Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
Махнуўшы з палёгкай рукамі, яна апусцілася на высокі
парог і заплакала, ледзь чутна хліпаючы і выціраючы вочы ражкамі цёмнай, у кропачкі хусцінкі. Агееў маўчаў, ён ужо здагадваўся аб прычыне яе плачу.
— Ой, што яны з людзьмі робяць! Яны ж усіх іх сабралі... Усіх, усіх... Нікога не пакінулі, усё іхняе пагрузілі... Гэта ж і мяне заставілі збожжа іх выграбаць... У каго якое засталося, усё выграблі.
— А куды іх пагналі? — панылым голасам запытаў Агееў.
— А хто ж іх ведае?! Кажуць, на станцыю. Кудысь адпраўляць будуць. А некаторыя кажуць: пастраляюць у Гарэлым балоце.
— I што — ніхто не ўцякаў?
— Як жа ўцячэш? Яны ж з вінтоўкамі на ўсіх вуліцах і гародах. Дваіх маладых застрэлілі за тое, што не падчыніліся, казалі. I Яўсееўну з імі...
— Яўсееўну? — амаль спалохана перапытаў Агееў.
— Яўсееўну таксама. У яе ж маці старэнькая. Так з маці і пагналі.
Агееў пра сябе ціха вылаяўся. 3 учарашняга дня ён чакаў акушэрку — трэба было зрабіць перавязку, з-пад бінта пачало падцякаць на штаніну, і, горш за ўсё, яму ўвесь час здавалася, што ў ране варушацца, ядуць яго цела белыя чарвякі, адна думка аб якіх вымушала яго скаланацца. Але ён нічога не мог зрабіць, каб памагчы сабе, у яго не было ні ваты, ні бінта, ні лякарства. Будзе клопату, калі зноў не заладзіцца з ранай, падумаў ён. Бараноўскай, аднак, ён не сказаў нічога, той за сённяшні дзень і без яго хапіла трывогі, і ціха сядзеў на тапчане, выцягшы на сеннічку сваю бедалагу-нагу. Трохі супакоіўшыся, гаспадыня выцерла вочы і ўздыхнула.
— Пайду. Бульбачкі ж трэба зварыць на вячэру.
— Ці да вячэры тут, — сказаў ён грубавата.
— Ну як жа! Трэба ж вам скарэй на ногі ўстаць.
— Яно б не шкодзіла.
Бараноўская выйшла з застаронка, а ён пачаў думаць, як выбрацца з гэтае пасткі, у якой яго цяпер пэўна ўжо не чакала нішто добрае. Перш была хоць якая-небедзь надзея на доктара, яго дапамогу і лякарства, а цяпер вось і гэтая спадзя-
ванка прапала. Нешта трэба было рабіць, штосьці прыдумаць. Але што? Ён увесь час напружана думаў, ламаў галаву ў гюшуках выйсця, але выйсця не было, параненая нага скавала яго магчымасці і працягвала трымаць у тупіку безвыходнасці. Яму нават пачало здавацца, што ён адгэтуль не выберацца, бо недзе прамінуў адзіны свой шанец, прамарудзіў ці зрабіў не так, як трэба было зрабіць у яго няпростым становішчы, і цяпер заставалася адно — чакаць расплаты.
Праўда, у яго быў Малаковіч.
He дачакаўшыся доктаркі, Агееў пачаў чакаць Малаковіча, усё ж той меў большыя, чым ён, магчымасці ў гэтым мястэчку, лепш ведаў абставіны і мог яму памагчы. Мінулы раз яны не дамовіліся аб сустрэчы, і цяпер Агееў пачаў спадзявацца, што той хутка прыйдзе, яны параяцца аб іх становічшы і нешта прыдумаюць. Калі ў хляве за сцяной пачуліся асцярожныя крокі, ён так і падумаў, што гэта ідзе Малаковіч, таму што з кім жа яшчэ магла там ціхенька гаманіць яго Бараноўская? У гэтую пару на дварэ яшчэ, можа, толькі змяркалася, а ў застаронку стала амаль ужо цёмна. Агееў ледзьве бачыў квадрат нізкіх дзвярэй, якія ціхенька адчыніліся, аднак шырэй, чым калі іх адчыняла гаспадыня, і ў застаронак нехта ўвайшоў, яўна не Малаковіч, хтосьці грувасткі і незнаёмы. Агееў насцярожана ўскінуўся, але з-за шырокіх плячэй чалавека пачуўся спакойны голас яго гаспадыні:
— Дык вы ўжо ўдвух тут. Я на двары пабуду.
— Да, паглядзіце там...
Сказаўшы гэта, чалавек тым жа густым, нізкім голасам стрымана павітаўся і, зрабіўшы некалькі няпэўных крокаў між тапчаном і сенам, усеўся на высокім парозе. Курыца, што ўвесь дзень спакойна сядзела ў кутку на покладзе, трывожна пракудахтала і сціхла. Агееў патроху спакайнеў, зразумеўшы, што чалавек гэты — не вораг, ворага Бараноўская не прывяла б сюды. Але хто гэта быў, аб тым ён не меў уяўлення. Яны нядоўга памаўчалі, Агееў чакаў, госць, падобна было, услухоўваўся ў гнятлівую цішыню, якая ўладкоўвалася пад ноч у мястэчку.
— Даўно вы тут... адпачываеце? — запытаў нарэшце чалавек.
Агееў умеў з першых слоў па тэмбры і гуках голасу вызначаць характар чалавека. У арміі звычайна імкнуліся паказаць у голасе цвёрдасць і энергічнасць, незалежна ад таго, ці былі яны на самой справе, ці таму, хто гаварыў, хацелася, каб былі. Так ці інакш, але ў голасе шмат значылася, трэба было толькі ўмець слухаць яго. Голас жа гэтага госця, несумненна, выдаваў у ім чалавека цывільнага, не надта маладога, які, можа, перажыў нават нешта труднае, і Агееў скупа азваўся:
— Тры дні... адпачываю.
— Да, адпачынак, канечне... He дай бог!
— Вот іменна.
Яны зноў памаўчалі. Агееў чакаў, а госць, мабыць, усё не наважваўся пачаць размову, дзеля якой ён, несумненна, і прыйшоў сюды.
— Я тожа на гэтым тапчане тыдзень праваляўся. Да вас. — Во як!
Агеева гэта здзівіла: тут ужо яўна праглядвала нейкая агульнасць іх лёсаў, якая, аднак, патрабавала некаторага ўдакладнення.
— Што, па раненні?
— Прадстаўце сабе. Хаця і не ваенны, але вось нарваўся на кулю.
— Ах, во што! — трохі расчаравана сказаў Агееў.
— На станцыі, ведаеце, пры эвакуацыі. I мусіў застацца. Але вось у чым праблема — у райкоме рабіў. Усе тут мяне ведаюць. I паліцыя тожа. Дзякуй вось Бараноўскай: прыюціла, выхадзіла.
— Мяне тожа выхаджвае.
— Яна такая. А вы — у баі?
— Пры прарыве з акружэння. У нагу.
— Да-а. Акружэнцаў цяпер ідзе ой колькі. Усе — на ўсход.
— На ўсход, куды ж яшчэ. За фронтам. Я тожа, калі б во не нага...
— 3 раненай нагой, канечне, далёка не пойдзеш.
— Зноў жа, быў і асколак. Дзякуй — выцягнулі.
— Яўсееўна? — жыва здагадаўся госць.
Агееў памаўчаў, не ведаючы, ці можна назваць імя яго доктаркі. Але госць, пэўна, зразумеў усё і так.
— Яўсееўна, яна тут шмат каго на ногі паставіла, — сказаў ён у цемры. — Але на тым кропка. Забралі сёння разам з яўрэямі.
— Іх што — панішчаць?
— Падобна на тое.
— Жах!..
— Жах — мала сказаць. Злачынства! Палова мястэчка як вымерла. А яны ж тут жылі стагоддзямі. Тут на могілках дзесяткі іх пакаленняў...
— I нічога нельга было зрабіць?
— А што ж зробіш? He гатовы мы былі да таго. Ды і сілы пакуль не тыя. Барацьба ж толькі разгортваецца.
— Партызаны? — жыва здагадаўся Агееў.
— I партызаны, і яшчэ нехта. Асвойваем розныя метады, — трохі няпэўна адказаў госць і запытаўся: — Вы — бальшавік?
Агееў неяк сумеўся, аднак ужо разумеючы, што трэба адказваць праўдзіва і адкрыта. Здаецца, настаў менавіта такі момант, калі ўхіляцца ад прамога адказу ці тым болей хлусіць было недарэчы.
— Кандыдат, — сказаў ён проста і змоўк.
— Што ж, гэта добра, гэта амаль што член. Тады будзем знаёмы. Я Волкаў, сакратар райкома.
Госць падаў руку, Агееў трошкі паціснуў яе — моўчкі замацаваў поўны невядомага, але, мабыць, значнага сэнсу іх тайны саюз. Агееў яшчэ не мог уявіць сабе, але ўжо цьмяна адчуў, што менавіта з гэтага знаёмства пачынаецца новая паласа ягонага жыцця, наўрад ці спакойная, але ўжо з зародкам менавіта таго, чаго яму дасюль не хапала. Ва ўсякім выпадку, было зразумела, што ён пазбываўся адзіноты і няпэўнасці, далучаўся да арганізаванай сілы, адсутнасць якой ён так хваравіта адчуваў усе апошнія дні іх блукання па нямецкіх тылах ды і ў гэтым мястэчку таксама.
— А вы што ж, жывяце тут? — запытаў ён, трохі здзіўлены тым, што сакратар райкома знаходзіцца ў мястэчку.
— He, жыву я не тут. Вось прыйшоў спецыяльна кагонікаго праведаць. Ды ў нас ёсць да вас прапанова. Ці просьба. Разумейце, як хочаце. Як вам спадручней.
Агееў насцярожыўся. Увогуле было няцяжка ўявіць ха-
рактар гэтай прапановы-просьбы, хоць і без падрабязнасцей. Праўда, ён хацеў спачатку давесці, што ягоныя магчымасці абмежаваны, таму што ён пакуль не хадок і можа быць карысны хіба праз тыдзень-другі, у залежнасці ад таго, як павядзе сябе рана. Але Волкаў, нібы зразумеўшы ягоныя думкі, сказаў:
— Яно зразумела, у вас рана, і мы вас пакуль з месца не рушым. Лячыцеся... Але перш за ўсё трэба легалізавацца.
— Як — легалізавацца? — не зразумеў Агееў.
— Гэта проста. Бараноўская дасць вам дакументы свайго сына. Ён загінуў, і яго тут мала хто ведае. Але гэта болей фармальна, для паліцыі. Вы вярнуліся дадому, не зусім здаровы, працуеце ў гаспадарцы.
— Да, але... Як — у гаспадарцы?
— Ну, у двары, у гародзе. Дровы там... Разумееце, нам трэба мець свайго чалавека ў мястэчку. Нашых, разумееце, усе тут ведаюць, нашых адразу раскрыюць. Вы ж па дакументах інжынер, беспартыйны спецыяліст. Зноў жа — сын папа.
— Якога яшчэ папа?
— Папа. Бараноўскага. Цётка ж Бараноўская — былая пападдзя. Яна на поўным даверы ў паліцыі.
— Во як!
— А чаму гэта вас здзіўляе? Пападдзя, ага. Але яна сумленная жанчына, яна нас не выдасць. А вы ж камандзір, зброю ведаеце...
— Як не ведаць — начальнік боепітання.
— Тым больш. Нам менавіта такі і патрэбны. Зноў жа тут, разумееце... Подступы да хаты Бараноўскай надта зручныя. 3 рова і ў двор.
— Подступы сапраўды...
Далей Агееў кепска слухаў гэтага вячэрняга госця. Хаця ён і быў гатовы выканаць усё, што яму даручалася, але не чакаў для сябе такога даручэння і цяпер таропка абдумваў яго, не цямячы яшчэ, як спалучыць гэта з яго армейскім становішчам. Усё ж ён быў кадравы камандзір, з арміі ніхто яго не звальняў, і ён не мог не адчуваць на сабе няпросты цяжар вайсковага абавязку, перапыненага хіба што няўдачамі на фронце і яго раненнем.
— Мы вельмі разлічваем на вас, — націснуў тым часам сакратар райкома.
— Ну што ж! Хіба што да прыходу нашых. Я ж павінен пайсці ў армію. На фронт.
— Ох, фронт, фронт! — гаротна прамовіў Волкаў. — 3 фронтам бяда, таварыш. Здаецца, нашы Смаленск здалі.
Сапраўды, чорт ведае, што рабілася на фронце, што вытваралася ў акупацыі! Канечне, у такі час было б злачынствам спакойна ляжаць на гэтым тапчане і чакаць, калі цябе вызваляць ад нямецкай улады. Барацьба з гэтымі вылюдкамі не спынялася, тут, можа, толькі яшчэ наладжвалася, значыць, ён быў абавязаны і не меў права ўхіляцца ад удзелу ў ёй. Але гэта калі абстрактна, амаль тэарэтычна. Тэарэтычна ўсё было проста і ясна і, несумненна, лягчэй, чым на справе. На справе ж яму трэба было перастаць быць старшым лейтэнантам Агеевым, а зрабіцца сынам пападдзі Бараноўскай, жыць па чужых дакументах ды яшчэ легалізавацца перад паліцыяй. Чорт ведае, што такое!..