Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Набраў, ага? У абодва? Ну во... Ты мне даруй, калі ласка.
— Што рабіць! Зялёная ты яшчэ разведчыца. Напэўна, зялёная, падумала яна, выразна ўсведамляючы сваю віну і з непрыемнасцю адчуваючы трохі прыкрытую яго незадаволенасць. Стоячы збоку, яна моўчкі глядзела, як ён з сілай сцягнуў з левай нагі бот і выціснуў на снег брудную дзіравую анучу.
— Во так! Цяпер абое купаныя, — упершыню падняў ён да яе яшчэ строгі, але трохі падабрэлы позірк, і яна зразумела, што ён ужо не сярдуе.
— Так шырока, што я не магла, — сказала яна. — А ў другім боце як? Суха?
— У другім суха,— сказаў ён. — Левы дзіравы, даўно ваду прапушчае.
Тым не менш Антон сцягнуў з нагі і правы бот, сухую анучу з правай нагі накруціў на пачырванелую ад сцюжы левую ступню.
— Каб крыўдна не было. Мокры бот, затое сухая ануча Ён зусім ужо не злаваў, і ў Зоські адлягло ад душы — усё ж ён малайчына, гэты Антон Галубін.
— Напэўна, змёрз? Давай прабяжым, — прапанавала яна, але Антон не згадзіўся і нетаропка падняўся з берага, старанна выцер аб снег запэцканыя ў гразі рукі.
— Сагрэюся. Мароз невялікі.
— Куды цяпер — не зразумею нават. Пушча там быццам, так?
— Там, — пацвердзіў ён. — Недзе тут павінна быць дарога. А табе куды — на Астравок?
— Ага, на Астравок. Дазорцаў сказаў. Там хлопцы на заставе перавязуць цераз Нёман.
3 гэтага боку рэчкі куп’сты балотны бераг густа зарос кустоўем, сярод якога ледзьве не да калень тапырылася ссохлая, перасыпаная снегам трава, і яны ішлі, пракладваючы паміж кустоў і купін дзве пары глыбокіх слядоў. Напэў-
на, гэтыя сляды трэба было б маскіраваць неяк, але Зоська не ведала, як тут іх можна было замаскіраваць, і не здзівілася, калі Антон загадаў:
— Ты ідзі за мной. Каб у адзін след.
— Правільна.
Балота ўсюды добра прамерзла і няблага трымала чалавека, у траве было суха, дробныя лужыны павымярзалі да дна, і пад нагамі часам хрумсцела — нятоўсты лядок лёгка ламаўся ў траве.
— Зося! — нейкім асаблівым голасам сказаў раптам Антон і азірнуўся. Яна ледзьве не наткнулася на яго ззаду і спынілася, пазіраючы ў яго заклапочаны, нават азмрочаны чымсьці твар. — Зося, я павінен табе сказаць...
— Што?
— Знаеш... Я ў самаволцы, — сказаў ён і ўважліва паглядзеў на яе. Яна не зразумела нічога.
— У якой самаволцы? У разведцы...
— У тым-та і справа, што не ў разведцы. Я схлусіў табе Мяне ніхто не пасылаў, я сам...
— Як сам?
— Сам. Як дазнаўся, што ты ідзеш на такую справу... He вытрымаў. Ну і во...
Падняўшы высока бровы, Зоська стйяла і няўцямна глядзела ў яго азмрочаны перажываннем твар, і сэнс яго слоў не адразу даходзіў да яе свядомасці. У самаволцы? Чаму ў самаволцы? Чаму яна пайшла і ён не вытрымаў? Але вось пачала разумець нешта, і блытанае пачуццё спагады і спалоху ахапіла яе.
— Што ж ты нарабіў?
— Во нарабіў, — развёў ён рукамі. — Цяпер позна перарабляць.
— He, табе трэба вярнуцца! — спахапілася яна. — Што ты! Цябе ж за такую справу...
— А цябе? — з нейкай незразумелай пераконанасцю перапыніў ён яе. — Ты ж у першай вёсцы ўліпнеш. Прападзеш за нішто.
— Чаму? — яшчэ болей здзівілася Зоська.
— Чаму? Табе растлумачыць, чаму? Што ты ўмееш? Пе-
ралезці цераз рачулку ты ўмееш? Ашукаць паліцая ўмееш? На дакумент свой спадзяваешся? Дык першы ж бобік усё адразу сцяміць. Ану дай твой аўсвайс!
He могучы перасіліць сваю збянтэжанасць, яна сунула руку за пазуху і са спецыяльна прышытай для таго кішэні ў сачку дастала паламаную кніжачку аўсвайса.
— Ну во! — адразу расчаравана прамовіў ён. — Хто так дакументы носіць? Хіба вясковыя дзеўкі так аўсвайсы свае хаваюць? Трэба было абгарнуць у паперку ды завязаць у кужэльную трапачку. Ды схаваць пад сёмую апратку. А ў цябе — усё нагатове. Цяпер фатаграфія, — сказаў ён і сціх, разглядаючы здымак на дакуменце. — Ну, канешне, адразу відаць: пашпарт аднаго чалавека, а фота другога. Старое фота з чужога дакумента. Ды і пячатка... Ну хто ж так пячаткі ставіць! — абурыўся ён. — Рукі б таму паламаць. Глядзі, нават літары не супадаюць.
Яна зірнула на разгорнутую ў ягоных руках кніжку — сапраўды, літары на фатаграфіі яўна адрозніваліся ад тых, што стаялі на старонцы аўсвайса і ішлі неяк крыва, нібы распаўзліся ад вільгаці. Хаця ўчора аўсвайса яна не намачыла.
— Ну, бачыш? Як за цябе не баяцца?
Падобна, што ён ў чымсьці меў рацыю, яе падрыхтавалі не дужа старанна, і яна вельмі лёгка можа ўліпнуць. Але як і чым апраўдаецца ён? Цэлая ноч адсутнасці ў лагеры не застанецца там без увагі, як тады ён растлумачыць гэтую сваю адлучку? Трывогай за Зосю Нарэйка? Але ці не будзе гэта дзіўна і смешна? I хто гэтаму паверыць?
Збянтэжаная нечаканым адкрыццём, Зоська прыхінулася спіной да алешыны і стаяла, не могучы прыдумаць штонебудзь. Яна толькі няўцямна пазірала на свой злашчасны аўсвайс з няўдалым здымкам, адарваным ад яе даваеннага студэнцкага білета.
— Дык што ж нам рабіць?
Антон трошкі прытаптаў ботамі чорную палеглую папараць і нецярпліва варухнуў пад кажушком плячыма.
— Пойдзем разам. Авось я табе не перашкоджу.
— Ты мне не перашкодзіш, наадварот, — запэўніла Зоська. — Але...
— Быццам муж і жонка, ідзем у Скідзель да маці. Там сапраўды ў цябе маці, могуць праверыць.
— Ну што ты! Якая я жонка?..
— He хочаш жонкай — сястрой будзеш. А што? Удваіх, знаеш, зручней.
— Яно так. Але...
— Хочаш сказаць: як у атрадзе пасля?
-Ну.
— Відаць будзе. Авось апраўдаемся. Ты ж за мяне ўжо заступішся?
Зоська ўсё не магла даўмецца, што ёй трэба зрабіць, на чым цяпер спыніцца і нават што сказаць Антону. Вядома, сэнс яго недарэчнага ўчынку не пакідаў сумнення, што ён зрабіў кепска і што, вярнуўшыся ў атрад, ім абаім не мінуць бяды. Антон зрабіў няправільна і нават злачынна, самавольна пакінуўшы атрад. У нейкай меры яго апраўдвала хіба тая акалічнасць, што адправіўся ён не на п’янку на які-небудзь хутар, не на гульбііпча, а пайшоў з ёй на небяспечную справу, адкуль невядома яшчэ, як вярнуцца. Зноў жа гэты спалох за яе, амаль безразважная рызыка ад страху за яе жыццё збянтэжылі Зоську. Яшчэ ніхто ў яе жыцці не спрабаваў зрабіць нічога падобнага, і гэта болей за ўсё аслабляла яе рашучасць, рабіла саўдзельніцай Галубіна.
— Ну што задумалася? — падобна, канчаткова адагнаўшы свае перажыванні, бадзёра сказаў Антон. — Няма чаго думаць. Ужо я цябе не пакіну. Пойдзем разам. Ці, можа, ты супраць?
— Я не супраць, Антон. Наадварот. 3 табой мне, сам разумееш... Але...
— Розных «але» хапае. Цяпер не будзем пра «але»... Халера, усё ж нага мерзне,— сказаў ён і прытупнуў левай, мокрай, нагой. — На Астраўку скажаш, што паслалі ўдваіх. Ты старшая, я ў падмогу. Пропуск далі?
— Далі, ага...
— Во і добра. Пераправімся, а там пабачым.
Ён зноў рабіўся ўпэўнены, нават ажыўлены, быццам на-
перадзе не было смяртэльнай небяспекі, а ў атрадзе не чакалі яго непрыемнасці, калі ён всрнецца з гэтай самавольнай разведкі. Але што рабіць — сапраўды, яна не магла прагнаць яго ад сябе, ды і не мела на гэта жадання. Яна ўспомніла сваё адзінокае блуканне ўчора па гэтым балоце, і ёй стала паныла. А як будзе адной па той бок Нёмана, у незнаёмых, набітых паліцаямі вёсках?
— Няма чаго гараваць! — падбадзёрыў ён і паклаў вялікую руку на яе плячо. — Пайшлі!
Мусіць, каб канчаткова вывесці яе з панылай заклапочанасці, ён жартам скалануў бліжнюю бярозку, і цэлае воблака сняжынак сыпанула на абаіх. Зоська знячэўку здрыганулася, але не ўсміхнулася нават, і ён надзеў рукавіцу і няхутка пайшоў між зарасніку, пракапваючы ботамі глыбокі след у засыпанай снегам траве.
6
Антон ведаў: тут недзе была дарожка, месяц назад ён вяртаўся па ёй з Зарэчча, але цяпер дарогі нідзе не было відаць; проста рабілася дзіўна, куды яна магла знікнуць? Па слізкім ад снегу травяністым схіле яны ўзабраліся да хваёвага ўзлеску, трохі прайшлі між сасонак і, не згледзеўшы дарогі, крута павярнулі ўбок. Але дарогі ўсё не было, а неўзабаве іх шлях упёрся ў шырокі развалісты роў. Спыніўшыся над яго абрывістым берагам, парослым кустамі ляшчынніку, Антон пачакаў Зоську.
— Дзесь дарога была. I няма.
— Папытаць... — зморана вымавіла Зоська і змоўкла, мусіць, даўмеўшыся: у каго тут было папытаць?
Ведама, дарога, — не іголка ў сене, недзе яна знойдзецца, але Антону шкада было часу, нямала якога было патрачана на гэта дурное блуканне, калі наперадзе яшчэ столькі небяспек і клопату. Праўда, ён мог бы ісці і хутчэй (наогул ён хадзіў хутка), але Зоська пачала адставаць, усё ж яе кароценькі крок не параўнаць было з яго крокам у метр. Дзяўчына нарэшце, відаць, угрэлася, светлыя пасмачкі яе валасоў выбіліся з-пад цёплай хусткі і прыліплі
да спатнелага лоба, твар расчырванеўся і макава гарэў ад стомы.
Антон пастаяў, падумаў, але ў роў не палез — пайшоў панад берагам, збіваючы ботамі снег з нізенькіх кустоў ядлоўцу. У лесе стала цяплей, вецер сціх, толькі голае вяршалле ляшчынніку ціхенька пагойдвалася на тым схіле рова. Высокія хвоі з далікатна аснежаным голлем разважна шумелі ўгары. Канешне, ён ведаў напрамак і мог ісці на Астравок праз лес, наўпрасткі, без дарогі, але ўсё ж да Астраўка было кіламетраў восем, і ён пашкадаваў Зоську. Напэўна, недзе паблізу, можа, нават у тым месцы, дзе канчаўся роў, і была дарога, не магла ж яна праз зямлю праваліцца.
Яны, аднак, яшчэ не дайшлі да канца гэтага рова, які патроху мялеў, як Антону здалося, што дзесь чуецца голас. Ён спыніўся, паслухаў, азірнуўся на Зоську — тая таксама насцярожана прыслухоўвалася. Неўзабаве іх слых вылучыў у лясным пошуме некалькі невыразных гукаў — несумненна, дзесьці паблізу нягучна размаўлялі людзі.
— Ты пастой тут,— ціха сказаў Антон Зосьцы, а сам памалу пайшоў ад рова ў глыб лесу.
Сосны раслі не густа, між іх голых камлёў было б далёка відаць, калі б не густаватыя зараснікі ядлоўцу і хвойнага падросту, які прывольна раскінуўся на ніжнім ярусе лесу. У гэтым сухім зімовым бары падрост быў неблагім сховішчам на выпадак чаго, Антон лёгка маскіраваўся ў ім, тупаючы ад куста да куста, ненадоўга спыняючыся і слухаючы. Галасы часам знікалі зусім, але вось зноў пачуліся трошкі ўбаку, і Антон затаіўся за патрэсканым камлём сасны. Непадобна, каб тут былі немцы або паліцаі, падумаў ён, хутчэй за ўсё сяляне ці, можа, партызаны з суседняга атрада Варашылава. Але цяпер ён не меў ніякага жадання сустракацца ні з кім. Ды і Зосьцы такія сустрэчы маглі толькі пашкодзіць, ім трэба было трымацца як мага далей ад людскога вока.