• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    най суконнай апранашцы пажылы чалавек з тоўста абвязанай шыяй. Ён глухавата адкашляўся, хутка супакоіў сабачку. Антон уважна павітаўся:
    — Здароў, Петракоў.
    — Здароў, — глухім голасам адказаў чалавек, стоячы на абрыве. За ягонымі плячыма відаць былі дашчаныя дзверы зямлянкі, іржавы камінок над якой капціў клоччам шызага дыму.
    Антон прапусціў Зоську наперад.
    — Кажы пароль.
    Яна і сама ведала, што трэба назваць пароль, але ці гэта трэба зрабіць цяпер, ці потым, яна забылася. Як заўжды, выручаў Антон.
    — Прывет вам ад Міроныча, — сказала яна, з увагаю пазіраючы на худы, з шэрым шчаціннем твар Петракова. Той, ціха кашлянуўшы, прамовіў водзыў:
    — Даўнавата з кумам не бачыліся.
    Здаецца, усё было правільна, пароль і водзыў супалі. Зоська з палёгкай уздыхнула і тут жа надумала запытаць, як наконт пераправы, ды Петракоў павярнуўся на абрыве.
    — Гэта... Сюды ідзіце. Ціш ты, шкварка! — крыкнуў ён на сабачку, які зноў паспрабаваў накінуцца на Антона. Зоську ён яўна ігнараваў увагай, увесь свой гнеў кіруючы на яе спадарожніка.
    — Гэта... Прайдзіце пакуль што... Во сюды, — адчыніў Петракоў падвешаныя на скуратах дзверы зямлянкі, з якой прыемна дыхнула на іх цеплынёй і дымам.
    Зоська і Антон, прыгнуўшыся, улезлі ў цесненькую, выкапаную ў рове зямляначку з абломкам шкла ў дзвярах замест акенца, лаўкай і добра напаленай печкай, дым з якой упарта не хацеў лезці ў комін і раз-пораз кідаўся ўсярэдзіну. Петракоў працёр далонню слязлівыя вочы і ўзяў з долу бот, за якім пацягнулася доўгая нітка дратвы.
    — Зашыць трэба... А вы гэта, сядайце, — кіўнуў ён на лаўку, сядаючы сам каля печкі. — Пакуль Барматухін лодку прыгоніць.
    Яны селі. Зоська бліжэй да печкі, Антон — ля самых дзвярэй. Антон беглым позіркам акінуў зямлянку.
    — А дзе ж начальнік твой?
    — А няма начальніка, — сказаў Петракоў, з натугай круцячы шылам дзірку ў задніку.
    — Як? Быў жа сяржант гэты. 3 дэсантнікаў. Петракоў адкашляўся, плюнуў у кут за печкай.
    — Быў. Папаўся сяржант. Цяпер я во.
    — А, гэтак...
    — Так во. А вы туды? — падняў ён на Зоську нейкі спакутаваны позірк счырванелых, мусіць, ад дыму, вачэй.
    — Туды, — скупа пацвердзіла Зоська. Петракоў, сціскаючы ў руках бот, ціха ўздыхнуў.
    — Да-а-а...
    — А што? — не зразумела Зоська.
    — Ды нічога, што ж... Учора вунь вярталіся хлопцы з Чапаеўскага. Двое. Трэцяга няслі ў пасцілцы. Во боты з яго.
    Зоська перацяла дыханне.
    — Што? Забілі?
    — Забіты. Дзве кулі. Адна ў грудзі, другая ў жывот.
    — Да, дрэнь справа, — паморшчыўся Антон.
    Зоська моўчкі сядзела, непрыемна ўражаная гэтаю весткай, хаця, калі разважыць, чаго тут было здзіўляцца? Ці мала дзе каго забілі — ішла вайна, і забівалі кожны дзень сотнямі. I ўсё ж яна адчувала, што гэта між іншым пачутая навіна мела нейкія адносіны і да яе, — можа, забіты перапраўляўся на той бок ля гэтага самага Астраўка, ды і забілі яго недзе ў тых жа мясцінах, дзе прыйдзецца дзейнічаць ёй. Зноў жа размова пра кулю ў жывот заўжды выклікала ў Зоські непрыемнае адчуванне. Болей за ўсё яна баялася менавіта кулі ў жывот, хаця і разумела, што атрымаць кулю ў галаву ці ў грудзі, мабыць, не лепей. Петракоў з дапамогай самаробнага шыла і дратвы старанна рамантаваў бот, увесь час хрыпла пакашліваў, і Зоська, гледзячы на яго тоўста абвязаную нейкай суконкай шыю, сказала:
    — У вас горла баліць, ага?
    — Ды ўжо баліць, — адказаў ён, не адрываючыся ад свай'го занятку. — Застудзіў і вот... Відаць, дакашляю гэту зіму.
    — Ну чаму вы так! — здзівілася Зоська, адчуўшы ў ягоным голасе тужлівыя ноткі. Петракоў толькі махнуў рукой.
    — А, усё роўна. Чым жысць такая...
    Антон нецярпліва рэзка ўстаў з лаўкі і, сагнуўшы галаву пад нізкаю столлю, зірнуў праз няшчыльна прычыненыя дзверы, з якіх усё несла ветрам і сцюжай.
    — Ну дзе ж твой Барматухін? Ці, можа, ты перавязеш?
    — Барматухін перавязе. Ён цяпер перавозчык. Антону яўна тут не сядзелася, ды і Зоська ледзьве трывала ў гэтай прагорклай ад дыму зямлянцы. Цяпер яе, праўда, расчуліў спакутаваны выгляд Петракова, і ёй стала шкада хворага чалавека.
    — Дык, можа, лякарства трэба якое? Можа, вам мёд памог бы? — сказала яна, настылымі рукамі пагладжваючы прыгрэтае ля печкі калена.
    — Якое лякарства! Мне ўжо нішто не паможа, прыйдзецца таго... Сухоты ў мяне, — проста паведаміў Петракоў і змоўк, глыбока засунутай у халяву рукой мацаючы канец дратвы.
    Зоська збянтэжылася. Яна не ведала, што ў такіх выпадках можна сказаць чалавеку, чым суцешыць яго. Ды і ці трэба суцяшаць наогул?
    Сабачка, які быў недзе знік, радасна заскавытаў па той бок дзвярэй, Антон зірнуў праз акно і адступіўся. Дзверы шырока расчыніліся, і ў іх паявіўся, відаць, вельмі азяблы хлапчук з худзенькай шыяй і ў сямі нейкіх неахайна захінутых на грудзях апранахах. На яго галаве, глыбока насунутая на вушы, сядзела шэрая паношаная кепка з гузічкам наверсе.
    — Сігнал давалі, дзядзька Мікалай?
    — Даваў, як жа. Во перавезці, — паказаў позіркам на гасцей Петракоў, і Зоська здагадалася, што ўрэшце прыйшоў Барматухін. А яна думала, што гэта будзе чорны мужык з барадой. Хлопец, аднак, увайшоў у зямлянку і прычыніў за сабой дзверы, за якімі тоненька віскатаў сабачка.
    — Закалеў. Такі вецер усчаўся...
    — «Сала» ўсё прэ? — запытаў Петракоў.
    — Яшчэ болей стала. Такія крыгі — ого!
    — Стане Нёман, — рашыў Петракоў. — Хужы дзела будзе.
    — А нам хужы не будзе, — сказаў Барматухін.
    Ён прысеў перад печкай, працяг да агню скорчаныя ад сцюжы рукі, і Зоська падумала: як жа ён іх пераправіць у такі ледаход? А раптам аб лодку стукнецца крыга, і яны апынуцца ў вадзе. Але Нёман — не балотная рэчка, адсюль не так проста выбрацца на бераг. Яна са страхавітым клопатам пазірала на Петракова і хлопца, якія быццам і не думалі аб тым. Барматухін, усё трымаючы ля агню настылыя рукі, павярнуў да яе востранькі, з пасінелым носам, тварык і нібы падміргнуў нават.
    — На сувязь? У разведку?
    — Барматухін! — са зморанай строгасцю прыкрыкнуў Петракоў. — Табе што? За чым нада, за тым і ідуць.
    — А! — расчаравана выдыхнуў хлопец. — Бытта няведама, па што за Нёман ходзяць. Абы варочаліся.
    — Як-небудзь пастараемся, — сказала Зоська.
    — Во-о! Так усе гавораць. Толькі не ўсе варочаюцца. У нядзелю перавозіў шасцярых, два разы лодку ганяў. А ўчора вяртаюцца трое. I то адзін нежывы. Застрэлены.
    — Барматухін! — зноў спыніў яго Петракоў. — Памаўчы лепш.
    — Ды я — калі ласка, — з гатоўнасцю пагадзіўся падлетак і ўстаў. — Ну дык пайшлі хіба?
    Ямчэй захінуўшы на грудзях свае надзетыя адзін на адзін пінжачкі, ён тужэй падперазаўся брызентавай, ад вайсковых штаноў, папружкай і нагой піхнуў лёгкія дзверы. Яны адзін за адным выйшлі на вузенькую прыступку каля парога. Зоська, азірнуўшыся, сказала Петракову:
    — Як-небудзь папраўляйцеся, дзядзька.
    — Ды дзякуй, — без асаблівай удзячнасці азваўся Петракоў.
    Пасля дымнага цяпла зямлянкі на дварэ іх адразу ж ахапіла сцюжай, пранозліва дыхнуў з ракі вецер, Зоська дробненька здрыганулася. Але Барматухін ужо бег па сцяжынцы да берага, і яны рушылі следам. Зоська ўся ўнутрана сцялася, пазіраючы на ледзяны крыгалом на рацэ, цераз якую ім трэба было пераправіцца.
    Барматухін тым часам з хрупасткім шоргатам абламаў
    тонкі ледзяны закраек ля берага, спіхнуў з водмелі пласкадонку і прытрымаў яе за драўляны нос.
    — Залазьце.
    Антон лёгка і ўпэўнена сігануў цераз борт, падаў руку Зосьцы, і тая са страхам няспрытна ўлезла ў лодку, на дне якой плёскалася вада і плавалі празрыстыя кавалачкі лёду.
    — Праходзьце далей. Адзін на карму, другі на сярэдзіну. I сядайце, сядайце! Стаяць не можна! — звыкла распараджаўся Барматухін. Калоцячыся ад сцюжы і страху, Зоська апусцілася на мокрую папярэчыну, Антон прысеў на карме. Барматухін паднатужыўся, адпіхнуў лодку ад берага і ў апошні момант спрытна ўскочыў у яе сам.
    Зоська ледзьве жывая сядзела на папярэчыне, з усяе сілы трымаючыся рукамі за мокрыя бакавіны лодкі, якая пагрозліва зазыбалася, выцялася носам аб крыгу, але на дно не пайшла і нават не зачэрпнула вады. Стоячы на карме, Барматухін спрытна працаваў вяслом, ва ўсе бакі круцячы сваёй круглай у кепцы галавой. Паволі лодка паплыла ад берага, пасля яе імкліва падхапіла цячэнне і, на вялікі страх Зоські, хутка панесла між крыгаў. Але Барматухін таксама тут не шманаў — размахваючы вяслом, то гроб, то адштурхоўваўся ад цяжкіх крыгаў, адпіхваючы іх далей ад лодкі. Разы два крыгі ўсё ж здорава грукнулі ў борт, вада ў лодцы плёхнулася, Зоська яшчэ мацней учапілася ў дошкі бартоў, у яе кружылася галава, а лодка здавалася такой ненадзейнай, што проста дзіва было, як яна яшчэ трымаецца на паверхні ў гэтым калаўроце крыг і вады. Але лодка трымалася, і Барматухін яшчэ неяк кіраваў ёю — наўкось да процілеглага, у лазняках, берага. Пераадолеўшы першы спалох, Зоська нясмела азірнулася — нізкі пясчаны астравок і лясны бераг з прамоінай прыкметна аддаляліся, ужо ледзьве стала відаць сцяжынка на абрыве, і зусім прапала за выступам Петракова зямлянка, наўкола шырока разлёгся вадзяны прастор, і бясконцыя чароды крыг імкліва праносіліся міма. Але ўрэшце і сярэдзіна ракі засталася ззаду, лодка ўвайшла ў болей спакойную ўзбярэжную плынь. Тут крыг стала меней, яны ледзьве плылі, раскручваючыся амаль на адным месцы, і ў Зоські палягчэла на сэрцы. Рухава рас-
    піхваючы лёд вяслом, Барматухін прывёў лодку ў хмызняк, дзе яна супакоена торкнулася нарэшце ў падмыты край берага.
    — Фу! — з палёгкай выдыхнула Зоська. — Ну і нацярпелася страху.
    — Які тут страх? — здзівіўся Барматухін. — Хіба тут страшна?
    Антон першы выскачыў на бераг, дапамог выйсці Зосьцы.
    — Ну, перавозчык, дзякуй табе, — сказаў ён.
    — Няма за што, — бойка і, мабыць, звыкла адказаў Барматухін. — Вы, гэта самае, направа не хадзіце, там вёска. I па беразе не ідзіце: небяспечна па беразе.
    — Гэтак? Ды што ж нам — па паветры, ці што? — здзіўлена пажартаваў Антон.
    — He, не па паветры, — сур’ёзна адказваў Барматухін, стоячы ў лодцы і старанна хукаючы на свае скалелыя рукі. — Вунь на дрэва трымайце. Там скора лес будзе.
    — Ну што ж, пойдзем на дрэва, — пагадзіўся Антон,
    — А будзеце вяртацца, во тут у лазе лодку знойдзеце.
    — Ясна.
    Яны палезлі ад ракі на некруты, але слізкі ад снегу бераг, а Барматухін, трохі адплываючы ў ціхай вадзе, усё дзьмуў на свае азяблыя пальцы.