Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— За жывот усе баяліся, — сказаў Агееў. — Уязвімае месца.
— Уязвімае, нічога не скажаш. Бачыў параненых, не дай бог. Галоўнае — нутраное даўленне называецца. Там, у кішках. Нават ад маленькай кулявой ранкі як пырхнуць з жывата. Клубком. Сінія, з крывёй і парок ідзе, калі на холадзе. Паранены каторы ад страху іх назад у бруха піхае. Ды дзе там! Ужо кранты. Калі вылезлі, тваё дзела кончана, ужо і дактары не памогуць. Помню, адзін такі — малады, рослы хлапец — прыбег прама ў санбат. 3 поля бою вёрст пяць шыбаваў, каб хутчэй, значыць. Зрабілі аперацыю, зашылі. Пажыў тры дні і адкінуў капыты. Заражэнне, ніякі доктар не паратуе.
— Тады ж не было ні пеніцыліну, ні антыбіётыкаў.
— То-та і яно! Чым ратаваць? Доктар — ён жа таксама не бог. А пасля што ж, з ім адным валэндацца? Тут іх сотні ў чарзе, калі баі, усім трэба памагчы, асколкі павыцягваць...
Першае ажыўленне ад віна, мабыць, міналася, Сямён некурыўся і быццам бы стаў спакайнець, рука на каленях трохі запаволіла жэсты. На рудым ад загару, у рэзкіх зморшчынах твары паявіўся прыкметны цень заклапочанасці, даўняга суму ад перажытага.
— Ага, Енакаеў па тым часе ўжо меў шэсць раненняў. Гэта не жарты. I з усіх выкараскаўся. Жылаваты мужык быў, нічога не скажаш...
Той раз мы ішлі па языка — трэцюю ноч запар. Толькі напярэдадні прыцягнулі двух фрыцаў, ну, думаем, цяпер хоць выспімся, падсохнем, накурымся. Чорта з два! Аказваецца, трэба ўжо новыя даныя, ужо ў баку ад абороны, на поплаве, каля рэчкі, балоцістай такой, чорт бы яе ўзяў!
Ледзь яна мяне не ўгробіла, рэчка тая. Пастроілі групу — сем чалавек. Чацвёра ў групе захвату, трое ў прыкрыцці. Камандзір — старшына Енакаеў. А, нада сказаць, хлопцы ў нас усе маладыя, праўда, усе ўжо абстраляныя, некаторыя і з медалямі, але маладыя, што зробіш. Толькі я ды Енакаеў трохі старэйшыя — мне ішоў дваццаць шосты год, Енакаеву, мабыць, столькі ж. Ну, у маладых яшчэ дурноты поўна, форсу, такога, што во нам напляваць на фрыцаў — трэба, дык возьмем. А заб’юць каторага, тожа напляваць — не мы першыя.
Пайшлі апоўначы, цемра — як у ж..., вецер настырны, голае балота пад нагамі, трошкі прымарозіла, але ўсё правальваешся, пад нагамі чвякае, думаеш: хоць бы немцы не ўчулі. Там, канечне, міннае поле, наша і нямецкае, дык сапёры звечара пастараліся — зрабілі праход. (Які там чорта праход: знялі некалькі мін — і паўзі.) Добра, яшчэ прычакалі, паказалі вешку — пруцік такі паставілі. «Ой, думаю, добра, адсюль — пруцік, а як назад? Дзе яго, гэты пруцік, знойдзеш у цемры?» Але маўчу, ведаю: пра такія думкі ды ў такі момант лепш памаўчаць. Папаўзлі адзін за адным. Наперадзе Енакаеў, група захвату, я быў старшы ў прыкрыцці. Паўзлі рыўкамі. Ён жа ракеты шпурляе адну за адной. Во ў кароткія прамежкі, па-цёмнаму, і паўзём. Як толькі пырхне ракета — галаву ў зямлю, адзін зад тырчыць, як купіна. Маскіруе. Куп’я там шмат было, гэта і выручала.
Словам, дабраліся да першай траншэі, чуем, там гергетня — не спяць, значыць, і многа — некалькі галасоў. Трэба б пачакаць. Усё ж такі ноч, пэўна ж, прыціхнуць, паснуць, вось бы аднаго і ўзялі. Але ж не параіш у такі момант, усе маўчаць, а Енакаеў гэты забірае ўбок, далей ад гэтых гергетуноў, туды, дзе цішэй. Яно, ведама, так здалося зручней. Але... Нешта мне стукае ў галаву: кепска робім, не трэба ўбок, пачакаць лепш.
Папаўзлі. А тут яшчэ, чорт бы яе ўзяў, траншэя паварочвае кудысьці ў іх тыл, загагулінай у глыб іхняй абароны; бруствер хаця і замаскіраваны, але ўсё ж трошкі прыкметны на фоне неба. Значыць, уздоўж траншэі паўзём. Горш не прыдумаеш! Але пакуль што быццам усё спакойна, усё ж
мы наводдаль метраў за сто ці за дзвесце ад іх. Пасля счакалі, прытаіўшыся, і чацвёра з захвату павярнулі да той траншэі. Мы прыкрываць засталіся. Чакаем. Карацей кажучы, праз гадзіну ці паўтары цягнуць на палатцы фрыца — аглушылі, заткнулі анучай рот і цягнуць. Цяпер трэба змывацца.
А часу, скажу табе, усё мінула процьма, час за такой справай наогул кепска заўважаецца, бяжыць ён або стаіць — чорт яго ведае. Як калі. Гадзінніка ў нас не было, мабыць, мы правалэндаліся занадта, прамарудзілі. Гляджу назад, святлее наўродзе краёчак неба, як бы світаць не пачало. Ну, хлопцаў з языком прапусцілі, цяпер мы ззаду, значыць, бліжэй да немцаў. Адкрыюць агонь — на сябе яго прыняць павінны. А немцы пад ранак таксама, відаць, прымарыліся, ракеты радзей узляталі, кулямёты, праўда, пастрэльвалі сюды-туды, але не па нас. Нас яшчэ не заўважылі. Увогуле ўсё чыста было зроблена. Калі б не адно але. А гэтае але там і аказалася, дзе я баяўся: Енакаеў-то праход цераз міннае поле згубіў. Яно нічога ў тым дзіўнага ў такім цемрыве ды на балоцістым поплаве — ніякіх табе арыенціраў. Вешка! Шукай цяпер гэтую вешку. Пасля такой крутні па нейтралцы.
He ведаю, хто там у яго поўз наперадзе, тожа, напэўна, такі ж самы лапух, як гэты Енакаеў, толькі раптам як шандарахне, аж зямля закалыхалася. Бліснула, асляпіла, і што тут пачалося! Як сталі лупіць па ўсім поплаве — уздоўж, упоперак, крыж-накрыж, трасы, ракеты, дзесятак зараз. Ляжым ні жывыя ні мёртвыя, стаіліся, маўчым. Добра яшчэ: мы на балоце і немцы на балоце, ім таксама на роўнядзі няшмат відаць, ірванула, а дзе — толкам не ведаюць. Празявалі ўначы. Як трошку ўнялося, бачу — пярэднія пайшлі, завілялі задамі, папаўзлі, значыць. Думаю, а раптам вырвемся. Яшчэ, можа, метраў шэсцьсот засталося. I тут злева як шандарахне сцюдзёным ашмоццем па мордзе, вочы заляпіла, і зноў — агонь па ўсім поплаве. Тут ужо і нашы ўдарылі, мінамёты, па іх перадку — гудзіць і трашчыць, уся акруга хадуном ходзіць. Але што рабіць нам? Сядзім на мінным полі, гэта і дураку ясна. А дзе той праход? He ўстанеш, не
азірнешся. А тут, на бяду, край неба святлее ўсё болей — стала віднець. Во ўлезлі, дык улезлі! Улопаліся!
Паляжалі так, трошкі аклямаліся, паварочваецца Яшчарыцын, што перада мной поўз, баец з захвату, ківае: Енакаеў заве! Што яшчэ такое, пад агнём, думаю, перастрайвацца, выбраў час. Але што рабіць — папоўз. Енакаеў ляжыць ў балоце, сам у гразі ўвесь, побач на палатцы і язык. Енакаеў хрыпата так шэпча: «Сямёнаў, упярод! Даставай фінку і — упярод!» Кажу: «А прыкрыцце?» — «Упярод!» — сіпіць і фінкай трасе перад мордай, маўляў, пасмей адмовіцца! Ну што ж, думаю, усё панятна. Хаця па ўставу я цяпер далжон быць ззаду, але калі на міны налезці, то, канечне, Сямёнаў — упярод! Сямёнаў падрывайся, а Енакаеў языка даставіць. У цэласці і сахраннасці.
Аднак што зробіш — мусіў паўзці. Ад крыўды фінкай у купіны тыкаю да самай ручкі: быццам пакуль нічога — мяккая балацявіна. Прапоўз так, можа, метраў сто пяцьдзесят, як раптам пад нажом штосьці цвёрдае. Уваткнуў лязо і баюся выняць — чорт яе ведае, а раптам ірване. I што рабіць? Азірнуўся. «Міна», — шапчу. Енакаеў махае, прыгнуўшыся, — маўляў, адпаўзай убок. Раз уткнуў фінку, другі, а трэці ўжо не паспеў. Як у прорву агняную... 3 усяго маху. Толькі звон пакаціўся кудысьці, усё далей, далей, і ўсё сціхла.
— Рванула, значыць?
— Рванула. I што дзіўна: болю ніякага не адчуў. Быццам прыдушыла чымсь. I расплюшчыла. Такое адчуванне. Слухай! — раптам сказаў Сямён, зганяючы з твару выраз невясёлага клопату. — Давай злётаю яшчэ па адну. A то што на сухую баіць?..
— А не хопіць? — усумніўся Агееў. — I дождж.
— Дождж перастае. Ну, глядзі, радзей стаў, — сказаў Сямён, адхінаючы парусіну на выхадзе.
Дождж яшчэ сыпаў, хаця, можа, і не такі, як раней, ручай на зямлі ля палаткі прыкметна вузеў, пакідаючы на траве намытыя космы смецця, травы, пяску. Агееў разумеў, што цяпер адгаворваць — марная справа. Сямёна ўжо не спыніш. Ён вылез з палаткі і даў вылезці госцю.
— Я счас. Айн мамент, як гаварылі! — кінуў Сямён на хаду,
адной рукой накідваючы на плечы каляны, непаслухмяны на ветры лахман поліэтылену.
Чакаючы Сямёна, Агееў сядзеў у палатцы, праз нізкі трохкутны выраз глядзеў, як мітусяцца, снуюць па траве ледзь парадзелыя струмені дажджу, і думаў: добра гэта ці не, такая вось уласцівасць чалавека — проста і адкрыта расказваць пра сябе першаму сустрэчнаму — падрабязна, пра ўсё, па шчырасці. Нават калі-небудзь і сам выглядаеш не надта прыгожа, калі дзе і памыляўся. Канечне, праз столькі гадоў можна дазволіць не надта далікатнічаць са сваім мінулым, але ўсё ж... Ён так не мог. Яму каштавала немалых намаганняў над сабой, прыехаўшы ў гэты пасёлак, расказаць пры неабходнасці, чаму яго зацікавіў нейкі закінуты кар’ер, ды і наогул растлумачыць сваё дачыненне да гэтага пасёлка тых даўніх, ваенных гадоў. Заўжды ў падобнага роду тлумачэннях ёсць штось ад няпраўды або прэтэнзіі на штось амаль незаконнае. Чужому і малазнаёмаму проста так не раскажаш. Але гэта ён, Агееў. А во Сямён, аказваецца, мог спавядацца з ахвотай і лёгкасцю, і, дзіўная справа, ягоная адкрытасць не шакіравала нават такога пераборлівага ў тым чалавека, якім лічыў сябе Агееў.
Ён думаў, што Сямён забавіцца, усё ж цэнтр пасёлка з магазінчыкам «Внно — водка» быў не надта блізка адсюль, але Сямён даволі-такі хутка паявіўся на рагу могілак пад коса накінутай на адно плячо плёнкай. I па тым, як ён без належнай жвавасці ступаў па мокрай траве даўгімі нагамі, Агееў здагадаўся: не дастаў.
— Пуста! — нібы прачытаўшы ў ягоных думках, сказаў, падышоўшы, Сямён і адкінуў плёнку. — Спазніўся, самі сажралі.
— Што ж, так пасядзім, — парадаваўся ў душы Агееў. — Пакуль дождж сыпле.
Сямён зноў улез у палатку. На гэты раз Агееў уступіў яму месца каля ўвахода, сам адсунуўся ўглыб, і госць адразу палез па цыгарэту ў скамечаным пачку.
— Ці не замнога курыш? — сказаў Агееў.
— А чорт з імі! Колькі будзе, буду курыць. Што ж, дактароў слухаць...
Ён зноў закурыў, і, хоць зацягнуўся з ранейшаю прагнасцю, цыгарэта не памагла яму ўтаіць лёгкую прыкрасць на змрачнаватым твары, мабыць, ад яго няўдалае вылазкі.
— Шкада, але і ў мяне нічога няма, — з вінаватасцю сказаў Агееў. Сямён буркнуў штосьці няпэўнае, і размова іх часова спынілася. Каб неяк узнавіць яе, Агееў запытаў, нібы між іншым:
— Ну, а пасля як? На тым поплаве? Ці, можа, разведчыкі выцягнулі?
— Чакай, як жа! — адразу азваўся Сямён. — Выцягнуць! Енакаеў языка цягнуў. Яшчэ аднаго свайго падарваў. А ля самай траншэі і яго стрэльнулі. Свае. Бо не на тым участку выходзіў. Во як!