Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
У бары пад шапкамі хвой снегу было не шмат, месцамі ён толькі пасыпаў шэры, з ігліцай мох, які добра глушыў крокі чалавека. I ўсё ж трэба было асцерагацца. Спыніўшыся за сасной, Антон выцяг з кішэні наган і, расшпіліўшы ў кажушку верхні гузік, засунуў наган за пазуху.
Людзей ён убачыў нечакана блізка, як толькі абмінуў край маладога густаватага бярэзніку, праз які не стаў прадзірацца, і павярнуў убок. Спярша кінуўся ў вочы конь, што паныла стаяў у вупражы крокаў праз дваццаць ад яго, за ім на санях з падсанкамі сядзела спіной да яго жанчына ў рудым, з чорным каўняром кажушку, і побач, прыгнуўшыся, стаяў мужык у шэрай суконнай паддзёўцы, які засяроджана сачыў за нечым, што рабіла жанчына. Побач на снезе ляжала свежапаваленая сасна, ужо раскрыжаваная, з абсечаным суччам, і Антон здагадаўся, што, мабыць, гэта з вёскі прыехалі ў лес па дровы.
He губляючы, аднак, асцярогі, ён выйшаў з-за бярэзніку на адкрытае і спакойна скіраваў да людзей. Жанчына, што сядзела да яго спіной, не магла яго бачыць, але мужчына, напэўна, учуў яго крокі і ўзняў галаву.
— Добры дзень вам, — спакойна павітаўся Антон, падыходзячы бліжэй; мужчына таропка саставіў нагу з саней, пазіраючы на яго трохі здзіўленым, спалоханым позіркам. Гэта быў малады, крутаплечы хлопец з рэдзенькім пушком на барадзе, у чорнай шапцы-аблавушцы. 3-пад паддзёўкі на ім відаць былі паношаныя армейскія брыджы з нашыўкамі на каленях, і Антон непрыязна падумаў: прымачок, напэўна.
Падобна, так яно і было. Хлопец трымаў у руцэ скібу хлеба з салам, якім яго частавала жанчына, як заўважыў Антон, падышоўшы бліжэй, спрытная, вяртлявая маладзіца, якая непрыязна і бязбоязна зірнула на яго. Тут жа была і дарога з прашараваным да пяску свежым следам ад гэтых саней.
— Добры дзень, — насцярожліва адказаў прымак, усё трымаючы ў руцэ лусту хлеба з пакладзеным на яе салам. Цяпер ужо абое яны трывожна глядзелі на Антона, які сказаў як можна спакойней:
— Па дровы прыехалі?
— Ды во трэба, — няпэўна сказаў прымак і паклаў на калені жанчыны хлеб, які тая адразу прыбрала ў белую зрэбную сумку. Антон ступіў бліжэй і нагой паварушыў цяжкі хваёвы камель, які ледзьве варухнуўся на снезе.
— Ну і таўшчыня! Як вы здужалі такую?
— Во, два мужыкі ды каб не адужалі! — нечакана ахвотна азвалася маладзіца. 3 хвойніку, падпяразваючыся старой вяроўчынай, вылазіў яшчэ адзін мужык, чалавек не маладога ўжо веку, з кароценькай, густа пасрэбранай сівізной бародкай.
— Для будаўніцтва, напэўна? — здагадаўся Антон.
— Падруба пад хату. Згніла, ці ведаеце, тавар быў няўдалы. Вядома, пры цару яшчэ будаваліся, — з добразычлівасцю, без ценю насцярожанасці загаманіў старэйшы і пасля кароткай паўзы папытаў асцярожна: — Здалёк будзеце, пантаварыш?
— Здалёк, — сказаў Антон, адразу адзначыўшы гэтую няўпэўненасць барадача адносна «пана-таварыша». Аднак прасвятляць гэтае пытанне Антон не збіраўся. — А вы адкуль будзеце?
— Ды вунь са Сцяблёўкі.
— Ну, са Сцяблёўкі мы,— пацвердзіла маладзіца. Прымак маўчаў, насуплена, з-пад ілба вывучаючы няпрошанага ляснога госця.
— А ён таксама са Сцяблёўкі? — запытаў Антон, кіўнуўшы ў ягоны бок.
— Таксама, ага. Мужык мой, — заўсміхалася маладзіца, і спакуслівыя ямкі азначыліся на яе ружаватых шчоках.
— I даўно мужык?
— Не-а. Вунь на спаса ажаніліся.
— Панятна, — сказаў Антон і, зірнуўшы на прыкрытую палой кажушка зрэбную сумку з харчамі, падумаў: пачастуюць ці не? Хаця, напэўна, пакуль не вызнаюць, хто ён — пан ці таварыш, — пачастунку не будзе.
Але ён не спяшаўся вызначаць сябе, ён глядзеў на маладзіцу з сімпатычнымі ямкамі на шчоках і на яе мужычка, зусім яшчэ маладога хлопца, які, калі б не вайна і некаторыя звязаныя з ёй абставіны, напэўна, яшчэ пачакаў бы жаніцца. Маладзіца ж з такой закаханаю лагодай пазірала на яго, што Антон адчуў зайздрасць. Халера на іх — ідзе вайна, людзі гінуць, пакутуюць, а гэтыя вось жэняцца і нават падумалі мяняць падрубу. He пудлуе, аднак, гэты хлопец у паддзёўцы.
— Ну еш, еш, Пецечка. На во табе з любавінкай, — хатнім галаском прымаўляла маладзічка перад сваім Пётрам. Антон адвярнуўся.
— А Сцяблёўка гэтая ваша дзе? У якім баку? — запытаўся ён у барадатага.
— А во акурат на ўзлессі. Во тут недалёка.
— А туды што будзе? — кіўнуў ён у той бок, дзе знікала не кранутая санным следам дарога.
— А туды Замошша, Гузы... Пасля гэта, як яе... — забыўся барадаты.
— Ну, Суглінкі яшчэ, — падказала маладзіца.
— Ды не, не Суглінкі, Суглінкі вунь дзе, убаку. А туды Загладзіна, во!
— I Загладзіна, і Суглінкі, і Астравок — усё ў тэй старане, — настойвала на сваім маладзіца, не злазячы з саней. Яе прымачок пачаў моўчкі жаваць хлеб з салам, усё яшчэ кідаючы засцярожлівыя позіркі на Антона. Антон зразумеў ужо, у якім напрамку трэба было ісці, і, каб не выдаць свайго намеру, пра вёскі перастаў пытацца. Запытаўся аб іншым:
— Чужыя ў вёсцы ёсць?
Барадаты з прымаком зірнулі адзін на аднаго, маладзічка кальнула яго недаўменным позіркам.
— Так ета, знаеце, пан-таварыш, — пачаў барадаты. — Ета як палічыць. Калі... Калі немцы, дык няма бытта, а паліцэйскія бываюць. I парцізаны бываюць...
— Панятна, — сказаў Антон. — Далі б хлебца, ці што.
— Ай, дык жа ў саміх мала, — зазірнула ў сумку маладзіца, але дастала акраец і, адрэзаўшы ад яго невялікі кавалак, падала яму.
— А сальца не будзе?
— Ну якое яшчэ вам сала! Самім во па кавалачку.
— Маня, дай чалавеку, — з добрасцю падказаў барадаты, і Маня, не вымаючы рук з сумкі, адкроіла там даўгаватую лусту белага сала.
— Во цяпер дзякуй, — сказаў Антон.
— Ізвіняйце. Мы гэта самае... Думалі, — пачаў і няпэўна замоўк барадаты.
Hi чарта вы не думалі, падумаў Антон, пашкадавалі проста. He патрабуеш, дык і не дадуць, гэта ён засвоіў даўно. Ён зняў рукавіцу і запхаў хлеб з салам у кішэню кажушка. Барадаты, невялічкага росту мужычок знізу ўгару адкрыта, без страху пазіраў на Антона, відаць па ўсім, не супраць паразмаўляць са свежым чалавекам у лесе. Ён толькі не мог, пэўна, даўмецца, хто гэты чалавек і як трэба весці размову. Нарэшце мужычок не стрымаўся:
— Вы гэта ізвіняйце, аднак жа цікава: парцізан вы ці, можа, з паліцыі будзеце?
— А чаму цябе гэта цікавіць? — здзівіўся Антон некалькі просталінейнаму ў такіх абставінах пытанню.
— Ну, бачу, аружыя ў вас. Аружыя, яно, канешне, у модзе цяпер, але...
Антон машынальна сунуў руку за пазуху, далей запіхнуў рукаятку нагана. Усе трое з недажаванымі кавалкамі ў роце чакалі яго адказу.
— А я — чалавек. Чалавек проста. Гэта што — кепска?
— Яно не кепска. Але, знаеце... Цяпер так не бывае.
— Вось ён жа, напэўна, таксама не парцізан? — паказаў Антон на прымоўклага прымака. — I быццам не паліцай яшчэ. А жыве ж? I, бачу, жыць збіраецца, калі надумаў падрубу мяняць.
— Эт! — грэбліва махнуў рукой барадаты і локцем саўгануў штаны. — Якая гэта жысць! Хіба гэта жысць! Удзень бойся, уначы бойся...
— А чаго ж ён не возьме вінтоўку? Ды не пойдзе ў лес? Каб не ён, а яго баяліся?
— Во, во, во! — раптам нядобра закудахтала ў санях маладзіца і саскочыла ў снег. Адставіўшы ўкормлены зад, сварліва выпнулася перад Антонам і замахала рукамі. — Во! Во! Я так і знала, агітатаршчык! Ён яго спакушаць будзе! I слухаць не слухай яго! Ого! У лес! А можа, у яго характар не той! А можа, ён забіваць нікога не хоча? Ён ціхі, ён курыцу не абідзе, а то ў лес!
— Ды ладна ты! — ляніва прамовіў прымак, і шчокі яго запунсавелі, напэўна, ад гэтага няпрошанага яе заступніцтва.
— А во і не ладна! Тожа мне парцізаншчык найшоўся! —
усё болей раз’ятрывалася маладзіца. — Сам, як недабіты воўк, па лясах шастае і другіх яшчэ зманьвае. I яшчэ хлеба яму дай... Ідзі, адкуль прыйшоў!
— Ма-аня, ды сціхні ты! — зноў памкнуўся ўціхамірыць яе прымак. — A то во вазьму і надумаю...
Маня на момант збянтэжылася, але тут жа з яшчэ большай ярасцю накінулася на мужа:
— Ах ты, неданосак! Паспрабуй мне! Я табе надумаю! Я табе пакажу! Даўно цябе ад Параскі адвадзіла, дык цяпер у лес.
Пачыналася сямейная звада, слухаць якую Антон не меў часу, павярнуўся і пайшоў ранейшым следам назад. Яны там усё сварыліся, чуўся жаночы лямант, але ён не азіраўся, ён думаў: дзіўная гэта справа — вайна. Ён даўно ўжо не чуў такога вось сварлівага бабскага крыку і адвык ад усякіх сямейных клопатаў, амаль забыўся, як некалі вярэдзілі яго душу частыя сваркі маці з жонкай старэйшага брата, з якім яны некалі таксама рамантавалі сваю старую хату ў мястэчку, мянялі гэтую самую падрубу і перакрывалі адзін бок даху дранкай. Апошнія перад вайной гады Антон дома бываў не часта, ездзіў па вёсках, спаганяючы з сялян падатак, зарабляў не так многа, але на хлеб і гарэлку хапала. У яго было мноства знаёмых у раёне, не было адбою ад дзяўчат, кожная з якіх, мабыць, з радасцю пайшла б за яго замуж. Але жаніцца ён не спяшаўся, яму хапала іх без жаніцьбы, думаў, яшчэ паспее. Дома з невялікай гаспадаркай, кароваю і гародам упраўлялася турботная, працавітая маці, пераначаваць і паесці ён мог у кожнай знаёмай вёсцы, работай сваёй увогуле быў задаволены, хаця яна і задавала яму клопату, але ён адчуваў, што прыспеў да яе характарам, не размякаў, як іншыя, калі трэба было паказаць цвёрдасць і спагнаць з разгільдзяяў у карысць дзяржавы столькі, колькі той належала па закону. Палёгкі ён не даваў нікому, і за гэта яго паважала начальства ў раёне, калгаснікі таксама паважалі ці, можа, пабойваліся, але для яго гэта было ўсё роўна. Горш было з тымі знаёмымі, якія ад яго не залежалі і над ім не стаялі, такія чамусьці яго недалюблівалі і міпалі на вуліцы, хаця яму было на іх
напляваць, з імі ён не вадзіўся. Ён меў неблагую галаву на плячах і не горш за каго разумеў, што добра, а што кепска. He тое каб ён лічыў, што сам не дужа разумны, — проста ён ведаў, што патурбавацца за агульную справу знойдуцца дзесяткі іншых, а вось клапаціцца аб ім не будзе ніхто, калі ён сам за сябе не паклапоціцца. Таму ён рабіў так, як разумеў, наколькі гэта, вядома, было магчыма, і не любіў, калі яго вымушалі рабіць насуперак яго волі. Праўда, з пачаткам гэтай праклятай вайны ўсё пайшло не так, як заўсёды і як бы таго хацеў ён, ды тут нічога не зробіш. Пачалося з таго, што неяк на зыходзе мінулай зімы ў акно хаты Галубіных ціхенька пастукалі ноччу, Антон расчыніў дзверы, у кухню ўвайшло чалавек шэсць пры зброі. У пярэднім ён не адразу прызнаў раённага началыііка НКУС, з якім да вайны быў трохі ў сяброўстве і думаў, што той цяпер недзе далёка на ўсходзе. Але ён аказаўся паблізу і ў той свой прыход прапанаваў Антону ўступіць у партызанскі атрад. Антону гэта не надта каб спадабалася, ён ужо прымерваўся да новай працы, механікам на лесапільні, але, учуўшы, што ў атрадзе многа знаёмых, наважыўся, спакаваў «сідар» і праз некалькі дзён быў у патрэбным месцы пад лесам. На першым часе ён займаўся рамонтам зброі, сабранай на палях баёў з немцамі, а пасля сам узяў у рукі вінтоўку. I пайшлозакруцілася: стаў камандзірам узвода, целаахоўнікам у камандзіра атрада і во дакаціўся да радавога, што, нібы згаладнелы воўк, як сказала маладзіца, шастае па цёмных лясах, не даючы спакойна спаць людзям.