Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Камандзір палка стаяў у акопчыку ў новай, насунутай на вочы касцы, якая хавала верхнюю палову яго схуднелага твару, але па тым, як уся яго хударлявая постаць напружылася, калі ён згледзеў Агеева, той зразумеў, што гэты выклік
дабром для яго не скончыцца. Ззаду ў вёсцы зноў загухалі выбухі, наперадзе чутны быў залівісты стук кулямёта ў полі, усчыналася частая страляніна, асабліва справа, дзе да жытняга поля блізка падступаў хваёвы ўзлесак. Агееў зваліўся ў акопчык насупраць камандзіра палка і не паспеў яшчэ далажыць аб прыбыцці, як маёр груба і злосна закрычаў:
— Ты — начбой ці тупая бабская ж...?
Ліхаманкава згадваючы, дзе ён дапусціў прамашку і ў чым правініўся, Агееў маўчаў, а камандзір палка з усё болыпым імпэтам паўтарыў сваё абразліва-грубае пытанне. I тады Агееву стала зразумела, што адказваць на яго не было патрэбы — належала моўчкі атрымаць спагнанне. Але за што? Начальнік штаба палка, адарваўшыся ад тэлефона на дне акопчыка, са стрыманай злосцю паведаміў:
— У другім батальёне таксама: дзве скрынкі з ручкамі і ніводнай — з галоўкамі.
Тады Агееў ураз зразумеў, дзе дапусціў промах, які, напэўна, яму дорага абыдзецца: не разабраўшыся, ён пагрузіў у машыну некалькі скрынак з ручкамі ад РГД, а скрынкі з баявымі галоўкамі, напэўна, засталіся на складзе, мабыць, у іншым ці разбомбленым штабелі. Пэўна, што так. Паводле правіл захоўвання боепрыпасаў у мірны час, абедзве часткі разборных гранат належала хаваць асобна — каб пазбегнуць магчымасці дыверсіі.
— Вы абяззброілі полк! Вы сарвалі абарону! Пойдзеце пад трыбунал! Я вас расстраляю!
Маёр схапіўся за кабуру дрыготкімі рукамі, спрабуючы выняць з яе пісталет. Агееў, унутрана напяўшыся, стаяў насупраць, гатовы да ўсякага прыгавору, — ён і на самай справе не знаходзіў для сябе апраўдання. Але ў той самы момант начштаба нагнуўся да тэлефоннага апарата і ўстрывожаным голасам паклікаў камандзіра палка:
— Вас ноль-першы!
Агееў не ведаў, хто гэта быў ноль-першы, можа, камандзір дывізіі пі хто вышэй, але адразу пачуў, што гэта давала нейкі перадых, амаль палёгку. Маёр з пісталетам у адной руцэ пацягнуўся да трубкі, а пачштаба выразным жэстам даў Агееву знак, каб той зараз жа знік. He змусіўшы сябе ўга-
ворваць, начбой перажыргнуў цераз схіленую спіну сувязіста і схаваўся за паваротам акопчыка. Пасля ён выскачыў на адкрытае поле і, прыгнуўшыся, па градах пабег да аборы. Ён ужо сцяміў, што павінен зрабіць, каб калі не апраўдацца зусім, дык хоць бы змякчыць прысуд камандзіра палка.
Абстрэл між тым прадаўжаўся, міны з прарэзлівым віскам праносіліся над галавой і рваліся між хат, на гародах і асабліва густа — на выездзе з вёскі, дзе засталася яго палутарка. На шчасце, яна была яшчэ цэлая, і Агееў, гукнуўшы шафёра, ускочыў у кабіну. Яны паспешліва развярнуліся на закіданым грудамі зямлі падворку і, ужо не зважаючы на абстрэл, панесліся па гравійцы да ахопленага полымем фальварка.
На гэты раз нямецкіх самалётаў тут не было, хаця амаль не было і фальварка, замест алеі грувасціліся завалы паламаных, пасечаных, вывернутых з каранямі ліп, увесь сад быў перакапаны варонкамі, уцалелыя дрэвы стаялі з голым, без лісця суччом; штабялі пад імі або згарэлі, або паўзрываліся ад дэтанацыі; раскіданыя навокал, валяліся снарады, латунныя гільзы, упакоўка, дошкі ад тары. Але ўсё ж нейкая частка боепрыпасаў уцалела, і Агееў, падбегшы да рэшты штабялёў, узрадаваўся: аказваецца, не так проста нават для авіяцыі знішчыць вялікі склад боепрыпасаў. Яны з шафёрам пабеглі сярод раскіданых скрынак са снарадамі, супрацьтанкавымі і супрацьпяхотнымі мінамі, разматанымі стужкамі буйнакаліберных зенітных патронаў, якія ім былі без патрэбы. Агееў стараўся знайсці знаёмыя зялёныя скрынкі з галоўкамі ад РГД, але іх нідзе не было — можа, паўзрываліся, а можа, як і ён, іх прыхапілі, не разабраўшыся, шафёры з другіх палкоў. I тут на краі абгарэлага з вугла штабеля ён згледзеў знаёмую маркіроўку на драўляных скрынках — то былі гранаты Ф-1, або, як часцей іх называлі, «лімонкі». Узрадаваўшыся нечаканай знаходцы, ён крыкнуў шафёру і, падхапіўшы ў абедзве рукі па скрынцы, пабег да машыны.
Гэтымі гранатамі яны загрузілі амаль увесь кузаў палутаркі, яшчэ прыхапілі некалькі скрынак вінтовачных патронаў і зноў ірванулі па разбітай гравійцы да свайго палка.
Аднак дзень ужо быў на сконе, нізкае сонца зайшло за
хмары, поле пачало засцілаць туманам. За лесам, у баку, дзе была вёска, грукатаў моцны бой, і, як здалося Агееву, на гэты раз чамусьці бліжэй, чым удзень. Кепская здагадка засмуціла яго, але, усё яшчэ баючыся цалкам паверыць у горшае, ён спыніў машыну на ўзбочыне ў маладым сасоннічку, дзе наводдаль ад дарогі акопваліся некалькі байцоў, і выскачыў з кабіны. На ягонае пытанне, з якой яны часці, першы баец не сказаў нічога, толькі, быццам нямко, паўзіраўся ў яго спадылба, другі сказаў, што гэта ваенная тайна, якую ён не можа паведаміць незнаёмаму камандзіру, і толькі трэці, стрыжаны, белабрысы баец, мабыць, пазнаўшы яго, растлумачыў:
— Ды з другога батальёна мы, таварыш начальнік боепітання.
— Як з другога? Другі ж батальён быў у вёсцы?
— Быў, ды адступіў. У акружэнні мы.
«Вось табе і на!» — паныла падумаў Агееў. Час ад часу не лепш. Ён пабег уздоўж ланцуга і хутка ад знаёмага камандзіра роты даведаўся, што другі батальён па загаду адышоў з вёскі, а першы і трэці чамусьці прамарудзілі, не паспелі выканаць загад і цяпер чакаюць ночы, каб прарвацца з кальца. Камандзір са штабам палка таксама застаўся ў вёсцы, рыхтуе прарыў; другі батальён будзе падтрымліваць іх агнём з гэтага сасоннічку.
Агееў мог бы раздаць боепрыпасы байцам тутэйшага батальёна, у якіх таксама было іх нягуста, але пачуццё віны перад камандзірам палка за ранішні промах вымагала яго думаць, як прарвацца ў вёску. Было, аднак, зразумела, што, пакуль не змеркнецца, зрабіць гэта наўрад ці пашэнціць, значыць, трэба дачакацца ночы. Але і ў цемры яшчэ невядома, як ашукаць немцаў, якія, напэўна, перакрылі ўжо дарогу. А калі напралом, на авось? Авось быў пэўны вайсковы сродак, які памагаў там, дзе нічога ўжо не магло памагчы. I Агееў наважыўся. Трэба было толькі ўгаварыць шафёра, ад якога ў гэтай спробе залежала многае.
Яны стаялі на дарозе каля машыны, і калі ён сказаў аб сваім намеры шафёру, той нічога не адказаў, памаўчаў, паглядзеў у адзін бок, у другі, прыслухаўся. За лесам і полем,
дзе была вёска, грукацеў бой, угары над сасоннічкам часам праносіліся агняныя трасы, ім заставалася праскочыць якіянебудзь кіламетры два, але на кожным метры іх магла напаткаць пагібель. Агееў падумаў ужо, што шафёр не згодзіцца, як той раптам спытаў:
— А што — цяпер ехаць? Ці пагадзя?
— He, не цяпер. Трэба пачакаць, — узрадаваўся Агееў. — Яшчэ паўгадзіны, гадзіну, як сцямнее.
I вось нарэшце сцямнелася, мінула і яшчэ мінут з дваццаць. Страляніна ў вёсцы быццам бы пачала сціхаць, напэўна, хутка два батальёны пачнуць прарывацца з акружэння. Марудзіць далей было ўжо нельга, і, як-колечы супакоіўшы сябе, Агееў ускочыў у кабіну да шафёра, які там чакаў.
— Значыць, так! Спярша паціху, а затым поўны газ! Я скажу калі.
У начной цемені яны памалу рушылі па дарозе, не ўключаючы фар, выехалі з сасоннічку ў чыстае поле, дзе іх абстралялі ўдзень мінамёты і дзе цяпер ужо сядзелі немцы. Агееў высунуўся з кабіны і ўпіўся позіркам у цемру, але ў полі нічарта не было відаць. Зрэшты, не было відно і дарогі, і ён баяўся, каб шафёр незнарок не з’ехаў у канаву. Але шафёр з асаблівым, мабыць, уласцівым толькі шафёрам адчуваннем і ў цемры добра трымаў дарогу, цяжка нагружаная машына гойдалася па выбоінах, рухавік бязбожна гучна грымеў, і Агееў, сцяўшы пашчэнкі, чакаў першай чаргі ў бок, у лоб або ззаду. Але чэрг не было. Яны праехалі, можа, кіламетр ці нават болей, і тады іх нехта акрыкнуў у полі. Агееў не зразумеў, чый гэта быў голас — сваіх або немцаў, — ён толькі адчуў, што далей будзе чарга, і, бразнуўшы з размаху дзверцамі, крыкнуў шафёру: «Гані! Быстра!»
Машына рванулася, яго кінула ў адзін бок, затым у другі, здалося, што яны перакульваюцца, але неяк выраўняліся, і машына памчалася далей у цемру. Ззаду яшчэ некалькі разоў крыкнулі, а затым замільгалі блішчастыя трасы — абганяючы машыну, далёка панесліся абапал дарогі. Агееў спалохана хіснуўся ў кабіне, дробныя шкляныя асколкі абсыпалі грудзі і твар, рэзка бразнула металічная абшыўка кабіны, але машына мчалася...
I толькі калі, скрыжаваўшыся перад машынай, з розных бакоў ударылі зіхоткія рознакаляровыя трасы, машына рэзка збавіла ход і пачала хіліцца ўбок, да канавы. Агееў схапіўся за руль, намагаючыся вывернуць яго ўправа, але руль не паддаваўся, сціснуты ў руках шафёра, які наваліўся на яго грудзямі і маўчаў. I тут машына спынілася.
Агееў вываліўся з кабіны, ледзь не наскочыўшы на нейкага чалавека ў канаве, які са злосным мацюгом увярнуўся ад ягоных ботаў, і Агееў з палёгкай здагадаўся: свае!
Сапраўды, гэта былі свае, а чалавек, якога ён ледзь не стаптаў у канаве, быў начальнік штаба першага батальёна старшы лейтэнант Карбоўскі. Яны абодва тут жа кінуліся па той бок машыны, выцягнулі з кабіны грузнае цела шафёра і апусцілі яго на зямлю. Дапамога таму ўжо не спатрэбілася. Немцы ў полі запознена свяцілі ракетамі, але страляць перасталі. У цёмных прамежках паміж ракетамі байцы хутка разгрузілі нахіленую ў канаву машыну з двума прастрэленымі скатамі, старшыны размяркоўвалі гранаты паміж групамі прарыву. Калі ўсё было скончана, з цемры выйшла некалькі чалавек, яны ціха размаўлялі, і сярод іх Агееў пазнаў хрыплаваты голас камандзіра палка:
— Дзе Агееў? Паклічце Агеева!
Агееў скалануўся і сцяўся — ён не забыўся, што яму нядаўна яшчэ было абяцана гэтым чалавекам, і цяпер з абмерлым сэрцам ступіў да яго на вясковую вуліцу.
— Я тут, таварыш кампалка.
— Ты, Агееў? Малайчына, начбой! Ты нас здорава выручыў. Дзякуй табе, начбой!
— Дваццаць сем скрынак «лімонак», — ціха сказаў хтось з цемры.
— Дваццаць сем скрынак! Во як трэба ваяваць! I давёз! Прарваўся! Ну, а мы што ж — няўжо не прарвёмся адсюль? Байцы мы або гаўнюкі пасля таго? Начштаба! — цішэй сказаў камандзір палка. — Трэба яго ўзнагародзіць. Вырвемся — аформіце...