.
Калдобінскі, які змрочна пазіраў то на сержанта, то на старшыну, раптам чмыхнуў і злосна накінуўся на Нупрэева:
— Што ў кустах! У кустах ды ў кустах — хай яны згараць, гэтыя кусты! А жэрці ты таксама кусты будзеш?
Нешта нядобрае пачулася ў яго тоне, нейкі надрыў, відаць, адбыўся неўзаметку ў душы гэтага маўклівага чалавека. Яго злосць і запал вельмі не спадабаліся сержанту, і ён строга, як калісьці ў сваім аддзяленні, сказаў Калдобінскаму:
— Спакойна, таварыш баец! Вы ж яшчэ ў арміі, а вайсковыя загады вызначаюць начальнікі, не забывайце гэтага.
— Ну ты не вельмі са сваім начальствам! — раптам ускочыў з долу старшына. — Калі ўжо на тое пайшло, дык для нас ты не начальства!
У Петруся нешта ўздрыгнула ў сярэдзіне, гарачыня незаслужанай знявагі шыбанула ў твар, і ён таксама ўскочыў на ногі.
— Дурань ты! Вось! Пры чым тут начальства! Ты зразумей, асліная твая галава, — краіна ў небяспецы, людзі гінуць і б’юцца. Уяві, што робіцца на фронце, а ты — адпачынак, днёўкі, вылежвацца. He брыдка табе?
— Эх, ты! Разумнік! А мы што, не ваявалі, думаеш, Агальцоў сваё жыццё шкадуе? Можа скажаш, што я трус? Га?
Сержант, аднак, ужо паспакойнеў, сеў у траву і моўчкі спадылба зірнуў на таварышаў. Калдобінскі злосна пазіраў кудысьці ўбок, дзед поркаўся ў торбе, збіраючы харчы, Нупрэеў круціў пыгарку і насцярожана слухаў спрэчку. На ўражлівым твары Жука ляжаў зацяты, нейкі незразумелы боль, і хлопец задумліва скубаў з долу сакавітую траўку.
Пятрусь нічога не сказаў Агальцову, і той, злосна плюнуўшы, пайшоў на сваё месца ў засені.
— Да д’ябла мне такую кампанію безгаловую, — злосна буркнуў ён, — я сам сабе начальства ! — рэзка вертануўшыся ў траве, ён сунуў твар у локці з такім выглядам, нібы ўжо больш нічога не цікавіла яго.
Пятрусь яшчэ крыху пасядзеў, потым таксама зморана апусціўся на дол. Ён не заўважыў, як задрамаў, і праз нейкі
час прахапіўся ад думкі, што не пастаўлена варта. Аднак варта стала сама — на сцежцы ціха тупаў са сваёй доўгай вінтоўкай Нупрэеў.
Добрае і светлае пачуццё з’явілася ў сержанта, калі ён убачыў гэтага чалавека. Вось, бадай, найлепшая з вайсковых якасцей — моцная, на ўсё жыццё вернасць вайсковаму абавязку, у якія б абставіны чалавека лёс ні кідаў, стомленыя, знясіленыя спяць людзі, махнуўшы рукой на асцярожнасць, вырашыўшы — што будзе, тое і будзе, ёсць камандзір, каб клапаціцца. А ён перамог сябе, адагнаў сон і падняўся, ледзь трымаючыся на нагах, але ведаючы, што так патрабуе вайсковы парадак, што лёс сцяга і людзей абавязвае да таго. Пятрусь пашкадаваў у душы, што за апошнія дні, захапіўшыся зухаватасцю старшыновых учынкаў, неяк згасіў у сабе былую цеплыню і ўдзячнасць да свайго выратоўніка.
— Спаў бы яшчэ, — сказаў Нупрэеў, заўважыўшы, што сержант устае. Ён падышоў да Петруся і спыніўся, старожка ўслухоўваючыся ў лясную ціш.