Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
раце топкі не свяціўся ніводзін вугольчык, цьмяна шарэў абшкрэбаны бок печкі, і злавесна чарнелі закапцелыя куты каморкі. He варухнуўшыся, Зоська абвяла іх страхавітым позіркам, здагадаўшыся, што некалі тут была кубавая ці, можа, кацельная, дзе запарвалі корм і грэлі для жывёлы ваду. Пасля яна перавяла позірк ніжэй, адчуваючы на сабе знаёмае цяпло кажушка і цёплыя шырокія плечы Антона, яго мернае дыханне побач. Антон спаў, і Зоська баялася паварушыцца, каб не пабудзіць яго. Ёй трэба было трошкі часу, каб разабрацца ў сваіх невясёлых думках, зразумець, што з ёй здарылася. Здарылася, канешне, кепскае, яна была вінаватая і дакарала сябе, як магла. Хоць яна разумела таксама, што позна дакараць сябе. Таго, што здарылася, не паправіш. I, разважыўшы так, яна суцешылася адзіна правільнай у яе становішчы думкай, што з кожнай дзяўчынай гэта павінна калі-небудзь здарыцца. Можа, праўда, не так — інакш, прыгажэй, але цяпер усё ў жыцці не так, як прынята спрадвеку, і горш, таму што цяпер — вайна. Зноў жа, ад кастрычніка ёй пайшоў дваццаты, яна ўжо не дзяўчо, так нядоўга састарэць у дзеўках або загінуць, не пазнаўшы кахання. Ва ўсякім выпадку, трохі паляжаўшы і разважыўшы аб сваім становішчы, Зоська супакоена ціхенька ўздыхнула з адчуваннем таго, што яе, здавалася б, непапраўнае гора нібыта абарочвалася хаця і нечаканым, але, можа, яшчэ не найгоршым чынам. Адно бясспрэчна: на яе нялёгкім, поўным шмат якіх страхаў шляху паявіўся гэты рашучы сімпатычны мужчына. Хай не назаўжды, не надоўга. Але што цяпер назаўжды і надоўга?
Згарнуўшыся абаранкам у лагодным цяпле Антонавага кажушка, яна зноў уздыхнула: што ж, чаму быць, таго не мінуць. Вядома, было дзіўнавата і незвычайна ўсё, што адбылося з ёй за гэтыя дзве ночы. Яна сустрэла на балоце свайго суджанага, спалохалася, узрадавалася, падзяліла з ім свой поўны небяспекі шлях, які ўрэшце і прывёў іх да гэтай адзінокай начной аборы. Але што ёй, знясіленай і мокрай, яшчэ заставалася? Ён увогуле слаўны, прыемны на выгляд мужчына, смелы і не нахабнік, а ў тым, што ў іх здарылася, мусіць, пэўная віна падае і на яе таксама. Відаць, у тым воля
выпадку. Зоська ўжо чула ад разумных людзей, што з таго дня, як усчалася вайна, у свеце запанавалі выпадковасці, адна з каторых, відаць, выпала і на яе долю. Таму ці варта празмерна перажываць, ці не лепш спакойна перажыць усё, што з ёй здарылася, і прадаўжаць сваю справу — выконваць заданне, якое, адчувала яна, яшчэ прынясе ёй шмат нечаканак, і сярод іх гэта, можа, не самая горшая.
I ўсё ж ёй было няёмка перад Антонам, асабліва калі яна ўявіла сабе, як ён прачнецца і яны выйдуць з гэтай цёмнай каморкі. I яшчэ яна адчувала сваю віну перад Сашкам, з якім да вайны сябравала і нават збіралася за яго замуж. Ідучы па мабілізацыі, Сашка прасіў чакаць, і вось дачакалася... Праўда, цяпер яна зразумела, што Сашку па-сапраўднаму і не кахала, гэта ён да яе прысох і аднойчы прапанаваў пайсці ў сельсавет распісацца. Сашка ўвогуле быў някепскі, вясёлы хлопец, яны раслі на адной вуліцы, але нешта ўтрымала яе тады ад замужжа, і яна ўсё адкладвала. Але вось дзіўная справа, падумала Зоська, здарылася б такое ў яе з Антонам, не стала б цягнуць і тыдня — пагадзілася б у адзін дзень, хоць у першай на іхняй дарозе вёсцы. Што значыць каханне з першага позірку або яшчэ што, чаму і назвы, напэўна, не прыдумалі людзі. 3 Антонам яна гатова была хоць на край свету, асабліва цяпер, пасля гэтай дарогі і гэтага начлегу ў аборы.
Каб не патрывожыць яго, Зоська ціхенька павярнулася на другі бок. Яе вочы прызвычаіліся ўжо да прыцемак у каморцы, дзе стала трошкі відней, і яна зноў убачыла яго сцішаны на саломе твар і яго цвёрды, быццам высечаны з каменю, профіль з прамым роўным носам і моцнай касці падбародкам, які быццам асколкам быў азначаны на канцы маленькай ямкай — такія мужчынскія падбародкі заўжды падабаліся Зосьцы. Адчуўшы наплыў пяшчоты да Антона, яна ціхенька дастала з-пад кажушка сваю цёплую руку і кончыкамі пальцаў дакранулася да яго пляча. Ен не пачуў яе дотыку і па-ранейшаму роўна дыхаў у сне. Яна падумала: няхай спіць, натаміўся, а час, пэўна, зусім яшчэ ранні. I толькі яна памкнулася схаваць пад кажушок руку, як у глухой цішы аборы пачула нейкі далёкі страхавіты гук. Яна яшчэ не зра-
зумела, які гэта быў гук, і замерла, уся ператварылася ў слых. Але вось гук паўтарыўся, ён быў падобны на нямоцны аддалены стук па чымсь мяккім, і ў тое ж імгненне да яе выразна данеслася: «Но-о, пайшоў, падла!»
— Антон! Антон, чуеш?
Рэзка скінуўшы з сябе кажушок, яна падхапілася і села, зноў сціхшы. Антон таксама ўскочыў на саломе з расшыранымі ад соннага спалоху вачмі і замёр, слухаючы. Пасля, не сказаўшы ні слова, сунуў у боты ногі і ў адным світэры шырока сігануў за парог. Дзверы за ім марудна расчыніліся насцеж, і парыў ветру, дзьмухнуўшы ў каморку адразу вынес з яе ўсё накопленае за ноч цяпло. Здрыгануўшыся, Зоська пачала таропка нацягваць ссохлыя, пакарэжаныя ля печкі боты, кожную секунду чакаючы, што Антон крыкне і трэба будзе ўцякаць.
Доўгі час Антон не падаваў голасу, і яна як-колечы паспела абуцца, завязала хустку і надзела ўсохлы, аж залубянелы на плячах сачак. Знадворку нічога болей не было чуваць, і гэта супакойвала трохі. Але Зоська ўсё ўслухоўвалася, стоячы ля дзвярэй. Скамечаны Антонаў кажушок яна трымала ў руках, не ведаючы, ці ёй выходзіць з каморкі, ці чакаць тут Антона.
Аднак выходзіць не давялося. Праз якую хвіліну Антон вярнуўся з наганам у руцэ, прычыніў за сабой дзверы і моўчкі сунуў наган у кішэню штаноў.
— Ну? Хто там? — устрывожана запыталася Зоська.
— Сядай. Куды сабралася? — замест адказу прапанаваў Антон і сеў на салому.
Мала што разумеючы, Зоська шырока расплюшчанымі вачмі ўтаропілася ззаду ў яго пакатыя плечы пад світэрам, вялікую галаву з ускудлачанымі без шапкі валасамі. Антонаў твар выглядаў надта заклапочана і злосна, і яна пачала распытваць. Антон між тым разгублена зірнуў у патухлую печку.
— Паліцаі, хто ж, — спазнела адказаў ён з раздражненнем і звесіў з калень доўгія рукі. Зоська ступіла бліжэй і накінула на ягоныя плечы яшчэ цёплы яго кажушок.
— Што ж нам рабіць? — заклапочана запытала яна.
— А што зробіш? Сядзець нада.
Ён з разгубленым выглядам пазіраў перад сабой у пагаслую топку і Зоська не магла даўмецца, што здарылася. Няўжо тут так небяспечна сядзець і так напалохалі яго паліцаі? Ці, можа, ён незадаволены ёю? Можа, ён шкадуе і раскайваецца, што пайшоў за ёю з атрада? Што гэта здарылася з ім за гэтую раніцу, чаму раптам ён так змяніўся? Абвяў, знерухомеў і стаў так мала падобны на сябе ранейшага, думала Зоська.
10
Пакуль Зоська абувалася ў каморцы, Антон перабег цераз намеценую ад парога снежную гурбу, зірнуў у адны дзверы, у другія і раптам, падаўшыся назад, замёр за абгарэлым бервяном шула. Праз паўтары сотні крокаў ад аборы няхутка цягнуліся па раскіслым снезе двое саней з седакамі ў чорных шынялях, убачыўшы якіх, Антон зразумеў: паліцаі. Да аборы даляталі абрыўкі іхняй размовы, смех, хтось, брыдка вылаяўшыся, са злосцю выцяў каня.
Стоячы за шулам, Антон, аднак, хутка асмялеў ад спалоху, сцяміўшы, што паліцаі кіравалі не сюды, а міма, па нейкай сваёй патрэбе, у бок Нёмана. На абору ніхто з іх не звяртаў увагі, начных слядоў у снезе ўжо не засталося, усё добра зраўняла завея. Антон перавёў дыханне і ўслухаўся ў далекаватую для слыху размову, сэнс якой, аднак, зразумець было цяжка. Ён ужо хацеў быў клікнуць Зоську, як раптам учуў знаёмае слова, якое прымусіла яго зноў замерці за шулам. Выразна пачулася «Сталінград», пасля яшчэ раз сказанае кімсьці з паліцаяў гэтае ж слова і ледзьве пачутае затым «далі» ці, можа, «узялі». Гэта яго зацікавіла. Ён напружыў усю сваю ўвагу і слых, але вецер адносіў словы ўбок, і яму ўдалося пачуць толькі адно «...ступленне». Далей, колькі ён ні ўслухоўваўся, зразумець нічога не мог — сані ад’ехалі далекавата і неўзабаве схаваліся на паваротцы за каменным рогам аборы.
Небяспека быццам мінулася, паліцаі паехалі, але Антон усё стаяў ля варот, збянтэжаны тым, што пачуў. У якім сэнсе
яны гаварылі пра Сталінград? Што значыць «далі»? Здалі ці, можа быць, узялі? А што можа азначаць «...ступленне»? Наступленне або адступленне? He, мабыць, хутчэй за ўсё сэнс быў у тым, што немцы пачалі новае наступленне на Сталінград, дзе ўсю восень ішлі крывавыя баі, і, мабыць, узялі нарэшце гэты далёкі горад. Мяркуючы па ўсім, здарылася менавіта гэтак, рашыў Антон, што і выклікала жывую цікавасць паліцаяў.
Але што ж тады атрымліваецца?
Растрывожаны і амаль збянтэжаны, ён увайшоў у каморку, усё ламаючы галаву над гэтай паліцэйскай шарадай. Зоська пачала нешта распытваць, але ён не слухаў яе, ён думаў, што б тое магло азначаць для яго асабіста. Вядома, колькі-небудзь пераканаўчых фактаў у яго не было, былі толькі здагадкі. Але ён і не меў пільнай патрэбы ў фактах, ён ужо быў гатовы да адзіна магчымага вываду: трэба спяшацца. Трэба, пакуль не позна, канчаць з партызанствам, паклапаціцца пра ўласны лёс і сваю галаву, пакуль яна яшчэ на плячах, укараніцца ў новае, нямецкага ладу, жыццё, калі нічога не выйшла з савецкім.
— Зося, ты разумееш? — сказаў ён, не паднімаючы да яе галавы. — Немцы Сталінград узялі.
Ён думаў, што Зоська пачне бедаваць, можа, нават заплача, ён бы тады суцешыў яе. Але, на яго здзіўленне, яна толькі цепнула вачмі і з наіўным выглядам запыталася:
— Гэта калі?
— He ведаю, — ціскануў ён плячыма. — Чуў, паліцаі там размаўлялі.
— Хлусня, мабыць, — падумаўшы, сказала Зоська. — Хаця, можа, і праўда. Столькі нахапалі, што ім. Сіла!
— Сіла, ага, — пагадзіўся Антон, не зусім уяўляючы, як яму размаўляць далей. Ён не чакаў ад Зоські такой лёгкасці ў адносінах да галоўнае сутнасці яго пытання і пакутна шукаў у галаве магчымыя подступы да галоўнага. Зоська ж, знешне быццам абыякавая да яго навіны, далікатным дотыкам сцюдзёных пальцаў захінула на ім кажушок.
— Зашпіліся, бо холадна. Паліцаяў многа паехала?
— Чалавек шэсць, мабыць.
— Паехалі міма?
— Ну. Тут побач дарога.
— Гэта горш. I печку затапіць нельга?
— Печку нельга, — сказаў ён і дадаў не надта рашуча: — Можа, выйдзем і пойдзем у Скідзель?
— Удзень? Ну што ты!..