Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Да, абярнулася, чорт бы яго пабраў! Ну, а што ў мястэчку?
— Ды што ў мястэчку? У мястэчку разбой. Немцаў, можна сказаць, яшчэ і не было, дык паліцыя свірэпствуе. Аднекуль з’явіўся ўжо і начальнік. Драздзенка нейкі. Бачыў яго ўчора, як вешаць гэтых вялі...
— Каго вешаць?
— Двое акружэнцаў павесілі каля базара. Аказалі супраціўленне пры затрыманні.
— Паліцаі, канечне, брэшуць, — ціха ўставіў Кіслякоў. — Узялі іх, сонных, у будачніка на пераездзе. Ноччу зайшлі, ну, і заснулі. А ранкам паліцай Стасевіч заскочыў на пераезд і пабраў іх сонных, як курапатак.
Агееў уважліва слухаў, узіраючыся ў невясёлыя твары маладых хлопцаў, жыхароў гэтага мястэчка. Напамінак пра
павешаных акружэнцаў датычыў яго непасрэдна, бо і ён жа цяпер, па сутнасці, быў акружэнцам і яму пагражала тое ж. Праўда, ім быў і Малаковіч, хіба што з той розніцай, што жыў цяпер у сваёй хаце і тым не парушаў нямецкіх парадкаў, а беспрытульнага Агеева чакаў палявы лагер ваеннапалонных. Гэта ў лепшым выпадку, калі без супраціўлення, з высока паднятымі рукамі.
Малаковіч між тым расказваў:
— Стасевіч гэты — сусед мой. Цераз агарод хата. У калектывізацыю з вёскі перабраўся да родзічаў жонкі. У прамкамбінаце майстрам рабіў, у бандарным цэху. Наўродзе і някепскі сусед быў, з ягоным Міколам у школу хадзілі, той годам пазней пайшоў, цяпер на Далёкім Усходзе служыць. А гэты ўчора прыпёрся, маўляў, праведаць франтавічка. Бутэльку прынёс. «Ваша песня скончылася, таварышы чырвоныя камандзіры, цяпер пад Гітлерам будзем». — «Ну, гэта яшчэ як паглядзець», — кажу. A ён: «Няма чаго глядзець, ідзі ў паліцыю, пакуль возьмуць, a то позна будзе. Во наш начальнік у Чырвонай Арміі капітанам быў, а цяпер на немцаў працуе, жыдам чоху дае!» Ну, вы разумееце? Як мне, лейтэнанту, слухаць такую агітацыю?
— Ну, і што ж ты яму адказаў? — стрымана спытаў Агееў.
— Я? Анічога. Я прамаўчаў. Але дужа мне хацелася ў яго мой ТТ разрадзіць.
— Во маладзец! — здзекліва сказаў Агееў. — Так бы яны і цябе разам з тымі двума. Трэцім.
Малаковіч, здавалася, без увагі да яго здзеклівасці трохі цішэй паведаміў як аб чымсь канчаткова вырашаным:
— Я яго ўсё роўна стрэльну. Ён жа маю настаўніцу арыштаваў. Адправілі ў горад. Во гэта і будзе мой асабісты ўклад у барацьбу з акупантамі. Шлёпну і змыюся. Нельга нам тут доўга заставацца.
Агееў змоўчаў, ён быў гэткай жа думкі, толькі не хацеў гаварыць пра тое пры гэтым староннім хлопцу. Хто ведае, кім стаў гэты Малаковічаў сябра за час вайны.
— Як тваё плячо? — спрабаваў Агееў перавесці размову на іншае.
— Плячо загоіцца. Яшчэ дзень-другі, і зніму павязку.
— Ну, дык вось. Пакуль не знімеш павязку, не рыпайся. A то сам па дурасці ўліпнеш і маці падставіш.
— Ну, матка як-небудзь абыдзецца. А брацельнік сам лезе супраць іх што-небудзь выкінуць. Вунь у Кіслякова болей — чацвёра з маткай, і то не дрэйфіць, радыё слухае.
Мусіць, ніякавата паёрзаўшы на сваім мяккім сядзенні, Кіслякоў вытлумачыў:
— Баяцца — не тое слова. Страшна, канечне. Але ж трэба. Калі паддацца страху...
— А ваш бацька дзе? — запытаўся Агееў.
— Бацьку мабілізавалі. У першы ж дзень.
— Самога не прызывалі?
— He. Я ж нягодны па зроку.
— Ён жа студэнт, — ціха сказаў Малаковіч. — У Мінску ў дзяржуніверсітэце вучыўся. Скончыў два курсы...
— Ды што там, — махнуў рукой Кіслякоў, і яго вастраносы тварык зрабіўся надта самотным. У ранішнім паўзмроку ён здаваўся цяпер заўчасна састарэлым хлопчыкам, гэткім сарамлівым, разумненькім гномікам.
— Да-а. Ну, а што людзі кажуць? Як настрой у народа?
Ад гэтага пытання Агеева Кіслякоў заклапочана нахмурыў лобік і пачаў ахвотна тлумачыць:
— У асноўнай масе людзі настроены патрыятычна. Але ўсе чакаюць. Гэтыя поспехі немцаў, безумоўна, не маглі не выклікаць некаторай разгубленасці. Але гэта часова. Хутка пачнецца ўсеагульнае выступленне. Асабліва калі будуць працягвацца рэпрэсіі. А яны, несумненна, будуць працягвацца, таму што пашырыцца супраціўленпе. Гэтыя рэчы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены.
— А што ж кіраўніцтва раёна? Інтэлігенцыя?
— Тут, бачыце, якая сітуацыя: з парткіраўніцтва амаль нікога няма. Інтэлігенцыі таксама. Каго мабілізавалі ў першыя дні, хто ў іншыя месцы падаўся. Настаўнікі, напрыклад. Але, я так думаю, ёсць недзе арганізаванае падполле. Таксама як і партызанскія атрады.
— Гэта павінна быць. Гэта абавязкова! — з жарам падхапіў Малаковіч. — У нас тут у грамадзянскую славуты парты-
занскі атрад дзейнічаў. Атрад Макоўчыка. Недзе яны і цяпер ёсць. У Сырамятаўскім лесе, мабыць.
— Яны знаюць — дзе, — ціха сказаў Кіслякоў.
— Было б нядрэнна звязацца, — зазначыў Агееў. Але Малаковіч не пагадзіўся.
— Гэта нашто нам? Нам партызаны не трэба. Што, я ў партызанах ваяваць буду? Маё месца ў арміі. Я ж сярэдні камандзір усё-такі.
— На ўсякі выпадак, — сказаў Агееў.
— He, гэта не для нас. Гэта для вясковых дзядзькоў. Няхай яны ў лес ідуць, шалашы будуюць. Маё дзела на фронце. У полк нам трэба, я так думаю, — гарачыўся Малаковіч.
— Ты добра думаеш, — з уздыхам сказаў Агееў. — Але во заселі мы тут, і яшчэ пасядзець прыйдзецца. Фронт вунь дзе, а я пакуль не хадок, сам разумееш. Яшчэ з тыдзень, напэўна, праваляюся...
— А то і болей, — сказаў Малаковіч і з прыкрасцю ляпнуў сябе па калене. — Ну што ж, можа, за гэты час вайна не скончыцца...
Ён ускочыў з тапчана, захінуў на грудзях куртаты свой пінжачок, надзеты на аблезлую, у палоску, кашулю, — зусім не падобны на сябе нядаўняга, лейтэнанта — высокі, худы і тонкі, вясковага выгляду хлопец з рашучым выразам загарэлага твару.
— Да, забыўся сказаць: заўтра тут сабантуй намячаецца. Усім яўрэям загадана сабрацца каля царквы, кудысь перасяляць будуць,
— Куды перасяляць? — не зразумеў Агееў.
— А чорт іх ведае — куды.
— Загадана ўзяць ежы на трое сутак, каштоўныя рэчы, — дадаў Кіслякоў.
— Значыць, кудысь пагоняць. Можа, у канцлагер ці яшчэ куды. Іх хіба зразумееш, фашыстаў. Ну, дык папраўляйцеся, таварыш начбой. Я буду забягаць, калі што...
Калі іхнія крокі сціхлі на падворку, Агееў адкінуўся плячыма на падушку і доўга ляжаў так, стомлены невясёлай размовай, сваімі думкамі, цьмяным прадчуваннем горшага. Усё было трывожна і незразумела. Праўда, трывог хапала з
самага пачатку вайны, ён пачаў ужо прывыкаць да іх, шмат у чым спадзяючыся на сябе, на сваю сілу і кемлівасць. Але да нядаўняга часу ён быў бадай што салдат, не надзелены правам прымаць вялікія рашэнні — рашэнні прымалі другія, яму ж належала іх выконваць. Тут жа ён апынуўся ў становішчы, калі сам стаў начальнікам і падначаленым у адной асобе, сам мусіў прымаць рашэнні і сам выконваць іх, што аказалася трудна і нязвыкла. Асабліва ў такіх вось абставінах, калі нічарта як след невядома і кожны промах можа абярнуцца пагібеллю. Добра яшчэ, калі б пагібеллю цябе аднаго. A то вось кола залежных ад яго людзей рабілася ўсё шырэйшым, быў адзін Малаковіч, цяпер за некалькі дзён да яго далучыліся Бараноўская, доктарка, Кіслякоў. У выпадку, калі ён дзе памыліцца, ім не паздаровіцца таксама.
Лежачы і думаючы так, Агееў усё паглядваў на пакінутыя Малаковічам гасцінцы — загорнуты ў старую газету добры кус сала, некалькі яек, лусту чорнага, мабыць, хатняй выпечкі хлеба. На душы ў яго было вельмі пагана, начны неспакой стаў яшчэ большы. Але ён дацягнуўся рукой да скрынкі і, адламаўшы ад лусты кавалак хлеба, пачаў яго есці. Здаецца, апетыт да яго вяртаўся, і ён падумаў, што, можа, пойдзе цяпер на папраўку. Яшчэ пару дзён, і ён збярэ ў сабе сілы, каб вылезці з гэтага хлява, а там знойдуцца сілы і на большае. Штосьці ўсё ж трэба было рабіць. Ён выразна адчуваў, што бяздзейнічаць у такі час азначала амаль што злачынства. Калі вайна ўвачавідкі рабілася ўсенароднай бядой, ён не меў права сядзець склаўшы рукі. Хоць бы і паранены. У яго для таго не хапала вытрымкі, і ніякія меркаванні маральнага парадку не маглі апраўдаць таго, што ён выбыў з барацьбы. Ён выдатна разумеў нецярпенне Малаковіча, хаця і баяўся, каб той, пагарачыўшыся, не нарабіў глупства і не загубіў яго і сябе. Пагібель магла быць апраўдана толькі ў барацьбе, а да барацьбы ён быў яшчэ не гатовы. Яму трэба было справіцца з ранай.
Увесь гэты дзень мінуў для Агеева ў самотным, трывожным роздуме пра лёс вайны, народа, пра ягоны ўласны няўдалы лёс. Дужа прыгнятала думка, што ён не там, дзе ўсе, дзе фронт і армія, што ён гэтак недарэчна выбыў з бараць-
бы, якая люта грымела цяпер на прасторах Расіі. Народу было цяжка, цяжка было гарадам і вёскам, але, мабыць, трудней за ўсіх было арміі, якая была абавязана і не магла спыніць ворага. 3 першых жа сутычак з немцамі Агееў зразумеў, што галоўная іх сіла ў агні. Як ні адпрацоўвала наша армія сваю агнявую вывучку, у немцаў яна была лепшая — іх мінамёты засыпалі поле бою асколкамі, кулямёты і аўтаматы палівалі яго свінцом, іх авіяцыя гаспадарыла ў небе з ранку да вечара, бурачы ўсё, што можна было разбурыць. Цяжка было стрымаць гэта агнянае страшыдла, яшчэ трудней адступаць у якім-небудзь парадку. Ягоныя танкі прарывалі, расстрэльвалі, абыходзілі і абганялі — ад іх не было паратунку ні на дарогах, ні ў полі, ні ў горадзе. Як і дзе пашэнціць спыніць іх, калі яны ўжо за Смаленскам?..
Агееў нерухома ляжаў на спіне, калі расчыніліся дзверы і цётка Бараноўская прынесла яму абед — чыгунок маладой бульбачкі, вялікую кварту малака. Паставіла ўсё на скрынку, уздыхнула.
— Во паесці. Каб хутчэй паправіліся.
— Дзякуй, хазяюшка, — крануты яе клопатам, сказаў Агееў і, зірнуўшы на малако, запытаў: — А ў вас хіба ёсць карова?
— Няма каровы. Гэта суседка, дзякуй ёй, прынесла. А ў мяне нічога няма. Апроч курачкі. Для разводу. Ды вунь яшчэ кот Гультай.
— Там мне прынеслі сала і гэта... Дык вазьміце, падзелімся.
— He, што вы! — страпянулася гаспадыня. — Гэта вам. Вы хворыя, вам трэба папраўляцца.
— Скажыце, а яшчэ хто-небудзь ведае, што я ў вас? — запытаўся Агееў і насцярожыўся, чакаючы адказу. Бараноўская з-пад цёмнай, нізка завязанай хусцінкі здзіўлена зірнула на яго.
— Ну што вы! Як можна! Я нікому — нічога. У такі час, што вы...
— Ну, дзякуй, — з палёгкай сказаў Агееў. — Вы ўжо прабачце за мяне такога. Можа, хутка папраўлюся. Я вас пастараюся не падвесці, цётка.