• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    Адвярнуўшыся ад ветру, Антон цярпліва сядзеў на камені, падняўшы каўнер кажушка, вінтоўку паклаў на калені. У гэтай беганіне, мітусні і перастрэлцы ён не заўважыў, колькі мінула часу, і думаў, што неўзабаве пачне вечарэць. Але пакуль што было відна, усё сыпаў снег, і праз якія-небудзь паўвярсты ад грушы відаць былі голыя кроны дрэў і стрэхі хат у Княжаводцах. Трэба было яшчэ пачакаць. Ён не адчуваў сцюжы, і каб не вецер, дык у кажушку яму наогул было цярпіма сярод гэтага завейнага поля пад грушай.
    Вось як толькі Зоська?
    — Яна дзе жыве, сяброўка твая? — Антон павярнуўся да Зоські. — 3 якога канца?
    Зоська марудна прыўзняла абсыпаную снегам галаву і
    коратка зірнула на яго з пакутным выразам на апухлым твары.
    — А табе што?
    — Ну, як падысці? Калі з гэтага канца, дык можна рызыкнуць і цяпер. Каб не цягнуць да ночы.
    Яна зноў апусціла няўклюдна абвязаную галаву левым бокам на рукі і ледзь чутна спыталася:
    — Спяшаешся?
    — Спяшаюся, а як жа. Пагуляў, і годзе. Трэба за справу брацца.
    — Скідзель недалёка. Пятнаццаць кіламетраў.
    — А нашто Скідзель? Мне ў атрад трэба.
    — Во як! Значыць, перадумаў?
    — А хоць бы і перадумаў. Ты ж чула: замінка ў вайне палучылася. Немцаў ад Сталінграда пагналі. А там у іх лепшыя сілы.
    Зоська маўчала, і ён пачаў падцягваць самаробны рэмень на вінтоўцы. Відаць, гэты Салей быў такі партызан, як і яго вінтоўка з іржавым, забітым гразёй затворам і трэснутым пасяродку прыкладам, рэмень замест трэнчыка быў прывязаны да ложа матузом. Трэба будзе ўсё гэта прывесці ў належны выгляд, інакш які ж ён партызан з гэткаю зброяй. Цяпер, калі, на бяду ці на шчасце, у яго сарвалася з гэтым Скідзелем, Антон нават ажывеў неяк, нягледзячы на перажытае, — усё ж ён вяртаўся да труднага, але звыклага жыцця ў лесе, сярод сваіх, знаёмых людзей. Але як яны паставяцца да яго пасля такой доўгай самавольнай адлучкі — гэта пытанне, як стрэмка ў целе, сядзела ў яго трывожнай свядомасці. Ён яшчэ нічога да канца не дадумаў, але ўжо адчуваў, што ўсё будзе залежаць ад Зоські. Зоська можа яго ўратаваць, а можа і загубіць, калі ён вернецца ў атрад. Значыць, перш за ўсё трэба наладзіць адносіны з Зоськай.
    — Зося, а Зося! Ты на мяне не сярдуй, — сказаў ён амаль з просьбай у голасе. — Я ж хацеў як лепей. Для цябе і для сябе.
    — А я і не сярдую. Што на цябе сердаваць!
    — Во маладзец! — сказаў ён узрадавана. — Прыйдзем да сваіх, паправішся... Мы яшчэ паладзім з табой, праўда?
    — He ўжо, мы не паладзім.
    — Гэта чаму? Я ж цябе...
    — Памаўчы лепш, — глуха перапыніла яна, і ён падумаў: няўжо так пакрыўдзілася? Ці вельмі баліць рана? Рана, вядома, кепская, як бы Зоська, калі нават і выжыве, не засталася трохі вар’яткай. Галава ўсё ж не мяккае месца ззаду. Галаву перш за ўсё берагчы трэба, таму, мабыць, салдатам на фронце выдаюць каскі. Разумныя людзі прыдумалі. Калі пашкоджаны чэрап, дык можна і памерці, гэта няважна, што пакуль стаіш на нагах і пры памяці. Памёр жа вунь ад такой раны ў галаву партызан з першага ўзвода Сажнёў, хаця перад тым двое сутак быў на нагах і чуў сябе някепска.
    — Слухай, Зоська, — сказаў ён мякчэй, амаль ласкава. — Ты ўчора казала, што можаш напісаць камандзіру. Ну пра мяне вобшчам...
    — Што напісаць? — не зразумела яна.
    — Ну ты гаварыла... Што я памагаў табе і так далей. Што прыкрыў групу там, на «жалезцы». Бо калі б не я, яны б там усіх, як Салея. Ты ж бачыла, так жа?..
    — А нашто пісаць? — холадна сказала Зоська. — Ты што, мяне ўжо закапваеш?
    — Я не закапваю. Але ж ты застанешся, — кіўнуў ён на вёску. — А мне ў атрад.
    — Ужо як-небудзь і я дабяруся ў атрад.
    — Але пакуль ты дабярэшся, мяне могуць... Як я там апраўдаюся?
    — Пра што ж ты думаў раней?
    — Раней пра іншае думаў. Пра цябе, між іншым,— пачаў злавацца Антон.
    Ён і сапраўды адчуваў сябе бадай што пакрыўджаным яе незгаворлівасцю. Во ўжо даў бог звязацца з гэтым упартым дзяўчом, з якім немагчыма нават дамовіцца. Проста дзіўна, адкуль бярэцца ў ёй гэтая казліная ўпартасць. Мяркуючы па яе знешнасці, ніколі не падумаеш, што характар яе такой каменнай цвёрдасці,— на выгляд такая лагодная, без грубага слова, заўжды з гатоўнасцю падтрымаць добры жарт. А тут... Скула зрабілася, а не дзеўка. Такія яму яшчэ не трапляліся. Заўжды ён умеў з імі ладзіць, калі
    не адразу, дык спакваля, і дамагчыся свайго праз лагоднае слова, вясёлы жарт. 3 жанчынамі яму заўжды шэнціла, і ён нярэдка звяртаўся да іх у цяжкі момант свайго жыцця. A тут сарвалася...
    Снег усё сыпаўся з неба, але быццам цішэйшы стаў вецер, і, здаецца, пачало нарэшце цямнець. Поле хутка засцілалі прыцемкі, траціла скупое святло абкладзенае хмарамі неба. У Антона замерзлі ў сырых ботах ногі, і ён устаў з каменя, пачаў, тупаючы, грэцца пад грушай. Дрэвы і дахі ў Княжаводцах усё яшчэ віднеліся за полем, але ён ведаў, што праз гадзіну ці меней зробіцца цёмна. Ён адвядзе Зоську ў вёску, знойдзе яе сяброўку, можа, там будзе спакойна, і Зоська застанецца ў знаёмых. Яму ж трэба прабірацца ў атрад. Снег пакуль неглыбокі, за ноч ён адмахае кіламетраў трыццаць, мясцовасць па той бок Нёмана яму добра знаёмая. Але перш чым расстацца з Зоськай, трэба дамагчыся ад яе паперу, што ён памагаў ёй у разведцы, а не прападаў немаведама дзе трое сутак. Канешне, ён разумеў, што і з такой паперай не проста выкруціцца, але з дапамогай Зоські ўсё, можа, абыдзецца. Без яе ж яму поўны капут, самому яму не апраўдацца.
    — Ужо цямнее, — спакутаваным голасам сказала Зоська, прыўзняўшы галаву.
    Напэўна, ужо можна было, не баючыся, выходзіць са свайго сховішча ў поле. Пакуль яны дашкандыбаюць да вёскі, сцямнее і яшчэ болей, але Антон бавіў час: яму хацелася напаследак дамовіцца з Зоськай.
    — Зараз пойдзем,— сказаў ён. — Давай руку, уставай, пагрэй ногі.
    Ён памог ёй падняцца з каменя, і яна, хіснуўшыся, ледзьве ўтрымалася на нагах. Антон падхапіў яе пад руку, але, нецярпліва варухнуўшы локцем, яна адхіліла яго дапамогу.
    — Я сама.
    Што ж, калі ласка, давай сама, калі можаш. Толькі яна не спяшалася сама, звярнуўшы набок галаву, спярша нязручна ўгледзелася ў яшчэ прыкметныя абрысы Княжаводцаў.
    — Я пайду ў вёску, — глуха сказала яна, адвярнуўшыся. — А ты ідзі за Нёман.
    — Нашто? — здзівіўся Антон. — Спярша давяду цябе, устрою...
    — Гэта не трэба, — сказала яна.
    — Чаму? — насцярожыўся ён. Упартае нежаданне ягонай дапамогі чымсьці азадачвала Антона, але ён яшчэ не здагадваўся, што было прычынай гэтага нежадання.
    — Я пайду адна.
    — He, адну я цябе не пушчу.
    Яна яшчэ пастаяла, згорбіўшыся і хваравіта трымаючы руку на павязцы, і раптам моўчкі апусцілася на ранейшы свой камень.
    — Во яшчэ фокусы! — сказаў ён. — Ты што, начаваць тут збіраешся?
    — Ідзі за Нёман! — ціха, але цвёрда сказал яна. — Пасля я пайду ў Княжаводцы.
    — Ах, во як! — здагадаўся Антон. — Значыць, не давяраеш?
    — He давяраю.
    — Да-а, — некалькі збянтэжана сказаў ён і таксама сеў на камень вышэй.
    Аказваецца, магчыма і такое, падумаў Антон. Ён прыкрываў яе агнём на чыгунцы, не кінуў у хвойніку, убярог ад паліцэйскай пагоні. Ён, можна сказаць, уратаваў яе, рызыкуючы сваёй галавой, а яна не давярае яму. Яна не хоча паказаць, куды пойдзе ў Княжаводцах, каб ён не выдаў яе сяброўку, ці што? Але ён ужо не збіраўся ісці да немцаў, ён вяртаўся ў атрад — чаго ж ёй яшчэ трэба?
    3 намаганнем падаўляючы ў сабе злосць супраць дзяўчыны, якая сёння не пераставала здзіўляць яго сваімі выхадкамі, ён раптам адчуў меру яе варожасці да сябе, і яму стала страшна. 3 такім пачуццём да яго яна раскажа ў атрадзе пра ўсё, што з імі сталася, і яму напэўна нездабраваць. Калі там дазнаюцца пра яго няздзейснены план адносна Скідзеля, пра намер наведаць Капыцкага, яго проста завядуць у роў, дзе ён назаўжды і застанецца. Менавіта цяпер, калі справы на фронце далі надзею, калі ён рашыў заставацца да канца партызанам, калі ён размежаваўся з немцамі і Капыцкім, ён можа загінуць ад рук сваіх жа таварышаў. I толькі таму, што
    недзе ўсумніўся, па маладосці захацеў выжыць і, можа, у цяжкі час не саўладаў з нервамі.
    I пагубіць яго тая самая, з якой ён гатовы быў звязаць назаўжды свой лёс і праз якую, мабыць, ледзьве не зрабіў сваё самае вялікае глупства.
    Але ж не зрабіў — во што, мабыць, галоўнае. Гаварыў, праўда. Але ці мала што можа нагаварыць чалавек, калі яму смажаны певень балюча ў зад клюне!
    — Ну добра,— памякчэла сказаў Антон пасля доўгага пакутнага роздуму. — Добра... Я пайду за Нёман. Але ты абяцай мне памагчы.
    — Чым? — адрывіста запыталася Зоська, не павяртаючы галавы. Аберуч яна абапіралася на каменне.
    — He кажы нікому, што я хацеў з табой... у Скідзель. Яна зрабіла спробу павярнуцца да яго на камені, але толькі павяла плячыма. Цяжкая яе галава немачна імкнулася долу.
    — А што я заместа скажу? Што праспала з табой ноч у аборы? Што не дайшла да Скідзеля, бо заначавала на хутары? Што праваліла гэта заданне, бо даверылася табе? Што я дурніца, ідыётка і прадажніца, якую трэба пад суд?
    Здаецца, яна заплакала, угнуўшы галаву і калоцячыся, і ў гэты раз ён не пашкадаваў яе — настала чарга шкадаваць самога сябе. Сапраўды, перспектыва перад ім вырастала зусім незайздросная, трэба было тэрмінова штосьці рабіць для свайго паратунку. Але ён не ведаў што і самотна сядзеў пад крушняй, тужлівым позіркам сноўдаючы па вечаровай прасторы поля. Наўкола амаль ужо сцямнелася, дрэвы і стрэхі ў Княжаводцах знікалі ў паўзмроку, вецер санлява шархацеў снегам у калючым голлі на грушы.
    — Во ты, значыць, якая! — са стрыманай злосцю сказаў Антон. — За сябе дрэйфіш? Праваліла заданне! I хочаш праваліць маё жыццё?
    — За сваё жыццё ты сам будзеш адказваць. Ты яго так скіраваў. Ці ж я мала цябе адгаворвала?
    — Дапусцім, я памыліўся. Прызнаю. Але не памыляецца той, хто нічога не робіць. Хто на печы сядзіць. А мы на памылках вучымся. Хто гэта сказаў? Ты ж адукаваная, па-
    вінна ведаць. I яшчэ ты жанчына, ты павінна быць добрай. А не такой злосніцай.
    — Мая дабрата мяне і загубіла, — ціха сказала Зоська.
    — Ну во! — падхапіў Антон. — Сама прызнаеш. Дык чаму ж ты і мяне загубіць хочаш? Я ж табе не вораг!
    — Бываюць свае горш за ворагаў, — ціха сказала Зоська. — Bopara можна забіць. А ў свайго не стрэліш.
    — А, во як! Ты ўжо гатова і страляць! Гэта за што? За мой клопат? За тое, што я цябе ратаваў?