Поўны збор твораў. Том 6
Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Памер: 560с.
Мінск 2006
Яна ўсё ішла полем міма нейкіх кустоў, зверху з цёмнага
неба падаў нябачны ў цемры рэдкі сняжок, асобныя сняжынкі раставалі на яе твары, і яна зусім не разумела, куды іх вядуць. Цяпер, калі небяспека трошкі аддалілася, Зоська стала думаць пра тое, што ёй усё ж трэба ў Скідзель. Усё ж заданне заставалася. I цяпер быццам бы адпала тое, што не давала магчымасці яго выканаць. Пра Антона Зосьцы не хацелася ўспамінаць нават, ён перастаў для яе існаваць, і, хаця ішоў праз тры крокі наперадзе, ён цяпер быў — нішто. Імкненне канчаткова вызваліцца ад усяго, што так ганебна звязалася з ім, і рабіць сваю справу ўсё настойлівей авалодвала ёю, і яна не стрывала.
— Хлопцы, а куды гэта вы нас ведзіцё? — запыталася яна па магчымасці весялейшым голасам.
— Куды нада! — холадна кінуў сяржант, які крочыў апошні ў гэтым страі.
— Тут такая справа, — падумаўшы, сказала Зоська. — У мяне заданне...
— Якое заданне?
— Ну... Я ж не магу вам сказаць якое. Мне трэба ў Скідзель.
— Да немцаў?
— Ну чаму да немцаў? — гатова была пакрыўдзіцца Зоська. — У мяне заданне...
— У нас таксама заданне, японскі гарадавы! — зласліва крыкнуў сяржант. — А мы важдаемся з вамі, час трацім. Вось возьмем і шлёпнем абаіх к чортавай матары!
— За што? — азірнуўшыся, спрабавала ўсміхнуцца Зоська.
— За то! Вайна, заданне, а яны тут любоў круцяць. Ды марадзёрствам займаюцца па хутарах. А цяпер — заданне...
He, ён быў невыносны, гэты малады задавака, і заслугоўваў таго, каб з ім пасварыцца. Але цяпер Зоська рашыла маўчаць, чорт з імі. Некуды ж яны ўрэшце іх прывядуць, не будуць жа яны ўдзень плясціся сярод снежнага поля, значыць, раніцай недзе схаваюцца. Сапраўды, было відавочна, што яны спяшаліся, сяржант некалькі разоў ціха, але зласліва пакрыкваў на пярэдняга: «Салей, шырай шаг!» — і той паскараў і без таго даволі таропкі свой крок. Зоська ўжо
спатнела, але старалася не адставаць ад Антона, які, угнуўшы галаву, з адтапыраным на спіне кажушком спорна крочыў наперадзе. Там, у хаце, калі яна курчылася на падлозе са звязанымі рукамі, а ён уладарна распараджаўся яе лёсам, яны былі раздзелены неадольнай варожасцю, і думалася, што памірыць іх можа хіба што смерць. Але, як толькі з’явіліся гэтыя хлопцы, становішча крута змянілася. Антону звязалі рукі, але і ёй быццам не развязалі, абое яны апынуліся пад канвоем у гэтым начным полі, лёсы абаіх завалакло туманам няпэўнасці, і гэтая няпэўнасць зноў нібы аб’яднала абаіх. Зоська падсвядома адчувала ўсё гэта, і гэта яе гняло. Горш за ўсё, аднак, што з імі амаль не размаўлялі, ніхто ні пра што іх болып не пытаўся, і Зоська не ведала, як усё растлумачыць гэтым суровым, незгаворлівым людзям. Яна проста не ведала, з чаго пачаць.
Падобна, аднак, яны кіравалі ў лес, які ўжо зацямнеўся воддаль у світальным сутонні, — зноў у бок Нёмана, далей ад Скідзеля. Зоська з самотнай паныласцю заўважыла тое, але што было ёй рабіць? Яе вялі, як арыштантку, і нават не хацелі сказаць куды. Праўда, усё ж яна адчувала, што кепскага ёй не зробяць. На яе баку была праўда, і, здаецца, з’явіўся заступнік, гэты во спрытны таўстунок Пашка, які яе недзе бачыў.
Тым часам амаль развіднела — з шэрай імглы выплыла такое ж шэрае зімовае поле — голая роўнядзь з недалёкім ляском наперадзе. Ад гэтага лесу ў поле ўразаўся неглыбокі равок з кустоўем, убачыўшы які, Салей збочыў насустрач, і хутка яны ўсе ўвайшлі ў равок. Сяржант з таўстунком, якія ішлі ззаду, пра нешта ціха перамаўляліся, Зоська, адрываючыся ад сваіх перажыванняў, разы два ўслухалася, але ўчуць нічога не ўчула, а Антон раптам смыгануў шыяй, быццам спаткнуўся нават. Зоська стрымала дыханне — падобна, ззаду размаўлялі пра нейкае наступленне, і Антон зацікаўлена запытаўся:
— Рабяты, а што на фронце чуваць?
— А табе нашто? Каб немцам перадаць?
— He, праўда? Як Сталінград? — дабіваўся Антон, і Зоська заўважыла, як ён увесь сцяўся і прыціх.
— Сталінград даў фрыцам у зубы, — сказаў Пашка. — Паперлі немцаў пад Сталінградам.
— Ды ну? — з разяўленым ад здзіўлення ротам азірнуўся Антон.
— Ты давай топай! — прыкрыкнуў сяржант. — А то здзівіўся, японскі гарадавы!..
— He, на самой справе! Немцы ж казалі, што Сталінград узялі.
— Узялі! Падавіліся там твае немцы. Вунь на шэсцьдзесят кіламетраў турнулі. Фронт прарваны, нашы наступаюць.
— Ай-яй! Глядзі ты! — зусім ужо збянтэжыўся Антон.
— Во, во! — сказаў сяржант. — Але табе чаго радавацца? Ты ж іншага чакаў?
Зоська не ўдзельнічала ў размове і ні пра што не пыталася — пасля нядоўгай збянтэжанасці ўсё ў ёй заззяла. Быццам нешта звалілася з яе плячэй, што ціснула іх доўгія месяцы, і яна выразна адчула, як ёй не хапала менавіта гэтае весткі з-пад Сталінграда. Хаця яна, можа, і не разумела ваеннай важнасці гэтага далёкага горада, але заўжды адчувала, як трэба там перамога. Калі толькі гэта не плёткі. Калі гэта на самой справе. Але хлопцы, мабыць, ведаюць пэўна, бо нават перадаюць падрабязнасці: прарваны фронт і нашы пасунуліся на шэсцьдзесят кіламетраў. I яна, заўважыўшы, як паныла змоўк Антон, зласліва падумала: цяпер хай суцешыцца. Ён жа так перажываў гэтую няўдачу пад Сталінградам, якая натхніла яго на здраду, няхай ён цяпер узрадуецца. Няўдачы няма, ёсць перамога. Дык чаго ж ён так апанурыўся, згорбіўся і апусціў плечы? Нічога ў яго не атрымалася з ягоных хітрых планаў і нічога не атрымаецца, думала Зоська амаль з прагавітым зларадствам.
Салей прывёў іх у ладны пакаты равок, мусіць, пачатак прырэчнага рова, яны дайшлі да рэдкага на схіле хмызнячку, і сяржант ззаду скамандаваў:
— Стоп! Пасядзім тут. А ты, — кіўнуў ён Салею, — давай дуй! Дваццаці хвілін хопіць?
Салей патаптаўся ў сваім падперазаным шырокай афіцэрскаю дзягай армяку, выцер рукой мокрую чорную ба-
раду. Непадвязаныя вушы яго чорнай шапкі тырчэлі ў бакі.
— Паспрабую...
— Ну і добра! Давай дуй! — распарадзіўся малады камандзір, які па гадах мог быць сынам гэтага Салея.
Слізгаючы па снезе, Салей палез угору па схіле, а яны засталіся стаяць унізе. Таўстунок Пашка пачаў поркацца па кішэнях — збіраць закурку. На яго паўнаватым, з выгляду дабрадушным твары не было ні клопату, ні нават якой сур’ёзнасці, у куточках вуснаў жыла мяккая ўсмешачка, нібыта ён займаўся чымсьці маласур’ёзным, хаця і цікавым увогуле. На свежасчырванелым, нібы абпаленым, твары сяржанта, наадварот, адбівалася строгая важнасць, нейкая ваўкаватая незадаволенасць сабой ці іншымі, і Зоська падумала, што з ім трэба паводзіць сябе асцярожна. Такія, раззлаваўшыся, здольны на ўсё, а раззлаваць іх заўжды нічога не варта, яны ўспыхваюць, нібы порах.
— Так. А цяпер падрубаем, а вы пагледзіцё, — без ценю гумару абвясціў сяржант, дастаючы з кішэні нешта, загорнутае ў паперку, і Зоська адвярнулася. Ежа яе мала цікавіла, яна ўсё думала, як бы ёй вызваліцца ад апекі ці арышту гэтых людзей.
16
Стоячы на снезе ў раўку, Антон не пазіраў ні на Зоську, ні на двух партызан, якія ўзяліся есці з паперкі, і пах варанага мяса пакутна дражніў яго нюх. У каторы раз за сённяшні ранак і ноч Антон быў аглушаны і збянтэжаны, амаль раздушаны тымі нечаканасцямі, што абрынуліся на яго галаву. Мала яму было нязломнай упартасці Зоські, вераломнай выхадкі гаспадара хутара, які пайшоў па каня, а прывёў партызан, дык цяпер яшчэ і Сталінград. Горад, які, на ягоную думку, даўно павінен быў здацца, прынёсшы людзям канец гэтай праклятай вайны, гэты горад, аказваецца, не толькі ўтрымаўся, але яшчэ і даў у зубы немцам. Цяпер там наступленне, вайна доўжылася, перамога яшчэ невядома каму дастанецца. Ці не пра тое ж гаварылі ўчора і паліцаі, размо-
ву якіх так недарэчы недачуў Антон і з тае прычыны ледзьве не нарабіў глупства. Можа, цяпер ён павінен быў дзякаваць Зосьцы за яе выратавальную для абаіх цвёрдасць, дараваць яе выхадку з тапаром, наогул паспрабаваць памірыцца з ёю. Сапраўды, новая паваротка ў вайне вымушала Антона перагледзець некаторыя з сваіх ранейшых рашэнняў, перайначыцца ў адпаведнасці з новымі абставінамі.
Калі толькі дазволяць гэтыя абармоты з Ліпічанскай пушчы, якія звязалі ягоныя рукі і вядуць невядома куды. Ужо ці не на той бок Нёмана? У такім выглядзе ён не мог паявіцца ў партызанскай зоне, дзе яго адразу возьмуць пад арышт, ужо там яму не мінуць следства. Усякую магчымасць абвінавачвання трэба было пагасіць тут. Але як? 3 гэтым зласлівым недамеркам, якога яны называюць сяржантам, нават і паразмаўляць немагчыма, ён загадзя ўсё ведае і ўпэўнены, што Антон — вораг. Ды і Зоська таксама ашчэрылася супраць — не падысці. Але, разважыўшы, Антон падумаў, што ў ягоным становішчы, як ні дзіўна, выручыць яго можа менавіта адна толькі Зоська. Можа ўтапіць канчаткова, a можа і вызваліць — гэта ўжо будзе залежаць ад яе да яго адносін.
Сяржант з таўстуном тым часам, напэўна, даелі мяса і ляніва дажоўвалі хлеб, пазіраючы на абрыў, дзе павінен быў паявіцца некуды пасланы імі Салей. Зоська дэманстратыўна адвярнулася ад яго і засяроджана калупала ботам у снезе. У раўку было схоўна, не дужа ветрана, падаў рэдкі сняжок. Ногі ў непрасохлых ад ночы ботах пачалі хутка мёрзнуць на невялікім марозе, але Антон не спяшаўся выпраўляцца адсюль, ён напружана меркаваў, што рабіць, як падступіцца да гэтага сяржанта ці хаця б да Зоські. Ён адчуваў, што пакуль была такая магчымасць, пасля яна можа знікнуць, і ён ні да каго ні з якога боку ўжо не падступіцца.
Ён не надумаў нічога, хаця мінула, мабыць, болей чым дваццаць хвілін, і Салей не вяртаўся. Гэтая яго затрымка пачала прыкметна трывожыць сяржанта, які, стоячы на дне раўка і засунуўшы рукі ў кішэні старога, з рудымі падпалінамі ад агню шыняля, усё пазіраў на абрыў і нецярпліва
таптаўся ў снезе — ужо вытаптаў невялікую, з квадратны метр, пляцоўку. Нарэшце, мабыць, згубіўшы трыванне і нядобрым словам памянуўшы японскага гарадавога, палез на схіл. Там, над раўком, дзе пачыналася ворыва, было трохі раўней, і назіраць адтуль было болей зручна. Скамечыўшы ў руках снежку, ён шпурнуў ёю ў равок і скамандаваў:
— Ану давай усе сюды! Усе, усе! I вы таксама.
Зоська, за ёй таўстунок Пашка і апошні Антон пачалі лезці па схіле ўгору. Лезці па слізкай, засыпанай снегам траве было нязручна наогул, а са звязанымі рукамі дык і зусім немагчыма. На сярэдзіне схілу Антон паслізнуўся і бездапаможна выцяўся грудзямі аб зямлю, адразу пачуўшы на вуснах саленаваты прысмак крыві. Сяржант угары зласліва, коратка рагатнуў, і Антону спатрэбілася немалое намаганне, каб не паддацца шаленству, якое хлынула на яго. Ім смешна! Звязалі, абяззброілі, кудысьці вядуць сілай і яшчэ цешацца з яго немачы. Знарок не спяшаючыся, ён падняўся з каленяў, як-колечы стаў на расслізганым схіле; побач на снег упала некалькі ружовых кропляў крыві — няхай! Яны ўсе ўтраіх спакойна стаялі наверсе, на абрыве, і з насмешлівым здзекам пазіралі, як ён няспрытна караскаецца на схіл, і ён знарок прадэманстраваў ім сваё прыніжэнне — хай радуюцца. Гэты ўдар зубамі аб зямлю не шмат дадаваў да тых няўдач, якія спасцігалі яго сёння, і без таго ён адчуваў сябе абражаным. Пад іх зласлівымі позіркамі ён выбраўся з раўка, пакідаючы за сабой чырвоныя на снезе кроплі, і пакорліва стаў перад канваірамі.