Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Ідзі сюды...
«Пэўна, нешта знайшоў»,— радасна падумала Зоська, выбягаючы з хмызняку. Сапраўды, каля зарасніку на снезе выцягнулася сцяна нейкай няўклюднай будыніны з абваленым у адным канцы дахам, разламанай і напаўзавеянай снегам агароджай, нейкім інвентаром, раскіданым вакол і таксама заваленым снегам. Антон дзелавіта абышоў пабудову, зазірнуў у чорны правал шырокіх, насцеж расчыненых варот.
— Во, была сядзіба. Спалілі. Адна абора асталася.
На самай справе, гэта была старадаўняя панская абора — даўгое, змураванае з валуноў памяшканне для хатняй жывёлы з маленькімі акенцамі ў сцяне і чорным праваллем варот. Паблізу болей нічога не было відаць, толькі за аборай высілася некалькі старых дрэў ды цьмеў голы, засыпаны снегам хмызняк.
— Ідзі сюды. He бойся, — паклікаў Антон з цёмных варот, адкуль горка смярдзела пагарэлішчам.
Нясмела ступаючы па снезе, Зоська ўвайшла за ім у страхавіта-пустэльную цемру аборы і спынілася, не ведаючы, куды ступіць далей.
— Сюды, сюды, — паклікаў ён з цемры, і толькі калі ў ягоных руках пыхнула запалка, Зоська ўбачыла ў глыбіні аборы напаўрасчыненыя нізкія дзверы і ў іх цёмную Антонаву постаць.
— Ідзі, не бойся!
Усё, аднак, баючыся, яна нерашуча пераступіла высокі
парог і не паспела яшчэ што разгледзець, як запалка патухла.
— Во, харашо! — з задавальненнем сказаў Антон у глухой цемры і запаліў другую запалку, якая на некалькі секунд асвятліла закапцелую столь, змрочнае каменне сцяны і, на радаснае здзіўленне Зоські, — шырокую топку печы насупраць.
— Во, паняла? — узрадавана сказаў Антон. — Печка ёсць, цяпло будзе. Сядай сюды, на салому ці што тут... Сядай! Зараз мы расшуруем печку. He можа быць...
He ў сілах ужо саўладаць з дрыжыкамі, якія калацілі яе ўсё болей, Зоська апусцілася ў цемры на штось сцюдзёнае і мяккае, не стрымаўшыся, паляскала трохі зубамі. Настылыя мокрыя рукі засунула ў трохі яшчэ сухую пазуху, згорбілася, сціснулася ў барацьбе са сцюжай, якая ўладарна ахапіла яе, і заплюшчыла вочы. Дрыжыкі люта калацілі яе, але тут не было ветру, а галоўнае, было ціха, і не трэба было ісці. Перад вачыма яе ўсё зазыбалася, паплыло ў дрымотнай знямозе, і яна сапраўды заснула — раптам і так моцна, што адразу перастала адчуваць, дзё яна і што з ёю робіцца.
Аднак спала яна нядоўга, можа, некалькі хвілін, не болей. Яна зразумела гэта, раптам прачнуўшыся ад яркай бліскавіцы агню — Антон калупаўся ля печы, распальваў нейкія абломкі дошак, і яна зноў здрыганулася ад сцюжы і спалоху.
— He бойся! Гэта я — з пораху з патрона. He гарыць, халера.
Прысеўшы ля топкі, ён шумна дзьмуў у яе, дашчаныя абломкі ляніва тлелі кволым агнём і густа капцілі дымам, які не хацеў ісці ў печ і кручанымі струменямі валіў у абору. Але вось Антон дзьмухнуў з усёй сілы — між дошак выслізнула некалькі язычкоў полымя, і Зоська супакоена заплюшчыла вочы...
Зноў прачнулася ад лёгкага дотыку да яе нечай рукі, але яна ўжо ведала, што гэта рука Антона, і не спалохалася, слухаючы яго падабрэлы, спакойны, амаль хатні голас:
— Чуеш?.. Давай распранайся. Будзем сушыцца.
Яна расплюшчыла вочы, з прыемнасцю адчуваючы ла-
годны подых цяпла — у печцы ваўсю палалі дошкі, чорныя канцы якіх няўклюдна тырчэлі з топкі, па нізкай столі і каменных, з марозным бляскам сценах гулялі агняныя бліскаўкі. Антон стаяў перад ёй на каленях у вясковым ваўняным світэры, іюбач, распяты на палках, сушыўся яго кажушок.
— Чуеш? Распранайся, цёпла ўжо.
Сапраўды, цесная гэта каморка поўнілася дымным цяплом, парай і цішынёй, якая парушалася хіба гулам полымя ў печы. Зоська перамагла ў сабе рэшту дрымоты і ўсміхнулася.
— Ну, сагрэлася?
— Сагрэлася.
— А гаварыла... Са мной не прападзеш, малеча, — бадзёра паабяцаў Антон і далонню піхнуў канцы дошак, заганяючы іх у топку, з якой шуганула роем іскраў у столь.
— Ой, каб пажару не было!
— He будзе: камень. А згарыць, не бяда. Здзявай боты, мусіць жа, мокрыя?
— Мокрыя.
— Знімай куртку, усё — сушыць будзем. Тут цяпер ні душы. Самая блізкая вёска за Котрай.
Яна развязала мокрую, скамечаную хустку, якую Антон адразу ўзяўся начапляць ля кажушка, здзела сачак, хвіліну патрымала яго перад топкай, пакуль густыя струмені пары не павалілі ў печ. Боты і падол спадніцы былі мокрыя, мабыць, яшчэ з учарашняга, яна здзела боты, а затым, счакаўшы, сцягнула і свае ваўняныя панчохі. Антон умела ўладкаваў усё гэта на палках бліжэй да печкі.
— На во, сядай на кажух — ужо высах. Ого, як угрэўся! Агонь!
Яна з асалодай апусцілася на цёплую поўсць знаёмага ёй Антонавага кажушка, выткнула мокрыя расчырванелыя калені да прыемнага агню з печкі.
— Та-ак! — задаволена вымавіў Антон і падсеў бліжэй. — А цяпер перакусім. Во па кавалку хлеба і па дзве бульбіны. За памінак душы той бабусі, — пажартаваў ён і пераламаў надвая акрайчык.
На хвіліну прымоўкшы, яны ўзяліся есці хлеб з бульбай і хутка ўсё з’елі, нічога не пакінуўшы на заўтра. Вядома, яны не наеліся, але наракаць на голад не сталі, здабыць болей харчу тут усё роўна не было дзе. Належала трываць да заўтра.
— Ну во і паначуем. А што? Лепш, чым у якой-небудзь хаце, — сказаў Антон і яшчэ бліжэй пасунуўся да Зоські, жартоўна таўхануў яе локцем. — Удваіх, ніхто не замінае. Праўда?
Яна не адказала і не адсунулася, толькі смяшліва зірнула. Яно, можа, і лепш, падумала Зоська, а можа, і не. У гэтай іх адзіноце было многа прыемнага, але нешта і палохала, хаця яна старалася не думаць аб тым. Цяпер ёй было добра, цёпла і нават супакоена на душы. Сапраўды, над галавой быў дах, у печцы гарэў агонь, а побач сядзеў той, хто ўжо столькі дапамог ёй. Хацелася думаць, што ён і далей будзе побач і ўсё абыдзецца добра.
— Во сядзіш, а маці, пэўна, і не сніць, што яе дачка каля Котры начуе.
— Мама, напэўна, даўно ўжо мяне пахавала. 3 самай вясны не бачыліся.
— Ну, гэта яшчэ нічога не значыць,— суцешыў Антон. — Людзі ўсё роўна скажуць. Бачылі ж, мусіць, цябе знаёмыя дзе ў вёсках, маглі перадаць.
— Можа, і бачылі, — пагадзілася Зоська, не ведаючы яшчэ, як думаць пра гэта — добра ці не, што бачылі яе сярод партызан. Добра, калі перадалі маці, але маглі перадаць і каму не трэба, тады яе партызанства магло кепска адгукнуцца для маці.
— Мая во іншая справа, — сказаў раптам Антон. — Няма каго баяцца. Ніхто тут мяне не ведае, ніхто за мяне не турбуецца.
— А ўжо ўведалі, мабыць. 3 Кузняцовым жа ты ўсе вёскі аб’ездзіў.
— А ў весках хто мяне дзе прыкмеціць? Прыехаў і паехаў. Партызан, як усе.
— He скажы. Дзяўчаты прыкмецяць. Прыкметны. Антон з лёгкай усмешкай зазірнуў ёй у вочы.
— У гэтым сэнсе згаджаюся. Прыкметны. Але што мне дзяўчаты! Я сам запрыкмеціў адну.
— Дзе? — трапятнулася Зоська, павяртаючыся да яго тварам.
Антон лёгенька пацепаў яе цяжкой рукой па плячы.
— А ў атрадзе. Разведчыцу адну. Слаўненькую такую малечу.
— Ай, няпраўда, — знарок з недаверам сказала Зоська, адчуўшы, аднак, як соладка зашчымела ў яе грудзях.
— He, праўда. Сама ж разумееш, на што пайшоў. I дзеля каго. Засятка ты мая...
Ён узіраўся ў яе ўжо без ценю іроніі. Крамяны яго твар з трохі зашчаціненым падбародкам зрабіўся сур’ёзны і наблізіўся да яе твару. Зосьцы стала ніякавата, яна не ведала, як адказаць, і, сумеўшыся, узяла яго левую руку, што лягла ёй на калені, далікатна паціснула яе.
— За гэта дзякуй. Толькі...
— He трэба цяпер пра гэта. Тут справа ў тым, — сказаў ён і, сціхлы, асцярожна, быццам у роздуме, абняў яе. Яна лёгенька здрыганулася, напружылася і маўчала. — Справа ў тым, што...
Яна напружана чакала, замершы ў яго дзіўна хвалюючых абдымках, а ён раптам закінуў да сябе яе галаву і з нейкім адчаем рэзка пацалаваў у вусны.
— Антон!..
— А што я магу зрабіць? — усхвалявана выдыхнуў ён, не аслабляючы на ёй сваіх учэпістых рук. — Пакахаў я цябе.
— Праўда? — здзіўлена прашаптала яна, збянтэжаная гэтым яго прызнаннем. Ніхто яшчэ не казаў ёй гэтага слова ды яшчэ такім сур’ёзным, амаль роспачным голасам; яна ўся замерла ад жаху, у абсалютным, ні з чым не зраўняным шчасці.
— Во! Знаеш, цяпер я гатовы на ўсё, — яшчэ болей рашуча сказаў ён дрыготкім голасам. Яна нерухома сядзела ў яго цёплых, утульных абдымках, са здзіўленнем слухаючы, як моцна загрукала яе сэрца.
— Вось я сказаў табе ўсё. Ведай. А ты што мне скажаш? Зоська маўчала, стараючыся зразумець свае адчуванні.
Ёй было вельмі не проста так вось у самыя вочы сказаць пра ўсё, што яна адчувала да гэтага чалавека, і нават самой
да канца зразумець свае да яго пачуцці. Было ёй і прыемна, і радасна, і адначасова страшна чагосьці, і яна не ведала, якое з гэтых адчуванняў галоўнае і нават якое праўдзівае. Але, здаецца, у гэтую хвіліну ён разумеў яе лепш, чым яна самую сябе.
— Ты ж мяне тожа, я знаю... Кахаеш?
— Знаеш, я тожа, — ціха сказала яна. — Слаўны ты...
— Ну во і дзякуй, — горача выдыхнуў ён ля самага яе вуха і зноў пацалаваў у шчаку, у пераноссе, а пасля — доўгім рашучым пацалункам у вусны.
— Ой, так не можна! — задыхнулася Зоська.
— Можна... Можна...
Печка з агнём хіснулася ўбок, Зоська адчула блізкую цеплыню кажушка і дзіўна завалодаўшую ёю мужчынскую сілу Антона, таропкія рухі ягоных уладарных рук, ад якіх ужо не было як абараніцца.
— Антон!.. Антоша...
— Усё добра, усё добра, малышачка, — прашаптаў ён.
— He трэба, Антон... He трэба...
Ён, аднак, ужо не адказваў, і яна з выразнаю безнадзейнасцю зразумела ўсю няўхільнасць яго ўладарнай сілы. Яе ж сіла і воля зніклі, утапіліся ў яе страху і цёплай асалодзе яго абдымкаў. Яна толькі адчувала, што так не трэба, што яна робіць кепска, затуманенай свядомасцю яна добра зразумела, што гіне, але ў гэтай пагібелі была магутная зваблівасць, а галоўнае, было ўсведамленне, што гінула яна разам з ім. To было галоўнае яе апраўданне і яе суцяшэнне, а можа, і вялізнае яе шчасце.
Яна не памятала, што было потым. Магчыма, настаў сон або дзіўнае ўсепераможнае небыццё, калі прападае памяць і адчуванні, на некалькі доўгіх гадзін яна перастала адчуваць сябе ў гэтым свеце, быццам прысутнічала ў ім, страціўшы прытомнасць... Прачнулася яна таксама, як і заснула, — раптам, ад нейкага трывожнага штуршка знутры і, баючыся паварушыцца, расплюшчыла вочы. У цеснай каменнай каморцы было цёмна, але некалькі шчылін у заткнутым саломай акенцы ўжо світальна блішчалі, канцы саломін ля шчылін ціхенька ляскаталі ад ветру. Было сцюдзёна, у чорным квад-