Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Вось падмогу прывёў, — задаволена сказаў дзед, падыходзячы да ўзмежка. — Гэта свае, чырвоныя армейцы.
— Прывітанне байцам і камандзірам, — зухавата сказаў пярэдні ў мундзіры. — Дзед кажа, падвяло вас без хлебасолі. Дрэнна жывеце, значыць.
Нупрэеў спадылба ваўкавата разглядваў траіх; Пятрусь маўчаў, не ведаючы, як паставіцца да гэтых пераапранутых бадзяг і да іх недарэчнага тону. Тое, што яны свае людзі, бадай, было зразумела, але нейкая няёмкасць утрымлівала сержанта ад праматы і шчырасці. Пярэдні, пэўна, заўважыў тое і сказаў:
— Ну, што надзьмуліся? Будзем знаёмы: старшына Агальцоў, камандзір разведчыкаў, а гэта мае дружбакі: Жук і Калдобінскі. — Ён паказаў на сваіх спадарожнікаў — тыя былі сціплейшыя за свайго начальніка. Каржакаваты і шыраканосы Жук прастадушна ўсміхнуўся, а высокі і тонкі Калдобінскі хаваў змрочную паныласць на вузкім, насатым твары. Пятрусь і Нупрэеў змаўчалі, ды ім, бадай, і не трэба было называць свае чыны — яны ў абодвух значыліся яшчэ на вайсковых пятліцах.
— Дык што, сержант, на ўсход кіруем? — жвава пытаў Агальцоў, сядаючы побач з Петрусём. Яго падначаленыя таксама селі; дзед перад узмежкам развязваў у траве прынесены клуначак, ля яго, трымаючы ў руках вінтоўку, прысеў Нупрэеў.
— На ўсход, — пацвердзіў сержант.
— Ну і мы туды ж. Значыць, па дарозе.
— Вось і я кажу: зручней разам, — уставіў дзед. — Зноў жа ўшасцярых мо’ лепш справімся.
— А здалёку вы нясеце гэтую штуку? — старшына хітравата прыжмурыўся.
Сержант міжвольна здрыгануўся ад нечаканага пытання і ўзняў на старшыну вочы. А той сядзеў побач спакойны, недзе ў глыбіні яго чорных хуткіх вачэй ззяла ўсведамленне ўласнай зухаватасці, адчуванне сілы і ўпэўненасці ў жыццёвыя ўдачы. Сержант у думках аблаяў старога за нястрыманасць і сказаў няпэўна:
— Здалёку.
Але хто яго ведае, мо’ і не трэба было злавацца, чужацца іх.
Мо’ так і сапраўды лепей — ушасцярых, мо’ гэтыя хлопцы — нядрэнныя людзі. Цяжка адразу ўсё зразумець у чалавеку, і ўсё ж сержант адчуваў, што асцярожнасць не пойдзе ў шкоду, што ў такі час трэба на ўсё глядзець пільна.
Дзед тым часам нарыхтаваў сняданак, адзін з новых знаёмых — усмешлівы Жук — моўчкі дастаў з свае сумкі банку нейкіх нямецкіх кансерваў, гасцінна падаў старому, і трое галодных людзей налеглі на ежу. Новыя знаёмыя адмовіліся ад сержантавага запрашэння паснедаць з імі, яны курылі папяросы і маўчалі. Агальцоў усё па-ранейшаму насмешліва пазіраў на сержанта, на яго галодных, амаль не ўзброеных людзей, і на прыгожым твары хлопца выразна адбівалася пачуццё ўласнай перавагі. А Пятрусь, зрэдку пазіраючы на яго, напружана думаў, стараючыся зразумець нутро гэтых людзей. Здаецца, не было асаблівых прычын для недавер’я, але іхняе адзенне і асабліва мундзір старшыны выклікалі нейкую няпэўную насцярожанасць.
К ночы за суткі няспыннага маршу сержантава тройка вельмі змарылася. I сам Пятрусь, і дзед з Нупрэевым ужо ледзь цягнуліся па хмызняках, агнём гарэлі іх змучаныя ногі, усё цяжэйшым здаваўся кожны кіламетр. Старшына з разведчыкамі трымаўся бадзёра, — здавалася, яны не ведалі стомы. Агальцоў увесь час апавядаў Нупрэеву, а болей дзеду пра свае нядаўнія прыгоды. Сержант ішоў ззаду. Ён ледзь трымаўся на нагах — у такім стане было не да размоў, — але ён слухаў усё, што казаў старшына! Калі гэта не была хлусня, дык старшына — сапраўды смелы чалавек. Дзіўна толькі, чаму ўсё атрымлівалася ў яго ў нейкім жартоўным, бяздумна-дзівацкім тоне — ці сапраўды ўсё так і было зухаваталёгка, ці тыя здарэнні не пакінулі сур’ёзнага следу ў душы чалавека. Старшына расказаў, што ідзе ад самай граніцы, што ў адным месцы яны захапілі танкетку, і, пераапрануўшыся ў немца, Агальцоў на ёй даў бой у нейкім мястэчку. Расказаў, нібы яны ўзялі ў палон нямецкага оберста, цягнулі яго з сабой некалькі дзён, аж пакуль самі не трапілі ў бяду. У доказ сваіх геройстваў старшына паказваў нямецкі
аўтамат, новенькі пісталет «вальтэр» і пілотку, прастрэленую ў двух месцах. I нарэшне хлопец паведаміў, што яны добра адпачылі на гэтым хутары — былі і маладзіцы, было і закусіць, і выпіць, і тры дні прайшлі, як на вяселлі.
Старшына са сваімі людзьмі прынёс нешта новае, бесклапотнае і лёгкае ў настрой гэтай групы. I сержант, і Нупрэеў з дзедам даўно ўжо не назіралі гэткага людскага аптымізму ў той страшны час. Аднак самі яны былі вельмі ўражаны перанесеным горам, і таму гэтая лёгкасць здавалася ім цяпер проста недарэчнай. Яны моўчкі слухалі зухаватыя апавяданні, але, бадай, не падзялялі захаплення расказчыка. Пятрусь, неўпрыцям, пазіраў на сваіх людзей і на разведчыкаў — і бачыў вялікую розніцу, якая таілася не толькі ў выглядзе, але і ў маральным стане гэтых людзей.
Чакаць разладу давялося нядоўга. Увечары змораныя дзед і Нупрэеў, заўважыўшы яшчэ горшы стан сержанта, які ледзь плёўся за групай, прапанавалі пераначаваць у лесе. Старшына не пярэчыў супраць прыпынку, і яны выбралі невялічкі кавалак бярэзніку ў ярынс. Побач быў лес, а ўнізе, у канцы ячменнай нівы, пачыналася балота.
Людзі пападалі на ўзлессі на лісцвяны грыбны дол і моўчкі ляжалі, чакаючы, пакуль збольшага ўтаймуецца стома. Тым часам паволі цямнела, вельмі хацелася спаць, і сержант занепакоіўся:
— Трэба паставіць варту, — сказаў ён.
— Ну, вядома, — зашавяліўся ў траве Нупрэеў. — Каб ужо па-вайсковаму.
Тады з бярознага вецця пагардліва азваўся старшына:
— Во задумалі што! Каго тут баяцца!
— А як жа?—стрымана запярэчыў сержант. — Мы ж вайсковыя людзі. Рознае можа здарыцца.
Старшына абыякава махнуў рукой. Ён соладка раскінуўся на мяккім травяністым доле — праставалосы, у расшпіленым мундзіры. Ён прытаміўся, адпачываў, і было падобна на тое, што ўсе іншыя турботы цяпер былі вельмі далёка ад яго.
— Баязліўцы! Нічога не здарыцца.
Сержант маўчаў, адзначыўшы ў думках, што характар
бесклапотнага разведчыка даволі ўпарты. Ён падумаў крыху і сказаў Нупрэеву:
— Вы павартуйце ў першую змену, а потым разбудзіце мяне.
— А ты ўжо мяне, — уставіў дзед. — Як бы ў каравуле.
Змораныя людзі адразу суцішыліся, паснулі дзе сядзелі, а Нупрэеў узняўся на варту.
Так яны ўтрох, укараціўшы сабе дарагі адпачынак, дзяжурылі да світання, а на золку з цяжкімі галовамі адправіліся ў шлях. Ніхто з іх не папракнуў спадарожнікаў, але ім было няёмка глядзець у іхнія вочы, размаўляць з імі, бадзёрымі і свежымі і да таго ж маладымі. Сержанта вельмі ўразіла гэтая першая нязгода ў калектыве, і, затаіўшы крыўду на старшыну, ён чакаў зручнага выпадку, каб сур’ёзна пагутарыць з ім.
Раздзел шосты
Але для размовы ён так і не знайшоў часу.
У той жа ранак, перайшоўшы нейкую забалаць, хлопцы апынуліся перад невядомай шырокай ракою. Трохі пастаяўшы ў поплаве перад шчыльным зараснікам чароту, яны паціху пайшлі ўздоўж берага шукаць якой пераправы. Вядома, распрануўшыся, можна было б пераплысці раку (Агальцоў нават браўся зрабіць гэта тры разы запар), але ў людзей была зброя, вопратка, да таго ж, Нупрэеў адразу прызнаўся, што плаваць не ўмее. Трэба было знайсці човен, ці плыт, ці хоць бы якое бервяно.
I байцы ішлі па беразе, намачыўшы ногі і аглядаючыся наўкола, каб убачыць што-небудзь здатнае для пераправы. Наперадзе на грудку віднеўся невялічкі хваёвы гаёк.
— Вось там знойдзем дрэва і пераправім пяхоту, — казаў старшына, маючы на ўвазе Нупрэева. Ён па-ранейшаму быў жвавы, вясёлы, спрытны — здавалася, чалавек не ведаў ніякай душэўнай скрухі, да ўсяго ставіўся лёгка і проста.
Але варта было ім узняцца на грудок, „ад яловыя шаты ўзлеску, як вочы старшыны загарэліся новым жаданнем:
— Браткі, гляньце: мост! Далібог мост, і цэлы, спраўны, спецыялыіа для нас!
Сапраўды, на завароце цераз раку ад берага да берага пралёг доўгі драўляны мост на цыбатых бёрнах-сваях. Там бегла дарога, яна была зараз пустая, на лужку ля моста пасвіўся стрыножаны гняды конік, на дроце ўгары, сабраўшыся ў рад, церабіліся ластаўкі.
— Гайда! Нікога няма — пераскочым і ўсё, — настойваў старшына.
Яны таропка выйшлі на лужок; конік, убачыўшы незнаёмых, цікаўна ўзняў голаў.
— А давай рысака захопім, — прапанаваў Агальцоў. — Дзеду якраз па росту. Або камандзіру: на кані, пад сцягам павядзе нас, як Чапай.
— Кінь дурэць, — коратка буркнуў сержант. — Давай хутчэй.
Пятрусь трымаўся наперадзе і ўжо ўзбег на адхон, як ззаду данёсся да яго той самы жахлівы гук, якога асцерагаўся сержант. Ён прысеў на травяністым адхоне, зірнуў назад і адразу скаціўся ўніз. Іншыя таксама, відаць, уцямілі небяспеку і, не згаворваючыся, кінуліся ў адзінае тут сховішча — пад мост. Услед за сержантам яны ўзлезлі па адхону ў самы верх падмастоўя і, затаіўшы дыханне, напружылі слых.
Па дарозе ішлі машыны.
Яны набліжаліся, ужо чуваць стала, як лязгае нешта ў іх кузавах, як дрыжыць зямля; з набрынялых сырасцю бярвенняў недарэчна шархотка сыпалася зямля. «Заўважылі, заўважылі», — тачыла голаў кожнага думка і пакутліва-гарачым было жаданне, каб не спыніліся, праехалі далей. Аберуч узяўшыся за вінтоўку, насцярожана і сурова пазіраў з-пад моста Нупрэеў, старожка чакалі гатовыя да бою Жук і Калдобінскі; дзед ад напружанай увагі і чакання бьшцам скамянеў, адкрыўшы старэчы рот. Усе прытаіліся, маўчалі, нават Агальцоў і той шчыльна сціснуў вусны, сцяў над пераноссем бровы і драпежна схіліўся, нарыхтаваўшы аўтамат.
Прыціснуўшыся спіной да нізкай гнілой столі, Пятрусь праклінаў старшыну і сябе за неасцярожнасць і пакутліва перабіраў у думках магчымыя варыянты выратавання. Машыны набліжаліся, і раптам гул матораў, так добра чутны тут, пад мостам, спыніўся. «Заўважылі!» — мілыанула страш-
нае меркаванне, і, адчуўшы, як разліваецца па целе млявасць, сержант выняў з кішэні сваю адзіную гранату.
— Хлопцы, жывымі не здавацца. Помніце: сцяг! — чужым натужлівым голасам сказаў ён і зірнуў на байцоў, каб упэўніцца, што яны падтрымаюць яго. Твар старшыны па-ранейшаму быў засяроджаны і рашучы, усмешлівы шыраканосы Жук выглядаў спакойна, быццам не разумеў яшчэ той бяды, што навісла над імі. Адзін толькі Калдобінскі неяк, нібы незадаволена зірнуў на сержанта і зноў насупіўся сваім круканосым тварам. Пад Нупрэевымі бровамі яшчэ глыбей запалі яго нетаропкія разважлівыя вочы.
— Нічога, нічога, — зашаптаў стары баец. Станавіцеся двое ў той бок і двое ў гэты. Дзед і сержант хай у кут лезуць. Нічога, нядужа зручна возьмуць. Хай сунуцца.