Поўны збор твораў. Том 4
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 600с.
Мінск 2006
Ужо добра сцямнела, а снегавыя крупінкі ўсё сыпаліся і сыпаліся з хмарнага нізкага неба. Раўнінны абшар збялеў, наперадзе невыразна шарэлі пакалечаныя дрэвы прысадаў: частыя варонкі на зямлі хаваліся ў снезе. He стала відаць і немца, забітага апошнім пасля таго, як прарваліся танкі. Тады іх чалавек пяць ці болей рынуліся на гэту пазіцыю. Іншыя ўцяклі, а гэтага з аўтамата падстрэліў Шчарбак, і немец, закінуўшы валасатую голаў, да змяркання ўтрапёна пазіраў на іх ашклелымі вачамі. Цяпер яго шчыльна зацерусіў снег.
Раптам у кукурузе, прыглушаны непагаддзю, стукнуў адзіночны стрэл. Падумаўшы, што там немцы, Цімошкін ухапіў з бруствера свой аўтамат і ўстаў. Нейкі час было ціха, а пасля з таго боку паказаўся з абярэмкам сцяблоў Шчарбак.
— Хто страляў?
-Я.
— Што такое?
— Ат, што яшчэ будзе! — незадаволена буркнуў хлопец, цягнучы да гарматы абярэмак. — Сувязіста даканаў.
-?
— 3 трэцяга батальёна. Ляжыць там, канае, жывот распораны, ногі перабітыя.
— He трэба было, — вырвалася ў Цімошкіна. — Шкада ж чалавека.
Шчарбак давалок сваю ношу, усклаў яе на гармату і абтрос ватоўку.
— Табе шкада? А мне, думаеш, не? Таму і даканаў, што шкада.
3 Шчарбаком яны не спрачаліся. Можа, каму і не падабаліся яго ўчынкі, але ўсе ведалі, што калі наводчык надумаў зрабіць так, значыць, у даным выпадку лепей не зробіш. Часта здаралася, што камандзіры лаялі яго за самаўпраўства, але ён заўжды рабіў так, як хацеў, і ніколі ні з кім не раіўся. Такі ўжо быў гэты хлопец.
Абклаўшы кукурузай гармату, Шчарбак пайшоў да снарадных скрынак, дзе ляжаў Кеклідзе, і паклікаў Здабудзьку. Там ён падхапіў пад пахі нерухомае, густа засыпанае снегам цела забітага. Галава таго і полы расшпіленага шыняля, бы прымерзлыя, звіслі долу. Ездавы нерашуча браўся за ногі.
— Ану смялей! — загадаў Шчарбак. Спатыкаючыся аб груды, яны панеслі цяжкае цела Кеклідзе да акопчыка, дзе ляжаў Скварышаў. У гэты час аднекуль з кукурузы мільгануў у неба дрыготкі прамень ліхтарыка. Цімошкін перасцярожліва шыкнуў — хлопцы стаіліся. Стала вельмі трывожна і ціха, толькі навокал густа шапацелі сняжынкі. Праз іх шэпт у кукурузе пачулася ціхае шастанне, хлопцы ўгледзеліся і ўбачылі, як на палявую роўнядзь з палетка выйшла некалькі чалавек. Пярэдні пасвяціў ліхтаром уніз, быццам шукаючы чаго, — сталі відаць полы шыняля, боты. Там недзе была траншэя, і яны, відаць, ішлі па-над ёю, пасвечваючы ў дно, пакуль не аддаліліся ў снегавыя прыцемкі. Пэўна, то былі нямецкія санітары: яны шукалі сваіх параненых.
Шчарбак упаўголаса вылаяўся і ўскочыў з долу. Здабудзька боязна адсунуўся ад Кеклідзе, да якога прытуліўся са страху, і ўжо смялей узяўся за ягоныя ногі. Цімошкін таксама ўстаў, каб зрабіць апошняе, што трэба было мёртваму. Утрох яны паднеслі яго цяжкае цела да ровіка, дзе ляжаў Скварышаў. Шчарбак, абрушваючы ботамі камякі, за рукі
апусціў нябожчыка ў чорную яму, Здабудзька ўчапіўся за ногі, а Цімошкін адною рукой прытрымліваў за шырокую шытую дзягу. Нябожчык любіў розныя рамяні, кабуры, партупеі — усё скураное, адмысловае... Цяпер япо ўжо нікому не было патрэбна.
— Гайда, яшчэ таго прынясём, — сказаў Шчарбак, выпростваючыся. — Закапаем разам.
Удвух са Здабудзькам яны некуды пабеглі праз кукурузу і неўзабаве вярнуліся з сувязістам, якога, зморана сапучы, узвалілі на бруствер. To быў здаравенны вусаты салдат, скурчаная рука яго чамусьці не разгіналася і нязграбна тырчала локцем угору, а скрываўлены шынель, пасечаны асколкамі, матляўся рыззём.
Шчарбак зморана сеў ля нябожчыка і, з паўхвіліны адсопваючыся, углядаўся ў мільготкі снегавы прастор. Снег пагусцеў і хутка засыпаў салдатавы вусы, зямлісты няголены твар.
— Закурыць бы, халера! Ды няма.
— У Кеклідзе павінна быць, — сказаў Цімошкін, успомніўшы, як раніцай, яшчэ ў жывога яго, закурвалі хлопцы.
Шчарбак заварушыўся, палез у акоп, а Цімошкін знясілена апусціўся ля сувязіста, ужо не адчуваючы таго, што звычайна адчуваюць здаровыя людзі паблізу нябожчыкаў. Здабудзька ж, пэўна, яшчэ пе пераадолеў у сабе страху да мёртвага і ваўкавата стаяў насупраць. Наводчык з хвіліму папоркаўся ў акопе і вылез, трымаючы ў руках маслёнку з двума рыльцамі, у якой Кеклідзе насіў махорку.
— Яму ўжо не трэба, — сказаў ён. — Сваё адкурыў. Захінаючыся ад ветру, Шчарбак скруціў цыгарку, прыкурыў зпад палы і на кароткі час прыціх у маркоце.
— Крыху знаёмы, — памаўчаўшы, кіўнуў ён на сувязіста. — Некалі на фарміроўцы разам патрулявалі. Вясёлы быў дзядзька. Усё пра баб расказваў...
Шчарбак скоранька перакурыў, і яны апусцілі сувязіста да сваіх двух хлопцаў. Пасля Шчарбак і Здабудзька ўзялі рыдлёўкі.
Надышоў канец. Яны зрабілі што маглі — для жывых, якія адступілі на ўсход, і для мёртвых, што назаўжды засталіся
тут, на кукурузным ускрайку чужой зямлі. Ніхто не сказаў на гэтым начным пахаванні ні слоў жалю, ні пахвалы нябожчыкам, пралапатала толькі зямля аб палатку, як заўсёды, тупы боль сціснуў сэрцы ды змакрэлі павекі. I добра, што прастор ахутвала ноч і нікому не трэба было адварочвацца і хаваць тае сарамлівае адзнакі свае мужчынскае слабасці...
2
Зусім ужо адзінокія і нічым болей не звязаныя з тым кавалкам зямлі, на якім яны два тыдні жылі і біліся з ворагам, хлопцы пайшлі на ўсход.
Нейкі час ішлі кукурузай, прадзіраючыся праз яе непадаткі сцяблісты зараснік. Было цёмна, сцюдзёна і ветрана. Ад шорхату падмёрзлага кукурузнага лісця зусім не чуваць было, дзе што робіцца. Але, здавалася, навакол усё прыціхла. Цімошкін усё не мог супакоіцца ад таго, што адбылося сёння, і, можа, ад раны ці яшчэ ад чаго ўвесь час ліхаманкава тросся. Шчарбак сваім дужым целам рассоўваў тугія сцябліны, за ім лез замковы, увесь час аберагаючы здаровай рукой параненую. Апошні валокся Здабудзька.
Горка гэта было і крыўдна — у канцы вайны, пасля столькіх перамог і ўдач перажываць няшчасце разгрому. Калі б хоць іх асталося болей, a то вельмі ўжо небяспечна і самотна было ўтрох туляцца па чужой зямлі, асцерагаючыся кожнага шораху і кожнага руху. Добра яшчэ, калі ў гэтай бядзе — побач надзейны таварыш, з якім звязвае цябе нешта большае, чым проста палкавое знаёмства. У гэтым сэнсе Цімошкіна трошкі суцяшала прысутнасць Івана Шчарбака. Пакуль быў жывы наводчык, хлопцу лягчэй было трываць усякае ліха, і ўдвух з ім ён без страху пайшоў бы на ўсякую справу.
Некалі, яшчэ ў Малдавіі, Цімошкін прыйшоў у гэты полк з запаснога, дзе яго якіх месяцы два вучылі на аўтаматчыка, і таму аб гарматах ён меў толькі прыблізнае ўяўленне. I вось здарылася так, што па нейкай памылцы штабнікоў ён трапіў у тую каманду, з якой папаўнялі артылерыйскія батарэі дывізіі. Камандзір адной батарэі, які прымаў іх, калі дазнаў-
ся, што Цімошкін непатрэбнай яму спецыяльнасці, загадаў вярнуць яго на пункт збору, каб адтуль паслаць у пяхоту. Перад тым яны зрабілі вялікі марш, дабіраючыся да фронту, хлопец пры сваім малым росце і не дужа вялікіх сілах быў прыбіўся зусім і выгляд у той час, пэўна, меў дужа кепскі. I тады яфрэйтар Шчарбак, які са старшыной павінен быў суправаджаць іх у полк, папрасіў у камбата дазволу ўзяць яго ў сваю батарэю. Невядома, як яму ўдалося ўгаварыць капітана, але ўжо за адно тое Цімошкін быў удзячны гэтаму хлопцу. Мала таго, Шчарбак яшчэ ўзяў яго ў свой разлік, дзе сам быў за наводчыка, навучыў артылерыйскай справе і з цягам часу стаў сябрам.
I хто ён яму быў? Hi радня, ні зямляк — зусім незнаёмы франтавік-хлопец. I цяпер вось Цімошкін — яго намеснік, замковы. Кожнага дня яны поплеч стаялі за тою гарматай, разам гнулі ў акопе галовы ў час бамбёжкі, разам мерзлі на сцюжы, грэючы адзін аднаго сваімі целамі. Шчарбак быў маўклівы, стрыманы, трошкі занадта ўпарты, але справядлівы. I яшчэ ён быў смелы. У Цімошкіна не было і аднаго медаля, а ён ужо меў ордэн Славы і ордэн Чырвонай Зоркі.
Нарэшце кукуруза скончылася, і наводчык першы вылез на ўжо сцямнелы, затуманены снегападам абшар. Шорхат кукурузы сціх, і ў прасторы стала надзвычай насцярожана і чуйна. Снегавая пацяруха ўсё сыпалася, але наперадзе відаць было пустое зімовае поле, і на яго цьмянай роўнядзі яны ўбачылі непадалёк адзінокую постаць. Шпаркай хадой чалавек кіраваў некуды ўздоўж кукурузы, пэўна, у той бок, куды ішлі і яны. Насцярожана прыгледзеўшыся, Шчарбак прыцішана гукнуў:
— Гэй!
Бы спатыкнуўшыся, невядомы адразу спыніўся, азірнуўся, але, пэўна, не заўважыўшы іх, зноў подбегам рушыў сваім кірункам.
— 3 нашых нехта, — упэўнена сказаў Шчарбак і гучней крыкнуў:
— Гэй, пастой.
Па прысыпаным снегам іржэўніку яны пайшлі да яго,
чалавек насцярожана чакаў, тулячы да грудзей скіраваную на іх зброю. Але вось стала відаць яго незавязаная шапка з растапыранымі вушамі — яна канчаткова ўжо ўпэўніла, што гэта не вораг, а свой. Шчарбак, ідучы наперадзе, супакоена закінуў на плячо аўтамат, хлопцы ўглядаліся ў атуленую змрокам постаць. Чалавек, нібы аслупянелы, трывожна чакаў.
— Гэ, то ж зямляк твой, — азірнуўшыся, гукнуў Шчарбак.
Падышоўшы бліжэй, Цімошкін згледзеў, што гэта сапраўды ягоны зямляк, пісар палкавога штаба, сяржант Блішчынскі. Даўно ўжо, мабыць, ад самай дунайскай пераправы яны не бачыліся, хоць і служылі ў адным палку. Праўда, у тым не было вялікага дзіва — розныя былі іхнія справы і іхнія абавязкі, і таму не дужа часта сходзіліся іхнія сцежкі. Адзін, як кажуць, аціраўся пры штабе, а другі з дня ў дзень валокся па палях за пяхотай, толькі і ведаючы, што капаць зямлю ды цягаць гармату.
Блішчынскі яшчэ ваўкавата паўглядаўся ў іх, таксама пазнаў Шчарбака і Цімошкіна і, здаецца, з прыкрасцю за тое, што яны затрымалі яго, сказаў:
— Ну, а я думаў... Давайце хутчэй! A то немцы за кукурузай.
Яны азірнуліся — сапраўды, трэба было асцерагацца, бо да поля бою, дзе ўжо з’явіліся немцы, было зусім недалёка. Пакуль яны тут углядаліся адзін у аднаго, там, за палеткам, дзе засталася іхняя гармата, прагырчала машына і пачуўся нейкі прыглушаны голас. Добра, што затканы снегападам вечар затуляў ужо зімовы прастор.
Шчарбак, не спыняючыся, падаўся наперад, і Цімошкін з Блішчынскім пайшлі поруч. Навокал было ветрана і не пафрантавому сцішана, толькі шархацела збоч кукуруза, ды наперадзе, недзе далёка і ледзь чутна раз за разам гахалі выбухі. Пэўна, нямала ўстрывожаны ўсім, што здарылася, Блішчынскі шпарка крочыў, заграбаючы ботамі мяккі снег ды азіраючыся па баках.