Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Давай, шый! — сказаў ён, грукнуў дзвярыма і зноў шчыльна падпёр іх сталом.
Сядзець на падлозе ў нязручнай паставе было пакутна, Зоська паспрабавала сесці зручней і пасунулася, каб прыперціся да сцяны. Але толькі яна варухнулася, як Антон падхапіўся з лаўкі.
— Гэй, куды? Ану стой! Бач, спрытная якая...
Ён груба піхнуў яе зноў на асветленую сярэдзіну падлогі, падняў аднекуль з-пад лаўкі абрэзак, напэўна, усё той жа вяроўкі.
— Рукі! Рукі давай. Звяжам, каб спакойней было. Мне і табе. Паняла?
— Гад ты! — сказала яна, ужо не супраціўляючыся, і ён пачаў туга абкручваць яе рукі вяроўкай. Яна толькі хваравіта моршчылася, ледзьве стрымліваючы ў сабе крыўду і боль.
— Баліць жа...
— Нічога, пацерпіш. Яшчэ не так будзе балюча.
— Болей балюча мне ўжо не будзе.
— Будзе. У паліцыі будзе, — проста паабяцаў ён, туга зацягваючы вузел.
— I ты мяне адвядзеш у паліцыю? — запыталася яна, і голас яе здрыгануўся.
— А куды ж мне цябе адвесці? Я хацеў да маці. Але ж ты — супраць.
— Мала таго, што падлюга, дык ты яшчэ і прадажнік, — сказала яна, зноў не стрымаўшы слёз.
Антон старанна завязаў вузел, памацаў яго, падняўся з кукішак і сеў ля стала. Ён злосна маўчаў. Глытаючы слёзы, каб не расплакацца перад ім, маўчала і Зоська. Ніводнаму з яе намераў, мабыць, не наканована збыцца, мабыць, трэба было рыхтавацца да горшага, што толькі магло здарыцца ў
яе становішчы. Тым не менш япа прадаўжала сачыць за Антонам, які, ссунуўшы на патыліцу касматую шапку, адхінуўся спіной да стала і зморана расставіў на падлозе доўгія ногі. Капцілка з пячуркі слаба свяціла на яго туга абцягнутыя світэрам плечы, адзін бок насатага твару, на якім бугрылася цяпер нядобрая злая рашучасць.
— Во ты гаворыш: прадажнік, — з нейкаю нават крыўдай загаварыў ён. — Правільна, можа, нават прыйдзецца і прадаць. Але хто мяне змусіў на гэта?
Зоська кісла ўсміхнулася.
— Табе патрэбны апраўданні? — сказала яна, адчуваючы, аднак, што не трэба пачынаць з ім гаворку — подла ўсё гэта і брыдка. Усе іх размовы даўно перагавораны, цяпер паміж імі — бездаць, у якую вельмі хутка, напэўна, прыйдзецца рынуцца ёй.
— Мне напляваць на апраўданні. Але ты сапсавала мне ўсё жыццё. Я не кажу ўжо, што ты хацела мяне забіць. А я чаго для цябе хацеў? Я хацеў з табой жыць. Як палагаецца, па-людску. А ты? Прадажніка з мяне робіш.
— Ты даўно ўжо прадажнік!
— Памыляешся! Я нікога яшчэ не прадаў. Хіба што пачну з цябе першай. Калі ты мяне на гэта штурхаеш...
— Што ж, прадавай! — злосна сказала яна, адчуўшы, як усё ў ёй затрэслася ад злоснай бяссільнай ярасці. — Прадавай! He ты першы. Але памятай, нават першы падавіўся сваімі срэбранікамі. I за ім усе астатнія.
Антон, здавалася, нібы і не чуў яе гнеўных слоў, яго мала краналі старыя аналогіі, таксама як і Зосьчыны слёзы. Падобна на тое, што ён сам быў пакрыўджаны не менш за яе і цяпер даў выйсце ўсім сваім крыўдам.
— Ты мне наплявала ў душу. Падняла на мяне тапор!
— А ты не напляваў мне ў душу? He зганьбіў мяне?
— Я? He. Я табе памагаў. Без мяне ты б даўно ўжо ўлопалася.
Зоська падумала, што ў гэтым, можа, ён і меў рацыю, але пасля таго, што здарылася, яе ўдзячнасць да яго прапала. Яна ўжо гатова была ўзненавідзець сябе за тое, што прымала гэтую яго некалі неабходную ёй дапамогу.
— Я не прасіла цябе памагаць.
— Мала што не прасіла. Я па сваёй волі. Бо кахаў цябе. — Сволач ты!
— Во дзякуй! Але цяпер ты мне паможаш. Бо табе ўсё адно прападаць. Дык паслужы мне хоць напаследак.
— Во ўжо не! — выкрыкнула яна, скаланаючыся на цвёрдай падлозе. — Гэта не будзе. He думай. Я цябе бараніць не буду.
— А я і не прашу мяне бараніць. Ты толькі пацярпі трошкі. Да Скідзеля. Во і ўся твая задача.
Зоська ў роспачы ўся абвяла і сціхла. Значыць, яна не памылялася, адгадаўшы ягоны намер, значыць, ён яе павядзе ў паліцыю. Дзіва толькі, як яна не разумела таго ў самым пачатку. Паддалася яго прывабнасці, наслухалася ягоных прызнанняў, растала ад яго кахання. Во гэта каханне, каб яно спрахла! А яна думала... Колькі яна перачытала пра яго ў кніжках, нагледзелася ў кіно. Колькі марыла пра яго да вайны ды і пасля ў лесе! Якім яно ўяўлялася ёй прыгожым! А выпала горшае за самое жыццё. I хто вінаваты? Немцы? Вайна? Час? Антон лічыць, што ва ўсім вінавата яна. Яна ж упэўнена, што ўсяму віной ён і яго шкурныя планы. На якога д’ябла яны сышліся на адной сцежцы ў той начны час каля незамерзлай Шчары, нашто яна дала выцягнуць сябе з рэчкі? Ці не лепей было ціха і неўпрыкмет булькнуць пад лёд, каб не перажываць столькі перажытых і яшчэ наканованых ёй пакутаў?
14
Антон усё прыслухоўваўся да нямой цішы ночы, чакаў пачуць у двары знаёмы тупат каня, часу ўжо мінула даволі, павінен быў вярнуцца гаспадар. Але той не вяртаўся, хаця, напэўна, ужо было болып як за поўнач. Скурчыўшыся, Зоська ляжала на падлозе, і Антон раз за разам пазіраў на яе, каб не развязалася. ён ужо вынес ёй свой прысуд, і, як ні дзіўна, яму не было яе шкода — хай прападае. Няхай прападае, калі яна такая дурніца, ні д’ябла не разумее ў жыцці, не хоча ацаніць ягонай рэдкай па гэтым часе адвагі. Сапраўды, ці
шмат знайшлося б у атрадзе мужчын, якія б дзеля такой смаркачкі адважыліся б рызыкаваць галавой, ратаваць яе ад вайны. А ён вось адважыўся. ён пакінуў атрад, правёў яе скрозь асіныя паліцэйскія гнёзды, аберагаў, саграваў. А яна? Чым за ўсё тое адплаціла яму яна?
Як апошняя ідыётка, яна не можа зразумець розніцы паміж гэтай вайной і тым, што пра яе пішуць у газетах і гавораць на мітынгах. А яшчэ студэнтка! А можа, менавіта таму, што студэнтка. Адукаваная, начыталася кніжак. Ён дык не дужа любіў гэтыя кніжкі, бо жыццё прывык спасцігаць практычна і ведаў, што практыка — найлепшая школа жыцця, якую не пройдзеш па кніжках. Трэба заўсёды глядзець, як робяць жыццё другія, і самому рабіць гэтаксама — атрымаецца калі і не лепш, дык і не горш за астатніх. I яшчэ не марудзіць, не плесціся ў хвасце, не з’явіцца да шапачнага разбору. Хаця і спяшацца таксама не трэба, трэба добра агледзецца і прыйсці ў самы час. А яна: здраднік, прадажнік! Куды як грозна і страшна, але па сутнасці ўсё няправільна. Цяпер, калі з ягоных намераў нічога не выйшла, што ж яму застаецца? Адпусціць яе з богам у Скідзель, а куды самому? I які ад яе будзе толк у гэтым Скідзелі? Ля першага ж кантрольнага пункта яе спыніць паліцыя, перадасць гестапа і — бывай, Зоська! Закатуюць, знявечаць і павесяць на плошчы перад касцёлам. Ці расстраляюць у рове. I каму якая з таго будзе карысць? A то яшчэ выведаюць на допытах адрасы, яўкі, прозвішчы сувязных і агентаў, пачнуць хапаць сем’ямі, загубяць многа людзей...
Дык ці не лепш будзе для яе і для многіх, калі яна, не паспеўшы ні з кім сустрэцца, трапіць проста да ягонага сябра Капыцкага і тым зробіць добрую паслугу Антону. Ужо, напэўна, начальнік паліцыі не ўсумніцца ў намерах свайго земляка, калі той з’явіцца да яго з прыведзенай з-за Шчары разведчыцай. Напэўна, гэта яму залічаць. Ды і ёй будзе лягчэй, бо ніякіх сустрэч у яе яшчэ не было, ніякіх заданняў яна не паспела выканаць — ён іх у гэтым упэўніць. Тады, можа, яе і не павесяць — адвязуць у які-небудзь лагер. Сумленне? Канешне, ён не стане бажыцца, што сумленне яго спакойнае. Было трохі няёмка, нешта яго трывожыла. Але
што рабіць? Ён даўно ведаў, што калі прыслухоўвацца да згрызотаў сумлення, дык хутка адкінеш капыты. He так проста з гэтаю штукай, якую завуць сумленнем, спакойна пражыць у мірны час, не кажучы ўжо пра вайну. Бо тут — барацьба, дзе пануе адзіны закон: хто — каго. Ён не слабак і не зломак, але чаму б і яму ў цяжкі час не пакарыстацца часткай таго, з чым заўжды носяцца гэтыя прапагандысты сумлення. Няхай вось яны і дакажуць сваю гатоўнасць да самаахвяравання ў імя бліжняга. Цяпер жа ён для яе самы бліжні. Тым больш што менавіта сярод жанчын шырока распаўсюджана богам ці прыродай дадзеная ім патрэба ахвяраваць дзеля бліжняга. Няхай вось і ахвяруе для яго жыццём, калі яно надакучыла гэтай адукаванай дурніцы. Ён дае ёй такую магчымасць. Хоць бы па сваёй шэрасці і малапісьменнасці. Ці па сваёй прадажнасці. Няхай карыстаецца ёй. Антону не шкода.
Але чамусьці доўга не вяртаўся гаспадар хутара. Можа, і ў суседзяў не знайшлося каня, пайшоў далей? Мабыць, так яно і здарылася. У тым, што гаспадар вернецца, Антон быў упэўнены: ён ведаў сілу сваёй пагрозы. Гэтыя хутаранцы больш, чым жыццём, даражаць сваім хутарскім набыткам і добра разумеюць, што для такога, як ён, паднесці пад страху запалку — справа пяці секунд. Тут як ні круці, а зробіш усё, што загадаюць.
— Гэй! — крыкнуў ён у зачыненыя дзверы. — Твой куркуль не ўцёк?
— Ой, не ўцёк, пане. Скора пшыведзе коня.
— Кажух гатовы?
— Скоро, скоро гатовы...
— Давай хутчэй! A то ўжо сцюдзёна.
Сапраўды, у трысцене пачало халаднець, дровы ў печы даўно згарэлі, з-пад другіх дзвярэй расцякалася ў доле сцюжа. Капцілка ў пячурцы роспачна хліпала, мабыць, нагарэў кнот ці канчалася газа. Антон падышоў да печы і, выняўшы ўторкнутую тут жа іголку, падцягнуў кнот. Зрабілася трохі святлей.
У гэты час недзе ў хляве галасіста, хаця і хрыплавата спрасоння, закрычаў певень, і Антон здрыгануўся: так ня-
доўга даседзець да раніцы. «От жа сволач! — падумаў ён пра гаспадара хутара. — Як бы не падвёў пад манастыр. Ну, няхай толькі вернецца!..»
15
Як гэта здарылася, Зоська сама не заўважыла, але неўзабаве яна задрамала, скурчыўшыся на бруднай, затаптанай падлозе, са звязанымі на жываце рукамі. Усе яе горкія беды засталіся ў трыдзевятым царстве, далёка ў іншым свеце, у другім месцы і часе. Яна не ведала ў сне, ці гэта была вайна, ці яна выпала з усякага часу і апынулася ў іншым, незямным вымярэнні. Аднак яна ні на секунду не разлучалася са сваімі адчуваннямі, якія і ў сне былі поўныя пакут і трывогі. Яна не ведала, што было прычынай гэтай яе трывогі, але ёй было кепска, вельмі неспакойна; агорклае прадчуванне чагосьці яшчэ горшага няспынна прыгнятала яе. У полі яе зроку, аднак, не было нічога нядобрага, наадварот, перад ёй разлеглася вясновая раскоша поля з зялёнай травой і нейкімі кветкамі, паблізу высілася наўздзіў белая, быццам цукровая званічка царквы ці касцёла, дзе вось-вось павінен быў паявіцца ён. Хто такі ён, Зоська не ведала, яна не ўяўляла нават аблічча гэтай істоты, але дакладна ведала, што ён — істота жывая, вельмі строгая і несумненна добрая. Праўда, з ім трэба быць вельмі пачцівай і паводзіць сябе сціпла, як са школьным дырэктарам па меншай меры, — гэта яна адчувала выразна.