Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Яна паволі распаўзалася па долу, змрокам ахутвала дрэвы, сівым туманам зацяпіула нізіны; неба сцямнела на ўсходзе, і над дарогай загарэлася першая зорка — адзінокая і самотная, як і душа ляснога падарожніка.
Урэшце без усякіх падстаў хлопец адчуў, што ён не павінен ісці далей. Адчуванне небяспекі не праходзіла, і ён звярнуў з пясчанай дарогі ў густы змрок лесу. Ён не ведаў, дзе была тая бяда, ад якой уцякаў ён, але нейкая сіла штурхала і цягнула яго далей і далей у гушчар, у змрок сасняку. Галлё балюча драпала яго рукі, твар, сухія абламаныя сукі, нібы штыкі, упіраліся ў ягоныя грудзі, а ён лез і лез, заплюшчыўшы вочы, з дапамогай рук прасоўваючы наперад сваё цела.
Ягоная барацьба з сасняком у суцэльнай цемры ночы была, відаць, доўгай і адабрала шмат сілы. Урэшце ён вылез на нейкі лужок, у небе было ўжо зусім цёмна і трывожна, маўкліва мітусілася там безліч зор. Адчуваючы праз боты вілыотны халадок расы, Пятрусь перайшоў лужок і спыніўся ля кустоўя, не ведаючы, куды падацца далей. Праз галлё паблісквала нешта светлае, ён прыгледзеўся — гэта цякла ручаіна. Тут жа ля алешніку чорнай грудкай цямнеў невялічкі стажок. Пятрусь некаторы час утрапёна глядзеў у хмызняк, услухоўваўся ў наваколле і ўсё выразней адчуваў, што аслабеў дашчэнту і ўжо не можа нікуды падацца адгэтуль. Тады ён хістаючыся дабрыў да стажка і заваліўся пад ім на пахучае хрусткае сена.
Сон, як смерць, згасіў Петрусёвы адчуванні. Хлопец быццам праваліўся ў нейкую цемру нябыту; зніклі, адляцелі ад яго неадчэпныя справы і турботы — і вайна, і бяда, і імкненні. Змораны і змучаны, ён моцна спаў на жорсткім мурагу, абшчапіўшы свае грудзі, дзе муляла дарагая ноша. Над ім угары палахліва і трывожна мігацелі зоры, чорнымі дзівоснымі лапамі адбіваліся ў небе галіны кустоўя, журботна аб нечым безнадзейна сумным журчэла ў ручаіне вада.
Але і ўначы не было спакою стомленай душы. Ледзь толькі ўсталяваўся сон, хлопцу пачалі сніцца трывожныя, страшныя сны.
He ў стане пазбыцца страху, што ў сне апанаваў яго, Пятрусь неяк устрапянуўся і прачнуўся. Ён падняўся, наўкола была маўклівая цемра, ледзь-ледзь шумела кустоўе. Сэрца моцна стукала ў грудзях, спіна і бок вельмі азяблі ад расы, і хлопца скаланулі дрыжыкі. Спалох, аднак, пакрысе развеяўся, але трывога ўжо моцна завалодала Петрусёвай істотай. I ўсё ж мацней за ўсё іншае зараз быў сон, хутка ён зноў заплюшчыў хлопцавы вочы, і баец, скурчыўшыся ад холаду, зноў паваліўся ў сена.
Невядома, колькі мінула часу, як раптам нехта балюча штурхнуў яго ў бок. Сонны яшчэ Пятрусь хуценька ўсхапіўся і адразу ўбачыў над сабой нейкага чалавека ў чырвонаармейскай форме, з вінтоўкай, у пілотцы — ён штурхаў сержанта ў бок і нешта казаў. Хлопец са сну не разумеў ягоных слоў, але на няголеным твары байца, у яго маркотных вачах убачыў трывогу і хуценька ўскочыў з сена.
— Бяжы хутчэй! Ну!
Адчуваючы нядобрае, хлопец азірнуўся. Праз кустоўе відаць была дарога з стракатымі слупкамі на насыпе, там грукацелі машыны, бразгаталі парожнія бочкі і сноўдалі немцы. Гэта было зусім блізка — якіх трыццаць крокаў адсюль.
Зразумеўшы бяду, Пятрусь хуценька падаўся за сваім выратоўцам уздоўж ручаіны, далей ад гэтага месца. За імі няспрытна, па-старэчаму падскокваючы, бег нейкі босы сівы дзядок з клункам у руках. Парадкам ужо адбегшы ад тае дарогі, трое зведзеных выпадкам людзей замарудзілі крок, пайшлі сцяжынкай над раўком, і баец з дакорам заўважыў Петрусю:
— Што гэта ты, сержант, разлёгся ля дарогі? Ці да немцаў захацеў?
Сержант, канчаткова ўжо адагнаўшы сон, зірнуў у твар чалавеку.
— Якое да немцаў. Уначы з лесу прыбіўся да раўка і заснуў ў стажку.
— Добра, што гэта мы натрапілі, a то было б табе.
— I праўда, было б, — вінавата ўсміхнуўся Пятрусь. Ён з цікавасцю аглядаў сваіх нечаканых спадарожнікаў, адчуваючы сябе трошкі ніякавата за сваю неасцярожнасць. Сержанту спадабалася, што ў байца была вінтоўка і ўся вайсковая амуніцыя — процівагаз, падсумкі і нават малая лапатка на баку. Відаць, і ў яго былі невясёлыя справы, але ён, здаецца, не ўпаў духам, не разгубіўся, калі нясе зброю. Ён нетаропка ступаў сваімі стаптанымі гамашамі ў зялёных абмотках і спакойна, без страху аглядаў лясное наваколле. У чалавека былі вельмі адметныя натапыраныя бровы, глыбока пад сабой хавалі яны памяркоўныя ўдумлівыя вочы на крыху папсутым воспаю твары. Пятрусь моўчкі пазіраў на яго, і здавалася хлопцу, што ён недзе ўжо бачыў гэты твар і гэтую жылістую шыю, на якой злёгся зашмальцаваны ад поту салдацкі каўнер з пятліцамі. Мо’ было тут штосьці захаванае ў памяці з дзяцінства, мо’ гэты твар нечым нагадваў яго бацьку.
Наперадзе па сцяжынцы, хуценька перастаўляючы босыя ногі, дыбаў другі яго сённяшні знаёмы, маленькі, сівенькі дзед, відаць па ўсім, вельмі рухавы чалавек, у шэрай світцы і старой вайсковай шапцы з зялёным патрэсканым казырком. Ён усмешліва азірнуўся на хлопца і сказаў жвавым тонам гаваркога чалавека:
— Мы самі, бач, тыцнуліся з лесу, а яны на мастку. Ледзьве чорту ў лапы не скочылі. Пашкадаваў бог — не заўважылі.
— Было б і вам тады, — зазначыў сержант і запытаў пра тое, што цяпер больш за ўсё іншае цікавіла яго: — А куды ж вы кіруеце?
— А туды, — махнуў рукой дзед за раўчук, дзе ўжо на паўнеба шугала святло ўзышоўшага, але яшчэ не бачнага за лесам сонца.
— А ты куды ідзеш? — запытаў баец.
— Ды і я туды, — сказаў Пятрусь. —Часць нашу разбілі, вось і іду. А не чулі, дзе нашы?
— Э, братка, далёка, — уздыхнуў дзед. — Казалі ўчора людзі, аж пад Полацкам.
Тая навіна, як пярун з неба, аглушыла хлопца. Нейкі час
ён маўчаў, не ведаючы, што думаць і казаць. Тысячы жудасных пытанняў паўсталі зараз у яго галаве, але адказу на іх, здаецца, не было ні ў кога.
Людзі заўважылі, як спахмурнеў хлопец, ды і яны былі не весялейшыя ў той час. Дзед цяжка, працягла ўздыхнуў і на хаду пачухаў нястрыжаную патыліцу.
— Эх, бяда, бяда! — казаў ён. — Што робіцца толькі на белым свеце!
Нейкі час яны ўсе задуменна памаўчалі, потым баец сказаў:
— Значыць, па дарозе будзе, сержант. Разам пойдзем.
Неўзабаве сцяжынка вывела іх да травяністай, з рэдкім кустоўем забалаці, далей у асацэ і багне ляжалі жэрдкі.
— Ну, вось тут вам, абутым, крызіс, — пажартаваў дзед. — Скідай шчыблеты, а я закуру.
Яны разуваліся, каб перайсці забалаць. Над прасторамі нараджаўся новы, прамяністы ранак, і разам з ім святлела і на Петрусёвай душы. Ужо зпікла ўчарашняя трывога, нечым супакойваючым і надзейным павеяла „а хлопца ад гэтых пажылых людзей, так нечакана напатканых на яго шляху. Невядома, што яшчэ чакала іх наперадзе, але было радасна, што скончылася сёння самае страшнае ў жыцці — адзінота, побач зноў былі свае людзі, і пакрысе мацнела спадзяванне, што ўсё абыдзецца добра.
Раздзел чацвёрты
— Як жа гэта вы выкараскаліся так ладна: з вінтоўкай і ўсім майном? — пытаўся Пятрусь, гледзячы, як пажылы баец, выклаўшы на процівагаз затвор, чысціў шчэпкай вінтоўку.
Яны ўтрох сядзелі ў алешнікавым гушчары. Было каля паўдня, моцна пякло сонца, і над ляснымі прасторамі вісела нерухомая бязветраная ціш. Сонечныя промні, прабіваючыся праз альховае вецце, хавалі ў травяністым доле блішчастыя далоні. Угары гудзеў чмель, недзе далёка кукавала зязюля.
— Як выбраўся, пытаеш? Гэта, брат, гісторыя — як выбраўся, — казаў баец, калупаючы ў патронніку. Ён сядзеў,
прыхінуўшыся да пакручастай закаржэлай алешыны, зняўшы з сябе ўсе рамяні, успатнелы і спакойна засяроджаны ў сваім занятку. Дзед, скрыжаваўшы пад сабой натруджаныя босыя ногі, курыў самакрутку і кашляў усё, аж захліпаўся ад нейкага старэчага ўдушша. Яму, пэўна, былі ўжо знаёмы прыгоды байца, і ён пазіраў на сержанта, нібы спадзеючыся ўбачыць новае ўражанне ад іх.
— Ішлі мы, значыць, маршам, — я ў пяхоце быў — трое сутак ішлі. Фарсіраваны марш, значыцца. Ну, неяк на світанні сталі. Доўга стаялі на дарозе, немца быццам не чутно, чакаем загаду. Прыбягае камбат, сабраў камандзіраў — кажуць займаць баявы парадак. Ну, значыць, разгарнуліся мы ў полі, наша рота якраз ля ўзмежка, на канюшынішчы. Давай акопвацца. Ужо добра развіднела, я гэта лапатай працую, як раптам над ланцугом як трэсне — руды такі, ведаеце, клубок дыму ў паветры, — шрапнель, значыць. Ну, і давай біць. Так, мабыць, з гадзіну білі. Я дык такія штукі ведаю, на фінскай яшчэ нагледзеўся. Калі шрапнель, дык трэба хутчэй падстрэшак гэткі, нішу, значыць, у акопе ладзіць: ад шрапнелі ніша — першы паратунак. Ну я і налягаю на лапатку. А некаторыя маладыя апанурыліся, затаіліся, ну і пабіла іх. Суседа майго Турсунбаева забіла — проста ў патыліцу асколкам, кулямётчыка з другога ўзвода параніла. Ну, думаю, ліха: ён нас б’е, а мы яго і не бачым нават. Але тое яшчэ не ліха, браце. Ліха было наперадзе.
—	Ды ўжо ж так. Бяда за бядою ходзіць ды яшчэ сябровак водзіць, — зазначыў дзед. — Таксама вось і ў германскую было...
Дзеду, відаць, хацелася нешта расказаць сваё, але ён у час абарваў сябе і засоп самакруткай. Баецтым часам заклаў у вінтоўку затвор, спусціў курок і паклаў зброю на калені. Пятрусь асцярожна расперазаўся і масціўся побач, прытрымліваючы пад гімнасцёркай сваю ношу. Ён уважліва слухаў чалавека, які з прыкметнай тугой патрывожанай душэўнай раны апавядаў пра невясёлае.
—	Але страшнае было потым, — уздыхаючы, казаў ён. — Чуем, нешта загыркатала ўдалечы, і вось з імшарынкі наперадзе высоўваюцца танкі. Я гэта палічыў з цікаўнасці —
васемнаццаць штук! Ідуць, значыць, а між іх і ззаду за імі немцы. Ну і сыпнулі яны па нас. Усё, брат, закурэла ад пылу і дыму, што тут рабіць будзеш? Праўда, і мы спачатку далі агню, але хіба ты іх вінтоўкамі стрымаеш? Танкі ўжо з узмежка скульнуліся, адзін проста на мяне шыбуе; гудзе, лязгаціць, куды ты тут дзенешся? Ледзьве я ногі паспеў падцягнуць, каб гусеніцай не аддушыла — праскочыў. He паспеў я яшчэ што і падумаць, як тут аўтаматчыкі. I да мяне падлятае адзін з потным гэткім звярыным тварам. Прыплюшчыў я вочы, ды і сунуў голаў у канюшыну: ляжу, як мёртвы. Заб’е, дык заб’е, а можа і не стрэліць, думаю.
Баец змоўк на хвіліну, узяў з долу абдзёрты свой кацялок, папіў троху, выцерся рукавом і коратка, тужліва зірнуў на сержанта. Відаць было па ўсім, што ён зноў балюча перажываў тую сваю бяду, апавядаў сумна, гэтак, як расказваюць пра апошнія часіны блізкага чалавека. Апушчаная з калена звісала заскарузлая ад даўніх мазалёў рука чалавека, пакручастыя грубыя пальцы далікатна неяк трымалі тонкую драцінку мокрага кацялка. Пятрусь глядзеў на тыя пальцы, на ногі чалавека ў стаптаных чаравіках і аблезлых абмотках. I зноў хлапечае сэрца кранулі людскія пакуты, і ўжо не здавалася такім балючым уласнае гора: відаць, у тыя часы шмат каму выпала горкая доля. Ён слухаў, і між слоў чалавека неяк цьмяна выплывалі знаёмыя абліччы тых, каму выпаў горшы лёс і каго ўжо не было ў жыцці. Перад вачыма паўсталі і камандзір палка, што, паміраючы, прагнаў яго ад сябе, і небарака Наскоў, што сканаў на яго спіне, і нежывы лейтэнант, пакінуты непахаваным на той жахлівай сядзібе. А колькі яшчэ невядомых яму смерцяў! I ў грудзях хлопца разам з крыўдай і болем усё мацней гарэла нянавісць да звар’яцелых, крыважэрных чужынцаў. А баец, журботна паціраючы ложа вінтоўкі, усё казаў сваё набалелае.