Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Ён спорна крочыў між соснаў да рова, і ў ім усё расла, падступала да сэрца туга па самым звычайным, шэранькім, як ва ўсіх ці ў большасці, мірным сялянскім жыцці пад дахам, сваёю сям’ёй, з такой вось порсткай маладзічкай побач, каб без страху, вайны — у добрасці і міры.
Але ён толькі безнадзейна ўздыхнуў — так гэта было далёка і так недасяжна. Добра гэтак марыць таму, у каго ёсць хоць якая-небудзь гарантыя адносна жыцця наогул — у яго ж не было жаднай гарантыі наогул. Ён ні на што не спадзяваўся, бо ведаў, што не сёння, дык заўтра гарачая куля распластае яго на снежнай траве і справе канец.
Добра яшчэ, калі пахаваюць па-людску. A то ніхто і не знойдзе, і ён будзе ляжаць пад снегам да самай вясны. Калі згаладнелыя за зіму ваўкі і лісіцы не парасцягваюць ягоныя доўгія косці па сваіх лясных схованках.
Зоську ён згледзеў яшчэ здалёку, тая цярпліва чакала яго на ўзроўку, дзе ён пакінуў яе, і Антон, прыпыніўшыся, махнуў два разы рукой — давай, ідзі сюды!
7
Яны трошкі збочылі ад рова і неўзабаве прытупалі да нешырокай лесавой дарожкі, прысыпанай свежым, не кратаным нагамі снегам. Антон зірнуў у адзін бок дарогі, у другі, саней адсюль не было відаць, і ён упэўнена павярнуў направа, пакідаючы ззаду шырокія сляды на снезе, у якіх зажаўцеўся дарожны пясок.
— Во, разжыўся, — сказаў Антон, дастаючы з кішэні абкрышаны кавалак хлеба. — Халера на яе, баба не хацела даваць, ледзьве выцыганіў.
Зоська міжволі праглынула сліну, атрымаўшы ў рукі палову кавалка свежага сялянскага хлеба з вузенькаю паскай сала.
— Смачна як пахне! — панюхала яна хлеб. — Любіла такі, на кляновых лістках. Мама пякла.
— Еш, — проста сказаў Антон, са смакам адкусіўшы сам.
— Зоська нарэшце ўгрэлася, ісці па роўнай дарозе было куды лягчэй, чым прадзірацца праз калючы гушчар, яна расшпіліла верхні гузік свайго плюшавага сачка і адпусціла вузел хусткі на шыі. Хвойны аснежаны бор ледзь чутна шумеў угары, зверху паволі плылі-ападалі рэдкія прыгожыя сняжынкі. Было ціха. Дзесь чуўся дробненькі стукат дзятла, але Зоська не звяртала на яго ўвагі, яна ўвесь час пазірала наперад, дзе знікала пакручастая лесавая дарожка. Туды ж кіраваў позірк і Антон, які проста і натуральна ўзяў на сябе частку яе дарожнага клопату і звязанай з ім небяспекі. Усё гэта іншы раз магло б толькі парадаваць Зоську, але цяпер яна мала радавалася, хутчэй наадварот, — усё яшчэ не магла
вызваліцца ад сваіх трывожных сумненняў. Праўда, за сябе яна менш баялася — яна трывожылася за Антона.
— Слухай, вяртайся назад. Тут ужо я сама прайду,— сказала яна, ідучы ззаду, і Антон крута азірнуўся.
— Нашто? Я правяду.
— Што, да самага Нёмана?
— Там будзе відаць, — няпэўна адказаў Антон, і яна не стала пярэчыць — адчула, што ён яе не паслухае. Яна разумела, якімі непрыемнасцямі пагражала абодвум гэта яго ўпартасць, але пярэчыць яму не магла. А можа, і не хацела нават.
— Там прыехалі па сасну. На падрубу, — кіўнуў ён галавой, трошкі стрымліваючы свой крок. — Прымачок адзін з дзеўкай. Вайна вайной, а яны будуюцца.
— Ды хіба мала такіх! Думаюць, адседзяцца, перачакаюць. Хай за іх другія ваююць, — зласліва сказала Зоська, і Антон уважліва паглядзеў на яе.
— Гэта так, — пагадзіўся ён. — Ды ўсім жыць хочацца.
Жыць хочацца ўсім, падумала яна, але, мабыць, справа не ў гэтым. Хіба не хочацца жыць тым, хто гіне са зброяй у руках, каго арыштоўваюць і знішчаюць за сувязь з партызанамі, нарэшце, тым няшчасным, ні ў чым не вінаватым, якіх нішчаць толькі за іх паходжанне? Хіба не хацеў жыць яе швагер Леанід Міхайлавіч, выкладчык матэматыкі ў местачковай школе, чалавек зусім бяскрыўдны і безадмоўны, затузаны сваёй уладарнай жонкай, роднай сястрой Зоські. Некалі здавалася Зосьцы, якая ціха недалюблівала швагра за гэтую яго бесхрыбетнасць, што ён з лёгкасцю пражыве пры ўсякай уладзе, сцерпіць усё, нікому не скардзячыся і нават ні на каго не пакрыўдзіўшыся. Але вось не ўдалося пражыць Леаніду Міхайлавічу нават першую ваенную зіму — у сакавіку яго ўжо арыштавала гестапа.
Зоська дагэтуль не магла сабе ўявіць, якую віну перад немцамі меў Леанід Міхайлавіч і завошта яны яго расстралялі. Але, мабыць, штось было, інакш бы ён так не развітваўся з жонкай, дзецьмі і Зоськай пры арышце — развітваўся назаўжды, са спакойным усведамленнем непазбежнасці кары і свайго злога лёсу.
Тым часам вузкая лясная дарожка вывела іх на шырокі прагал з бальшаком і лініяй сувязі, якія пад вострым вуглом перасякалі іх шлях. Там яшчэ здалёку былі прыкметны нейкія сляды ад палазоў ці колаў, па ўзбочыне нехта нядаўна прайшоў, пакінуўшы неглыбокія ямкі ў снезе. Антон толькі выйшаў з-за прыдарожных дрэў і адразу ж павярнуў назад.
— Давай стараной. Ну яе, гэтую дарогу...
Яны сышлі ў лес, прабраліся праз калючы гушчар маладога хвойніку і пайшлі лесам зводдаль ад бальшака, аднак не губляючы таго з поля зроку. На бальшаку было пуста, прадзірацца ж праз хваёвы зараснік і падрост каштавала немалых сіл, куп’істая лесавая зямля з пнямі, жорсткай папараццю і галлём не давалі як разысціся, і Зоська падумала: можа, варта было б рызыкнуць і пайсці бальшаком. На самай справе, яна ўжо здарова прытамілася на гэтым шляху і ледзьве спраўлялася за Антонам, шырокія плечы якога мільгалі ў зарасніках. Зоська хацела была паклікаць яго, але перадумала: добра ёй з дакументам і пропускам, а як будзе яму ў выпадку сустрэчы з паліцыяй або немцамі? Адзін ягоны наган можа загубіць абаіх... I яна моўчкі цярпліва прабіралася па ягопым следзе ў неверагодна калючай хвойнай гушчэчы, з якой яны вылезлі на імшарыстую нізінку, зарослую старым змрочным ельнікам. Тут было ціха, цёмна і дзікавата, нібы ў склепе. Шумна дыхаючы, Зоська раптам заўважыла, як Антон знерухомеў наперадзе між дзвюх абымшэлых елак, і яна затаіла дыханне: з боку дарогі чуўся прыглушаны маторны гул, ён набліжаўся, з ім разам данесліся галасы, мужчынскі смех. Антон засцярожліва падняў руку.
— Чуеш, немцы...
У Зоські абмерла сэрца, яна прыслухалася — гул нядоўга патрымаўся на ранейшай ноце за ельнікам і памалу стаў слабець, аддаляцца. Падобна было на тое, што там сапраўды праехалі немцы, і яна падумала: добра, што Антон збочыў з дарогі. Так лепш, хаця і цяжэй. Мабыць, дарогі цяпер не для іх.
Пасля яны быццам усё ж згубілі бальшак, таму што за гадзіну лесавога шляху з таго боку не данеслася ніводнага гуку, зніклі і ўсе іншыя адзнакі дарогі. Антон пакрочыў трошкі марудней, і Зоська пачала выроўніваць сваё дыхан-
не. Яна ўжо страціла ўсякае ўяўленне аб гэтай мясцовасці, ніяк не арыентуючыся ў дзікім незнаёмым лесе і спадзеючыся толькі на Антона, які, мабыць, ведаў, куды вёў яе. Яны перайшлі дзялянку са штабелем нарыхтаваных хваёвых дроў, пералезлі шырокі круты роў, з надта слізкага схілу якога Зоська з’ехала на спіне, а пасля ледзьве ўзлезла на другі, не меней абрывісты бераг. Рукавы сачка, калені і спаднічка зноў прамоклі наскрозь, выкачаныя ў снезе. За ровам вялікі лес кончыўся, пачалося драбналессе, падзьмуў вецер, у якім паранейшаму гойсалі рэдкія сняжынкі. Неба нядобра хмурылася, стала сцюдзёна, але нейкія няўлоўныя адзнакі ўжо сведчылі пра набліжэнне ракі, рэльеф прыкметна памкнуў уніз. I вось наперадзе, між прывольна разбегшыхся па схіле сосен, зашарэў пусты, прытуманены снегападам абшар. Вады яшчэ не было відаць, а лес скончыўся, і Зоська зразумела: яны падышлі да ракі.
«Малайчына, правільна. He заблудзіўся», — з задавальненнем падумала яна пра Антона і бягом дагнала яго.
— Ну, во, пажалста. Выйшлі! — кіўнуў ён рукой на разлеглае ўнізе рэчышча.
Яны нетаропка абышлі маладыя хвойкі і спыніліся на абрыве. Унізе, каля іх ног, магутна гнаў сцюдзёныя хвалі Нёман.
Некалькі разоў у дзяцінстве Зоська бачыла гэтую раку, але ўсё ў летні час, і тая не рабіла на яе вялікага ўражання — абмялелая, з пясчанымі залысінамі берагоў, яна здавалася тады нешырокай, спакойнай, раённага маштабу рачулкай. Цяпер жа выгляд яе змяніўся так, што было не пазнаць, быццам гэта была другая рака, так яна раздалася ўшыркі і з імклівай магутнаю плынню несла ў сабе нейкую таямнічую, нават пагрозлівую сілу. Ва ўсю яе бачную з гары даўжыню ішло «сала» — густая мешаніна крыг з абцёртымі, нібы ў стылым тлушчы краямі, якія няспынна плылі і плылі, штурхаючыся і кружачыся, і ціхі, таемна-магутны шоргат стаяў над ракой. Абрывістыя лясныя берагі шырока расступіліся перад напорыстай сілай стыхіі, абыякавай да іх спакойнага расліннага жыцця, занятай сабой і сваім спрадвечным рухам да мора.
— Астравок, здаецца, вышэй будзе. Мы трохі ніжэй выйшлі, — сказаў побач Антон.
Зачараваная суровай прыгажосцю ракі, Зоська хвіліну не магла адвесці ад яе вачэй, думаючы, як жа ім пераправіцца цераз гэтую ледзяную плынь? Дзе знаходзіцца Астравок, яна не задумвалася, яна ўжо прывыкла, што ў такіх справах Антон разумеў больш, зноў жа, увосень ён тут усё скалясіў са сваёй групай. He спускаючыся да вады, яны пайшлі панад абрывістым берагам у пошуках гэтага самага Астраўка.
— Значыць, так, — павярнуўся да яе Антон. — На заставе там Петракоў. Або, можа, сяржант з дэсантнікаў. Той, каторага летам пад Зельвай падабралі. Дык ты назавеш пароль і скажы, што ўдваіх ідзем. Паняла?
— А ты не вернешся?
— Ты слухай сюды. Кажы так. А пасля пабачым.
Зоська не пярэчыла, здаецца, яна ўжо страціла здольнасць пярэчыць гэтаму чалавеку, усё ў якога атрымлівалася лепш і болып хвацка, чым у яе. Ён яўна адбіраў у яе ініцыятыву ў гэтым яе паходзе, але яна не трывожылася, — ну і няхай! Мабыць, ва ўсім, што датычыла вайны, ён быў большы спец, чым яна.
Аднак па беразе яны прайшлі кіламетры два, перш чым убачылі на рачной паваротцы прытоплены ў вадзе астравок, зарослы па берагах голым цяпер лазняком. Нёман тут раздзяляўся на два рукавы, галоўнае яго рэчышча абмінала з таго боку, а пратока ля гэтага берага была густа забіта лёдам, рух якога амаль спыніўся ў вузкім вадзяным рукаве. Трохі бліжэй абрывісты лясны бераг разразала вялізная прамоіна-роў, з якой вырывалася ўгору ледзь прыкметнае на цьмелым хвойніку шэрае клочча дыму.
— Задымілі, — сказаў Антон. — Мабыць, грубку раскачагарылі.
He паспелі яны, аднак, наблізіцца да вусця рова, як аднекуль з кустоў насустрач выбег мітуслівы, чорненькі, бы вугалёк, сабачка, які са злым брэхам кінуўся на Антона. Антон спыніўся, прытупнуў нагой, але сабачка і не падумаў спалохацца, і толькі калі ён падхапіў з-пад ног камень, тады кінуўся назад у роў. Аднак адтуль па сцежцы насустрач ужо шкандыбаў няголены, у ватных штанах і нейкай самароб-