• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    Антон прыхінуўся да бёрнаў сцяны, паглядзеў за вугал. Ісці ў гэты двор не мела ўжо сэнсу, мяркуючы па ўсім, там пілі паліцаі або нехта з удзелам паліцаяў, што таксама не лепей. Трэба было шукаць іншае месца.
    Па сваіх, ужо ледзьве прыкметных у снезе слядах ён хутка перайшоў за хляўчук і пад прыціхлыя гукі гармоніка пакрочыў да недалёкіх вербаў. I раптам ён ярка прыпомніў, што некалі ўжо бачыў гэтыя пахілыя вербы і сажалку, мабыць, у верасні яны праязджалі тут з Кузняцовым, Антон яшчэ хацеў напаіць каня ў сажалцы, але Кузняцоў спяшаўся і не даў спыніцца. Праўда, ён не ведаў, як называецца вёска, але цяпер ужо і так зарыентаваўся і прыпамятаў, што недалёка быў лес, а наўкось ад яго ручэй і далей хутар, да якога вяла з вёскі абсаджаная бярозкамі наезджаная палявая дарожка.
    Зоська стаяла каля крайняй вярбы, і Антон не адразу ўбачыў яе, але вось яна нецярпліва падалася да яго, і ён моўчкі махнуў рукой, павяртаючы да грэблі ў завейную імглу поля. Гэты раз ён крочыў рашуча і таропка, не чакаючы Зоську, бо ўжо ведаў, куда трэба ісці, і яму карцела хутчэй апынуцца пад дахам. Зноў жа — хацелася есці. Пах смажанай ежы ды гэтае паліцэйскае гульбішча ў хаце не на жарт абвастрылі яго апетыт.
    I сапраўды ён хутка набрыў у полі на радок маладых бярозак, якія роўненька выстраіліся ўздоўж завеянай снегам дарогі, і ўпэўнена павярнуў улева, насустрач ветру. Цяпер ужо не мела значэння, дзе ісці — полем ці па дарозе, і ён пакрочыў уздоўж ледзьве прыкметных у завеі прысадаў. Зоська старалася не адставаць і, угнуўшы галаву, дзе крокам, а дзе і бягом, як-колечы паспявала за ім.
    Як ён таго і чакаў, спярша з прыцемкам з’явіліся дзве вялізныя ліпы ў гародзе, пасля зацямнеліся будыніны хутара — хата, гумно, некалькі хляўкоў каля хаты. Хутарок гэты, як памятаў з восені Антон, не кідаўся ў вочы заможнасцю, ды і хатка мела даволі бядняцкі выгляд — урослая ў зямлю пяцісценка з нізенькімі квадратамі акенцаў. Тады тут калупаўся дзед з некалькімі немаладымі жанчынамі, мужчын у той раз, калі яны сюды заязджалі, не было відаць, і яны ні
    аб чым не пыталіся ў гаротнага, са зблытанай барадой старога, бо не думалі калі-небудзь паявіцца тут зноў.
    Аднак Антон паявіўся.
    Касабокія вароты ў плоце былі зачынены і нечым завязаны знутры, Антон, не спрабуючы адчыніць іх, пераскочыў цераз верхнюю жэрдку плота, дапамог пералезці Зосьцы. Тут ён амаль не баяўся нікога: на гэтым богам забытым хутары наўрад ці хто мог быць старонні. Добра яшчэ, калі тут наогул хто-колечы будзе. Зрэшты, гэта цяпер не мела значэння, ім трэба было перш за ўсё захінуцца ад ветру і трохі аддыхацца ад гэтай начной завеі.
    Прыземістая хата пад вялізнаю шапкай страхі з дрывотняй каля хлеўчука спаткала іх глухой цішынёй і бязлюддзем, з вокнаў нідзе не прабівалася ні плямкі святла, можна было падумаць, што хутар даўно пакінуты і нідзе нікога няма. Але Антон невыразна адчуваў нейкія адзнакі жыцця, хтосьці там быў, хоць і нічым не выдаваў гэтай сваёй прысутнасці. Так ціха і неўпрыкмет жывуць і дажываюць на свеце старыя — самі ў сабе, ціха, малапрыкметна для старонняга вока.
    Зоська след у след тупала ззаду, Антон моўчкі ўзышоў на каменныя прыступкі ганка і піхнуў дзверы ў сенцы. Дзверы, як ён і чакаў, лёгка адчыніліся, выцягнуўшы рукі, ён прамінуў цёмны прастор сяней і неўзабаве намацаў дзверы ў хату. Адчыніўшы іх, адразу пераступіў высокі парог. ды так і застаўся стаяць у прынесеным з сабой белым воблаку сцюжы.
    3 трохі падсветленага свечкай паўзмроку да яго павярнулася некалькі твараў жанчын у цёмным адзенні, іх складзеныя на грудзях рукі раптам замерлі, вымаўленая ціхім голасам маліцвенная фраза перапынілася на паўслове. Антон перавёў позірк ніжэй і са страхам ці агідай зірнуў на жоўты, зморшчаны тварык у дамаўі, забыўшыся зачыніць дзверы і ўжо выразна разумеючы, што з’явіўся сюды недарэчы.
    — Да-а... Ладна, — прамармытаў ён, ступаючы зноў да дзвярэй, адкуль уваходзіла ў хату Зоська.
    Ледзьве асветленыя знізу мільготкім агеньчыкам свечкі, жалобныя твары жанчын зноў павярнуліся да нябожчыцы,
    з ціхай напеўнасцю загучалі незнаёмыя словы каталіцкай малітвы, і ён адчуў, што трэба затрымацца тут хоць бы на адну хвіліну. Мокрай рукой ён сцягнуў з галавы мокрую ад снегу шапку і маўчаў. Зоська вялізнымі вачыма моўчкі ўтаропілася ў нябожчыцу. Напэўна, трэба было сказаць нешта, прыдатнае ў такім выпадку, але ён не мог прыдумаць, што можна сказаць, і ўсё пазіраў то на свечку, то на мёртвы твар і думаў. Мабыць, гэтую яго збянтэжанасць жанчыны зразумелі па-свойму — адна з іх нячутна крутанулася ў змрок і вярнулася з нечым, прыхінутым канцом фартуха.
    — Во, не абяссудзьце на горачка... He абяссудзьце на горачка...
    Яна казала гэта да Зоські, і тая паслухмяна і без слоў узяла ў яе нешта і, слаба піхнуўшы локцем Антона, павярнулася да дзвярэй. Сунуўшы на галаву шапку, Антон з нечаканай палёгкай выбраўся з цёмных сянец на белы ад снегу двор хутара.
    — Халера! — сказаў ён, аддаючыся ранейшаму клопату. 3 начлегам у іх упарта не клеілася.
    Ён не ведаў ужо, куды ісці далей, не папытаўся пра тое ў хаце, а зноў вяртацца туды ў яго не хапала адвагі. Уражаная тым, што ўбачыла, Зоська гаротна стаяла побач, прыціскаючы да грудзей голыя рукі.
    — Што гэта? — запытаў Антон. — А, хлеб? Ану дай сюды.
    Ён узяў з яе рук акраец чэрствага, як камень, хлеба і чатыры звараныя ў лушпінах бульбіны, распіхаў іх па кішэнях, акрайчык засунуў за пазуху.
    — Ну? Пойдзем. Можа, яшчэ што натрапіцца.
    9
    Доўга і амаль навобмацак яны ішлі па голай раўніне поля. Снег, не перастаючы, валіў і валіў у сырых прыцемках. Калені, рукавы і ногі ў Зоські даўно былі мокрыя, і яна думала: хоць бы не прамок сачак, дзе тады пасушыцца? Антон моўчкі з падвойнай энергіяй крочыў і крочыў кудысьці, можа, ведаючы куды, а можа, проста ў ноч, наўздагад. Зоська хацела папрасіць яго збавіць гэты непасільны для яе тэмп, але
    не адважвалася. Ён і тут ведаў мясцовасць лепш за яе, a галоўнае — лепш арыентаваўся ў гэтай снегавой прасторы, і яна з усяе сілы старалася ад яго не адстаць. Яна прытрывалася ўжо да ветру і не звяртала ўвагі на снег, а толькі ўгінала ніжэй галаву, калі твару рабілася невыносна ад сцюжы. Перад яе вачыма ўсё стаяла жалобная сцэна начных хаўтур на тым хутары. He першы раз бачыла яна за вайну, як хаваюць нябожчыка, але такія мірныя, «жаночыя» хаўтуры ёй давялося бачыць упершыню. I, здаецца, ніхто там не галасіў, не плакаў, усе засяроджана, з глыбокай верай маліліся, быццам разам рабілі нейкую важную, хоць і малавясёлую справу. I ні аднаго мужыка — толькі бабы. He, Зоська проста палохалася такіх хаўтур, яны ўражвалі яе сваёй нязвыклай будзённасцю. I, можа, упершыню яна раптам падумала: a якія наканаваны ёй, Зосьцы?
    Але не, ёй рана думаць пра тое, у яе труднае, на некалькі дзён распісанае заданне. Трэба наведацца ў Скідзель і яшчэ ў два хутары, з’ездзіць у Гродна. Можа быць, пашэнціць пабачыць матулю. Ёй трэба яшчэ шмат куды паспець у жыцці, навошта думаць пра пахаванне?
    Аднак яна зноў адстала. Невыразна-расплывісты цень Антона ледзьве ўгадваўся ў ветравым прыцемку, злева цягнулася сцяна хваёвага лесу, і Зоська падумала: няўжо прыйдзецца паварочваць у лес? У лес яна не хацела, ёй лепш было ў гэтым завейным полі, чым у змрочным, шумлівым, загадкавым і страшным лесе. Чвякаючы дашчэнту раскіслымі ботамі, яна пабегла за Антонам, які спыніўся і даў ёй падбегчы поруч.
    — Бачыла? Бачыла, куды мы зайшлі?
    Нізка насунуўшы на вочы шапку, ён паказваў на лес, які няроўным узлескам адварочваў кудысьці ўлева, а наперадзе перад імі цягнулася крывулястая чарада кустоўя і невысокіх дрэў, падобная на прысады дарогі. Каб зразумець нешта, Зоська моўчкі ўгледзелася ў падслепаваты снегавы прыцемак.
    — Лес?
    — Ды не лес. Котра, глядзі.
    — Котра?
    — Ну. Во куды выйшлі. Трэба было правей. Цяпер такога крука даваць...
    Зоська маўчала. У яе нутры ўсё апала ад гэтай нечаканай весткі — сапраўды, калі тут рэчка Котра, дык яны надта адышліся ўбок і даўно прамінулі Скідзель.
    — Цяпер у Скідзель прытупаем ранкам, не інакш, — сказаў Антон.
    — Мне ноччу трэба.
    — Ноччу, канешне, лепей. Але ноччу ўжо не паспеем. He, у Скідзель яна не магла прыйсці ўдзень, калі яе пазнае першая цётка на вуліцы, ёй трэба было ў цемры зайсці з боку Азёрскай шашы, знайсці крытую гонтай хату пад ліпай і пастукаць у другое акенца ад вуліцы.
    Хвіліну пастаяўшы на ветры, яна адчула лёгкія дрыжыкі ў целе, усё ж сачак яе, напэўна, стаў прамакаць, тым болей што снег пачаў брацца імжой, усё ўжо на ёй было мокрае з хусткі да ног. Антонаў кажух таксама пацямнеў ад макрэдзі, хаця Антон, здавалася, не звяртаў жаднай увагі на непагадзь. Далонню ён абыякава выцер сцюдзёныя кроплі з твару і трубна смаркануўся на снег.
    — Ладна. Давай жмі за мной, — сказаў ён, крута павяртаючыся ўправа, у мокрую цемру поля, з якой усё несла і несла па ветры, не зразумець ужо чым — дажджом або снегам.
    Пераборваючы ў сабе лёгкую прыкрасць на Антона, які ўсё ж заблудзіўся, Зоська павалаклася следам. Хада па змакрэлым снезе адбірала апошнія сілы, снег ліпнуў да ботаў, мясцінамі яго наваліла шмат, і яна чэрпала яго халяўкамі; схаладнелыя ногі нават на хадзе ўжо не грэліся. Разважыўшы, аднак, Зоська рашыла, што крыўдаваць на Антона не трэба: пры такой завеі ды бездаражы няцяжка заблудзіць кожнаму. Ва ўсякім выпадку яна магла наогул зайсці невядома куды, бо арыентавалася заўжды кепска і ў дзяцінстве часцяком блудзіла па лесе, калі збірала з бабамі ягады. Праўда, там можна было пагалёкаць, паклікаць мамулю або знаёмых скідзельскіх цётак, тут жа не пагалёкаеш, і ніхто табе не адгукнецца. Тут уся надзея на Антона, і добра яшчэ, што ён зразумеў памылку і ведаў, як яе выправіць.
    Здаецца, ён сапраўды разумеў, куды трэба ісці далей, бо не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў спыніўся каля нейкіх кустоў, пачакаў Зоську.
    — Мабыць, нам падвязло, — сказаў ён ціха. — Пастой тут, я схаджу.
    Зоська ўгледзелася ў зараснік з аблепленым снегам голлем, там зводдаль нешта чарнелася — будынак ці, можа, стог сена, падобна, аднак, — сядзіба. Адвярнуўшыся ад мокрага, са слатой, ветру, яна счакала хвіліну-другую, усё пазіраючы ў цемру і чакаючы адтуль Антона. Але замест Антона неўзабаве пачула яго прыглушаны голас: