Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Што раскрывяніўся?! — незадаволена сказаў сяржант, перастаючы ўсміхацца. — Ану вытрыся! Неча тут крывёю смаркацца.
Антон стаяў моўчкі, з нямым дакорам у позірку і не варухнуўся нават, калі збоку да яго нечакана ступіла Зоська. Працягшы руку, яна рукавом сачка коратка выцерла яго бараду, зрабіўшы гэта моўчкі, двума кароткімі рухамі рукі, і Антон ледзьве ўтрымаўся, каб не скалануцца ад яе дотыку. Толькі калі яна адышлася з такім выглядам, быццам ёй няма больш да яго справы, штось унутры ў яго варухнулася — сум па страчанаму ці, можа, надзея.
— Так, так! — з’едліва ўхмыльнуўся сяржант. — Цяпер бачу, японскі гарадавы!..
Ён не скончыў, аднак, — усе разам павярнуліся да недалёкага грэбня пагорка, дзе трошкі ў баку ад ланцужка сваіх ранейшых слядоў паказаўся Салей. Ён хутка шыбаваў уніз да раўка, часам шырока слізгаючы па снезе, і сяржант з таўстуном, мабыць, штосьці ўчуўшы, прыціхлі. Антон, трошкі адвярнуўшыся, выцер аб каўнер кажушка кроў, што ўсё сачылася з драпіны на барадзе, і таксама глядзеў на Салея. Ён адчуваў, што той нясе вестку, якая і для яго можа аказацца важнай.
— Ну што? — нецярпліва крыкнуў сяржант, калі пасыльны падышоў крокаў на дваццаць. Але той толькі махнуў рукой.
— Што, не дайшоў? — запытаў таўстун Пашка.
— Дайшоў. Але што карысці...
— Чаму так?
— Сівага ўзялі! — аб’явіў Салей, падышоўшы, і скінуў вінтоўку прыкладам на снег, ссунуў на патыліцу шапку. Ад яго спатнелага лба ішла пара.
— А гэта... Баба яго? — напомніў сяржант.
— Баба асталася. Ад яе і дазнаўся. Цераз беразнячок не прайсці.
Ды ну?
— Аблава там. Паліцыя і жандары. Акурат у бярозах заселі.
— А калі правей. Полем?
— А вёска там. 3 вёскі ўсё на віду. He пусцяць.
— Дзяла, японскі гарадавы! — паныла сказаў сяржант і павярнуўся назад да раўка. Паўхвіліны ён звузелымі вачмі ўзіраўся ў прытуманеную шэрань прасторы.
— Што ж нам цяпер, дняваць тут? — ціха сказаў да яго Пашка.
— А хрэн яго знае...
— Я так думаю, — пасля паўзы запараным голасам сказаў Салей. — Можна паспрабаваць ля чыгункі. Насыпка там невысокая, але... Якіх паўвярсты.
— А цераз насып не бачна? — усумніўся Пашка.
— He, не ўбачаць. Калі паўзком...
— Паўзком? 3 гэтымі во? — злосна кіўнуў сяржант на Антона.
— Калі толькі паўзком, — настойваў Салей.
— Ну і задача, японскі гарадавы! — вылаяўся сяржант і сеў задам у мяккі, неглыбокі тут снег.
Антон насцярожана слухаў, стараючыся нешта ўцяміць з іхняй размовы, але толькі і зразумеў, што прайсці дзесьці нельга, што недзе на іхнім шляху немцы. Цяпер ён нават не ведаў, як аднесціся да гэтай няўдачы. 3 аднаго боку, ён адчуў міжвольную радасць, што ў гэтых абармотаў штось не заладзілася, і хай — не толькі ж яго спасцігаць няўдачам. Але, разважыўшы, ён адчуў няпэўную яшчэ небяспеку, каб усё гэта не абярнулася для яго яшчэ горшым чынам.
Нядоўга пасядзеўшы на снезе і ўсё хмурачы свае тонкія броўкі, сяржант кіўнуў Пашку, і той апусціўся насупраць на кукішкі, з увагаю ўставіўшыся ў яго востры, па-змоўніцку ажывелы твар. Неўзабаве таўстунок ужо згодна ківаў галавой. Салей, абапёршыся на вінтоўку і стоячы да іх бокам, услухоўваўся ў іхнюю размову. Антон здаля таксама спрабаваў што-небудзь пачуць, але сяржант заўважыў ягоную цікавасць і азірнуўся.
— Ну ты! Ану адыдзі! Адыдзі, адыдзі! На пятнаццаць шагоў марш!
Рабіць не было чаго, Антон паволі адышоўся крыху і спыніўся, коса пазіраючы на партызан. Невыразная трывога пачала ўсё болей тачыць яго і без таго неспакойныя пачуцці. Ён не ўчуў ніводнага слова са сказаных сяржантам дзвюх ці трох фраз, але ён заўважыў, як выпнуўся на хвіліну звычайна дабрадушны і мяккі твар таўстуна Пашкі, які, праўда, хутка зноў стаў ранейшы. Салей трохі паморшчыўся і ўпаўголаса пацвердзіў:
— А што, можна...
He так зразумеўшы, як здагадаўшыся, Антон спярша амаль памярцвеў ад страху, а пасля ў ягоную свядомасць варам шыбануў спалох, і ён кінуўся да сяржанта.
— Што вы робіце? За што? Я партызан, я з немцамі ад вясны ваюю, а вы? He маеце права!
— Ты што? Ты што? — марудна падняўся сяржант. — Ану ціха!
— Гэта безабразіе! Я чэсны! Я свой, савецкі, а вы...
— Ціха! — крыкнуў сяржант. — Японскі гарадавы! Ты чаго разышоўся? Ты ж вунь да немцаў дзёру даць збіраўся. Ты ж іхні агент.
— Я не агент! Я партызан з «Сувораўскага». Гэта яна па злосці, — кіўнуў ён на Зоську. — Там паміж намі праізашло... Хай яна пацвердзіць. Зося! — крыкнуў ён Зосьцы з такім роспачным сумам, што, здаецца, камень бы не стаў абыякавы. Зоська, аднак, паўзіралася ў яго, звузіўшы вочы, і прамаўчала.
— Што ж мы, на руках цябе панясём? — з’едліва расцягваючы словы, сказаў сяржант. — Там, можа, з боем прабівацца прыйдзецца. I паўзці трэба?
— Панятна, паўзці, — згодна пацвердзіў Салей.
— Ну што ж, я папаўзу! Я ўмею. Паверце, яй-богу. Навошта ж губіць бязвіннага? Я ж нічога такога...
У ім усё напружылася і аж дрыжэла ад прадчування таго, што зараз, відаць, усё і рашыцца. Відаць, апошняе слова будзе за гэтым сяржантам. Але чаму б не заступіцца за яго Зосьцы? Чаму яна маўчыць, як набраўшы ў рот вады? Гэтыя ж яго бачаць упершыню і прымаюць за нейкага агента, але ж яна можа сказаць, што ён не агент. Ён партызан! 3 той самай Ліпічанскай пушчы, з таго ж атрада, што і Зоська. Чаму ж яна не заступіцца за яго? Няўжо яна не разумее, што яны ўдумалі з ім зрабіць?
— Зося, скажы ім: я ж не вораг. Ты ж ведаеш, я чэсна ваяваў і чэсна ваяваць буду. Ці мала што паміж намі здарылася! Пры чым жа тут яны? Скажы, Зося!
Стоячы трошкі наводдаль, Зоська абыякава пазірала кудысь у чысты, з рэдкім быльнягом снег, і сяржант раптам прыпамятаў:
— А што ёй казаць? Яна ўжо сказала. Там, на хутары. Што ты да немцаў перабегчы сабраўся.
— Няпраўда! — запальчыва перапыніў яго Антон. — Гэта памылка! Сплашное непаразуменне.
— А, здаецца, і ты казаў, быдта яна таксама рашыла перабегчы? Дык як жа вас разумець?
— Гэта няпраўда! Я памыляўся.
— Харошая памылачка, японскі гарадавы! А калі б мы яе шлёпнулі, паслухаўшы цябе?
— Ну што вы! Я гэта па злосці. Па крыўдзе. Таму што яна... Мы з ёй пасварыліся. Бо я... Мы палюбоўна. Зося, скажы ім. Што ж ты маўчыш? Яны ж хочуць мяне застрэліць!
Зося, як здалося яму, трохі адмякчэлым позіркам павяла па ягонай расхрыстанай постаці, пасля зірнула на трох партызан зводдаль. Відаць, яна вагалася, і сяржант, якому, відаць, пачало дакучаць гэтае следства, прыкрыкнуў:
— Дык што? Ён праўду кажа? Ці дэмагогію разводзіць?
Цяпер яны ўсе ўставіліся ў пакутна напружаны твар Зоські, і Антон даўмеўся, што ад яе адказу будзе залежаць, жыць яму ці тут жа памерці. Але Зоська з акамянелым тварам прадаўжала маўчаць.
— Што ж, прадавай! — з роспаччу асуджанага працадзіў ён. — Няхай забіваюць. За маю любоў...
— О, ён ужо пра любоў! Спрытнюга, японскі гарадавы! — усміхнуўся сяржант і звыклым рухам скінуў з пляча аўтамат. Абсівераныя Зосьчыны вусны ўздрыгнулі, і, быццам баючыся, што не паспее, яна прамовіла:
— Ладна, не трэба. Ён свой...
— Дык якога ж д’ябла?! — ускіпеў сяржант, трымаючы ў руцэ аўтамат. — Якога ж д’ябла ты нам мазгі круціш? To крычала: перабягаць надумаў, а цяпер наабарот. A то — абодвух к чортавай матары!..
— Я па злосці, — ціха сказала Зоська.
— Таварыш сяржант! — узмаліўся Антон, адчуўшы, што, не зважаючы на паказны свой гнеў, сяржант завагаўся і трэба не даць яму зноў прыдбаць упэўненасць. — Таварыш сяржант, я ж казаў... Развяжыце мяне, я дакажу. Яй-богу! Я ж свой, савецкі...
— Вось бачыш! — сказаў сяржант Зосьцы. — Ён ужо і развязаць просіцца.
— Хай, развяжыце, — сказала Зоська.
— Развязаць? — Развяжыце.
— А не баішся?
— He, не баюся.
— Ну і дзівосы! Стэфан казаў, на хутары з тапаром кідалася, а тут — развяжыце! Ну і жаночая логіка! Ладна, што ж, сапраўды... Пэцкацца тут аб яго. Пашка! — крыкнуў ён таўстунку. — Развяжы! Але май на ўвазе, калі што — адразу чаргой у спіну. Я цацкацца не люблю, японскі гарадавы!
— Ну што вы, таварыш сяржант...
Лёгкім рухам плячэй Антон скінуў з сябе незашпілены кажушок, і Пашка развязаў ззаду вяроўку. «Як здорава, аднак, мець рукі развязаныя, — падумаў Антон. — Быццам здабыць волю». Але да волі, мусіць, было далёка, хаця і бліснула надзея. Хутка спакайнеючы, Антон надзеў у рукавы кажушок, скалеўшы, старанна зашпіліў яго на ўсе гузікі.
— Аддалі б і наган, га, таварыш сяржант, — лагодна звярнуўся ён з новай просьбай.
— А шыш не хочаш! Яшчэ яму і наган! — раззлаваўся сяржант. — Во прыйдзем, разбяруцца, тады і палучыш.
«Значыць, яшчэ на падазрэнні. Яшчэ будуць трымаць на прыцэле, — думаў Антон. — Ну што ж, няхай так. Яшчэ невядома, галубочкі, як вам удасца прайсці каля немцаў. Гэта яшчэ мы пабачым...»
— Ну, шагам марш! — сказаў сяржант, закідваючы за плячо аўтамат. Салей з Пашкам ужо стаялі гатовыя рушыць, Антон таксама цяпер не марудзіў, адна Зоська чамусь затрымалася.
— Пагадзіце, — сказала яна. — Мне трэба ў Скідзель.
— Ось табе і раз! — злосна азірнуўся сяржант. — Зноў ёй у Скідзель! А гэтага я куды павяду? Што я скажу там? He, спярша дойдзем да Ліпічанкі, разбярэмся, а пасля — куды хочаш. Хоць у Берлін да Гітлера!
— Вы сарвеце заданне.
— Вы самі сарвалі сваё заданне. Чаго сталі? — крыкнуў ён на сваіх. — Ану марш! Салей — наперад!
Салей паслухмяна ступіў у снег і пакрочыў па схіле наўкось да вяршыні пагорка; за ім рушыў Антон. Сяржант пачакаў, прапусціў перад сабой Зоську, таўстунка Пашку і пайшоў ззаду за ўсімі.
17
«Вось жа паслаў бог ратавальнікаў, як толькі ад іх адвязацца?» — думала Зоська, зноў ідучы па схіле за Антонам. ёй так не хацелася плясціся невядома куды, непакой за нявыкананае заданне ахапіў яе з новаю сілай, яна ледзьве перамагла ў сабе нецярплівасць, але што было рабіць?
Яна даўно прапусціла ўсе тэрміны, парушыла ўвесь парадак, наблытала і ўсё ўскладніла. Ведама, у яе не хапіла вопыту, спрыту, а болей за ўсё — характару, простай чалавечай настойлівасці. Яна ўжо шкадавала, што заступілася за Антона, напэўна, цяпер без яго было б тут лягчэй, напэўна, ён заслугоўваў таго, каб яго расстралялі. Але ў суддзі яму яна не гадзілася, яна наогул нікому не гадзілася ў суддзі, таму што сама адчувала сябе вінаватай. Зноў жа, у выпадку з гэтым Галубіным яна не была асобай старонняй, хутчэй зацікаўленай, і цяпер, калі трохі аціх боль ад таго, што здарылася ноччу на хутары, адчула, што лепш ухіліцца ад гэтай малапрыемнай справы. Вось прывядуць у атрад і няхай тады яго судзяць. На тое там ёсць начальства, таварышы, людзі болей разумныя, а галоўнае — болей рашучыя, чым яна. Зоська больш не хацела быць звязанай з ім і ягоным лёсам. Хопіць з яе таго, што іх ужо звязвала. Хуткім крокам яны перайшлі раўніннае поле і ўвайшлі ў такі ж раўнінны хваёвы лясок. Ісці было лёгка. Яшчэ не старыя, рэдкія, без падлеску хвойкі хоць і кепска хавалі людзей, затое давалі добра бачыць вакол. Салей наперадзе ўсё круціў галавой, цікаваў, але, здаецца, у хвойніку было пуста. Яны ўсе маўчалі, толькі глядзелі і слухалі. Але хвойнічак хутка скончыўся, наперадзе зноў раскінуўся прытуманены прастор поля, і Салей, не дайшоўшы крокаў дваццаць да ўзлеску, спыніўся.