Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Мінулі яны наша канюшынішча, а я паціху ўзняўся: дай, думаю, дзе кулямёта пашукаю. Хацеў ручнік дзе падхапіць ды лупануць па іх з тылу. Нашых багата ляжыць на полі, я — да аднаго, да другога — забітыя і з вінтоўкамі ўсе. I раптам адзін енчыць, убачыў, пазнаў: «Нупрэеў, братка, ратуй, не кідай». Гляджу, знаёмы баец, зямляк нават, наш,
валагодскі. Я да яго, а тут другі качаецца — ногі перабіты. Куды тут страляць будзеш, людзей ратаваць трэба.
Перавязаў, як умеў, пад кусты пасцягваў аднаго і другога. Танкі ўжо ў лагчыну схаваліся, наўкола пуста стала, толькі нябожчыкі ляжаць. Я, гэтак прыгнуўшыся, яшчэ па полі пашарыў, яшчэ дваіх знайшоў — сапёраў, што прыдадзены нам былі. I камандзіра батальёна знайшоў: ляжыць старшы лейтэнант з акрываўленай галавой, гімнасцёрка ўся крывёю заліта і нават дакументы ў крыві. Шкада гэтак стала, ды толькі сумаваць па мёртвых няма калі: жывыя чакаюць. Вярнуўся я да тых кустоў, напаіў Швяцова — асабліва ён, бядак, пакутаваў, усё дабіць прасіў, — што тут далей рабіць? He сядзець жа мне з імі ў тым полі, чакаць, значыць, няма чаго — ужо, брат, пад немца трапілі. Пабег я раўком шукаць якіх жывых людзей, якое вёскі, і, праўда, натрапіў. Вёсачка маленькая, прыгледзеўся — быццам няма фашыстаў. Знайшоў чалавека, расказаў: так і так — трэба людзей ратаваць. Добры такі чалавек трапіў, маўклівы. «Ну, што ж, — кажа, — калі трэба, дык трэба». Запрог каня, паехалі, схавалі мы тых чацвярых у добры гушчар — ельнік такі, — напаілі. Швяцоў сканаў хутка, трое засталося. Глядзі, кажу чалавеку, — пільнуй байцоў. Вярнуся — запытаю, як і што. Ну, а самому што тут было рабіць? Усё ж баец я. Ну, і падаўся на ўсход. Так і нясу на сабе ўвесь рыштунак і вінтоўку — не кідаць жа дабро. I вось ужо тыдзень іду. He думаў, што такое здарыцца, што аж пад Полацк скіраваць прыйдзецца.
— I я вось не думаў, што гэтак будзе, — сказаў Пятрусь. — I як гэта здарылася?..
— Сталася вось. Хіба і я гадаў, што гэтак абернецца, — жвава пачаў дзед. — Я ж таксама ў войска падаўся. У мяне, каб ты ведаў, сын у войску, камандзір, і чын, ведаеш, добры мае. А я з малодшым на Слонімшчыке жыў, а раз вайна, — я, братка, пагаліўся, тытуню падкрышыў запас і ў Слонім, у ваенкамат, значыць. Думаў, прыйду да ваенкома — знаёмы чалавек быў — скажу, давай, Іван Кузьміч, да сына накіраванне. Няўжо старому ваяку, георгіеўскаму кавалеру, якога месца пры войску не будзе? Павінна быць. I што ж: прытупаў у Слонім, а там ля ракі пад вербамі машын панастаўле-
на, бензінам смярдзіць — немцы! He, думаю, не быць такому, каб бацька чырвонага камандзіра ў палон здаваўся. Завярнуў на дарожку і ў поле. Пайшоў сабе на ўсход. Вось на яго натрапіў, так і ідзем.
— Ну, і я таксама, — сказаў Пятрусь. — Як ачуняў на тым полі, агледзеўся, што адзін, і давай даганяць сваіх. Думаў, дзе недалёка нашы, а яно ўсюды фашысты, куды ні сунься. Штосьці тут, відаць, здарылася, што не ўтрымалі. Ну, але не можа таго быць, каб не спынілі тую навалу.
— Спыняць! — запэўніў дзед. — Ужо пад Полацкам спыняць. Там, браце, войска шмат, я яшчэ раней чуў, і, зноў жа лясы. У лясах самалёт, што сляпы каршун: нічога не зробіць. Скулу яму ў бок, таму Гітлеру! Нічога ў яго не выйдзе.
— Яно, пэўна, так. Але цяжка будзе. Танкамі гэтымі бярэ, нягоднік, — нявесела казаў Нупрэеў.
Пятрусь канчаткова зразумеў, што мае справу са сваімі людзьмі, ён ужо цалкам даверыўся ім, толькі ніяк яшчэ не мог рашыцца на тое, каб даверыць і свой найвялікшы клопат, сваю таямніцу. Некалькі разоў наважваўся ён сказаць, што нясе з сабой на ўсход, якая святыня хаваецца пад яго гімнасцёркай, але ад незвычайнасці тае справы, ад выключнасці і важнасці тае рэчы ўсё неяк не ставала смеласці адкрыцца людзям. Аднак хіба схаваеш што ў такі час ад блізкіх людзей, якія бачаць не толькі пад тваёй світкай, але і ў тваёй душы. Калі ў алешнікавым гушчары змоўклі размовы і настала кароткая хвіліна ціхай задумы, дзед першы запытаў сержанта:
— Скажы, камандзір, што гэта ты пад гімнасцёркай хаваеш? Ці якую адзежыну, ці што?
— I я гляджу, нешта ўжо занадта круглявы сержант, — хітравата ўсміхнуўся Нупрэеў. — He таіся, мы людзі свае.
— Ды не, што таіцца? Я і сам хацеў сказаць. Ужо такая справа: трэба як разам цяпер клапаціцца... Палкавы наш сцяг у мяне...
Ён устаў на ногі, пад гімнасцёркай разматаў з цела палотнішча, разгарнуў на ўсю шыр і кароткім імклівым рухам разаслаў на траве. Нупрэеў нібы скамянеў на месцы, высока ўзняўшы свае белыя касматыя бровы, дзед хуценька ўско-
чыў услед за сержантам і праз хвіліну, пэўна яшчэ не зразумеўшы ўсёй важнасці падзеі, загаварыў:
— Ай-яй, якая штуковіна! Палкавы, кажаш? Глядзі ты, і нумар і назва. Як жа гэта ён трапіў табе?
Устаў з долу і Нупрэеў, далікатна ўзяў за ражок пакамечанае палатно, моўчкі ўздыхнуў. Потым таксама моўчкі паглядзеў на сержанта — нешта шматзначнае, пытальнае было ў тым яго працяглым позірку.
— Трапіў вось. Уратаваў пакуль, але ці ўдасца зусім уратаваць, хто ведае? — сціпла адказаў хлопец, не адводзячы позірку ад агністага шоўку.
— Ах ты, горачка, — чухаў патыліцу дзед. — Сапраўды задача. Гэта ж не жартачкі: вайсковы сцяг.
Нупрэеў змрочна маўчаў, захаваўшы ўглыб свае вочы, нізка схіліўшы голаў, стаяў Пятрусь. Некалькі праменьчыкаў паўдзённага сонца праз гушчар гарачымі пятакамі ўпалі на шоўк, запалілі яго і ціхенька гарэлі чырванню між золата літар. Так, не зводзячы з тае рэчы самотных вачэй, перамагаючы наплыў чагосьці светлага і жаласлівага, доўга глядзеў Пятрусь на сцяг і бачыў другі, ужо далёка адсунуты віхурай падзей той незабыўны дзень, калі ён прымаў прысягу, і на пляц перад строем палка ўпершыню выносілі гэты вось сцяг. Ён тады быў цэлы і акуратны, без чатырох дзірак, што цяпер свіціліся ў шоўку, яго неслі пад музыку, а камандзір палка, які мёртвы застаўся на тым пагорку, тады ладны і моцны, падаваў строю каманду. Пятрусь Кляновіч у той час лічыўся зусім зялёным байцом, ён і не марыў не тое, каб патрымаць сцяг, а нават і наблізіцца да яго. Сцяганосцам быў старшы сержант Саўкін, які за Фінскую меў два ордэны. А цяпер як змянілася ўсё! Няма ні Саўкіна, ні камандзіра палка, толькі застаўся ён, былы зялёны баец Кляновіч, і гэты вось прабіты ў чатырох месцах сцяг.
Пасля доўгай маўклівасці Нупрэеў сказаў:
— Ну, нічога. Як-небудзь зберажэм. Тут ужо нельга не зберагчы.
— Ну, канешне ж, — азваўся дзед. — Сцяг, ён найвышэй за ўсё. Я ж ведаю.
Нейкі час гэтыя трое людзей пастаялі яшчэ ў гушча-
ры, глядзелі на сцяг, уздыхалі і маўчалі ў нялёгкай задуме. Вырашыўшы, што несці пад гімнасцёркай гэткую рэч нягожа, Нупрэеў аслабаніў свой рэчавы мяшок, у які добра запакавалі сцяг, і Пятрусь уздзеў яго на спіну. Нупрэеў інакш, неяк уважлівей, стаў пазіраць на сержанта і аднойчы сказаў:
— А ты таго, маладзец, хлопец.
Уладкаваўшы ўсё, пасур’ёзнеўшыя і прымоўклыя ад новага клопату людзі зноў падаліся ў сваю невядомую дарогу.
Раздзел пяты
He спыняючыся на начлег, яны ўсё ішлі на ўсход.
Мінулі другія суткі, як яны сустрэліся, і за час няспыннага падарожжа ўжо добра прывыклі адзін да другога. Пятрусь шчыра радаваўся, што трапілі на ягоным шляху гэтыя двое людзей, з імі хлопцу было куды весялей і надзейней, a галоўнае — яны шчыра, аддана паставіліся да ягонага цяперашняга імкнення. Ніводзін з іх і не марыў зараз пра што іншае, як толькі найхутчэй далучыцца да сваіх і тым канчаткова выратаваць сябе і сцяг.
Пятрусь ужо добра чуў на абодва вухі, але часам яшчэ ныла плячо і калі-нікалі пад грудзі падкатвала млосная нудота. Хлопец, аднак, трываў, перамагаў нядужанне і без скарг імкнуўся наперад.
Аднаго разу яны спыніліся ля ручаіны ў кустоўі, напіліся і моўчкі палеглі ў падсохлай ужо няроснай траве. Сонца ўзнялося і добра прыгравала, ад стомы і спакою да людзей чапляўся сон. Старыя адразу прыціхлі, а Пятрусь упарта гнаў ад сябе цягучую дрымоту. 3 мінулай ночы ўсталявалася так, што ён вызначаў час адпачынку і першы падаваў голас, калі трэба было рухацца далей. Ён гэта рабіў проста, па-сяброўску, без ценю каманды, але неяк стала, што хлопца слухаліся гэтыя двое людзей. Так, мабыць, прызнавалася яго вайсковае старшынства, а можа людзі зважалі на яго большую, чым іх, маральную адказнасць у справе, якую яны на сябе ўзялі цяпер.
Моцным намаганнем струхнуўшы дрымоту, сержант узняўся з травы і хацеў гукнуць людзей, каб рушыць далей,
ды раптоўна ахапіўшая млосць паваліла яго на зямлю. Нупрэеў адразу заўважыў гэта і заклапочана сеў у траве.
— Э, братка, трэба падсілкавацца табе. Так нягожа. Мы то стрываем, а табе догляд патрэбны.
Узняўся і дзед, і яны вырашылі ў першай жа вёсцы, якая трапіцца на іх шляху, накарміць сержанта.
Як-колечы Пятрусь аднак ачуняў, і з паўгадзіны яны паціху ішлі лагчынай уздоўж ручая. Час ад часу старыя пазіралі ўправа, пакуль не ўбачылі на ўзгорку ў збажыне нейкія будынкі — то быў хутар. Коратка параіўшыся, Пятрусь з Нупрэевым засталіся на жытнёвым узмежку, а дзед выправіўся здабываць харчы.
Сядзелі яны досыць доўга, чакалі, а дзеда ўсё не было. Сержант пачынаў ужо непакоіцца за старога, калі ад хутара пачулася гаворка. Хлопец выглянуў над збажыною і хуценька схаваўся зноў. Ад будынкаў па сцежцы ішоў дзед і з ім яшчэ трое нейкіх людзей, — за плячыма ў іх, здаецца, вісела зброя. Нупрэеў таксама зірнуў і таксама ўстрывожана схаваўся. Сержант і баец пераглянуліся, а затым Нупрэеў саўгануў затворам вінтоўкі.
Калі ж людзі наблізіліся і стала чуваць іх размова, байцы зноў зірнулі адзін на аднаго, і сержант узняўся з узмежку. Да іх даносіўся спакойны, гаварлівы голас старога, — нічога трывожнага ці падазронага не чулася ў ім.
Людзі ўсё набліжаліся па сцяжынцы, ужо бачна было, што за дзедам ішоў ладны плячысты дзяцюк, ён трымаў на рамяні аўтамат і ўглядаўся ў іх бок. За імі ішлі яшчэ двое — высокі і нізкі, — яны таксама былі ўзброеныя, але чамусьці ніхто з іх не нагадваў нашых байцоў. Калі яны добра наблізіліся, Пятрусь зразумеў, чаму яны здаліся чужынцамі. На дужыя плечы першага быў напялены нямецкі мундзір, падпярэзвала яго дзяга з жоўтай камсастаўскай спражкай, а на чубатай галаве ладна сядзела суконная пілотка з чырвонай зоркай. У такім убранні хлопец меў незвычайны, нейкі дзівакаваты выгляд. Двое яго спадарожнікаў былі апрануты ў несамавітыя сялянскія світкі, хоць штаны ў абодвух былі нашы, вайсковыя, таксама як і кірзавыя боты на нагах.