• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    — Нагу нацёрла, — буркнула Зоська. Сапраўды ў левым боце тоўстым вузлом збілася ануча, якая балюча церла ступню.
    — Дык пераабуйся.
    He ведаючы яшчэ, што рабіць, Зоська хуценька агледзелася вакол — далёка наперадзе каля ўзлеску, здалося, бліснуў і прапаў агеньчык.
    — Там што — вёска?
    — Там? — Антон паўзіраўся ў вечаровыя, амаль начныя ўжо прыцемкі. — Вёскі тут не павінна быць. Можа, хутар.
    — Зойдзем на хутар, — сказала яна.
    — Нашто? Да Скідзеля вунь пяць кіламетраў.
    — Ну зойдзем. Мне трэба.
    — Во яшчэ! Нашто табе хутар? Прыйдзем на месца, там можна пасушыцца і ваабшчэ...
    Але яна хутка пайшла наперад па ўзлеску на далёкі чырванаваты агеньчык пад лесам. Яна і сама не ведала, нашто ёй быў гэты адзінокі хутар, але адчувала, што цяпер нельга ісці ў Скідзель і неяк трэба змарнаваць час. He ведаючы пра яе намер, Антон незадаволена патупаў следам.
    Яны доўга ішлі па раскіслым снезе ўздоўж лесу, кіруючы на мільготкі агеньчык у нечым акне. Зоська ўжо не старалася размаўляць з Антонам, яна ціхенька плакала, неўпрыцям выціраючы пальцамі вочы. Гэта ж трэба так усё спляжыць у іхняй і без таго нялёгкай дарозе, думала яна пра Антона, адчуваючы сябе глыбока абражанай і няшчаснай. Аказваецца, яна патрэбна была яму для шкурнага яго намеру, а зусім не таму, што ён пакахаў яе. Хаця... Усё ж ён ад яе не адмовіўся — наадварот, ён гатовы быў звязаць свой лёс з яе лёсам. Ды і яна таксама была б не супраць, яна была б рада, калі б толькі ён заставаўся ранейшым партызанскім хлопцам Галубіным. Але ж ён надумаў перамяніцца, стаць нечым іншым — як на гэта магла пагадзіцца Зоська?
    I, апроч усяго іншага, ён надумаў яўную дурнату з гэтым Скідзелем. Дзіва, як ён не можа зразумець, што немцы ніколі не даруюць яму яго партызанства і рана ці позна павесяць
    з біркай на шыі. Дарма ён спадзяецца на нейкага свайго земляка. У такой справе ніякі зямляк не заступнік.
    Трэба было затрымацца самой і затрымаць на хутары Антона, але як зрабіць гэта, Зоська яшчэ не ведала. У той жа час яна адчувала, што сама надта спазнялася, што так могуць мінуць усе тэрміны яе задання. Хаця цяпер ёй было не да тэрмінаў. Пад пагрозай апынуліся яе галава і яе заданні наогул.
    Агеньчык, што бліскаў воддаль, недзе прапаў, яны нейкі час нічога не бачылі ля сябе, апроч цьмянага снежнага поля, дужа шумеў на ветры хвойны ўзлесак побач. Гэты ўзлесак цягнуўся і цягнуўся кудысь у снегавыя прыцемкі, і Зоська, ужо не адстаючы, таропка ішла за Антонам, пакуль за чарговым паваротам наперадзе зноў не з’явіўся чырвоны агеньчык у акенцы. Блізка пад самым лесам тоўпілася некалькі хутарскіх будынін, чарнеўся на снезе пункцір плота і на суччы дрэў у чорным небе цьмяна шарэлі камякі снегу. Антон раптам спыніўся, Зоська таксама замарудзіла крок — з хутара даляцеў скрып асвера і невыразны пляскат вады, якую пералівалі з аднаго вядра ў другое.
    Нічога не сказаўшы, Антон скіраваў уздоўж плота да хутара, і Зоська, трохі адстаўшы, пайшла следам. Мабыць, яны зайшлі з тылавога боку сядзібы, ад лесу, — хату і акенца з агеньчыкам неўзабаве затулілі снежныя стрэхі нейкіх паветак, з’явілася лазня наводшыбе. Пад нізкай сцяной хаты ляжала засланая снегам куча бярвення, мабыць, нарыхтаванага на дровы ці на якую іншую патрэбу. Антон абышоў гэтае бярвенне і амаль сутыкнуўся з чалавекам у кажусе, які нёс у абедзвюх руках два драўляныя вядры з вадой.
    — О, поўныя, удача будзе! — замест прывітання жартоўна сказаў Антон. Чалавек спыніўся, асцярожна паставіў вёдры на снег, моўчкі разглядаючы ў прыцемках начнога госця. — У хаце чужых няма? — ціха запытаў Антон.
    — Нёма, — глуха азваўся чалавек.
    — Хазяін? — кіўнуў Антон.
    — Так, так.
    — Ну запрашай у хату. Пагрэцца нада.
    — Проша, проша пана, — не надта, аднак, узрадавана пра-
    мовіў гаспадар. Пакінуўшы на снезе вёдры, ён ступіў на дашчаны, ачышчаны ад снегу ганак, расчыніў нізкія дзверы. — Проша пана.
    Пераступіўшы следам за Антонам парог, Зоська апынулася ў прасторным трысцене, гаспадар зачыніў за ёй дзверы, і яна агледзелася. Насупраць ад увахода дымна палілася ў печы з вялікімі чорнымі чыгунамі ля агню — напэўна, на корм жывёле, падумала Зоська. Тут жа з вілачнікам у руках стаяла белатварая, не старая яшчэ кабеціна, спакойна і моўчкі яна аглядзела Антона, пасля перавяла позірк на Зоську. 3-за стала здзіўлена пазіраў на іх хлопчык-падлетак, які сядзеў над раскладзенай кніжкай, побач мільгаў агеньчык капцілкі, той самы, напэўна, які прывёў іх сюды.
    У хаце было амаль цёмна, сцюдзёна дзьмула з дзвярэй, дровы ў печы, напэўна, толькі яшчэ разгараліся.
    — Мы трошкі адпачыць, — сказаў Антон, стоячы перад жанчынай.
    — Проша, проша, — ціха сказала гаспадыня і паставіла ў кут вілачнік.
    Зоська спрабавала даўмецца, куды яны трапілі, што за людзі на гэтым хутары, але адразу што-небудзь зразумець было цяжка. Здаецца, гаспадар з гаспадыняй размаўлялі па-польску, значыцца, належалі да мясцовай шляхты, якая, як памятала Зоська, мела свае асаблівыя адносіны да ўсяго на свеце. Белавалосы хлопчык выскачыў з-за стала і паслужліва падсунуў гасцям кароткую лаўку, якая стаяла каля сцяны.
    — Проша пані і пана сядаць,— з лагоднай напеўнасцю ў голасе сказала гаспадыня.
    — Сядзем,— сказаў Антон. — Сядай, Зоська, пераабувайся. Пагрэемся трохі.
    Зоська з асалодай апусцілася на гладкую дубовую лаўку, сцягнула ўшчэнт раскіслы бот. Хлопчык зноў заняў сваё месца за сталом.
    — Што чытаеш? — запыталася Зоська, зазіраючы ў кніжку.
    — Я? «Таямнічы востраў», — пераадольваючы ніякаватасць, адказаў хлопчык па-беларуску.
    — Ведаю. Харошая кніга.
    — Ага. Толькі канца няма. Канец тут выдраны,— сказаў і, мабыць, засаромеўся хлопчык.
    — Канец, проша пані, выдраны, так ён яе чатыры разы прачытаў. Ужо амаль на памяць ведае,— загаварыла ад печы гаспадыня, і ў тоне яе Зоська пачула ледзьве прытоены гонар за поспехі сына. Што ж, увогуле гэта ёй спадабалася.
    — Дык калі б канец быў,— сумна сказаў хлопчык, забаўляючыся з кніжкай. Зоська паправіла анучу і з натугай ледзьве надзела змакрэлы бот.
    — Дык ты і не ведаеш, чым скончылася? Я зараз табе раскажу. Цябе як завуць?
    — Вацык.
    — Ану дай кніжку, Вацык.
    Яна прысунулася бліжэй да капцілкі, узяла з рук хлопчыка кніжку. Гаспадыня адышлася ад печы і з яўнай цікаўнасцю назірала за гасцямі і сынам. Зазірнуў у кніжку і Антон. За іхнімі плячамі ў паўзмроку сцішыўся зарослы шчэццю гаспадароў твар.
    — Так. На чым тут адарвана? Ага, выбух на востраве. Ну, а далей людзі кінуліся ў мора. Карабель жа дабудаваць яны не паспелі і ратаваліся на рыфах. Здаецца, усе павінны былі загінуць. Але ў самы апошні момант на гарызонце паявіўся карабель капітана Гранта. Грант плыў па Айртона...
    — А, каб зняць яго з вострава? — здагадаўся Вацык.
    — Во-во. Бо тэрмін ссылкі мяцежніка скончыўся, і капітан Грант плыў яго зняць. I ён выратаваў усіх.
    3 рэдкай для падлетка ўвагай у вялікіх вачах Вацык сачыў за кожным рухам на яе твары, лавіў кожнае яе слова, і гэты ягоны позірк і яго ўвага жыва напомнілі Зосьцы даваенных хлапчукоў у Скідзелі, якім яна часам таксама чытала кніжкі. Усяго паўтара года мінула з той мірнай і поўнай надзей пары, а як усё крута змянілася ў свеце. I, напэўна, змянілася яна сама. Куды толькі падзеўся яе малады запал, бесклапотная лёгкасць у жыцці. Усё прыдушыла, аплявала, растаптала вайна.
    — Любіш кніжкі чытаць? — запыталася Зоська. Вацык працягла, па-даросламу ўздыхнуў і закрыў кніжку.
    — Люблю, але дзе ж іх узяць? У Стасіка Кемпеля было тры, дык я іх прачытаў ужо.
    — Проша пані прабачыць, — мякка ўмяшалася ў размову гаспадыня. — Вацык быў выдатнік у школе, грамату мае. Стэфан! — некалькі іншым, амаль начальніцкім тонам звярнулася яна да мужа. — Покаж пані грамату.
    — Так, кохана...
    Гаспадар паслухмяна кінуўся ў другую палову хаты, a гаспадыня з ранейшай мяккасцю ў голасе запыталася:
    — Далёка пані ідзе?
    — He, недалёка, — адказала Зоська. — Тут блізка. Ды нагу намуляла.
    — Ой, ой, так нядобжэ ў дарозе. Тшэба ехаць пані.
    — Навошта? Мы пехатой...
    — Пэўна, пані з панам есць хцо? — запыталася гаспадыня, і Зоська сумелася.
    — Дзякуем. Але мы, ведаеце...
    — А што? Мы не супраць, — падхапіў Антон. — Грэх ад яды адмаўляцца.
    3 другой паловы хаты выйшаў гаспадар з загорнутай у старую газеціну школыіай граматай сына, але не паспеў ён раскруціць газету, як гаспадыня распарадзілася:
    — Стэфан, несь млеко, сало...
    — Так, кохана, — звыкла адказаў Стэфан, амаль подбегам кіруючы з трысцена.
    Зоська не вельмі ўважліва прабегла вачмі некалькі радкоў граматы выдатніка пятага класа і перадала грамату Антону. Здаецца, яны зрабілі правільна, калі завіталі на гэты хутар. Мяркуючы па першым уражанні, гаспадары былі добрыя людзі, а галоўнае ні пра што не пыталіся і, пэўна, мала цікавіліся тым, хто іх начныя госці. Толькі гаспадыня запыталася, куды ідуць, але гэта надта звычайнае ў такіх выпадках пытанне, за якім, мабыць, не было нічога, апроч простай цікаўнасці.
    Гаспадыня тым часам пачала таропка накрываць на стол, разаслала кароценькі льняны настольнічак, дастала з пасудніка некалькі чыстых гліняных місак, драўляныя лыжкі. Пасля прынесла бохан жытняга хлеба і пачала кроіць яго, прыставіўшы да грудзей, гэтаксама, як некалі рабіла Зосьчына маці. Хусцінку яна ссунула з галавы на плечы, і яе
    белы, маладжавы твар з тонкімі зморшчынкамі каля вуснаў засвяціўся мілай спакойнай дабрынёй. Такія жаночыя твары здаўна падабаліся Зосьцы, хаця і сустракаліся яны ў гэтую пару не часта.
    — Проша сядаць пані. I пана, — прыветліва запрасіла гаспадыня і Антона.
    Зоська пасунулася далей за стол, з-за якога адразу, як толькі пачалі на яго накрываць, сціпла выбраўся Вацык, побач усеўся Антон. Цяжка дыхаючы, у хату ўваліўся гаспадар са стаўбуном малака і вялікім кавалкам сала ў заскарузлых руках. Гаспадыня, як здалося Зосьцы, з сарамлівай паспешлівасцю выхапіла ў яго гэты кус і на стале прыгожа адкроіла ад яго некалькі тонкіх лустаў.
    — Проша спробоваць, проша. Мы людзе не ест багатыя, но госцям радыя.
    Зоська сама сабе ўсміхнулася ад наіўна-прастадушнай прэтэнзіі гаспадыні на шляхецка-польскае абыходжанне. Польская мова, густа аздобленая мясцовымі беларускімі словамі, выдавала ў ёй тутэйшую ўраджэнку, якая хіба па паходжанню была каталічка. Па тым, як пакорліва і маўкліва стаяў воддаль гаспадар хаты, быццам чакаючы новых распараджэнняў гаспадыні, Зоська сцяміла, хто тут галоўны. Зрэшты, старшынство гаспадыні не выглядала празмерным або зняважлівым, яна выконвала яго з добрым у такіх выпадках тактам. Ды і гаспадар даўно, мабыць, прывык да ролі падначаленага, і не відаць было, каб дужа перажываў ад таго.