Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
I ўсё ж ён не думаў здавацца, капітуляваць перад гэтым бязладдзем зляжалага шчэбеню, ён перакапае яго па жменьцы, але ці знойдзе тое, што гэтак шукае, ці пераканаецца, што тут нічога няма.
Калі тут нічога няма, тады ў яго застанецца надзея — слабенькая, няпэўная павуцінка, якая, магчыма, павядзе да жыцця з гэтай ямы — у будучыню ці нават у вечнасць...
Тады было гэткае ж спякотнае лета...
Напорны паўднёва-заходні вецер, што ўвесь дзень разгоніста гойсаў па летніх абшарах палёў, надвячоркам трохі аціх, паніжэлае сонца ў рэдзенькай смузе неба страціла свой га-
рачы імпэт і не пякло, як раней. У караткаватым цяні раскідзістага куста шыпшыны на мяжы здратаванай каровамі жытняй нівы стала прахалодней і ўвогуле цярпіма, калі б не надакучная смага. Каторы ўжо раз Агееў перакуліў над вуснамі трафейную, абшытую лямцам біклагу, і толькі адна кропля з яе ўпала на яго няголены падбародак, казытліва спаўзла за расшпілены каўнер гімнасцёркі. Hi ў біклажцы і нідзе паблізу вады не было. Напэўна, з паўдня ён ляжаў тут на разасланай, са слядамі засохлай крыві, ватоўцы і таміўся ў панылым чаканні, якому, здавалася, не будзе канца. Спярша намаганнем волі ён зацінаў нецярпенне, стараючыся думаць аб чымсьці далёкім, што не адносілася да яго чакання, але спакваля яго ўсё болей разбірала злосць на Малаковіча — ужо ці не забыўся той на яго, пакінутага пад кустом у жыце? Раздражнёнасць яго, аднак, хутка міналася, усё ж ён разумеў, што не, не забыўся, не затым той вёў яго столькі, каб пасля кінуць за які кіламетр ад мястэчка. Зрэшты, Агееў ведаў, што сам Малаковіч цяпер рызыкаваў куды больш за яго — не так проста было ўдзень паявіцца на местачковых вуліцах, каб не нарвацца на немцаў ці на паліцыю. Агееў яму казаў: не спяшайся, давай пераседзім у полі, дачакаемся вечара, а там, як сцямнее, прабрацца праз мястэчка, напэўна, будзе лягчэй. Малаковіч згаджаўся, але во зрабіў пасвойму, відаць, не хапіла трывання дачакацца вечара. Канечне, ён ведаў тут кожную сцежку, кожны закутак і пераход, якія выбегаў яшчэ падшыванцам, але, мабыць, і яго тут ведаў кожны местачковы сабака, які цяпер лёгка мог пазнаць лейтэнанта і выдаць паліцыі.
Час ад часу Агееў нецярпліва прыступаў на адну нагу і, абапёршыся на вінтоўку, пазіраў цераз паблытанае, нахіленае да зямлі пераспелае жыта. За жытам і шырокім бульбяным палеткам відаць былі ўскраінныя дамкі мястэчка, парканы і платы, месцамі атуленыя густой зелянінай садоў і кустоўя. Воддаль, у глыбіні гэтага паселішча, высіліся ў бясхмарным небе два жоўтыя царкоўныя купалы, каля іх бялела нейкая вузкая збудоўка з вастраверхім бляшаным дахам, падобная на пажарную каланчу, ці што. Збоч на ўскраіне зелянела цесная купа старых аграмадных дрэў — можа,
на месцы былога маёнтка ці могілак. Адтуль па нябачнай за пасевамі дарозе выехала фурманка з двума седакамі, і порсткае гнядое жарабя то забягала наперад, то адставала, гарэзліва даганяючы затым матку. Малаковіча нідзе не было, і Агееў з прыкрасцю апусціўся на ўляжалую ватоўку, зручней уладкоўваючы параненую нагу, якая пад вечар разбалелася аж занадта. Мінула ўжо шмат часу пасля ранення, a асколачная рана вышэй калена амаль не гаілася, вельмі дакучала на хадзе, асабліва балела ноччу, і Агееў з усё большым неспакоем думаў, ці не застаўся там і асколак. Калі застаўся асколак, дык ягоныя справы дрэнь, з асколкам рана наўрад ці загоіцца, будзе гніць, a то яшчэ падключыцца і гангрэна, тады яму зусім будуць кранты. Спусціўшы да калень сіняе галіфэ, ён абмацаў мокрую павязку, ад якой ішоў агідны гнілаваты смурод. Трэба было перабінтаваць нагу, але бінта ён не меў, учора разадраў на кавалкі апошнюю анучу з аблезлага, у белы гарошак паркалю. Гэта была жаночая блузка, мабыць, той вастравокай маладзіцы з леснічоўкі кіламетраў за трыццаць адсюль. Калі яны з Малаковічам падышлі да гэтай лясной збудоўкі, іх сустрэў ашалелы брэх рыжага калматага сабакі, доўга з хаты за тынам ніхто не паказваўся, пасля выйшаў змрочны сівабароды стары, і яны папрасілі напіцца. 3 гэтай просьбы яны пачыналі заўжды, калі наставаў час падумаць пра начлег і яду, і па тым, як гаспадары выносілі ваду, вырашалі астатняе. Ваўкаваты выгляд старога даваў мала надзеі, і Агееў кіўнуў Малаковічу раз і другі — маўляў, патупалі, чаго чакаць? Але тут на ганку паявілася маладая, нетутэйшага выгляду кабетка ў лёгкай блузцы і па-гарадскому, на патыліцы, завязанай хусцінцы, яна вынесла вялікую медную кварту сцюдзёнай вады, якую яны па чарзе выпілі ўсю да дна, і Агееў завёў з жанчынай гаворку на тэму «паесці». Маладзіца стрымана, хаця і добразычліва, запрасіла іх у хату, стары прытрымаў ашалелага ад брэху сабаку, і яны апынуліся ў прахалоднай абжытай святліцы са свежапамытай падлогай з новых хваёвых дошак. Пераступіўшы парог, Агееў прыемна здзівіўся ад мноства кветак, якія тут скрозь зелянелі і цвілі — на падаконніках, табурэтках, па вуглах і лаўках, густа застаўленых
гаршкамі і вазонамі, нібы ў краме кветак, куды ён аднойчы забрыў у Беластоку. Іх накармілі ячменнай кашай на сале, напаілі малаком, Агееў не супраць быў заначаваць тут і пачаў ужо намякаць аб тым маладзіцы. Раптам у адказ на нейкі ягоны бязвінны жарт яна заплакала, ды так няўцешна і роспачна, што яны знерухомелі. Калі яна выбегла з хаты, барадаты стары сказаў, памаўчаўшы: «Вот мужа яе, сына маво, убілі. А ана із Расеі...»
Начаваць там яны не засталіся, у Агеева знікла на тое жаданне, а Малаковіч ірваўся да сваіх — заставаліся апошнія тры дзесяткі кіламетраў, і яго цяжка было ўгаварыць затрымацца. Немцаў у гэтым балоціста-раўнінным краі нідзе не было чуваць, мабыць, фронт прайшоў стараной, і яны рушылі ў дарогу — да захаду сонца прайшлі яшчэ кіламетраў восем і заначавалі на полі, у невялікім бярэзнічку. Увогуле прайшлі няшмат, але на болыпае і не разлічвалі — яны ўжо змагліся. Спярша, калі прарываліся з акружэння і спрабавалі дагнаць лінію фронту, ішлі ўдзень і ўначы, адпачывалі па гадзіне ў суткі і проста падалі на хаду без сну і ад знямогі. Да пераходу цераз «жалезку» іх група налічвала пяцьдзесят сем чалавек, камандаваў ёю маёр з упраўлення арміі, на выгляд надта бравы ваяка з чорнымі касмылявымі брывамі, ён гнаў іх, як толькі было магчыма, каб дагнаць сваіх ці перайсці лінію фронту. Аднак лініі нідзе не было, тапаграфічная карта з двух аркушаў у маёра неўзабаве скончылася, і аднойчы ў змроку яны наткнуліся на нейкую матарызаваную нямецкую часць, якая сваімі амфібіямі, матацыкламі і грузавікамі забіла ўсе вёскі навокал. Мабыць, ім трэба было павярнуць назад ці ўзяць куды ўбок, у абход, але маёр папёр напралом, яны ўвязаліся ў няпэўны зацяжны бой на подступах да нейкае станцыі, немцы тым часам падцягнулі сілы і наладзілі ім такі тарарам, што з усяе групы, напэўна, толькі Малаковіч з Агеевым засталіся жывыя, і то толькі таму, што своечасова зразумелі промах і павярнулі з-пад нямецкага агню ўбок. Пад раніцу яны апынуліся на беразе шырокага, парослага лазняком балота наводдаль ад дарог, немцаў тут можна было не баяцца, і абодва пачалі лаяць маёра, які так па-дурному загубіў групу. Асабліва
злосны быў Малаковіч, той ноччу паранены куляй у плячо. Праўда, рана была не цяжкая, куля толькі зачапіла плячо, але ўсё ж рука балела і перашкаджала ўпраўляцца са зброяй. Агееў са сваёй распухлай нагой ледзь трываў пасля той калатнечы, ісці ледзьве мог, і тут яны канчаткова зразумелі, што фронту ім не дагнаць. Менавіта Малаковіч прапанаваў узяць крута на поўдзень і прабівацца ў знаёмыя мясціны, да роднага мястэчка, дзе ў яго заставалася маці з братам і дзьвюма сястрычкамі. А там будзе відаць. Агееў пагадзіўся не адразу. He надта яму падабаўся такі паратунак, усё ж ішла вайна, а яны былі камандзіры, хаця і параненыя, і адбіліся ад сваёй разгромленай часці, але ўсё ж... «Глядзіце, як хочаце, — не вельмі і настойваў Малаковіч. — А то як бы ў палон не загрымець...» Палонных яны ўжо бачылі на шашы пад Лідай, самі адтуль ледзь вырваліся — неяк выкруціліся ад нямецкіх аўтаматчыкаў, якія прачэсвалі поле бою, і Агееў наважыўся. Выбіраць не было з чаго, а абодва яны былі маладыя і хацелі жыць. Падумаўшы, ён згадзіўся, і ў той дзень яны ўзялі напрамак на гэтае мястэчка.
Далёка над лясным краявідам, захутанае ў агнявы туман, заходзіла чырвонае сонца, на полі стала прахалодней, смага ўбавілася, а дрымота, з якой Агееў змагаўся ўвесь час пад калючым кустом, зусім знікла. Цяпер ён не баяўся заснуць, ён чуйна прыслухоўваўся да рэдкіх малазразумелых гукаў, якія даносіліся сюды з мястэчка. Малады жаночы голас некалькі разоў ласкава пагукаў штосьці, і ён здагадаўся: гэта клікалі на вячэру дзяцей. Аднойчы гучна кракнула качка, што нізка ляцела над полем, і ён страпянуўся ад спалоху — так змарнеў за дзень у маўклівай цішыні і чаканні. Блізкі каровін рык прымусіў яго асцярожна выглянуць з жыта — па дарозе ў мястэчка гналі невялікі статак, за якім узнімалася воблачка пылу. Гэтае воблачка дало Агееву зразумець, што там праходзіў гасцінец або гравійка, але ён за паўдня не ўбачыў на ёй ніводнай машыны і цяпер падумаў: а раптам немцы яшчэ не дабраліся да гэтых мясцін? Можа, тут іх яшчэ і няма? Гэта было б здорава, у такім выпадку ім, напэўна, пашэнціла б. Вось толькі куды прапаў Малаковіч?
3 Малаковічам яны належалі да адной часці і перад самай вайной нядоўга служылі разам. Такая была служба ў старшага лейтэнанта Агеева, асабліва ў трывожныя тыдні напярэдадні вайны, што ён мала знаходзіўся ў палку, хіба што наязджаючы на агульнапалкавыя нарады, а болей прападаў на складах боепрыпасаў — сваім і дывізійным, — забяспечваў полк боепрыпасамі. Работы ў начбоя было па горла — некалькі відаў патронаў да стралковай зброі, ручныя гранаты ўсіх марак, снарады да палкавых гармат, вінтоўкі, кулямёты, запчасткі і рамонтная тэхніка — усё гэта перайначвалася, рэарганізоўвалася па-новаму, паводле апошніх інструкцый і ўказанняў. Часу ж на ўсё было ў абрэз, штабы і камандзіры разумелі гэта і спяшаліся, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Кроў з носа, а было загадана назапасіць тры БК для ўсёй зброі і пяць БК для супрацьтанкавай артылерыі. Палкавыя склады не ўмяшчалі ўсю прорву штабялёў і скрынак, будаваліся часовыя сховішчы, Агееў вазіў за шмат кіламетраў будаўнічыя матэрыялы, людзей. Лейтэнант Малаковіч прыбыў у полк за тры дні да пачатку вайны пасля паскоранага выпуску з вайсковага вучылішча і быў прызначаны камандзірам батальённага ўзвода сувязі. Па службе ў палку Агееў з ім амаль не сустракаўся, хіба што некалькі разоў бачыў у час палкавых пастраенняў гэтага рослага, танкашыяга лейтэнанціка ў новым камандзірскім абмундзіраванні, з хрумсткай партупеяй цераз плячо. He думаў тады начбой, што вайсковы лёс з’яднае іх разам на дарогах вайны, ды яшчэ ў такі горкі час. Вядома, Агееў разумеў, што ён — не надта вялікая радасць для гэтага імклівага хлопца, якому без яго, напэўна, пашэнціла б болей, ён мог бы прайсці і па шэсцьдзесят кіламетраў за суткі і, мабыць, даўно ўжо дабраўся б да фронту. Але ён не мог пакінуць параненага Агеева, памагаў яму і падтрымліваў у дарозе, клапаціўся пра начлег і яду, сам ледзьве стрымліваючы сваё маладое нецярпенне. Агееў бачыў гэта, маўчаў і ўвогуле быў удзячны свайму малодшаму сябру.