Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
нейшаму ляжаў ранішні цень, ад якога патыхала назапашанай за ноч стынню, і Агееў зябка перасмыкнуў плячыма. Ён стаяў на тым самым абрыве, дзе сорак гадоў назад, ледзь стрымліваючы дрыжыкі ў скрываўленым целе, развітваўся з жыццём, у роспачы і адчаі ад д’ябальскай несправядлівасці гэтай заўчаснай пагібелі, напаўраспрануты і, добра памятаў, — босы. Боты з яго знялі перад расстрэлам, і ён амаль не адчуваў — ступні да костачак адубянелі ў сцюдзёнай, узятай першым марозікам гразі, на якую з перадсвітальнай цемры паволі сыпаўся снег...
Агееў пачаў капаць і адкідваць пад абрыў мяккую, разрыхленую бульдозерам зямлю з розным гаспадарчым хламам у ёй: трухлявымі абломкамі дошак, рэштай закуранай цаглянай кладкі, ссыпанай у кар’ер, напэўна, пасля рамонту печаў. Але пераважна яго рыдлёўка са скрыгатам уразалася ў сухі шчэбень з пяском і гравіем. Хаця пяску тут было няшмат, пэўна, местачкоўцы выбралі яго яшчэ ў даваенныя гады для нейкага будаўніцтва, а болей на гаспадарчыя патрэбы — рамонт падмуркаў, печаў, тынкоўку сцен. У той страшны год, калі лёс упершыню прывёў Агеева ў гэта мястэчка, ён не выбіраўся з яго далей могілак і ўпершыню трапіў у кар’ер толькі праклятым тым ранкам, які ледзь не стаў для яго апошнім.
Але во праз сорак гадоў, аўдавеўшы і стаўшы пенсіянерам, Агееў у цёплы сонечны дзень на пачатку лета прыехаў сюды. Спярша ён нават спалохаўся, амаль не пазнаўшы мястэчка, якое так разраслося за гэтыя гады і стала гарадскім пасёлкам. Прынамсі, цэнтр яго зусім страціў свой колішні выгляд — былая кірмашовая плошча расшырылася да самай царкоўнай агароджы, з другога боку яе вырас трохпавярховы будынак райкома, трошкі далей, у пачатку вуліцы, высіўся сілікатны гмах універмага, і побач прыткнуўся невялікі скверык — радок чэзлых дрэўцаў, яшчэ прывязаных да калкоў-падпорак, з нешырокай дарожкай, аблямаванай пастаўленымі на ражок цаглінамі. Кароткая гэтая дарожка вяла да помніка — бетоннага абеліска ў металічнай агароджы, з шырокай мармуровай плітой на пакатым баку. Маленькія дзверы ў агароджы былі не зачынены, мабыць, туды можна
было ўвайсці, на вузкай бетоннай прыступцы ляжала некалькі абвялых гваздзікоў у разматляным ад ветру цэлафане. Але кветак у Агеева не было, ісці ў загародку не мела сэнсу. I ён учапіўся рукамі ў вострыя вяршкі агароджы і замітусіўся вачмі па цесненькіх слупках прозвішчаў. Ён ужо ведаў пра гэты абеліск у пасёлку, яму расказвалі людзі, якія прыязджалі сюды, неяк гадоў дзесяць таму ён пісаў у райком і атрымаў адказ, што падпольшчыкі таксама пахаваны тут. Цяпер ён хутка знайшоў іхнія прозвішчы, неглыбока высечаныя на камені ў самым канцы гэтага жалобнага спіса. У адрозненне ад іншых яны былі без воінскіх званняў, якіх, пэўна ж, не мелі, апроч хіба Малаковіча, што быў лейтэнантам. Але пра тое тут маглі і не ведаць.
Яе ж тут не было.
Але чаму яе не было? Хіба яна выжыла? Ці загінула яшчэ дзе ў канцлагеры, вывезеная з мястэчка? Канечне, тады ўсё магло быць, але чатыры дзесяткі гадоў Агееў пражыў з упэўненасцю, што яе таксама не мінуў агульны іх лёс. Урэшце, страшныя падзеі той восені нікому не пакідалі надзеі, усе яны былі асуджаны, і толькі ён шчаслівым выпадкам выкруціўся з учэпістых кіпцюроў смерці. Але два шчаслівыя выпадкі ў іхнім становішчы было б ужо занадта, у другі ён не мог паверыць. I яму здавалася, што тут надарылася непаразуменне, што проста яе не знайшлі, бо і не шукалі. Ведаў жа пра яе адзін толькі ён. Ну, і паліцыя, канечне, якая ўрэшце ўсё і раскапала. Але ў паліцыі цяпер не спытаеш, а дакументаў не засталося. Паліцыя таксама ўмела хаваць канцы Ў ваду.
Заставалася папытацца ў людзей.
Адышоўшыся ад помніка, ён агледзеўся. Плошча, вядома, змянілася так, што не адразу пазнаеш, але царква стаяла на ранейшым месцы, і яна памагла яму з’арыентавацца. Далей трэба было павярнуць у завулак. Прыглушыўшы зразумелую трывогу ў душы, Агееў хуткім крокам скіраваў ад цэнтра да ўскраіны, перш за ўсё на яго Зялёную — добра яму знаёмую вулічку, забудаваную звычайнымі, амаль вясковымі драўлянымі дамкамі з невялічкімі агародамі і садкамі, якія ўпіраліся канцамі ў шырачэзны глыбокі роў з
ручаём і старымі дрэвамі на схілах. Да яго найвялікшай радасці, тут няшмат што змянілася, хіба некаторыя дамкі прыкметна абстарэлі, іншыя ж — наадварот — пасля рамонту прыгожа жаўцелі свежафарбаванай шалёўкай. У самым пачатку вуліцы на рагу высіўся вялікі дом з трыма вокнамі на фасадзе пад аграмадным, на нямецкі манер зрэзаным на каньках гонтавым дахам. Ледзьве стрымліваючы неспакойнае сэрца, Агееў прайшоў у канец гэтай кароценькай вулічкі, яшчэ здалёку пазнаўшы лапленую гонту на хаце Бараноўскай, у якой ён правёў некалі тры незабыўныя месяцы свайго жыцця.
Ягоная радасць, аднак, стала аціхаць па меры таго, як ён травяністай узбочынай набліжаўся да гэтае хаты і ягонаму позірку адкрываліся яўныя прыкметы закінутасці: гарбыліаполкі на вокнах, што выходзілі ў вузенькі кветнічак каля вуліцы, бакавое акно з кухні чарнелася спрэс выбітымі шыбамі, веснічак тут, як і раней, не было і звання, і некалі ўтульны брукаваны дворык з вузенькімі канаўкамі для сцёку вады густа зарастаў муравой і быльнягом. Дом быў даўно апусцелы і, мяркуючы па ўсім, ціха паміраў на скасабочаным дзіравым падмурку. Можа быць, адзін толькі сад пры ім мала змяніўся за чатыры дзесяткі гадоў, хаця і прыкметна дзічэў у недаглядзе, а старога сукаватага клёна перад уваходам у кухню зусім не было, як не было і альтанкі-паветкі ля вуліцы. He заходзячы ў двор, Агееў пастаяў ля пустога кветнічка, азірнуўся на вуліцу, пазнаючы і не пазнаючы яе малапрыкметныя драбніцы. На сваю бяду, ён забыўся, хто тут жыў у суседзях, памятаў толькі, што ў доме насупраць жыў дзядзька — маўклівы, не стары яшчэ мужчына; Бараноўская зрэдку звярталася да яго па якой дробнай патрэбе, ён нават даводзіўся ёй нейкай далёкай раднёй. Цяпер прыпомніўшы пра яго, Агееў перайшоў цераз вуліцу і піхнуў невысокія дашчаныя веснічкі, насупраць якіх з замызганай будкі ўзвіўся вяртлявы лахматы сабачка. I тут жа з прыбудовы-сянец выглянула тонкая маладая жанчына ў выцвілым стракатым сарафане.
— Дзень добры, — як мага прыязней сказаў Агееў, пазіраючы ў яе малады адчужана-насцярожаны тварык, і змоўк,
не ведаючы, што сказаць далей. Вельмі не простая была ў яго размова, але жанчына не ўціхамірвала сабаку і не запрашала зайсці — чакала, што скажа захожы.
— He скажаце, тут насупраць жыла Бараноўская...
Стоячы ў расчыненых дзвярах, жанчына цепнула загарэлымі плечукамі і нізкім, быццам заспаным, голасам гукнула Ў хату:
— Віктар, выйдзі! Тут нейкую Бараноўскую пытаюцца.
— Хто пытаецца? — глуха данеслася з хаты.
— Ну выйдзі! Хто, хто...
3 дзвярэй высунуўся малады чалавек у белай майцы з разагрэтым паяльнікам у руках, ад якога яшчэ струменіў у паветры смярдзючы дымок. Жанчына хуценька схавалася ў хаце, адкуль ужо чуўся нецярплівы дзіцячы плач.
— Хацеў запытацца, суседка ваша Бараноўская, што напроціў жыла, — перасмяглым ад хвалявання голасам пачаў Агееў. — Яна... Які яе лёс?
— Бараноўская? Якая Бараноўская? Тут раней Валюкі жылі, выехалі на цаліну.
— Валюкі... А вы... Прабачце, а вам колькі гадоў?
— Мне? Ну, дваццаць васем. А што?
— Ды так, нічога, — усё ўраз зразумеўшы, сказаў Агееў. — Выбачайце, я тут, ведаеце... наблытаў.
— Да? Ну бывае...
Ён прыкрыў за сабой веснічкі і пабрыў па вуліцы, выразна сцяміўшы, што дваццацівасьмігадовы Віктар нарадзіўся ў канцы пяцідзесятых гадоў і, пэўна ж, яшчэ да яго нараджэння ў дамку Бараноўскай перамянілася не адна сям’я кватарантаў. Во калі б напаткаць якога старажыла, даваеннага жыхара гэтай вуліцы, мабыць, ужо ад яго можна б даведацца болей. Агееў азірнуўся — белая майка Віктара яшчэ віднелася ў двары, і ён зноў вярнуўся да веснічак.
— Прашу прабачэння, а тут, на вашай Зялёнай, ёсць якінебудзь стары? Што да вайны тут жыў?
— А хто яго ведае, — насупіўся Віктар і, раптам штосьці прыпомніўшы, трасянуў светлай валасатай галавой. — Супрунчук, можа...
— Ды што Супрунчук! — перапыніла яго жанчына, што з
немаўлём на руках паявілася ў дзвярах. — Са свята не прасыхае твой Супрунчук. Лепш во Паддубскага спытайце, той павінен ведаць.
— А дзе гэта? — акрыяў надзеяй Агееў.
— Ды вунь трэці дом ад вугла. «Жыгуль» там сіні стаіць, — ахвотна растлумачыў Віктар.
Хуткім крокам Агееў прайшоў уздоўж па вуліцы і сапраўды ў трэцім дамку ад рога пад шаляванай сцяной убачыў сіні «жыгуль» з насцеж расчыненымі дзверцамі і паднятым капотам. Каля яго калупаўся не стары яшчэ мужчына ў сінім спартыўным трыко.
— Дзень добры...
— Добры дзень, — падняў з-пад капота нахмураны твар мужчына і ўставіўся ў яго.
— Мне Паддубскага, — сказаў Агееў, ледзьве ўтаймоўваючы нецярпенне.
— Ну, я Паддубскі, — разагнуўся мужчына з гаечным ключом у руках.
— He, ведаеце... Мне каб старэйшага.
— Старэйшага? Бацьку, ці што? Дык бацька на рыбалцы. Выхадны ўсё ж, забарону толькі знялі. Я во тожа сабраўся, ды гэта халера закапрызнічала.
— А бацьку колькі гадоў? — запытаўся Агееў, зноў насцярожваючыся. Успамінанне пра рыбалку неяк кепска вязалася з ягоным уяўленнем аб узросце бацькі.
— Гадоў? Гм... Пяцьдзесят пяць быццам.
Да-а...
— А што, мала? Дык у нас тут ёсць і старэй. Дзед! — клікнуў Паддубскі, павярнуўшыся, але ў двары нікога болып не было. — Дзе ж ён, толькі тут быў...
Мужчына прайшоў за вугал дома, дзе пачыналіся радкі маладых яблынек са свежапабеленымі камлямі, між якіх ляжалі праполатыя, палітыя зранку грады.
— Дзед, табе колькі гадоў?
Адказу адтуль не было чуваць, і Агееў таксама прайшоў за вугал. 3 тыльнага боку дома пад бухматым кустом бэзу сядзеў нямоглы стары ў стаптаных валёнках на тонкіх нагах. Засяроджана ўставіўшыся перад сабой, ён, падобна было,
цалкам аддаўся свайму роздуму і ніяк не азваўся на скіраваныя да яго словы.
— Добры дзень.
Дзед зноў не адказаў, толькі зірнуў на Агеева пільным праніклівым позіркам светлых вачэй, якія ледзьве паблісквалі сярод густога сівога шчаціння. На момант у ім прамільгнуў і прапаў пробліск здзіўлення або цікавасці да захожага чалавека.
— Во хачу запытацца, — бадзёра пачаў Агееў. — Вы даўно тут жывяцё?
— Ды ён тут усё жыццё. Тут і радзіўся, — ахвотна растлумачыў мужчына ў трыко.