Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Кладзіцеся вы самі, адпачніце. Цяпер я павартую,— сказаў Пятрусь, і яму захацелася яшчэ нешта сказаць старому, добрае і прыемнае.
— Ведаеце, харошы вы чалавек, дзядзька Нупрэй. Я ўсё гляджу на вас, і мне прыпамінаецца мой бацька. Добры быў чалавек. Маці, бывала, нас, хлапчукоў, лае, то ўдарыць каго, то замахнецца, крычыць. А бацька, калі што не так, скажа гэтак сур’ёзна, ціха, але строга, і мы слухаліся. I толькі цяпер зразумеў я, як шкадаваў ён нас.
— Так, — мдуменна казаў Нупрэеў. — Дзеці яны так: душу аднімаюць, а вырастуць — забудуцца... Ці жывы ж бацька?
— Няма. На лесанарыхтоўцы лямінай забіла.
Пятрусь нерухома пасядзеў яшчэ з хвіліну, яму ўсё хацелася гутарыць, пакуль быў час, спалі змораныя людзі і пакуль на якую гадзіну сціхла трывога ў ягонай душы.
— Ведаеце, камандзіра палка прысніў, — сказаў хлопец. — Быццам я з’явіўся да яго (нібы ў нашым вайсковым гарадку было гэта), з’явіўся, а сцяга няма. I так гэта страшна мне стала. Памятаю, што ён загадваў у тым баі ратаваць сцяг, a я неяк быццам забыўся на тое. Ну, і лаяў жа ён мяне. Так
мне горка і крыўдна было, што я аж не ўтрываў у сне і прачнуўся.
— Клапоцішся, вось яно і сніцца, — сказаў Нупрэеў. — Пэўна, пападала ад камандзіра.
— He. Мне ніколі ні ад каго не пападала, — казаў хлопец, летуценна пазіраючы ў гушчар. — Я добра служыў у войску. За два гады ніводнага спагнання, адны толькі падзякі.
— Мусіць, пабойваўся начальнікаў? — усміхнуўся баец.
— Як вам сказаць, — сур’ёзна, крыху падумаўшы, сказаў Пятрусь. — Вядома, камандзіраў пабойваўся, гэта праўда. Але не ў тым справа. Тут другое. Я вырас у вёсцы, дужа не пеставаўся. Дзяцей было шмат, а працаўнік — адзін бацька. Я ў школе вучыўся. А ўлетку, як толькі вучоба скончыцца, адразу ў працу. To скаціну пасвіць, то на конях вазіць што. Адно лета я коней даглядаў з дзядзькам Петраком, другое — цялят. Прывык з маленства да працы. Праўда, калі пасвіў жывёлу, дык вельмі ўжо цяжка было ўставаць уранку. Так трудна, што хоць ты плач. Будзіць, будзіць маці — і ласкай, і хлясне чым, а ты вачэй не расплюшчыш. Але нічога. I вось я якраз у сёмым класе быў — зімой бацьку ў лесе забіла. Усё думаў: скончу школу — у горад падамся, а тут як падасіся? Сям’я пяць душ, я самы старэйшы. Ну і пайшоў у МТС прычэпшчыкам. Два гады працаваў там. Быў ціхі, нясмелы, розныя гарадскія хлопцы дапякалі часам. Потым пайшоў у армію. Трапіў у пяхоту. Цяжка было спачатку, але нішто. Я хутка прывык і да пад’ёму, і да зарадкі. Стараўся, праўда. У адным аддзяленні са мной быў Цыбышаў, харкаўскі сам. Спалі мы побач на ложках. Дык той, бывала, бурчэў усё ды нудзіўся: то яму пад’ём ужо занадта хуткі, то зарадка — марная справа, то харч нясмачны. А мне дык, ведаеш, і пад’ём нішто — я дома куды раней уставаў, і зарадка так сабе, лёгкая забаўка, а харчы добрыя. А галоўнае — мяне захапляў горад. I вось у каго не было якіх парушэнняў, таго ў нядзелю пушчалі пагуляць. Я хадзіў, бадай, кожны раз. Ведаеш, былі вісусы, пойдзе — гарэлкі пап’ецца, у камендатуру трапіць. A я ўсё хадзіў і глядзеў. На вуліцах, на плошчах, у парку. Будынкі глядзеў — такія гмахі, бывала, дзіўлюся, колькі там прыгожасці, хараства, а працы? Гэта цуда! На людзей гля-
дзеў: бывала, ідзе які чалавек, малады, ці стары, а мяне ўсё цікавіць: чаго ён заклапочаны, дзе ён працуе, якая ў яго кватэра, што ён думае? I мяне заўсёды здзіўляла, чаму гэта гарадскія людзі такія няўважлівыя адзін да аднаго — усё бягуць, ні да каго ім справы няма. Потым мяне паслалі ў палкавую школу, стаў камандзірам, сержантам. Узводным у нас быў лейтэнант Пятроў, малады такі хлопец, добры. Ён, здаецца, упадабаў мяне і часцяком даручаў то заняткі правесці, то якую нескладаную справу зрабіць. I я ўжо стараўся. Спачатку ён правяраў, кантраляваў, як і трэба, вядома. А потым даверыўся і ўжо толькі на маё сумленне меў надзею. Хлопцы ўсё, бывала, збіваюць мяне. Ідзём калі пад абед на штурмавую паласу — кажуць: давай перакурым, усё роўна лейтэнант нс бачыць. А я не магу. Ведаю, ён спадзяецца, што зробім, як трэба, і не магу ашукаць яго. Калі б ён хітрыў, ці дапытваўся, можа б і паслабела мая душа, а так не магу і годзе. Хлопцы, бывала, бурчаць, а я маўчу ды трываю. Пятрусь змоўк, шчылыіа сціснуў вусны і, нешта прыпамінаючы, нахмурыў русыя бровы. Нупрэеў усё стаяў побач, глядзеў на яго, аберуч трымаючыся за штых. Цёмны, васпаваты твар байца быў сур’ёзны.
— А дзе ж ён цяпер, той лейтэнант?
— Няма лейтэнанта, няма камандзіра, няма нікога.
Сержант устаў, коратка ўздыхнуў, а Нупрэеў сеў у засені. Але ёп не лёг спаць, а ўсё курыў, кашляў, потым сказаў хлопцу, які ўжо стаў на сцяжыпку:
— Старшына са сваімі, мусіць, пойдзе ад нас?
— Хай ідзе, — пакорліва сказаў сержант, думаючы пра іншае.
Над раўком і лесам таропка плылі ў небе невялічкія хмурынкі. Часам яны беражком краналі сонца, і па раўку, як крыло вялізнай птушкі, слізгаў імклівы цень. На ўзгорках шумеў лісцем алешнік, а ўнізе было ціха, толькі булькаў гаманлівы ручаёк.
Пятрусь пахадзіў крыху па сцежцы, перакапанай кратамі, паслухаў, шпурнуў каменем у надакучлівую сароку, што сакатала за ручаём, і вярнуўся на паляну. Ён узяў свой клунак са сцягам, развязаў яго і разгарнуў на траве чырвонае па-
лотнішча. Сцяг моцна пакамечыўся ў торбе, паламаліся залатыя літары назвы палка, зблыталіся кутасы. Але ўсё ж гэта быў той самы сцяг, пад якім ён даваў вайсковую прысягу.
Пяшчотна расправіў хлопец кожную зморшчыну, паправіў кутасы, пацёр адно заплямленае месца, цяжка ўздыхнуўшы, пагладзіў дзіркі, прабітыя кулямі. «Гаротны ты, наш сцяг, — шаптаў хлопец, аддаючыся журбоце, — цяжкі твой салдацкі лёс. Што ты перанёс і што перацярпелі з табой людзі. Але не можа ж быць, каб не ўбачылі мы з табой нашай радасці... Калі толькі будзе тое?»
Хлопец доўга сядзеў так, у задуме, над разгорнутым шоўкам, а потым паціху, каб не разбудзіць старшыну, выцягнуў з яго ножнаў фінку і пайшоў у гушчар. Там ён нагледзеў галінастае дрэўца маладога клёніка, зрэзаў яго і здзёр кару. Як-колечы ён прымацаваў да дрэўка палотнішча, надзеў на яго вяршышо бліскучы наканечнік і паставіў сцяг побач з сабой.
— Вось, братка, будзь цяпер з намі. Дапамагай нам, а мы дапаможам табе.
Сержант умацаваў канец дрэўка ў дзірване на сярэдзіне прагаліны — цяжкое палатно стромкімі складкамі ўпала да долу. Сержант, як вартавы палкавога каравула, хадзіў па сцяжынцы, услухоўваўся ў лясную глуш і пазіраў штораз на гэтую палымяную чырвоную птушку, якая быццам ціха драмала, да часу згарнуўшы свае агністыя крылы.
Дзень цягнуўся маркотна і доўга. Змарыўшыся за ноч моцна храплі хлопцы, нават дзед і той, закінуўшы ўгору аб скубаную бараду, выводзіў тоненькія рулады. Сержант ча сам падыходзіў да таго, хто больш за іншых вылучаўся гучнасцю, і далікатна кранаў яго нагой. Храп абрываўся адразу, але хутка пачынаўся зноў.
I вось суцэльны глыбокі цень заслаў роў. Спачатку бліскуча ззялі бярозкі на тым баку, але ўсё меней і меней было таго бляску. Дол стаў змрочны, настойлівей дыхнула грыбной вільгаццю і сырасцю. Толькі неба яшчэ блішчэла, поўнілася святлом, цеплынёй. Доўгі дзень паціху дагараў, на зямлю аднекуль выпаўзала ноч.
Сержант пабудзіў людзей. Першы ўзняўся Жук, затым дзед і Нупрэеў. Яны адразу ўбачылі сцяг, хуценька падышлі да яго. Жук пачціва разгарнуў палотнішча за яго ражок, нехта ўздыхнуў перарывіста, цяжка. Нупрэеў сказаў:
— Вось бы так ісці пад сцягам. Але дзе там: нельга.
Узняліся і старшына з Калдобінскім. Моўчкі сапучы спрасоння, абыякавы да ўсяго, Калдобінскі накручваў лубяныя анучы, а Агальцоў падскочыў да сцяга і бесцырымонна варухнуў яго.
— Ого, баявая птушка, відаць, — сказаў старшына. — Дзіркі на сцягу гэта лепей за ордэны. Адразу відаць, як і што. A чаго гэта ты яго наладзіў, як на страявы агляд? — звярнуўся ён да сержанта.
— А так, — ухіліўся ад размовы Пятрусь.
— Ну і правільна. Сцяг павінен быць угары.
Калі ўсе ўзняліся з долу і ўзялі рэчы і зброю, сержант строга запытаў, пазіраючы ў чорныя і, здаецца, ужо лагодныя старшыновы вочы:
— Ну дык вы што? 3 намі ці ад нас?
— За каго ты мяне лічыш?— абурыўся Агальцоў— Я ж не такі яшчэ злыдзень, каб савецкага сцяга цурацца. Гэ! — крыкнуў ён да Калдобінскага, які ўсё корпаўся над сваім набыткам. — Выходзь строіцца!
I людзі выйшлі на сцежку. Сержант стаў наперадзе і ўрачыста разгарнуў сцяг. Задаволена пакашліваў Нупрэеў, тытунёвым дымам адганяючы камароў, ухмыляўся дзед, а на ўсмешыстым твары Жука ззяла шчырая радасць. Толькі Калдобінскі моўчкі стаяў ззаду ўсіх, і старшына пільна паглядзеў на яго.
У рове цямнела, невыразна расплываліся твары людзей, але яны, здаецца, адразу падабрэлі, ажывіліся і павесялелі, успомнілі нядаўнія дні, калі яны былі не акружэнцы, не лясныя бадзягі, а байцы рот і палкоў. Побач былі разумныя камандзіры, была зброя, і яны мелі сілу. Іх напаткаў нялёгкі лёс, яны шмат папакутавалі, але ўсё ж не скарыліся. Разгорнуты сцяг абудзіў у іх было прытупелае пачуццё вайсковай годнасці, надаў спрыту, і яны хуценька і старанна пастроіліся па два.
— Раўняйся! — камандаваў сержант. — Смірна!
Ён не бачыў, але адчуваў у цемры, як трохі паспешліва выцягся старшына, як расправіў згорбленыя плечы Нупрэеў, як няўмела яшчэ патупаў нагамі дзед, прыстройваючыся на левым фланзе. Потым усе дружна з маўклівай урачыстасцю ў сэрцах пакрочылі па сцежцы.
I яны ішлі так, не дужа згодна і не ў нагу, але адной кучкай — шорхалі па сцежцы іх стаптаныя падэшвы, ціхенька шапацела ўгары цяжкае палотнішча сцяга. Ніколі яшчэ з таго страшнага дня не было так спакойна і радасна ў Петрусёвым сэрцы. He бяда, што сталася столькі пакут, усё перажытае быццам засталося ззаду, а цяпер над ім — родпы сцяг, побач добрыя людзі. А калі мо’ здарыцца не стане яго, не стане Нупрэева, дзеда, Агальцова, — зіюйдуцца другія смелыя рукі і гэтак жа высока ўзнімуць над галовамі важкі, імклівы, трапяткі і прызыўны чырвоны сцяг. Ад тае думкі спакойна неяк і надзейна стала ў хлопцавым сэрцы, і ён нават падзівіўся, як мог толькі баяцца за сваё жыццё, такое маленькае і нязначнае ў мільённай грамадзе іншых чалавечых жыццяў.
Раздзел дзевяты
Калі аўражная сцяжынка прывяла байцоў да дарогі, над прасторамі ўжо добра ўсталявалася летняя ноч.