Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Таіцца і прыгінацца далей было бескарысна. Пятрусь выпрастаўся і з усяе моцы кінуўся да кустоўя, куды ўжо беглі людзі. Калі зусім блізка ў паветры шуршэў чарговы струмень куль, ён падаў, потым ускокваў і зноў бег. Разы два сержант азірнуўся — танкі паскорылі хаду і ляскаталі зусім блізка, на хаду страляючы з кулямётаў і гармат. У хлопца ад зморанасці аж падкошваліся ногі і ў голаў стукала неадчэпная страшная думка — канец... I яму, і камандзіру, і сцягу... Скрозь па полі беглі людзі, але сцяга нідзе не было бачна.
Яны вельмі разбегліся ў збажыне, іх зусім лёгка было перабіць па адным, але ніхто, пэўна, зараз не думаў аб гэ-
тым. Так уцалелыя ўжо дасягнулі рэдкага кустоўя, далей па адхону разлеглася голая аблога і за ёй у лагчыне пачыналася вялізная лугавіна з доўгімі радамі скошанай травы. Там не было ніякага сховішча, а кусты на ўзгорку былі ўжо вельмі рэдкія і малыя, каб надзейна схаваць байцоў.
У той час Пятрусь зноў убачыў камандзіра са скручаным на дрэўку палотнішчам сцяга ў адной руцэ і чорным пісталетам «ТТ» у другой. He звяртаючы ўвагі на кулі і асколкі, шырока расставіўшы ногі, маёр стаяў на ўзгорку і, сілячыся перамагчы грукат бою, крычаў людзям, што беглі далей на лугавіну:
— Стой! Стой! Назад! Ка мне!
Невялічкі той узгорачак, на якім стаяў ён, як-колечы мог захінуць ад куль і даць магчымасць байцам разгарнуцца ў ланцуг.
— Назад! — крычаў камандзір і раптам шырокім жэстам узмахнуў дрэўкам і разгарнуў сцяг.
Зноў, як і ў першы раз, Пятрусь адчуў, як узгарэлася ў ім нешта ўнутры і нібы іскрай прабегла па целе, і хлопец паслухмяна кінуўся туды, на заклік сцяга. 3 жыта да яго далучыліся яшчэ людзі.
Ахоплены немай рашучасцю не пакідаць больш камандзіра і сцяг, Пятрусь залёг у рэдкі драцяністы верасок ля маёра і нарыхтаваў вінтоўку. Танкі, згубіўшы байцоў з поля зроку, пайшлі павольней, відаць, баяліся сустрэць што-небудзь нечаканае за ўзгоркам. Ззаду, тулячыся за машыны, ішлі чорныя аўтаматчыкі, і камандзір, стоячы на каленях, пільна сачыў за іх набліжэннем. Побач залегла два дзесяткі байцоў.
— Па аўтаматчыках за-а-а-а-а-а-лпам... плі! — крыкнуў камандзір, і нядружны залп грымнуў з узгорка.
— За-а-а-а-а-лпам... плі! — крычаў ён другі раз, і ўзгорак адгукаўся другім залпам.
Так яны далі яшчэ некалькі залпаў, і танкі спыніліся, a аўтаматчыкі схаваліся за імі. I тады зноў на ўцалелую рэштку байцоў рынуў агонь з усёй шматлікай зброі, што цяпер сабралася супраць іх.
Але ўзгорачак як-колечы затуляў іх, можна было адпаўзці
крыху назад, прыніснуцца да травяністага дзірвану, і кулі ішлі верхам. Снарады з лютым піскам праносіліся над самай Петрусёвай галавой і ірваліся недзе ззаду, на лугавіне.
I тады здарылася нечаканае. Справа з кустоўя грымнуў на людзей густы аўтаматны стрэл. Малады баец, што ляжаў побач з Петрусём, неяк трапянуўся і сціх, нібы прытаіўся ў траве, а з хмызняку, прыгінаючыся, выскоквалі на аблогу фашысты.
Усе, хто яшчэ мог узняцца, кінуліся ад таго небяспечнага фланга бліжэй да камандзіра. Людзі разгубіліся ад такога знянацкага ўдару, але падавацца далей не было куды. Раптоўная млявасць ад усведамлення пагібелі разлілася ў Петрусёвым целе. Ён стрэліў разы два ў бліжэйшага немца, што, пераскокваючы праз забітых, бег да яго, і сам ускочыў, каб падацца назад, куды беглі іншыя.
У той страшны момант ён зноў убачыў камандзіра. Маёр таксама адступаў назад, далей ад кустоў, бег і адстрэльваўся са свайго пісталета. Але раптам ён спатыкнуўся, з цяжарам выпрастаўся і потым ужо канчаткова ўсім целам рухнуў У траву. Тады ж з яго рук выпала дрэўка са згорнутым сцягам. Пятрусь, мярцвеючы ад жаху, ускрыкнуў і кінуўся да камандзіра. Аднак раней за яго там аднекуль з’явіўся Наскоў, ён спрытна падхапіў сцяг і рынуўся па адхону ўніз. А маёр прыўзняўся на руках, узняў на сержанта скрыўлены ад болю, успатнелы твар і, сустрэўшы яго позірк, чамусьці глуха закрычаў хлопцу:
— Сцяг... Сцяг ратуй!
Пятрусь, аднак, памкнуўся ўзняць маёра, але той, нібы здзівіўшыся, што сержант не кінуўся выконваць загад, крыкнуў злосна і строга:
— Прэч ад мяне! Сцяг!..
Ён не скончыў гэтага свайго загаду і ўпаў тварам у пожню.
Пятрусь зноў скалануўся ад ахапіўшага яго жаху і кінуўся далей за Насковым, які разгоніста шыбаваў уніз да вузенькай паскі алешніку на лугавіне. Побач нікога не было, немцы ўжо захапілі іх кароткі прытулак і скіравалі ўвесь агонь сваёй зброі па апошніх байцах. Пятрусь зірнуў напе-
рад — Наскоў быў ужо ля крайніх алешын, і ў хлопца мільганула кволая яшчэ надзея на яго ўдачу. Але ў той жа момант здарылася нешта незразумелае і жудаснае. Нейкая невядомая сіла з лютым імпэтам ударыла сержанта, у вушшу балюча калыіула, і ён праваліўся ў пустую чорную бездань.
Раздзел другі
Першым з’явілася непрывычнае адчуванне цішыні. Яшчэ праз момант хлопец адчуў, як моцна баліць плячо і нешта муляе пад шчакой. Пятрусь паварушыў галавой і з намаганнем узняў цяжкія павекі. Ён убачыў траву, якая шалясцела ля самага твару. Ад незвычайнай блізкасці яе танклявыя сцяблінкі здаваліся гіганцкімі, быццам якія трапічныя расліны джунгляў. Між імі ў доле нешта шавялілася, гойдалася, скакала — там спрадвечным парадкам цякло сваё, незалежнае ад чалавека, жыццё. Сабраўшы сілы, Пятрусь павярнуўся ўсім целам і ўбачыў неба — высокае, прасторнае і лагоднае неба летняга адвячорку. Там было так светла, так спакойна і хораша, што Пятрусь упершыню паверыў, што смерць мінула яго. I раптам аднекуль з-за краявіду з’явіліся крылатыя цені — гэта нагружаныя бомбамі цяжка плылі кудысьці варожыя самалёты. Яны адразу вярнулі хлопца да рэчаіснасці, да вялікай бяды, што напаткала іх полк.
Ён усхапіўся, але моцны боль у галаве і ў левым плячы зноў паваліў яго ў траву. Тады хлопец пайшоў на хітрасць. Каб ашукаць загадкавую немач, ён паціху абапёрся аб дол, болып налягаючы на правую руку і ногі, узняўся і сеў. У галаве моцна шумела, яна была цяжкая, яго крыху нудзіла. Хлопсц пасядзеў так з хвіліну, каб прызвычаіцца да новага стану, і ўпершыню паглядзеў наўкола.
Ззаду яго быў узгорак. Пятрусь ляжаў на адхоністай аблозе з рэдкімі маленькімі елачкамі, пэўна, толькі ў гэтае лета праросшымі з зямлі. На ўзгорку, дзе на іх так нечакана наваліліся немцы, ужо не было нікога, зусім пусты быў і луг, што ляжаў унізе. Але, прыгледзеўшыся, хлопец заўважыў сям-там нерухомыя постаці забітых байцоў. Ён тады агле-
дзеў сябе, адзінага жывога тут, і падзівіўся, яшчэ не ведаючы, радавацца ці бедаваць з гэтага выпадку. Потым, як колечы, падняўшыся, ён пастаяў крыху і асцярожна, нібы нёс на галаве які шкляны посуд, зрабіў крок уніз да лугу, дзе ў кустах віўся ручай.
I тут ён успомніў усё — і двухдзённы бой, і разгром іхняга палка, і смерць камандзіра там, на ўзгорку, і безліч забітых байцоў наўкола. Нечаканы спалох ахапіў Петруся, калі ён прыпамятаў апошні загад камандзіра ратаваць сцяг.
Страшэнныя ўспаміны з маланкавай хуткасцю пранесліся ў галаве. Трэба было бегчы, шукаць сваіх і клікаць дапамогу. Але куды бегчы і каго клікаць? Дзе былі нашы войскі і дзе цяпер іх сцяг, падхоплены Насковым? Хлопец памятаў, што дзесьці за сядзібай вёў бой адрэзаны ад іх трэці батальён, аднак дзе ён цяпер, уцалелы, ці мо таксама разбіты — было невядома. Але чаму так ціха, чаму ніводзін гук, ніводзін шолах не парушаць гэтай знямелай усеабдымнай цішыні?
Петруся раптам апанаваў жах. Угары сінела зрэдку аздобленае воблачкамі неба, наўкола раскінуўся вялікі прастор, бачна было, як за ўзгоркам валіў угору далёкі дым — і чамусьці ніводнага гуку.
Хлопец пацёр вушы і не пачуў звычайнага шолаху. Тады ён крыкнуў і бадай зусім не пачуў уласнага голасу. «Аглух?» Так, ён аглух, і навакольны свет адгарадзіўся цяпер ад яго нябачнай сцяною.
Так-сяк дабраўшыся да кустоў, дзе паволі цякла ручаіна, Пятрусь упаў грудзьмі на дзірваністы бераг і, чапляючыся за траву дрыжачымі пальцамі, праз аір прасунуў свой твар. Ен піў прагна і доўга, вялікімі глыткамі цеплаватую, з пахам травяных карэнняў ваду.
I раптам ён увесь скалануўся. Зусім побач пад лазовым кустом страшна ўскінулася з травы нейчая рука з растапыранымі скручанымі пальцамі. Пятрусь прытаіўся, пачакаў яшчэ з хвіліну, а потым, ахоплены жудасным прадчуваннем, ускочыў з зямлі з тым спрытам, на які толькі хапіла сілы.
Жахлівае прадчуванне не ашукала яго. Пад кустом лазняку ў пакутлівай позе канаючага чалавека ляжаў Наскоў. Адна рука яго, скручаная ў локці, прыўзнялася ўгору, а другая
туліла да грудзей абы-як згорнуты на дрэўку іх агністы палкавы сцяг.
Пятрусь нахіліўся над старшыной. I на яго твары уздрыгнулі і скрывавіліся вусны. Хлопец адчуў цяпер, што ўжо няма ніякай надзеі на чыё-небудзь выратаванне, што ён — адзіны ўцалелы баец іхняга палка, і на яго, кантужанага і глухога, кладзецца цяпер новы клопат. Пятрусь з роспаччу ўгледзеўся ў аброслы шчаціннем немалады ўжо, змардаваны твар старшыны. Ніводнай прыкметы жыцця не было ў ім, але ж ён толькі што варухнуўся, гэты ўпарты і энергічны пры жыцці чалавек. I сержант, гонячы ад сябе благую думку, ціхенька паклікаў:
— Наскоў... Таварыш старшына... Што ж гэта ты? Га?
У яго не было ні пілоткі, ні якой пасудзіны, ён сцягнуў з нагі бот і апусціў яго ў ручай. Калі бот напоўніўся, хлопец пачаў абліваць твар Наскова, грудзі, прыўзняў галаву параненага і, як мог асцярожна, уліў вады ў ягоны рот. Баец, здаецца, уздыхнуў, павекі яго ледзь прыкметна варухнуліся — Пятрусь не зводзіў вачэй з яго твару. «Родненькі, даражэнькі Наскоў, ачніся ж... ну», — нязмоўчна шапталі яго вусны, толькі хлопец не чуў свайго шэпту — той блытаўся цяпер з яго ўзрушанымі думкамі. Але старшына не ачынаўся. Тады хлопец зняў з яго рэмень з рыдлёўкай, зняў процівагаз, загарнуў вільготную ад крыві і поту кашулю — у левым баку чырванела скразная кулявая рана. Кроў не ішла ўжо, перавязваць не было патрэбы, і, не ведаючы, што рабіць далей, хлопец у адчаі апусціў рукі. Ён сядзеў побач з паўмёртвым чалавекам, і дзікая, невыказная роспач усё болей апаноўвала яго. Перажытыя няшчасці і гэтая апошняя бяда так уразілі і прыдушылі хлопца, што ён думаў ужо, ці не лепей было б загінуць з усімі.
Але цяпер гінуць было ўжо нельга. Перад ім ляжаў непрытомны, але яшчэ жывы яго таварыш і супольнік па барацьбе, ён спадзяваўся толькі на яго, а з другога боку хлопца ляжаў асірацелы, прабіты і прастрэлены сцяг. Бездапаможныя і дарагія салдату, абодва яны чакалі ад яго паратунку.