Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
У хмызняку і кустоўі людзі назбіралі ламачча і падаліся
на самы верх выспы. Тут узвышаўся нейкі старажытны курган, густа парослы рамонкамі, сіўцом і верасам, а на яго верхавіне хілілася на адзін стаяк трыганаметрычная піраміда. Пад ёй дзед як-колечы распаліў вогнішча. Агеньчык спачатку неахвотна мільгаў у мокрым суччы, але ўрэшце ўвайшоў у сілу, і ў неба паваліў густы хвост рудога дыму.
Людзі ўглядаліся ва ўсе бакі, чакалі — вось-вось з’явіцца адзінокая постаць, але нідзе не было нікога. Далёка-далёка пад сінім лесам, пэўна, з пашы прайшла ў вёску маленькая чарада жывёлы. Сонца зайшло за лес, зноў стала пахмурна, згаслі фарбы, і шэры маркотны змрок цягнуўся па зямлі.
Так яны нікога і не дачакаліся да самага змяркання. Калі пачало цямнець, Калдобінскі першы прапанаваў:
— Годзе чакаць. Пойдзем пераначуем у якой вёсцы. Пасушыцца трэба ды і пад’есці.
— А як жа старшына? — запытаўся Жук. Ён упершыню не ўсміхнуўся, і ў яго наіўных шырокіх вачах свяціўся клопат.
— Знойдзецца як-небудзь. А не знойдзецца, дык што ж... Можа ён спецыяльна згубіўся.
Пятрусь і Нупрэеў пытальна зірнулі на байца, насцярожыліся. А Калдобінскі, ваўкавата ўставіўшыся ў агонь, маўчаў.
— Ну, гэта ты дарэмна, — сказаў Жук.
— Можа дарэмна, а можа і не. Думаеш, вельмі цікава гэта — перціся немаведама куды?
Петрусю зрабілася няёмка ад яго слоў, але Калдобінскі маўчаў, і сержант падумаў, што чалавек гэты, відаць, буркатлівай натуры. Петрусю шкада было разлучацца са старшыной, які дапамог ужо ў цяжкую хвіліну і сваёй зухаватасцю пакрысе пачаў падабацца хлопцу. Ён трохі разумеў яго неўгамаваную натуру, не зусім адабраў яе, але нешта ў ёй прыцягвала хлопца. Мо’ гэта было тое, чаго не хапала самому сержанту, чалавеку спакойнага, роўнага характару. Але зноў жа чакаць тут, на кургане, было безнадзейна. Пятрусь у апошні раз агледзеў далягляд і коратка сказаў:
— Пайшлі.
Зноў яны рушылі па збажыне, толькі ўжо ўніз. Крыху абсохлыя калені хутка ўзмакрэлі, і дрыжыкі ад вячэрняй прахалоды прабеглі па мокрых спінах.
Калі ўжо добра сцямнела, яны натрапілі на нейкую сцяжынку і пайшлі па ёй. Усе рухаліся моўчкі, змарыліся. Непрыемна шорхала на хаду мокрая вопратка, мулялі сырыя боты, ды спыняцца ці адпачываць не было як. Стомлены сержант ужо гатовы быў згадзіцца на прыпынак, калі б дзе трапіў які хутар, ці хоць якая будыніна. Але навокал усё плылі ў змроку мокрыя маўклівыя палі, пералескі, хмызнякі, часам трапляліся грукатлівыя масткі цераз ручаі. Ноч выдалася хмарная, у небе дзе-нідзе мільгалі рэдкія зоркі, аднак было па-летняму светла і наперадзе цьмяна шарэла дарога.
Раптам да зморанага паўсоннага слыху людзей данесліся нейкія гукі. Пятрусь спыніўся, прыслухаліся і астатнія. У змрочным небе недзе выразна разносіўся гул самалётаў. Хлопцы адразу вызначылі, чые гэта былі самалёты. Неўзабаве даляцелі і цяжкія выбухі, злосна заляскалі ўдалечыні нямецкія зяніткі. Калі ж на ўсходзе ўзляцелі ўгору яркія трасіруючыя пункціры кулямётных чэрг, хлопцы адразу зразумелі, дзе ўсё гэта адбываецца, і прыбавілі кроку. Усе павесялелі, ажывіліся, знікла зморанасць і прыбавіліся сілы. Нават дзед і той апынуўся наперадзе і ўсё дзіваваўся:
— Ото даюць, га! Вось хай і яны пазнаюць фунт ліха.
— Пэўна эскадрылля, не меней, — вызначыў Жук.
Людзі ішлі яшчэ доўга, дарожка завяла іх у нейкі лясок, абапал яе з хмызняку высіліся чорныя ёлкі. Лес прыглушыў гукі бамбардзіроўкі, і хлопцы шкадавалі, што не маглі чуць, што адбываецца там. Урэшце, зусім неспадзявана і вельмі блізка ўперадзе бліснула святло. Хлопцы насцярожыліся, услухаліся, але навокал было ціха. Тады Пятрусь спыніў сваю групу і шапнуў Жуку, каб той разведаў дарогу. Хлопец саўгануў з пляча аўтамат і краем дарожкі паслухмяна падаўся наперад.
He паспеў ён, аднак, аддаліцца, як зноў наперадзе пачулася гамонка ці то ўскрык, ці каманда, і зноў усё змоўкла. Невядома што, але наперадзе на лясной дарозе было нешта жывое. Хлопцы спыніліся ў кустах і чакалі.
Жук хутка вярнуўся. Узрушаным шэптам ён паклікаў сержанта.
— Там нямецкая калона. Дарога ідзе другая, упоперак
нашай, і там машыны стаяць замаскіраваныя і чакаюць, пэўна, калі налёт скончыцца.
I ў галаве сержанта раптоўна, неабдуманая і нечаканая, з’явілася шалёная думка.
— Нупрэй, — ціха паклікаў ён старога салдата. На, браце, мой скарб.
Нупрэеў узяў мяшочак са сцягам.
— Чакайце тут, — коратка загадаў сержант. — Пайшлі, Жук.
Тулячыся да кустоўя, яны падкраліся да вялікай дарогі. Там сапраўды стаялі чорныя грамадзіны машын, між імі прахаджваліся немцы, ціха гаманілі, відаць, слухалі і пазіралі ў неба. Асцерагаючыся, каб не хруснуць якой галінкай, сержант стаіўся ўскрай алешніку, упіўся вачыма ў змрок,— імкнуўся ўбачыць як мага болей. У якіх пятнаццаці кроках перад імі высілася вялікая з брызентавым кузавам машына, у яе кабіне сядзелі немцы, яны ціха размаўлялі і чакалі, пэўна, калі можна будзе ехаць. Наперадзе зусім блізка ад гэтай стаяла яшчэ машына, там таксама чуліся прыціхлыя варожыя галасы. У тым кірунку, куды ішла дарога, усё гулі самалёты і цяжка бухалі ўзрывы.
Сержант трымаў у адной руцэ пісталет, а ў другой — гранату. Ён хваляваўся, але як мага стрымліваў сябе і асцерагаўся, каб не нарабіць шуму. Побач, датыкаючыся да яго боку, на каленях стаяў Жук, яго рукі трымалі напагатове ўзведзены аўтамат, а твар хлопца, здаецца, і цяпер усміхаўся — такі быў спакойны. Сержант аж пазайздросціў гэткай вытрымцы чалавека.
— Слухай, — шапнуў ён байцу. — У цябе гранаты болей няма?
— Няма, — ціха і з шкадаваннем у тоне адказаў Жук.
— Тады, як я кіну, лупяігі па кабіне — і пярэдняй і задняй.
Ішлі хвіліны. Пятрусь усё напружана слухаў бамбёжку і пазіраў угору, нібы там можна было што ўбачыць. У яго ўжо склаўся план, — надзвычайны добры план, але выкананне яго залежала не толькі ад сержанта.
Ноч, аднак, пацямнела, — пэўна, набліжалася світанне. На ўсходзе ўсё грукацела страляніна, узляталі ўгору трасіруючыя чэргі і, бліскаючы ў хмарах, глуха шпокалі разрывы
зянітак. Але сюды, на дарогу, не зварочваў ніводзін самалёт, і сержант паступова пачаў губляць цярпенне. А ў машыне тым часам шчоўкнулі дзверцы, на дарогу саскочыў нейкі немец, пастаяў ля канавы і паціху пайшоў у голаў калоны.
I тады Пятрусь наважыўся. Чакаць далей ужо было небяспечна, — хутка насоўваўся світанак. Сержант моўчкі паціснуў локаць Жука, выняў з запала чаку і, старанна размахнуўшыся, шпурнуў гранату пад кабіну вялікай машыны.
Хлопцы ўпалі на зямлю — уперадзе ірванула, шаснула ў кустах асколкамі і ўзнятым пяском. Пятрусь ускочыў і кінуўся на сваю дарогу, а побач, у другі раз жахліва ўскалыхнуўшы цішыню, гулка затрашчалі кароткія і частыя чэргі аўтамата Жука.
Пятрусь імчаўся па дарозе, ужо не тулячыся да кустоўя, ззаду шпарка тупацеў таварыш. На дарозе, здаецца, усё было ціха, нават ніхто не стрэліў наўздагон. I раптам на вершалінах елак мільганула нейкае яркае святло. Пятрусь не зразумеў нават, адкуль яно і ўзялося. Ён азірнуўся, і сэрца яго ўстрапянулася ад вялікай радасці.
На дарозе за хмызняком узнялося ўгору вялізнае дымнае полымя. Яго шырокія хісткія языкі паласкаліся ў начным змроку, матляліся ў паветры іх чорныя дымпыя грывы, высока над лесам узляцела чарада мігатлівых іскраў. Хлопцы, баючыся, каб іх не ўбачылі, кінуліся ў гушчар і ад нечаканасці таго, што здарылася потым, пападалі на зямлю.
Нейкая грымотная віхура вынікла з начнога неба і кінулася на лес. У якую хвіліну ўзарвалася, знікла ноч, усё наваколле задрыжэла, загрукатала, хіснуліся дрэвы, у самае неба пыхнула асляпляльна яркае полымя і зноў ірванула, і зноў асляпіла на момант. I тады нейкая вар’яцкая радасць ахапіла хлопцаў.
— Нашы! Нашы! — крычаў Жук у твар Петрусю. Яны ўскочылі з долу і кінуліся да сваіх байцоў.
— Браткі! — Праз грукат закрычаў Пятрусь. — Сюды! Бі гадаў.
Нясмела, яшчэ прыгінаючыся, на дарозе з’явіліся цьмяныя постаці Нупрэева, дзеда і Калдобінскага. Яны, відаць, мала што разумелі з таго, што здарылазя, але падпарадкава-
ліся загаду і пабеглі за сержантам. А той, узвёўшы пісталет, наперадзе ўсіх рынуўся на вялікую дарогу.
А на дарозе рабілася нешта жудаснае. У некалькіх месцах палыхала вялізнае полымя, і моцна смярдзела бензінам і паленай гумай, узыятыя выбухамі зямля і пыл няспынна сыпаліся зверху. Магутныя выбухі на момант асляпілі сержанта, тугое паветра ўзрыву ўдарыла ў твар. Ён выбег на дарогу і ўгледзеўся, шукаючы ворагаў.
Тады ён не думаў, што можа загінуць ад сваёй жа бомбы, ён, бадай, здзівіўся б, калі б хто сказаў яму пра тое. Пятрусь бяздумна сунуўся ў самае пекла выбухаў, але хутка наткнуўся на штосьці і паляцеў у нейкую прорву. To была глыбокая варонка ў дарозе, і на дне яе хлопец натрапіў на чалавечае цела. Ён вылаяўся ад нечаканасці, цела раптам спуджана крутнулася з-пад яго рук, нешта ўскрыкнула незразумелае, і Пятрусь, згадаўшы вораі'а, два разы стрэліў у яго. Потым ён выскачыў з варонкі, перад ім апынулася абернутая выбухам вялізная машына, і хлопец кінуўся на той бок яе, шукаючы ворагаў. Але там не было нікога, толькі ў чарговым бляску недалёкага выбуху ўбачыў Пятрусь, як з дарогі хіснуліся ўбок нейкія цені. Побач у прамежках выбухаў трашчалі аўтаматы, нехта роспачна галасіў між пакарабачаных машын, і сержант раптам моцна спалохаўся за Нупрэева, у якога застаўся яго клунак. Хлопец падумаў, што ў такой валтузні ён можа зноў страціць свой сцяг, і кінуўся на другі бок дарогі.
— Нупрэеў, Жук, сюды! — крыкнуў ён, вылазячы з канавы, і ў той момант з яе махлянулася цёмная постаць і бліснуў цьмяны агеньчык стрэлу. Пятрусь, гюўны спрыту і рухавасці, хутка прыгнуўся.
— Ах ты, гад! На, на, — ён выстраліў некалькі разоў і пабег у кустоўе. Там ён зноў гукнуў Нупрэева і неспадзявана пачуў ззаду блізкі яго голас:
— Бягу! Бягу!
Яны адбеглі ў мокры хмызняк, і Пятрусь, баючыся, каб не згубіць сваіх, спыніўся і зноў паклікаў. Ламаючы галлё, ля яго з’явіўся Калдобінскі, прыбег Жук і апошнім азваўся дзед.
Прадзіраючыся праз кустоўе, яны шпарка сігалі па адхону ўніз, пакуль не выйшлі на лугавіну. Ззаду ўжо было ціха, самалёты паляцелі, неба на ўсходзе праяснілася. Пасля ляснога змроку на лузе было куды відней. Пачынаўся світанак.