• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    Зоська ўнутрана трапятнулася — гэта была ўдача, яна прыўзняла палку і пастукала некалькі разоў мацней. Сігнал яе, мабыць, перадаўся па плоце, і, здалося, брэх пачуўся бліжэй. «Брашы ж, брашы, мілы сабачка! — падумала Зоська. — Брашы. Можа, цябе пачуюць...»
    У шчаслівай упэўненасці, што дапаўзла і што зараз да яе нехта выйдзе, яна ўся абвяла і надоўга страціла прытомнасць.
    20
    Назаўжды расквітаўшыся з Зоськай, Антон адчуў у сабе палёгку, амаль душэўшы спакой, быццам скінуў са спіны цяжар, які доўга не даваў спакою. Цяпер сведак больш не было, ніхто не мог ведаць пра яго намеры, яго грэшную спробу ўцячы ад вайны. Ён зноў быў чысты, сумленны, бязгрэшны ў адносінах да радзімы, людзей і сваіх таварышаў. Падагрэты яшчэ не астылаю злосцю на Зоську, ён не адчуваў вялікіх згрызот сумлення — падумаеш, забіў дзеўку! На свеце, дзе ішла вайна і кожны дзень забівалі тысячы, дзе кожную хвіліну маглі забіць яго самога, гэта маленькае забойства зусім не здавалася яму злачынствам — забіў, бо іначай не мог. Загінула праз дурны свой характар, які ў такіх вось абставінах рана ці позна прывёў бы яе да магілы. Калі б не застрэліў Антон, яе ўсё роўна застрэлілі б немцы, вырваўшы ў дадатак сякія-такія партызанскія звесткі — каму было б лепш ад гэтага?
    Хуткім крокам Антон перайшоў цёмнае поле і выйшаў да хвойнага ўзлеску. Невысокія густыя хвойкі шчыльна сціскалі свой рад, і ён з немалым намаганнем пралез паміж імі, стросшы на сябе белаватае ўначы воблака снегу. Нізка гнучыся, амаль навобмацак ён пачаў прабірацца ў глыб хвойніку. Ён думаў, што далей ад узлеску хвойнік стане радзейшы, але ўвесь гэты хвойнік аказаўся суцэльнай гушчэчай, прабрацца праз якую нават удзень было неверагодна цяжка, не кажучы ўжо пра ноч.
    Доўга прадзіраючыся праз зараснікі, ён балюча разадраў руку, прадраў кажушок на плячы і стаў думаць ужо не пра тое, каб вытрымаць напрамак да Нёмана, а каб хоць вылезці з гэтай гушчэчы. Але, крута павярнуўшы ўбок, ён убіўся ў яшчэ горшы хвойны сушняк, які застаўся, напэўна, пасля аднаго з летніх пажараў, дзе і зусім немагчыма было ні прайсці, ні пралезці праз калючае і цвярдое, як сталёвы дрот, сучча. Зразумеўшы, што гэтае месца лепш абысці бокам, Антон павярнуў назад, пасля зноў пачаў браць улева. Але куды б ён ні падаўся, усюды яго пільнаваў гушчар з калючага галля і сучча, якія зласліва чапляліся за кажушок, аб-
    дзіралі твар, рукі, кожны раз здзіралі з галавы шапку. Ён умарыўся, змакрэў ад поту і снегу, які налез у кожную прарэху ягонай апраткі.
    Ужо згубіўшы надзею калі-небудзь выбрацца з гэтых д’ябальскіх нетраў, Антон, гнучыся ў тры пагібелі, адолеў чарговую дзялянку асабліва густога падросту і апынуўся нарэшце на ўзлеску. Наперадзе было поле, ён з палёгкай уздыхнуў: атрос з сябе снег, адчуваючы на разгарачаным твары пругкія ўдары ветру, які па-ранейшаму сыпаў у прыцемках снегавой драбязой. Ён пайшоў па полі, даўшы сабе слова болей не лезці ў зараснікі, дзе ў такую ноч і такое надвор’е можна хіба што хавацца ад ваўкоў. Яму ж трэба было як найхутчэй дабрысці да Астраўка ці, можа, пераправіцца цераз Нёман дзе ў іншай здатнай для таго мясціне. Цяпер гэта займала ягоныя думкі болей за ўсё іншае, таму што затрымка з пераправай пагражала заўтра новай бядой у гэтым малазнаёмым прырэчным раёне з яго паліцыяй, засадамі, патрулямі па вёсках, хутарах, на дарогах.
    У полі стаяла начная цішыня, ісці было лёгка; Антон пакрысе душэўна аціх, амаль супакоіўся. Ён стараўся не думаць ні пра нядаўняе сваё забойства, ні пра тое, што яму давялося перажыць з Зоськай. Што было, тое мінулася, казаў ён сабе, у ягоным становішчы было разумней паклапаціцца пра будучае. Мабыць, давядзецца шукаць таго баламутасяржанта і яго сябрука Пашку, хаця Антон нават не ведаў іх прозвішчаў і не меў уяўлення, з якога яны атрада. Але яны б, мусіць, пацвердзілі ягоны ўчынак пры пераходзе «жалезкі», усё ж ён прыкрыў іх агнём і тым даў магчымасць уцячы ад паліцаяў. Праўда, яны ж маглі расказаць і пра непрыемны выпадак з Зоськай на хутары. Можа, лепей не спасылацца на гэтых людзей, што хаця і ўскладніць яго апраўданне, затое дасць яму магчымасць адрачыся ад Зоські: яе ён не бачыў, не сустракаў, нічога пра яе не ведае. Пайшла і прапала, ці мала што магло здарыцца з партызанскай разведчыцай у варожай зоне. Наогул такая пазіцыя знешне выглядала даволі пераканаўчай і не павінна выклікаць падазрэнне, трэба толькі паводзіць сябе цвёрда і настойліва. Дзе быў трое сутак? Хадзіў па вёсках, хацеў разжыцца абуткам. Боты зусім pas-
    валіліся, колькі разоў гаварыў камузвода, ніякай увагі. А які ж з яго партызан зімой без абутку? Чаму не далажыўся начальству, не папрасіўся адпусціць? Шыш бы яго адпусцілі, калі б папрасіўся.
    Авось не застрэляць.
    Пасля непралазнага гушчару хвойніку крочыць па полі была адна асалода. Заняты сваімі думкамі, ён адмахаў кіламетры са тры, калі не болей, як раптам адчуў, што перамяніўся вецер. Спярша дзьмуў злева, а пасля стаў заходзіць ззаду. Ці, можа, ён сам, а не вецер змяніў кірунак? Антон спыніўся, прыслухаўся. Але ў полі нічога не было чуваць, апроч звыклых парываў ветру і шорхату снегу. Тады ён угледзеўся ў снегавыя прыцемкі, у якіх знікаў раўнінны палявы прастор, і таксама не мог там убачыць нічога пэўнага. Усё ж ён узяў трохі ўправа, здалося, штосьці там высілася над краявідам, хаця гэта мог быць змрочны край неба, і хутка, на яго здзіўленне, з паўзмроку выплыла цёмная сцяна лесу. Але тут не павінна было быць ніякага лесу, падобна, што ён заблудзіўся.
    Трохі азадачаны, ён спыніўся ў некалькіх кроках ад лесу, абапёрся на знятую з натруджанага пляча вінтоўку. Позіркам ён спрабаваў пранікнуць далей у ветраны змрок начы, але позірк меў сілы на якіх-небудзь сто метраў, не больш. На працягу гэтых ста метраў наперадзе і столькі жа ззаду была прыкметна толькі плаўная крывуляка ўзлеску, які чамусьці здаўся яму знаёмы. Ды яны ж сёння пляліся тут з Зоськай! Яна яшчэ тут ванітавала, і ён, не ў стане нічым памагчы, стаяў і глядзеў на скалечаную агнём сасну на ўзлеску. Вунь, здаецца, і пагарэліца, голае сучча якой чорнымі рагулямі тырчыць у прыцьмелае поле. Чорт ведае куды яго занесла!
    Трэба было павяртаць назад, абысці хвойнік і выходзіць да Нёмана, але Антон, яшчэ не разумеючы навошта, пайшоў да ўзлеску. Каля дрэў было зацішней ад настырнага ветру ў полі, ён падышоў да сасны і прысланіўся да яе чорнага шархоткага боку. Усё ж адчувалася стома, трохі кружылася ў галаве, цягучы ветраны гул не спыняўся ў вушах. Даўшы сабе кароценькі адпачынак, Антон чамусьці перастаў думаць пра тое, як выйсці да Нёмана і дзе перабрацца на яго левы
    бераг. Яго думкі пайшлі іншым кірункам, і перад вачмі паўстала знаёмая крывуляка ўзлеску, за ёй — тое самае поле з грушай, дзе, напаўзавеянае снегам, ляжыць цяпер цела Зоські. Пад раніцу яго, мабыць, зусім замяце снегам...
    Дзіўна, але ён ужо не адчуваў да яе нядаўняй варожасці, у глыбіні ягоных пачуццяў нарадзіліся новыя адносіны да яе, падобныя болей на шкадаванне і ціхі, невыразны сум. Ён гаротна ўздыхнуў, падумаўшы, што ўсё магло скончыцца інакш, калі б... Але надта шмат рознага ўключала ў сябе гэтае калі б, каб тут пра яго думаць. Адно несумненна: вайна парушыла спрадвечныя адносіны паміж людзьмі, паставіла чалавека ва ўмовы, калі не падпарадкавацца яе злой волі не было ніякай магчымасці. Во і тут: хіба ён хацеў яе забіваць? Проста ён сам хацеў выжыць, а выжыць удваіх зрабілася немагчыма.
    Ноч няспынна адмервала свае хвіліны, яму трэба было ісці, а ён усё стаяў пад сасной, хаваючыся ад сцюдзёных парываў ветру, які самотна шархацеў па кары дробным снегам. Штосьці не давала яму павярнуць у другі бок і пакінуць гэту мясціну. Трошкі прыплюшчыўшы вочы, ён усё бачыў у ветраным змроку знаёмую грушу з крушняй камення ў снезе... Гэта было зусім недалёка адсюль, адразу за хвойнікам. Калі ісці хуткім крокам, уся дарога туды зойме дваццаць хвілін. Нясмела напомніўшы аб сабе, дзіўнае гэта жаданне стала хутка набіраць сілу і ахапіла яго ўсяго. Ён разумеў усю недарэчнасць гэтай задумы і пытаўся: навошта туды ісці? Але нясмелы голас сумнення неўзабаве прымоўк, капітуліраваўшы перад уладай жадання. Антон яшчэ вагаўся, але ўжо ведаў, што доўга не вытрывае. Яму стала патрэбна яшчэ раз пабачыць мёртвае цела Зоські, пераканацца, што яна не пакутавала доўга, што наўкола ціха-спакойна, яго ніхто не шукае, і пасля з палягчэлай душой адпраўляцца за Нёман.
    Нервова скалануўшыся ад нецярпення, ён зразумеў марнасць супраціўлення гэтаму жаданню і закінуў за плячо вінтоўку.
    Далей увесь шлях па полі да грушы быў яму добра знаёмы, ды і лінія ўзлеску не дала згубіць напрамак, ён абы-
    шоў хвойнік і апынуўся на княжаводскім полі. Тут трэба было прайсці па прамой не болей як адзін кіламетр. Цёмная, без зорак, ноч, здаецца, і яшчэ пацямнела, няспынна сыпаўся снег, калючыя ягоныя крупінкі балюча сцябалі па настылых руках і твары. Мароз, мабыць, стаў большы, Антон пільна ўгледзеўся ў паўзмрок і яшчэ зводдаль пазнаў раскідзістае сучча грушы, якім непрытульна пагойдваў вецер. На ранейшым месцы пад грушай грувасцілася знаёмая крушня. Але ён толькі зірнуў на грушу, камяні крушні і прабег каля іх у поле, дзе, аднак, чамусьці не ўбачыў таго, што хацеў убачыць. Вельмі добра памятаў, як Зоська ўпала, раскінуўшы на снезе чорныя рукі, і ляжала так, бачная здалёку. Цяпер жа прыблізна на тым самым месцы нічога не было відаць, і ён падумаў: як хутка яе замяло снегам. Але снег з самага вечара сыпаўся дробны, нават у ямках яго намяло не шмат, ля мяжы і крушні ён быў толькі па костачкі. Трохі занепакоены, Антон прабег далей, чым трэба было, павярнуў назад. Дзіўна, падумаў ён, няўжо ж ён так памыліўся ў адлегласці. Але ён памятаў добра, што Зоська адышлася перад яго стрэлам метраў на пяцьдзесят ад грушы, інакш у паўзмроку ён бы ў яе не пацэліў. Дык дзе ж яна магла быць? Шырокай васьмёркай Антон абабег поле, зноў зайшоўшы ад грушы, дакладней прыкінуў напрамак стрэлу.
    Але на тым месцы, дзе яна ўпала, забітая яго куляй, цяпер яе не было.
    Адчуўшы нядобрае, ён прыгнуўся, каб убачыць на снезе сляды, і ўбачыў невялічкую цёмную плямку, згроб яе ў жмені разам са снегам — несумненна, гэта была кроў. Але дзе ж тады сама Зоська?