• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 6

    Аповесці, раман
    Васіль Быкаў

    Памер: 560с.
    Мінск 2006
    148.44 МБ
    Раздзел другі
    У той дзень паліў дождж — сабраўся нарэшце ў пару спякотнага лета, калі настаў час уборкі. Пад вечар з-за могілак успаўзла ў неба сіне-чорная хмара, наляцеў вецер, дрэвы цягуча зашумелі, трапяткая лістота вывернулася пад вецер срабрыстай падкладкай. Агееў падумаў спярша: пярэйдзе, перагоніць хмару і зноў будзе сонца. Ён не хацеў вылазіць з кар’ера, на сёння засталося зусім мала — скапаць ля самага глыбокага месца пад заходнім абрывам. Але першыя буйныя, па гарошыне, кроплі, якія хлёстка сцебанулі яго па плячах, далі зразумець, што не пярэйдзе — памочыць як трэба, і ён, прыхапіўшы рыдлёўку, вылез з кар’ера. Пакуль бег да палаткі, дождж абрынуўся з апантанай, амаль ашалелай сілай, вецер ірваў з усіх бакоў, ён ледзьве дабег да палаткі і, пакуль развязваў матузы на ўваходзе, прамок да апошняй ніткі. Трэба было пераапранацца, выліваць ваду з кедаў.
    Пасля пад густое лапатанне дажджу па парусіне да самага вечара сядзеў у палатцы, чакаючы, калі сціхне. Часам лівень быццам бы пачынаў слабець, вадзяныя патокі, якія ён назіраў праз выраз у палатцы, нібы радзелі, туманна праглядвала з могілак цёмная сцяна старых дрэў, каменная сцяна ўнізе, але неўзабаве лівень усчынаўся з новаю сілай, і могілкі зусім знікалі ў мільготкай мітусні дажджу. Перад палаткай па ледзь бачнай у траве сцяжынцы імкліва бег уніз мутны ручай, які нёс на сабе клочча сухой травы, насякомых, рознае смецце, і Агееў падумаў, што добра зрабіў, калі два дні таму абкапаў палатку — не так для патрэбы, як для парадку, прачытаўшы аб тым у маладзёжнай газеце. Зрэшты, мелкая канаўка нядоўга яго ратавала, недзе ўсё ж прарвала, і на доле ў палатцы паволі расплылася шырокая цёмная пляма. Накінуўшы на плечы куртку, Агееў вылез пад дождж.
    Зноў добра намокшы і ўжо не зважаючы на дождж, ён пачаў капаць новую канаву, каб адвесці ў яе самы небяспечны паток вады, калі сярод мігацення дажджавых струменяў ля могілак згледзеў згорбленую, даўганогую постаць па накінутым на галаву празрыстым поліэтыленавым абрыўкам. Сігаючы цераз лужыны і патокі вады, што несліся з пагорка,
    чалавек кіраваў да ягонай палаткі, і Агееў хутка пазнаў у ім свайго тутэйшага знаёмца Сямёна.
    — Го-го, прывет! He змыла цябе тут?.. Во, надумаў праведаць хутаранца.
    — He змыла, але падмывае. Залазь, не мокні.
    Сямён спрытна расхінуў адною рукой настылы на плячах поліэтылен, сагнуўшыся, на каленях залез у палатку. Следам улез і Агееў.
    — Ну, паліло!.. Паліло што трэба. Во каб з вясны! Летам каб. A то цяпер, на ўборку. Совесці ў яго яўна няма, у бога таго.
    — Бог ні пры чым.
    — Ну, не бог, дык людзі. Раскалупалі космас. Парадку няма. To сушыць, то лье.
    Госць, крэкчучы і сморкаючыся, уладкаваўся ў мокрай цеснаце палаткі, няўклюдна падабраў пад сябе доўгія ногі ў брудных гумовых ботах; на ім была жоўтая макраватая тэніска, з левага рукава якой дзіўна, бы не ў лад, варушылася ссохлая кульця са зморшчанай на канцы скурай. Спрытна, аднак, упраўляючыся другой, здаецца, занадта доўгай, учэпістай рукой, Сямён выцяг з кішэні бліскучую паўлітроўку са збоўтанай малінавай вадкасцю.
    — Во, гэта самае... 3 нагоды пагоды.
    Нязручна прымасціўшыся ля ўвахода, Агееў унутрана паморшчыўся: пасля другога інфаркту, што здарыўся год назад, ён стараўся не піць ні віна, ні гарэлкі, але цяпер, адчуваючы лёгкія дрыжыкі ў мокрым целе, падумаў: «А, вып’ю! Будзь што будзе». Да таго ж гэтая прапанова малазнаёмага чалавека не здалася яму ні абразлівай, ні празмернай, хутчэй наадварот — настройвала на таварыскасць і ветлівасць.
    — Тару якую, — азірнуўся Сямён.
    Агееў знайшоў у куце палаткі невялікую пластмасавую шкляначку — для сябе, для госця ж зняў з тэрмаса кварту. Сямён спрытна падчапіў зубамі металічны каўпачок з бутэлькі.
    — Зубы зламаеш, — сказаў Агееў.
    — Нічога! Жалеза на жалеза. Вытрымае, — адказаў Сямён і засмяяўся — прастадушна, зусім па-дзіцячы, бліснуўшы
    металічнымі зубамі. Агееў глядзеў на яго немалады, у зморшчынах, з няголеным падбароддзем твар і думаў, што, мабыць, яны блізкія па ўзросту, мо нават аднагодкі.
    — А ты родам адкуль? — запытаў ён, хаця ўжо ведаў, што Сямён прыезджы і жыве ў пасёлку некалькі апошніх гадоў.
    — Я? А смаленскі, з-пад Ярцава. Чуў?
    — Чуў. Блізка...
    — Блізка, — ахвотна пагадзіўся Сямён. — Я так лічу: што Смаленшчына, што Беларусь — адзін чорт. Бульбянікі. Ну, давай вып’ем. Ілья ж сёння.
    — Во як!
    — Ілья нарабіў гнілля. I я табе скажу: правільна заўважана.
    Яны выпілі. Агееў не да канца, пакінуўшы ў сваёй шклянцы на другі раз. Сямён жа за тры глыткі ўвабраў усё да дна і страсянуў пад дождж апошнія кроплі з кварты. Агееў падумаў, што трэба было б пашукаць што на закусь, але госць адразу схапіўся сваёй учэпістаю рукой за туга напханую кішэню і выцяг адтуль скамечаны пачак «Прымы».
    — Курыш? He? Ну, дык я задымлю.
    Неўзабаве цесная нізенькая палатка напоўнілася цыгарэтным дымам, Агееў няўзнак шырэй расхінуў брызент на ўваходзе. Ён быў трохі насцярожаны і пабойваўся, што Сямён пачне пытацца ў яго, навошта ён капае тут, у гэтай яміне. Але Сямён ні пра што не пытаўся ні пры іх нядаўнім знаёмстве, калі неяк ранічкай забег у кар’ер закурыць, ні пасля. Здаецца, гэты чалавек меў не часты ў ягоным узросце лёгкі, гаваркі нораў і ці то ад прыроднай ветлівасці, ці з-за адсутнасці цікавасці да чужых спраў не набіваўся з роспытамі. Агееву гэта ўвогуле было даспадобы.
    — Руку дзе згубіў? — кіўнуў ён на яго кульцю.
    — На вайне, дзе ж! Руку што — руку згубіў, жыць застаўся. Мог жызню згубіць.
    — Гэта канечне, — пагадзіўся Агееў.
    — Точна! Рука — яна перабіта была, а дзяржалася. Гэта ў шпіталі адцяпалі. А во тут горай!
    Сунуўшы цыгарэту ў зубы, ён усё той жа рукой тузануў за ніз безрукаўкі, агаліўшы шырокія кашчаватыя грудзі са страшным сінім рубцом у правым баку.
    — Во саданула. Мёртвым суткі ляжаў. Крывёй сплыў. Бушлат да зямлі прымёрз, ададраць не маглі. Ану яе!.. Давай яшчэ патрошку.
    Ён падставіў шырокую кварту, Агееў наліў яму і сабе і, перш чым выпіць, падумаў, што, мабыць, болей не трэба. Гэтую яшчэ вып’е, і ўсё. Сямён жа з ранейшай ненасытнай прагнасцю выпіў да дна, глыбока зацягнуўся «Прымай».
    — Гляджу, малавата бярэш. Ці мо апасаешся? — хітравата прыжмурыўшы праз дым адно вока, уставіўся ён у Агеева.
    — Апасаюся, — сказаў Агееў. — Ужо, знаеш, званочак быў.
    — А, ерунда гэтыя званочкі! У мяне ўжо колькі было іх. I лічыць перастаў. А вып’ю калі — палягчэе. Дык во думаю: каб не піў, даўно б ужо зямлю парыў.
    — Ну, гэта як сказаць.
    — Точна! Вунь Шумакоў Даніла Васільевіч: і званкоў не было, і ўжо як сцярогся. Выйшаў на пенсію, не піў, не курыў. Раніцой усё рукамі махаў, гімнасціку рабіў. Памёр! Вясной пахавалі. На сем гадоў маладзейшы.
    — Каму як.
    — Во, іменна. Каму так, а каму гэтак. Я табе скажу: каму чаго хочацца, таму бог таго і не дае. А каму пляваць на штонебудзь, таго ў таго навалам. У жыцці не трэба быць сквапным! — з націскам скончыў Сямён.
    — Яно так...
    Сямён прыкметна п’янеў, і Агееў адчуў невялікую прыкрасць, падумаўшы, што цяпер разгаворыцца і трэба будзе доўга слухаць яго балбатню, а ён даўно не любіў захмялелых балбатуноў. Аднак Сямён прымоўк, штосьці ў ягоным бесклапотным настроі пачало мяняцца, і ён, дакурыўшы цыгарэту, ціха запытаўся:
    — Франтавік?
    — Ды як сказаць, — трохі збянтэжыўся Агееў. — У сорак першым — на фронце, параніла. Пасля ваяваў у партызанах. Пасля зноў...
    — У парцізанах тожа не мёд. Скажу табе, пад канец вайны ваяваць навучыліся, але што паявілася — хітрасць. Каб выжыць! Стала магчымым выжыць. Во некаторыя і ўхапі-
    ліся за гэтую магчымасць. Хітрыя каторыя... Давай разлівай рэшту, чаго там...
    Агееў наліў — зноў сабе трошкі, астатняе выліў у кварту, якую з гатоўнасцю падставіў Сямён. За палаткай роўна і спорна ліў летні дождж, дым ад цыгарэты ляніва цягнуўся да выхада. Ад выпітага Агееву стала цяплей, з адвыкласці ад спіртнога паявілася лёгкае кружэнне ў галаве і нейкая міжвольная добразычлівасць да гэтага гаваркога госця.
    — Я, знаеш, пад канец вайны ўжо быў нестраявы, — стрымана паведаміў Агееў, крануты ягоным пытаннем. — Так што, як там было на перадавой у канцы, не ведаю. He бачыў.
    — А я паглядзеў. На некаторых палюбаваўся. Адзін такі ледзьве на той свет не справадзіў. Енакаеў фамілія, век не забуду.
    Ён сядзеў у палатцы, трошкі прыгорбіўшыся, па-ўсходняму склаўшы перад сабой мокрыя, у ботах, ногі, са звыкла спушчанай на рассунутыя калені рукой. Гэтая рука, аднак, была ўся ў руху, памагала яму жэстамі, то складваючы пальцы рубам, то матляючы імі ў паветры.
    — Енакаеў... Старшына разведроты. Нічога, старшына быў дзелавіты, умеў парадак трымаць. Кадравы служака, не які там з запасу. Далёкаўсходнік. Я ж таксама далёкаўсходнік, дзяйствіцельную ў Градэкове служыў, на Хасане быў, ага. Калі ў сорак чацвёртым з папаўненнем прыйшоў у дывізію, у гэтага Енакаева чатыры ордэны на гімнасцёрцы. Строгі такі, але не прыдзірлівы, не разявала па-дробнаму. I з хлопцамі мог ладзіць — ну, там па сто грамаў ці кімарнуць лішнюю гадзіну. Ведама, старшына, у ягоных руках усё. Афіцэры, яны болей пра дзела пякліся: разведка там, языкі... Ах гэтыя языкі, каб ім прапасці! Папоўзаў я там па нейтралках, пацёр бруха. Іншым часам, як станем, бывала, у абарону, — кожную ноч. Поўзаеш, поўзаеш, на каленях скура аблезе, ну, прыцягнеш якога фрыца, думаеш: цяпер ужо хоць дадуць выспацца. Дзе там! He той фрыц, мала знае. Сцямнее — зноў давай! А калі ў яго наладжаная абарона? Дрот, міннае поле, ракеты, кулямёты. На Вісле пяць начэй запар поўзалі — нізашто! Блізка падпусціць, асвеціць ракетамі — і з кулямётаў. Уціснешся ў зямлю, ляжыш, чакаеш: авось перастане. А ён і не думае
    пераставаць, што яму — патронаў шкада? Патронаў, ракет у яго навалам, не тое, што ў нас. Ну, і лупіць. А ў нас сховішча ніякага, ляжыш на роўнядзі, бы на стале. Адно што каскі на галовах. Во ляжыш і чуеш, як то справа, то злева храсьхрась! Як шкарлупа на арэхах. I куля — наўздоўж цела да заду. He знаю, як хто, а я на вайне болей за ўсё баяўся такой во кулі — наўздоўж цела. Упоперак чамусьці не дужа палохала: праб’е грудзі ці там руку, нагу, неяк звыклае дзела. A вот калі наўздоўж — ад макаўкі да заду — страшна падумаць. Праўда, яшчэ і за жывот баяўся...