Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
выбраўшы, напэўна, момант, сяржант рыўком ускочыў на ногі, штось крыкнуў і кінуўся цераз рэйкі, адразу знікшы на тым баку аднапуткі. За ім, азірнуўшыся, з меншым спрытам перабег рэйкі Пашка. Зоська ляжала побач з Антонам. Цяпер, напэўна, чарга была за ім, але Антон чамусь бавіў час, і яна, не зразумеўшы прычыны яго маруднасці і зноў баючыся адстаць, на руках і каленях выскачыла з канавы.
Яна ўдала перабегла наўкось абедзве рэйкі, ухапіўшы позіркам рухавыя постаці хлопцаў, якія ўжо ўбягалі ў сасоннік, і выпрасталася, каб пераскочыць неглыбокую з гэтага боку канаву. Але менавіта ў гэты момант нешта незразумелае з чыгунным звонам выцяла яе па галаве. Зоська хіснулася, але не ўпала, недаўменна схапілася рукой за галаву і, убачыўшы на далоні кроў, зразумела, што паранена. Яна аслабела перабегла канаву, улезла ў засыпаны снегам быльнёг і, заціскаючы далонню рану на скроні, пабегла да недалёкага ўжо сасонніку.
Яна баялася ўпасці і не азіралася. Толькі калі ззаду і блізка грымнуў вінтовачны стрэл, яна, бегучы, павярнулася — гэта страляў ззаду Антон. Салея не было відаць, і яна, хістаючыся і вельмі баючыся, каб не спатыкнуцца і не ўпасці, бегла па чыстым снезе. Правы бок галавы неяк недарэчна пухнуў ад глыбокага звонкага болю, кроў залівала вуха, шчаку і шыю пад хусткай, але Зоська бегла да выратавальнага ўзлеску, дзе ўжо схаваліся сяржант і Пашка.
Антон дагнаў яе перад самым узлескам і зноў, бегучы, стрэліў кудысь з вінтоўкі. Упершыню адным вокам (другое ўжо заплыло крывёю) яна зірнула ў той бок, куды ён страляў, і жахнулася: іх даганялі паліцаі. Двое з іх беглі з вінтоўкамі амаль па пятах, адзін, прыпыніўшыся, страляў у Антона. Сасоннік маўчаў, сяржант з Пашкам зніклі. Неяк ухінуўшыся ад кулі, Антон абмінуў Зоську і зараз жа схаваўся ў хвойніку. Зоська зноў апынулася апошняй, а паліцаі беглі праз сотню метраў за ёй. Боль пухнуў у галаве, ахапіўшы ўвесь правы бок, крыўда рвала яе сэрца, яна адчувала, што гіне — па-дурному і марна. Але яна ўсё ж згледзела тое месца, дзе схаваўся Антон, і пад стрэлы і крыкі ззаду таксама
ўляцела ў сасоннік. Цяпер яе надзея была на Антона. Ён меў вінтоўку і быў бліжэй за іншых. I Зоська бегла, як толькі можна было бегчы ў гушчары, — раздзіраючы грудзі, плечы і рукі, аберагаючы толькі галаву ад растапыранага з усіх бакоў сучча. Ззаду бахалі стрэлы і чуліся галасы, але, здаецца, паліцаі адсталі і не маглі яе бачыць. Яна пабегла цішэй і, выбіваючыся з сілы, паволі перайшла на крок.
На вузкай прагаліне ў сасонніку яна ўбачыла знаёмыя сляды на снезе і слепа пабрыла па іх. Каб не ўпасці, яна ўвесь час хапалася рукой за голле, другой заціскаючы рану. Цяпер ёй нічога не заставалася, як толькі дагнаць Антона, калі той не ўцёк далёка, каб з яго дапамогай перавязаць рану. Сама яна ўжо не магла гэта зрабіць і баялася страціць прытомнасць. Яна кепска бачыла ў гэтым гушчары сваім адным вокам і ўзрадавалася, калі пачула за хвояй трэск голля.
— Антон!..
— Ну што? Ідзі сюды...
3 завалочанага хмарамі неба сыпаў дробны сняжок.
18
Антон чакаў Зоську — а што яму яшчэ заставалася, не бегчы ж наўздагон за гэтым баламутам-сяржантам. Вядома, і сяржант, і Зоська цяпер былі яму непатрэбны. Здаецца, ён выкруціўся з найбольшае бяды, адкараскаўся ад самасуду, уцалеў ад паліцэйскай кулі і нават займеў вінтоўку забітага на рэйках Салея. 3 Зоськай, напэўна, усё ўжо скончана — нашто яму Зоська? Хаця... Хто ведае, што будзе далей, але вось яна выбегла з-за хвоек з залітай крывёю шчакой, і нешта ў Антона хваравіта сцялася ад аднаго толькі выгляду яе прывабнага, а цяпер перакошанага балючай грымасай твару.
— Бінт ёсць?
Бінта, аднак, у яе не аказалася, у яго таксама не знайшлося ў кішэнях нічога здатнага для перавязкі. Трэба было разадраць што-небудзь з бялізны, але не распранацца ж тут, пад носам у паліцаяў. Перш за ўсё належала зашыцца ў лесе,
калі пашчасціла ўжо адарвацца ад даганятых: кожная хвіліна была дадзена богам для паратунку.
— Во чорт! — вылаяўся Антон, услухоўваючыся ў недалёкія, на ўзлеску, галасы паліцаяў, — яшчэ, чаго добрага, кінуцца па слядах. Зоська ўсё заціскала далонню рану, трудна дыхала, і ён схапіў яе за руку.
— Як? Трываць можаш?
Яна нешта сказала, але ён не пачуў і павалок яе праз хвойны гушчар далей ад узлеску, у глыб гэтага маладога хвойніку, пакуль той не абклалі паліцаі. Абкладуць, тады зноў прабівайся з боем, што можа скончыцца новай крывёй, калі не пагібеллю абаіх.
Але неяк нечакана хутка хвойнічак скончыўся, яны выбеглі на рэдкаваты ўзлесак, і Антон дазволіў сабе спыніцца, каб перавесці дыханне. Зоська адразу ўпала на прысыпаны снегам мох, а ён спярша агледзеўся. Наперадзе ляжала нешырокае снежнае поле, зводдаль цямнелася паласа новага ўзлеску. Разглядзець яго здалёк было цяжка — густа сыпаў снег. Але снег цяпер, можа быць, дарэчы, падумаў Антон, ён схавае сляды, замгліць, дасць уцячы ад пагоні. Трохі аддыхаўшыся, Антон павярнуўся да Зоські, якая, схіліўшы галаву, бокам ляжала між хвоек.
— Ну, ты як?
Яна не адказвала, толькі, сціскаючы зубы, ціха стагнала. Плячо яе плюшавага сачка было ў крыві, хустка з правага боку таксама прамокла загусцелай плямай крыві, на якую наліпалі сняжынкі. Антон прысланіў да сухога сучка вінтоўку і рашуча расхінуў свой кажушок. Выцягнуўшы з-пад світэра падол сподняй кашулі, ададраў ад яе нешырокі шкумат і прысеў перад Зоськай.
— Ану дай!
Здаецца, усё ж дзяўчыне пашэнціла — куля трохі зачапіла галаву, а калі б узяла глыбей, дык перавязка ўжо не спатрэбілася б. Моршчачыся ад крыві, якая ўсё сачылася з раны, Антон абматаў свой шкумат па залепленых снегам і крывёй валасах, як-колечы завязаў канцы, Зоська, дужа збялеўшы, ціхенька стагнала, яе правае вока, брыво і нават шчака заплывалі мяккай сінюшнай пухлінай. Перавязваю-
чы яе, Антон увесь час адчуваў нейкае дзіўнае, непадуладнае яму пачуццё, перамешанае са спагадай і амаль неадольнай фізічнай гідлівасцю.
— Нічога! — слаба суцешыў ён, скончыўшы перавязку. — Галоўнае — ногі цэлыя! Куды-небудзь дойдзем.
Яна сама асцярожна завязала на ягоны ласкут сваю хустку, ад чаго яе галава стала нязграбна-вялікай. 3 Антонам яна не размаўляла, відаць, ледзьве адольваючы боль, і ён не даймаў яе роспытамі. Ён болей услухоўваўся ў невыразныя гукі лесу і аднастайны шум хвой, з трывогай ловячы галасы паліцаяў. Але тыя, мабыць, адсталі, лес быў спакойны, роўна шархацеў снег па кажушку на плячах.
— Як, ісці можаш?
Замест адказу Зоська зрабіла нямоглую спробу падняцца, і ён падаў ёй руку, памог стаць на ногі.
3 кароткімі супынкамі яны перайшлі поле і ўперліся ў новую сцяну хвойніку, якая рабіла тут плаўны выгінасты паварот, як Зоська раптам спынілася, пераламалася ўся на сярэдзіне, і Антон, азірнуўшыся, зразумеў: яе бралі ваніты. Пакуль яна скаланалася ў сутаргах, ён разгублена стаяў насупраць, думаючы, што як бы не давялося несці яе на плячах. Але не давялося, Зоська пакрысе абціхла, выпрасталася, і яны пайшлі далей. Праўда, яна ўвесь час адставала, змушаючы Антона прытрымліваць свой крок, і ішла нібы п’яная, спатыкаючыся, гатовая на кожным кроку ўпасці. Руку не апускала ад галавы, глядзела адно сабе пад ногі, адставала, і Антон цярпліва чакаў яе ў часе супынак, калі яна дагоніць яго. Напэўна, ёй трэба было б адпачыць, але ён імкнуўся адысці як мага далей ад чыгункі, а пасля... Але ён і сам мала разумеў, што будзе пасля.
Мінуўшы хвойнік, яны доўга брылі па голай снегавой роўнядзі невядома куды. Антон даўно ўжо не пазнаваў мясцовасці, напэўна, ён тут ніколі не быў, і ішоў абы-куды. Снег не пераставаў. Снегавая завея секла з абодвух бакоў, і ён думаў, што напрамак вытрымліваў правільна. Бачнасць вакол была кепская, а сярод раўніннага поля і зусім не стала нічога відаць — у густой белай імгле толькі мільгалі, скакалі, несліся сняжынкі. Але вось трошкі ў баку ад яго напрамку
штось зашарэла цьмянай круглаватаю плямай — здалося, стажок ці, можа, сцірта саломы. Аднак спакваля Антон здагадаўся, што гэта адзінокае дрэва ў полі. Падумаўшы, што пара адпачыць, ён збочыў да гэтага дрэва і, трохі пратупаўшы, праз сетку завеі ўбачыў здаля і другое высокае дрэва, a за ім рад дрэў ніжэйшых, цені будынін, саламяную страху з комінам. Здаецца, яны прыбрылі да вёскі. Вёска цяпер была ім дарэчы, у ёй, мабыць, прыйдзецца пакінуць Зоську. Але — калі б ноччу. Удзень паяўляцца ў незнаёмай вёсцы — заўжды вялікая рызыка, тым болей пад носам у немцаў.
Шырока ступаючы ў неглыбокім снезе, Антон падышоў да дрэва і спыніўся. Гэта была старая раскошная груша-дзічка з цэлым воблакам калючага сучча, што раскінулася на мяжы двух зямельных надзелаў. Пад грушай напаўзамеценая снегам грувасцілася вялікая крушня камення, сабранага з поля. Калі сесці ніжэй, дык за крушняй можна было затуліцца ад ветру і старонняга вока, іншага прытулку паблізу нідзе не было відаць.
— Вунь вёска, бачыш? — кіўнуў Антон Зосьцы, калі тая прыплялася да грушы.
— Княжаводцы, — нейкім незнаёмым голасам ціха сказала Зоська. Антон уважліва зірнуў на яе і здагадаўся: гэта ад пухліны, якая скарэжыла ўвесь правы бок яе твару.
— Што, знаёмая вёска?
— Знаёмая. Улетку тут у сяброўкі была.
— Во і добра. Ёсць дзе прытуліцца. Пацямнее — пойдзем. А пакуль сядай, трэба чакаць.
Ён вывернуў з-пад снегу плоскі вялікі камень на краі крушні, і Зоська з гатоўнасцю апусцілася на яго, зноў, быццам ад зубнога болю, левай шчакой паклала галаву на далоні.
— Ляснула тваё заданне, — сказаў Антон, сядаючы на другі камень побач. — I маё таксама. Што рабіць?..
Ціха стогнучы, Зоська маўчала, і ён, павярнуўшы затвор, зірнуў у магазінную каробку вінтоўкі. Там было ўсяго два патроны і стрэленая гільза ў патронніку. Гільзу ён выкінуў на снег, патроны ўціснуў глыбей у каробку. Два патроны, вядома, мала, амаль нічога, хіба што на крытычны выпадак.
Добра, аднак, што здабыў вінтоўку. Праўда, сам ледзьве не трапіў у паліцэйскія лапы, але вінтовачку ўсё ж падхапіў. Шкада, не паспеў памацаць у Салея ў кішэнях, мабыць, там знайшоў бы якую пару абоймаў. Але і так ледзьве дабег да хвойніку. Ва ўсякім выпадку з вінтоўкай ужо можна будзе вярнуцца ў атрад, вось толькі што ён скажа ў атрадзе аб сваёй трохдзённай адсутнасці? Чорт, як няскладна ўсё атрымалася! I трэба ж было яму выбраць такі недарэчны момант. He, каб пачакаць пару дзён у лагеры і дачуцца аб тым, што здарылася пад Сталінградам. Але хто мог думаць, што справы ў Сталінградзе абернуцца такой нечаканасцю і ў такі менавіта час? Ды і Зоську ніколі раней не пасылалі ў Скідзель, як можна было ўпусціць такі здатны шанец? Эх, Зоська, Зоська! Гэта яна па-дурному парушыла ўсе ягоныя планы і ледзьве не загубіла яго і сябе таксама... А можа, яна ўратавала сябе і яго? — раптам падумаў Антон. Калі на ўвазе мець Сталінград, дык сапраўды ўтрымала ад згубнага апошняга кроку. Ведала роўна столькі, колькі ведаў і ён, a глядзі, здагадалася... Што значыць жаночае адчуванне! У яго ж такога адчування не аказалася, і ён ледзьве не сунуўся ў гэты паліцэйскі мурашнік у Скідзелі. Цяпер няцяжка было ўявіць, чым бы ўсё скончылася, калі б ён прывалокся да таго ж Капыцкага. Вось і атрымліваецца, што Зоська была разумнейшая за Антона і хоць бы ўскосным чынам ратавала яго.