Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
У той жа час, востра адчуваючы сябе душэўна, яна ніяк не адчувала сябе фізічна, яна нават не ведала, як і ў чым яна апранута і ці ёсць у яе рукі, ногі, быццам яна без цела, без свайго ранейшага аблічча або страціла здольнасць зрокава ўспрымаць гэтае аблічча. Што датычыць навакольнага свету, дык ён даволі поўна ўспрымаўся ёю ва ўсёй яго рэчаіснасці, яна бачыла ля сябе нейкіх людзей, якія стаялі і размаўлялі, быццам на кірмашы ў дзень свята. Магчыма, гэта адбывалася нават на кірмашовай плошчы ці, можа, на лужку за мястэчкам. He зважаючы на гаману і мітусцю навакол, людзі таксама чакалі хуткае паяўленне яго, хаця, можа, і не так нецярпліва і прагна, як чакала Зоська.
Але адбылася дзіўная падмена ў гэтай атмасферы ўсеагульнага чакання, чамусьці нікім, нават самой Зоськай, ніяк не заўважаная, — проста адзін стан неўпрыкмет змяніўся другім, і замест яго ўгары апынулася сама Зоська. Яна лёгка і вольна плыла ў вышыні над зямлёй, дрэвамі і людзьмі, дахамі нейкіх будынін, возерам і крывулякай рэчкай. Гэта быў радасны, чароўны палёт, поўны салодкага адчування прасторы і бязмежнага шчасця волі. Зоська лёгенька махала рукамі, каб трымацца на вышыні, дзе яна не адчувала ні ўласнай вагі, ні прыцягнення зямлі, ні нават супраціўлення паветра. Унізе былі, напэўна, усё тыя ж людзі, па адным і ў невялікіх купках, але цяпер ёй не было ніякае справы да гэтых людзей, ёй прыемна было аддавацца радаснаму адчуванню палёту над гэтай цёплай вясновай зямлёй.
Аднак нешта ўжо змянілася ў самой Зосьцы ці, можа, у гэтай прасторы, нейкая сіла ўладарна пацягнула яе ўніз, яна адчула вагу ўласнага цела, мацней замахала рукамі. Але ўтрымацца на вышыні яна ўжо не магла і катастрафічна хутка апускалася; зямля, дахі, дрэвы і тэлеграфныя слупы пры дарозе ўсё набліжаліся, яна з усяе сілы працавала рукамі, але спыніць зніжэння ўжо не магла. Яе з уладарнай няўхільнасцю цягнула ўніз, дзе ўжо бегалі, крычалі і махалі рукамі нейкія людзі ў чорным, яны ўжо гатовы былі ўхапіць яе, і ёй патрэбна было вялізнае намаганне, каб ухіліцца ад іх доўгіх пагрозлівых рук. Прадчуваючы, што яе чакае на зямлі, яна з усяе сілы працавала рукамі, і гэтыя яе рукі раптам ператварыліся ў крылы — шырокія, чорныя крылы птушкі, якой стала яна сама.
Крылы, аднак, не памаглі ёй узняцца, яна ўжо была на зямлі, сярод снежнага поля, і, б’ючыся грудзьмі аб дол, адчайна спрабавала ўзляцець. Вялізныя яе крылы толькі размяталі вакол рыхлы марозны снег, махаць з кожнай хвілінай рабілася ўсё трудней, сілы яе канчаліся, і ў свядомасць шыбануў страх ад думкі, што яна гіне.
Пасля яна нібы аддзялілася ад той чорнай птушкі і ўбачыла яе збоку — распластанай на снезе з апушчанымі, перасыпанымі снегам крыламі і апалай галавой на схіленай, з ускудлачаным пер’ем шыі. Птушка рабіла апошнія канвуль-
сіўныя рухі і роспачна білася вострымі грудзьмі аб снег. Яна ўжо не ўзлятала — яна памірала, гэта вялізная чорная птушка ў заснежаным полі, і з ёй разам у невыразнай роспачы, здаецца, канала Зоська...
Але яна не памерла — яна раптам прачнулася з адчуваннем таго, што навакол нешта змянілася, можа, нават здарылася нешта. У накінутым на плечы кажушку Антон расчыняў дзверы, з якіх у воблаку сцюжы ў трысцен увайшоў гаспадар, за ім нейкі чалавек у шынялі, са счырванелым ад ветру тварам, пасля таўстунок у суконнай паддзёўцы і чорнабароды мужык у армяку і з вінтоўкай. Зоська пасунулася бліжэй да сцяны, спрабуючы ўстаць як не на сваіх нагах і не разумеючы, што адбываецца. Антон адступіў да печы пад накіраваным на яго аўтаматам пярэдняга, які з нязлоснай упэўненасцю закамандаваў:
— Рукі ўгору! Угору, угору! Во так. Пашка, абшукаць! Зоська з трапяткім ад спалоху сэрцам ціснулася да сцяны і не ведала, што рабіць. Яна толькі глядзела, як таўстунок у шэрай паддзёўцы, якога пярэдні назваў Пашкам, рашуча шкуматнуў з Антона яго кажушок, лапнуўшы па кішэнях штаноў, выняў з правай наган, пачаў нешта намацваць у левай. Знешне амаль спакойны, Антон стаяў, трохі прыўзняўшы рукі, і мармытаў разгублена:
— Рабяты, ды што вы? Ну чаго вы? Свайго не прызнаеце, ці што? Я ж з «Сувораўскага»...
— А гэта мы яшчэ паглядзім, з якога ты «Сувораўскага», японскі гарадавы! Чым тут займаешся? — строга запытаў невялічкі з чырвоным тварам і падабраў аўтамат. — А яна? Хто яна такая?
Тут яны ўсе разам павярнуліся да яе, разглядваючы яе пры цьмяным святле капцілкі, і да свядомасці Зоські паволі, як пасля страты прытомнасці, стала прабівацца думка, што гэта ж свае, напэўна, з нейкага ліпічанскага атрада, хлопцы-партызаны. Але, амаль паверыўшы ў сваю здагадку, яна чамусьці не ўзрадавалася, тут жа сцяміўшы, што радасці з гэтага будзе не многа. Хутчэй зноў будзе кепска.
— Яна таксама з «Сувораўскага», — сказаў Антон і пры-
апусціў рукі. Ніхто з іх не заўважыў таго, усе пазіралі на скурчаную пад сцяной Зоську. Зоська між тым маўчала, бо не мела права называць сябе, хаця і адчувала, што зараз, відаць, пачнуцца роспыты і трэба будзе нешта сказаць.
— А чаму звязана? Гэта што — ты яе звязаў? Японскі гарадавы! — хмурачы светлыя броўкі на яшчэ юначым твары, дапытваў той, што стаяў з аўтаматам. Напэўна, ён тут быў старшы.
— Я звязаў, — проста сказаў Антон, і гаспадар, які стаяў ззаду за ўсімі, ледзь прыкметна кіўнуў галавой.
— Чаму звязаў?
— Бачыце, — няпэўна пачаў Антон, але затым даволі бадзёра вытлумачыў: — Мы былі на заданні, ну і яна рашыла перабегчы да немцаў.
— Ілжэш! — уся скаланулася Зоська. — Ілжэ ён!
Яна зноў гатова была заплакаць ад бязмежнае крыўды і гэтага новага вераломства Антона. Але той, ніколечкі не сумеўшыся ад яе крыку, цепнуў плячом і кіўнуў на гаспадара.
— Вунь сведка.
— Во як?! — чырванатвары ўважліва паглядзеў наЗоську.
— Пастой! — раптам іншым тонам сказаў таўстунок Пашка. — Я ж яе ведаю. Яна сапраўды з «Сувораўскага». Зося, здаецца.
Зоська, не адказаўшы, толькі спыніла свой ціхенькі плач, выцерла аб плюшавае плячо мокрую шчаку і ўважлівей паглядзела на свайго заступніка. He, ён быў ёй не знаёмы, здаецца, яна бачыла яго першы раз, хоць магчыма, што недзе з ім сустракалася.
— Гэта не я, а ён рашыў перабегчы да немцаў, — сказала яна спакойна і ўстала з падлогі. — Во хай гаспадар скажа.
Усе разам павярнуліся да гаспадара, але той толькі паморшчыўся, пераступіў з нагі на нагу і затым загаварыў на сваёй мешаніне беларускай з польскай:
— Я, пан, мало розумем... Так, штось пан гаварыў. У Скідзель бытта ісці. Пані не хацела ісці. Чаму — не розумем.
— Ну, гэта чапуха! — з упэўненасцю сказаў таўстунок Пашка. — Таварыш сяржант, яй-богу, гэта наша дзеўка. Я яе ведаю.
— Японскі гарадавы! — заклапочана вымавіў чырванатвары і скамандаваў: — Развязаць!
— Харошая дзеўка, яй-богу, — запэўніў таўстунок і ступіў да Зоські.
Хвіліну пакалупаўшыся над яе вузлом, ён развязаў вяроўку, і Зоська з палёгкай апусціла набрынялыя рукі. Чорнабароды з вінтоўкай моўчкі стаяў ля дзвярэй. Гаспадар адсунуў стол да печы, і ў дзвярах паявілася напалоханая гаспадыня з Вацыкам. Яны моўчкі сталі назіраць, што адбывалася ў трысцене, на сценах якога няспынна варушылісямільгалі чорныя цені людзей. Стоячы трохі ўбаку, сяржант пільна сачыў за кожным рухам Зоські і Антона, штось глыбакадумна асэнсоўваючы і ўсё хмурачы тонкія броўкі на строгім маладым твары.
— Так! А таго звязаць! — паказаў ён на Антона, і таўстунок ступіў да яго з вяроўкай. Антон збянтэжана развёў рукамі.
— Ды што вы, рабяты? Я — свой!
— Гэта яшчэ мы пабачым, які ты свой. Ану рукі назад!
Рабіць не было чаго, Антон неахвотна заклаў рукі назад і трохі павярнуўся плячамі да таўстунка, які абматаў яму кісці вяроўкай.
— Во так. Спрытней будзе...
— Гэта безабразіе, сяржант! Мала што наган адабралі, дык яшчэ і вязаць! За што? Што гэта сказала? I вы ёй паверылі? Можа, у мяне з ёй асобныя шчоты?
— Гэта якія шчоты? — з’едліва пацікавіўся сяржант.
— А хоць бы палюбоўныя. А яна...
— Японскі гарадавы! Ты нам тут не цямні! Ану марш! Яны расступіліся, прапускаючы Антона наперад, да выхаду, і той завагаўся.
— Куды?
— Куды трэба. Ну? Марш!
— Дайце хоць паўшубак надзець! — прыкметна занерваваўся Антон, і таўстунок накінуў яму на плечы яго кажушок. Антон варухнуў плячыма і пасля нядоўгага роздуму рашуча ступіў да дзвярэй.
— Ты — тожа! — кінуў сяржант Зосьцы, і яна пайшла за Антонам.
На дварэ вісела перадсвітальная імгла, у якой ледзь шарэў снег і паніклі, згорбіліся цёмныя цені хлявоў. Сцюдзёны пранізлівы вецер нядобра дзьмухнуў Зосьцы ў твар, непрыемнай слатой астудзіў яе шчокі, і яна з апалым сэрцам падумала, што яе таксама вядуць, як арыштантку. Але куды яны павядуць яе, гэтыя ліпічанскія хлопцы? Ці не збіраюцца яны тут учыніць хуткі суд і расправу над Антонам, а заадно і над ёй таксама? Але, мабыць, суд-расправа пакуль што адкладваліся, для таго трэба было выйсці з небяспечнай зоны ці зашыцца глыбей у лес. Хаця, мяркуючы па змрочнай рашучасці гэтага сяржанта, ён мог лёгка прыкончыць дзе хочаш.
Хуткім крокам яны прамінулі калодзеж і выйшлі ў начное поле. Злашчасны той хутар неўзабаве без следу растаў у шэрых прыцемках ночы, зліўся са змрочнай сцяной хваёвага лесу. Зоська, аднак, не азіралася, яна зноў ледзьве паспявала за Антонам. Пустыя рукавы ягонага кажушка матляліся на ветры, быццам крылы падстрэленай птушкі, і Зосьцы на хвіліну ўспомніўся яе нядаўні загадкавы сон. Сон, безумоўна, меў нейкі страшны для яе сэнс, у другі раз яна б доўга хадзіла пад яго ўражаннем, цяпер жа думаць аб ім не было часу. Рэчаіснасць была мала лепшая за сон, і зноў было невядома, чым усё скончыцца.
Яны хутка ішлі начным полем па неглыбокім, трошкі счарсцвелым пад ранак снезе. Антон старанна крочыў за чорнабародым з вінтоўкай, які вёў усю групу і якога сяржант называў Салеем. Зоська здагадалася, што ён з тутэйшых, яе землячок, значыць. Але разлічваць на яго дапамогу не было падставы, яна зразумела, што тут усім верхаводзіў гэты малады сяржант, да якога невядома як было падступіцца. Зрэшты, яна атрымала магчымасць перавесці дыханне, усё ж яна ўратавалася ад пагібелі, Антонавы планы, здаецца, рухнулі, і Зоська з цёплай удзячнасцю ўспомніла гаспадара хутара, гэтага паслугача сваёй жонкі, які не разгубіўся, уратаваў хутар і Зоську. Але, дзіўная справа, Зоська не адчувала ў сабе палёгкі, кепскія прадчуванні прадаўжалі ўладарыць над яе свядомасцю.