Поўны збор твораў. Том 4
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 600с.
Мінск 2006
Пабедаваўшы крыху і пастагнаўшы ад нясцерпнага душэўнага болю, Пятрусь надзеў мокры бот і вырашыў падавацца
далей ад гэтага страшнага месца. Хлопец падставіў таварышу сваю аслабелую спіну і, узяўшы яго за моцныя шырокія кісці, усцягнуў на сябе. Потым ён падняў сцяг і, адной рукой абапіраючыся на яго дрэўка, зрабіў некалькі крокаў.
Цяжкі і пакутлівы быў гэты шлях цераз луг. Ніколі хлопец не думаў, што гэткі цяжкі бывае чалавек. Часам Петрусю здавалася, што ён памірае сам, і хлопец услухоўваўся ў свае адчуванні, чакаў гэтага надыходу смерці, не ў стане ўжо супраціўляцца ёй. Але праз колькі часу сіл трошкі прыбывала, і ён зноў прымушаў сябе зрабіць некалькі крокаў.
У прыцемках ён дасягнуў узлеску на другім баку лугавіны.
Ён ужо не мог упаўзці ў лес і бокам, губляючы прытомнасць, упаў на калючы кошаны дол; за спіной так і засталося абмяклае і такое цяжкае цела Наскова.
Калі ён ачуняў, ужо было цёмна. Над лугам высыпалі рэдкія зоры, яны ціха мільгалі ў светлым небе, а нізка над зямлёю вісеў на небасхіле нізенькі акрайчык месяца. Ён не свяціў, а толькі пазіраў у ноч сваім бліскучым прыплюшчаным вокам.
Пятрусь адразу схапіўся за таварыша, але той не варухнуўся. Нейкі час хлопец тармашыў старшыну, гладзіў і цалаваў яго твар і, адчуваючы, што вар’яцее ад гора, упрошваў таго не пакідаць яго, адчыніць свае вочы, пазнаць таварыша, апошняга байца з загінуўшага палка. Пятрусь заплакаў — цяжка, балюча, сутаргі сціскалі яго горла, і цяклі з вачэй пякучыя салёныя слёзы. Але Наскоў ужо назаўсёды знямеў і аглух да ягоных просьб і ягоных слёз.
I тады хлопцам апанавала нейкае бяссільнае забыццё. Ён доўга сядзеў уначы над нябожчыкам і не думаў нічога, толькі глядзеў у цемру і моцна сціскаў сківіцы...
Калі крыху адлегла ад душы бяссільная скруха, Пятрусь адпоўз на ўзлесак і пачаў рыхтаваць магілу. Спачатку ён капаў яе пальцамі, потым нейкай сукавінай, што трапіла ў ягоныя рукі. На пальцах ад такой працы ламаліся пазногці, было вельмі балюча і ішла кроў. Але хлопец ужо не зважаў на пакуты, ён толькі спяшаўся, каб да світання пахаваць чалавека.
Пад ранак магіла была гатова. Яна атрымалася зусім неглыбокай і кароткай для доўгага цела Наскова, трэба было капаць яшчэ, але ўсход запаліў ужо за краявідам сваё святло, і неба пачало гасіць зоры. Маладзік пад ранак схаваўся за лесам, так і не ўзлезшы на неба.
У апошні раз хлопец прысеў над нябожчыкам, зашпіліў яго гімнасцёрку, прыгладзіў зблытаныя валасы і ўзяў пад пахі, каб аднесці ў магілу. Пад рукі яго трапілі кішэні з паперамі. Пятрусь падумаў крыху і паклаў іх у свае, парожнія. Потым ён дастаў з кішэні яго шаравар апошнюю гранату — «лімонку», што неяк захавалася там, і асцярожна ўзняў цела.
У магілцы сержант захінуў твар чалавека свежымі роснымі галінкамі, наламанымі з блізкіх алешын, у апошні раз уздыхнуў на развітанне і хуценька загарнуў ямку зямлёй. Потым ён выйшаў на лугавіну, узяў сцяг, пацалаваў яго вільготны ад расы шоўк і, гатовы да жыцця, барацьбы і смерці, па-над узлескам пайшоў у той бок, дзе нараджаўся ранак.
Раздзел трэці
Настаў новы, поўны гора і смутку спякотны летні дзень...
Глухі і змучаны, Пятрусь, ні на хвіліну не прыпыняючыся, шыбаваў на ўсход. Ён знарок пазбягаў дарог, палявых шляхоў і нават сцежак і ішоў наўпрасткі — цераз палі збажыны, сенажаці, невялікія ляскі. Хлопец мінаў узгоркі, трымаўся нізін і кустоўя. Яго боты вымаклі ў ранішняй pace, трава сцерла іх да белай сырамяці, у кустах і збажыне па самы пояс набрыняла адзенне. Калі добра ўзнялося сонца, трава крыху падсохла, і ісці стала лягчэй. Хлопец нічога не чуў, і таму, каб не трапіць у якую бяду, штораз азіраўся, a часам выходзіў на ўзгоркі і асцярожна аглядаў абшары. Ён спадзяваўся ўбачыць дзе-небудзь адзнакі бою, разрывы снарадаў, ці бамбёжку, але ўсюды ляжаў зялёны летні край, кучаравіліся лясы і пералескі, каласілася збажына. Праўда, з-за краявіду ў многіх месцах ішлі дымы, яны няпэўнымі плямамі расцякаліся ў небе; у сухім нерухомым паветры
моцна пахла горкім дымам пажарышчаў — недзе гарэлі тарфянікі.
Калі развіднела, сержант з нейкае выспы добра агледзеў наваколле і, не ўбачыўшы ніякіх адзнак войска, раскруціў сцяг. Спачатку ён зняў бліскучы наканечнік, потым распароў ім шво і згарнуў палотнішча. Яно не вельмі ладна прышлося на яго схуднелым целе, але гімнасцёрка прыхавала шоўкавую чырвань, а папруга падціснула і замацавала скрутак. Так, глухі, з адзінай гранатай у кішэні сержант выправіўся ў далеч.
У адным месцы каля лесу Пятрусь напаткаў цэлае поле суніц. Пад рэдкім лісцем, панікшы долу, віселі сакавітыя яркачырвоныя ягады. Убачыўшы іх, хлопец адчуў незвычайны голад і аж пахіснуўся, раптам страціўшы сілу. Толькі цяпер зразумеў ён, што павінен падсілкавацца, інакш не дайсці яму да сваіх і не ўратаваць сцяга. Прыступ голаду быў такі моцны, што, не грэбуючы лісцем, кузуркамі і чарвякамі, што ліплі да пераспелых ягад, ён зграбаў іх з галін заскарузлымі далонямі і глытаў, не перажоўваючы. Мабыць, доўга поўзаў ён тут, між гарэлых пнёў на гэтай дзяляне, але голад не змяншаўся. Тады хлопец спалохаўся, што патраціў гэтулькі часу, і, агледзеўшыся па баках, пайшоў далей.
...Яшчэ два дні і дзве ночы ішоў ён, спадзеючыся напаткаць сваіх.
Пятрусь па-ранейшаму мінаў вёскі і ўхіляўся ад сустрэч з людзьмі. Рабіў ён гэта не ад страху трапіць у рукі ворага, а таму, што не мог глядзець на чужое гора. Кусок хлеба з салам, здабыты аднойчы ў далёкай лясной вёсцы, ён з’еў і цяпер зноў галадаў. Добра яшчэ, што на лясных прыпалінах трапляла шмат суніц, на імшарынах выспявалі чарніцы, але наедак з ягад усё ж быў дрэнны. Ён вельмі схуднеў, і некалькі разоў, калі піў у ручаях, аж палохаўся, не адразу пазнаючы сябе. Слых яго аднак палепшыўся, ён ужо чуў, як крумкаюць вароны ў ельніку, невыразным, прыцішаным гулам даносіўся да яго шум самалётаў у небе.
Надвячоркам чацвёртага дня Пятрусь перайшоў зялёнае аўсянае поле і падаўся па-над узлескам, што крывой лініяй агінаў палі.
Дзень быў сонечны і ветраны, па небе сям-там плылі невялікія воблачкі, лес маркотна і нязмоўчна шумеў, і гэткім жа маркотным тлумам поўнілася хлапечая галава. Часам Петрусю здавалася, што ён сніць усё гэта, што ён зусім не баец і няма ніякай вайны, проста ён звар’яцеў і туляецца па абшарах. Часам ён адчуваў сябе вельмі нешчаслівым, слабым, і хацелася яму плакаць ад жалю да сябе. Але хлопец моцна сціскаў папругай сваю незвычайную ношу напружваў волю і прымушаў сябе быць мужнейшым.
Аглядваючы поле ярыны, Пятрусь прыкмеціў, што аўсяныя палеткі ў многіх месцах былі патаптаны, зблытаны людскімі слядамі. Часта сустракаліся палосы танкавых гусеніц. Пятрусь пільна ўглядаўся ў гэтыя сляды бою і ледзь не ўскрыкнуў ад нечаканасці, калі ўбачыў у невялічкай лагчыне абпалены і нерухомы ўжо варожы танк. Працягнуўшы за сабою ў аўсе дзве крывыя сцежкі, ён спыніўся там, не дапоўзшы якіх дзесяці крокаў да маленькага акопчыкаячэйкі. Акопчык гэты, відаць, паспешліва выкапаны нейкім спрытным байцом, быў пусты; на брустверы паблісквалі свежыя вінтовачныя гільзы, бялела клочча газетнай паперы. Адсюль, пэўна, паслаў баец пагібель той варожай грамадзіне і выратаваўся сам. А танк, апаліўшы навокал ярыну, стаяў ужо бездапаможны і мёртвы, гарматны ствол скрывіўся на бок, люкі былі расчынены, і з таго, што дзіркай чарнеў у борце, звісала нерухомая постаць мёртвага танкіста. Пятрусь, перасільваючы агіду, нерашуча падышоў да яго, са злоснай радасцю пазіраючы на абпаленыя агнём крыжы на баку, зазірнуў у люк. Там было цёмна, смярдзела паленай гумай і гарэлай анучай. Hori танкіста так і засталіся ў люку, а рукі віселі над аўсяным долам. Вецер раскудзеліў бялявыя валасы, на шэрую стрыжаную патыліцу ўжо лёг слой пылу.
Пятрусь не стаў затрымлівацца, з агідай плюнуў у збажыну і падумаў сабе, што ёсць усё ж пагібель і на гэтую сталёвую навалу. Мо’ гэты самы вось танк некалькі дзён назад разам з іншымі ганяў яго па тым полі, дзе загінулі рэшткі палка. Але нейкі адзін чалавек знішчыў гэтае страшыдла, уратаваўшы жыццё мо’ нават многіх людзей.
У другім месцы на полі Пятрусь убачыў зводдаль яшчэ некалькі гэтых грозных і страшных машын. Усе яны стаялі цяпер нерухомыя і мёртвыя. Хлопец вельмі ўзрадаваўся ад гэтай удачы невядомых байцоў, і ў яго, здаецца, прыбыло сілы, каб крочыць далей.
Так ён ішоў па-над узлескам і, натрапіўшы на палявую дарогу, збочыў на яе. Дарога хутка павярнула ў лес. Хлопец спыніўся, на момант раздумваючы, ці варта яму трымацца яе, ці не лепш было б ісці напрасткі, але душэўны ўздым ад нядаўняга відовішча заглушыў апасенні, хлопец пайшоў па дарозе.
Дарога вілася хваёвым сонечным борам. У лесе вельмі пахла хвояй і ўгрэтай на сонцы смалой. Паветра было сухое, густое і цягучае. Сосны глуха і працяжна шумелі ўгары, а на засланым ігліцай доле зіхацелі мітуслівыя сонечныя плямы. Пятрусь нячутна ступаў па гэтаму мяккаму, бы ватай падбітаму, долу, і ўспаміны дзяцінства, звязаныя з борам, мроіліся недзе ў яго душы. Але думкі былі аб іншым. Ён увесь час імкнуўся ўявіць сабе, ці далёка ў краіну праніклі ворагі, дзе і як стрымаюць іх, і як цяпер думаюць там пра іх загінуўшы полк. Ад думкі, што вельмі ён затрымаўся ў сваёй дарозе, што марудна нясуць яго ногі, у душы хлопца ўзнікала трывога, і ён паскараў крок.
А бор усё цягнуўся і цягнуўся абапал вузенькай крывой дарожкі, вакол незразумела гаманілі сосны.
Надвячоркам бор прыціх. Аблітыя нізкім сонцам, гарачай меддзю ззялі сасновыя вершаліны, разлапістае высокае сучча іх нерухома вісела ў паветры. Угары яшчэ было відна, а між камлёў у доле згушчаўся змрок. Стулілася рэдкае кустоўе і маладыя сосны, адчуваўся начны халадок. Лес неяк насцярожыўся, нрыціх, толькі ўгары, абшукваючы хваёвыя ствалы, насіліся глінянкі — невялічкія жвавыя птушкі, нястомныя працаўнікі бору.
Ад працяглай адзіноты ці мо’ ад гэтай цішыні пад вечар Петруся апанавала нейкая трывожная туга. Дарога ішла ўніз, абапал яе суцэльным шчылыіым натоўпам мясціўся хваёвы маладняк, у ім панаваў ужо змрок. Пятрусь спыніўся, чамусьці не адважваючыся ісці далей, нібы менавіта тут чака-
ла яго якая бяда. Ён паслухаў і прыгледзеўся — нідзе не было нічога падазронага. Тады хлопец нясмела пайшоў, тулячыся да аднаго боку дарогі. Гэта, відаць, быў лесагадавальнік, яго маладняк расцягнуўся на шмат кіламетраў, і ў ім хлопца напаткала ноч.