Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Пакуль што фронт коціцца на ўсход, — змораным голасам заклапочанага чалавека гаварыў Волкаў. — Да Масквы коціцца. Але, я так думаю, нядоўга яшчэ будзе каціцца. Недзе павінен адбыцца пералом. Недзе ім дадуць у зубы.
— Трэба б!
— А тут ідзе фармальны разбой. Павылазілі розныя гады. Ды і нашы некаторыя. Начальнік паліцыі — армейскі камандзір. Сам прыйшоў, добраахвотна.
— Такіх свалачэй страляць трэба, — сказаў Агееў.
— А вам прыйдзецца мець з ім справу.
— Гэта горш.
— Горш, але трэба. Неяк трэба паладзіць, на гэта мы і разлічваем. Будзеце трымаць сувязь толькі са мной. Волкаў, канечне, мой псеўданім. Прыйдзе хто, мужчына ці жанчына, скажа: ад Волкава. Значыць, ад мяне. Ваш сябар Малаковіч будзе працаваць на станцыі.
— Гэтак? — узрадаваўся Агееў. — Вы з ім гаварылі?
— Ну, ведама. Рабацёнка ў яго не надта прыемная — у качагарцы. Але нам так і трэба. Ён як чалавек? Надзейны?
— Харошы хлопец.
— Мы таксама думаем. Будзеце працаваць парай. Бараноўская паможа. Яна ў курсе.
— Ну, дзякуй, — трохі заклапочана сказаў Агееў. Ён ужо думаў пра тое, што яму рыхтуе гэты паварот у ягоным жыцці.
Усё ў ім разварушылася ад гэтай размовы, нечаканыя клопаты і апасенні абрушыліся на яго патокам, выклікаючы лавіну неспакойных думак, усё крута мяняючы ў ягоным становішчы. Ранейшаю заставалася хіба што яго рана, якая ўладарна напамінала пра сябе пры кожным неасцярожным РУху
Яны падрабязна абмеркавалі сваё супрацоўніцтва, дамовіліся пра галоўнае і, калі Бараноўская прынесла вячэру, сядзелі моўчкі, поўныя сваіх невясёлых думак. Агееў без ранейшага смаку паеў бульбы з гуркамі — цяпер усе яго клопаты былі скіраваныя ў будучае, у сферу новых для яго і нязвыклых адносін з Волкавым і, што асабліва непакоіла яго, — з ворагам, у дачыненні з якім ён павінен адмовіцца ад сябе ранейшага і прыняць новае імя і новае аблічча. Як гэта ў яго атрымаецца? I чым можа скончыцца? Зрэшты, чым можа скончыцца пры няўдачы, ён разумеў выдатна, але ходу назад ужо не было, трэба было рыхтавацца да ўсякай нечаканасці. Усе гэтыя тыдні пасля разгрому палка ён не мог пазбыцца ліпкага адчування вінаватасці, што так недарэчна выпаў з вайны, выбыў з часці, якая, магчыма, перастала існаваць наогул. Але ж існавала армія, а з ёй заставаўся ў сіле ягоны абавязак, вызначаны калісь дадзенай ім прысягай. Праўда, ён быў паранены, і гэтая акалічнасць апраўдвала ў яго лёсе многае, хоць далёка не ўсё. Нават будучы параненым ён не меў права на спакойнае жыццё пад немцам, бяздзейнасць і чаканне перамены да лепшага на бязлітасным фронце барацьбы. Ён адчуваў, што, калі яму суджана будзе прабіцца да фронту, там прыйдзецца нешта тлумачыць і ў чымсьці апраўдвацца — усё ж у яго заставалася зброя, якую ён павінен скарыстаць супраць фашызму. Зразумела, тое, што яму прапаноўваў цяпер Волкаў, толькі прыблізна было падобна да ўзброенай вайны з захопнікамі, але што рабіць: мабыць, іншая вайна апынулася за межамі яго рэальных магчымасцей.
Пасля таго як вячэрні госць развітаўся і пайшоў, Агееў ляжаў з расплюшчанымі вачмі і думаў. Як заўжды, яго насцярожаны слых быў надта чуйны, пранікаючы ў зманлівую цішыню ночы, у якой таілася рознае. Малаковіч так і не прыйшоў сёння, і Агееў думаў: ці не здарылася ўжо з ім што кепскае? У такім ягоным становішчы страціць Малаковіча было б болей чым кепска. Хаця ў гэты момант ён ужо і не адчуваў сябе надта адзінокім, як раней, усё ж Малаковіч заставаўся яго галоўнай апорай — юны лейтэнант звязваў яго з іх нядаўнім вайсковым мінулым, няшчасным палком, цяжкімі баямі і стратамі, мінулым, якое хаця і не стала прадметам іх гонару, але і не давала прычыны саромецца. Свой баявы абавязак яны выканалі як толькі маглі, і не іх віна, што ўсё абярнулася такім драматычным чынам.
Пад ноч зноў разбалелася рана, у глыбіні якой стала калюча тузаць; боль аддаваўся ў клубе, і ён, каб зручней уладкаваць на сенніку нагу, круціўся на тапчане і так, і гэтак. Напэўна, Бараноўская пачула з падворка яго валтузню і прыйшла ў застаронак.
— Як вы тут? Можа, прынесці чаго?
— He, дзякуй. Нічога не трэба.
— I я во спаць не магу. Пасля ўсяго, на што наглядзелася, чаго начулася...
— Жахліва! Што і сказаць.
Мабыць, яна не спяшалася нікуды, у цемры ён амаль не бачыў яе, толькі адчуваў яе далікатную прысутнасць і сказаў без асаблівай настойлівасці:
— А вы пабудзьце са мной.
— Пабуду, ага. Знаеце, адной цяпер немагчыма. Проста не хапае вытрымкі.
— Сапраўды, у такі час трэба процьма вытрымкі. Скажыце, гэты Волкаў... Ён гаварыў з вамі?
— Антон Сцяпанавіч? А як жа, гаварыў. Вы не бойцеся, я ж вам расказвала, што сын мой быў дужа падобны на вас. I ўзростам такі ж.
— Як яго звалі? Алег?
— Алег. Алег Кірылавіч Бараноўскі. Так што вы цяпер Бараноўскім будзеце. Замест сына.
— Ну, дзякуй. А што, муж ваш быў папом? — раптам без усякага пераходу запытаў Агееў і адчуў у цемры, як гаспадыня трохі напружылася, уздыхнула і адказала не адразу:
— Муж быў свяшчэннікам святадухаўскай царквы. Той, местачковай, што ля базарнай плошчы. Хаця вы ж не ведаеце...
— He ведаю, не бачыў.
— А я ў народным вучылішчы служыла. Даўно гэта было, — гаротна сказала яна і змоўкла.
— Ну, як даўно? Да рэвалюцыі?
— I пасля рэвалюцыі. Айцец Кірыл быў настаяцелем да самага закрыцця царквы ў трыццаць другім годзе. Я перастала служыць гадоў за дзесяць да таго. Ужо нельга было. Самі разумееце — пападдзя, якая ж настаўніца.
— Вы і родам адсюль?
— He, я родам з Дзвінска, нейкі час жыла ў Вільні, там скончыла Марыінскае вучылішча. Бацька быў банкаўскі служачы, служыў у Вільні, у Полацку, у Дзвінску. А сюды я прыехала з айцом Кірылам, тут жа ў яго радня. А, гэта даўняя гісторыя, як і даўгое жыццё. Расказваць усё падрабязна — не хопіць каляднай ночы, не тое што жнівеньскай.
— Труднае было жыццё?
— У наш час лёгкага наогул не было. I не магло быць. Але нам дасталося асабліва катаржнае. I цяпер вось... Быў адзін сын, усё маё спадзяванне, здавалася, жыву для яго толькі, ды во і яго не засталося. Адна! Вось думаю: навошта жыла? Які сэнс жыць далей? Ды яшчэ ў такую вайну. Усё страшна, трудна, скалечана. Думаю часам: можа, дзе няўдала зрабіла выбар, памылілася ў чым? He, быццам нідзе. Заўжды імкнулася жыць у згодзе з сумленнем, з дабром, нават з перадавымі ідэямі веку. Але, як назло, менавіта мяне век і не прыняў. Можа быць, запозна ці рана ў яго з’явілася, у гэты шалёны наш век. Сяброўка ў мяне была, Любачка Чарнова, слаўная дзяўчынка, разам музыкай займаліся, талент у яе не бог ведае які, але кансерваторыю скончыла, у Маскве някепска прыжылася, выйшла замуж за саўработніка. А мне музыкі было мала — я рвалася ў народ, каб несці яму разумнае, добрае, вечнае, аблег-
чыць ягоны лёс, прасвяціць, адкрыць светлы шлях ведаў. Бацька мой не адабраў усё гэта, ён шмат што з таго, што тады лунала ў паветры веку, не адабраў, меў старыя погляды, быў падазроны да новага чыноўнік. Але мая мама, мілая наіўная мамачка, яна горача падтрымала мой выбар прафесіі народнай настаўніцы, яна сама ўсё жыццё прагнула вучыць, прасвяшчаць: да прыслугі ставілася заўжды як да мілых родзічаў, заўжды песціла і задарвала яе на кожнае свята. Толку ад таго было няшмат, яны толькі грубелі, гэтыя Фрузы, Архіпкі, Ганкі, ляніліся, апускаліся, а пры выпадку маглі і ўкрасці, што дрэнна ляжала. Але ў мацеры гэта не лічылася хібам, яна ўсё тлумачыла іх цемнатой, неадукаванасцю, і яна іх прасвяшчала, чытала ўвечары на кухні Талстога, Някрасава, вучыла грамаце. Скончыўшы вучылішча, і я пайшла вучыць грамаце вясковых хлопчыкаў у глухім павеце Віцебскай губерні. He скажу, што тыя гады былі самыя горшыя ў маім жыцці, можа, наадварот: хлопчыкі мяне любілі, ды і я прывязалася да іх — нічога не шкадавала, ні сілы, ні працы, далучала да культуры і элементарных ведаў, сама перабівалася з хлеба на квас, наймала куткі ў местачковых яўрэяў. Але ў тым я бачыла свой абавязак перад народам і выконвала яго з захапленнем. Самі разумееце, у маладыя гады гэтага захаплення бывае праз меру.
— I вы тут, у мястэчку, работалі? — запытаўся Агееў.
— He, не тут, у розных месцах. Але больш за ўсё ў Дрысенскім павеце. Адзін год пад Дзвінскам, за дзесяць кіламетраў ад горада. Там і сустрэлася з айцом Кірылам.
— А ён што — ужо і тады быў свяшчэннікам?
— Толькі што канчаў духоўную семінарыю, збіраўся атрымаць прыход, можа, не самы горшы ў епархіі. Але, ведама, народ, як і ўсюды, быў бедны, жыў у цемры і невуцтве, і айцец Кірыл з не меншым імпэтам, чым я, узяўся за яго духоўнае выхаванне. Гэта цяпер так кажуць, што рэлігія — опіум для народа, а тады так не думалі, большасць лічыла наадварот, што вера ўзвышае, далучае да ісціны і святла. Праўда, і тады былі атэісты, такія, што лічылі яе далёка не самым важным у жыцці грамадства, на першае месца ставілі асвету, патрэбу ў ведах. Я таксама належала да гэтых апошніх.
— Як жа вы тады замуж выйшлі? За папа? — усміхнуўшыся ў цемры, запытаўся Агееў.
Неяк наперакор настрою ён слухаў Бараноўскую з усё большай для сябе цікавасцю, спакваля адкрываючы ў гаспадыні зусім іншага чалавека, чым той, які яму здаўся ўпачатку. Гэта было нечакана і нават здзіўляла. А ён яе прыняў за звычайную вясковую кабету, гэтую выпускніцу віленскага Марыінскага вучылішча, жонку прыходскага свяшчэнніка.
— У тым і справа, і я збіралася расказаць вам, як гэта сталася ў маім жыцці — усё насуперак перакананням, схільнасцям. Розныя мы мелі перакананні, а вось палюбіліся, не ведаю нават — чаму. Хаця закахацца ў айца Кірыла было няцяжка, ён быў такі відны, высокі, з русявай бародкай, вочы сінія-сінія, пагляд быццам наіўны, змройлівы, a голас... 3 голасу ўсё і пачалося. Першы раз пачула яго ў царкве, зайшла другі раз, а пасля сустрэліся з ім у іспраўніка на каляды, а на масленую ён ужо прасіў маёй рукі. Бацькі былі побач, у Полацку, але я ўсё рашыла сама, і павянчаліся ў той жа ягонай царкве. Бацька мой, даведаўшыся, нічога не сказаў, а мамаша закаціла істэрыку — такога яна не чакала. Але гнеў яе хутка мінуў: варта было ёй пабачыць майго сінявокага свяшчэнніка, як гнеў змяніўся на міласць — Кірыл чараваў кожнага перш за ўсё сваім пакорлівым выглядам, пасля асанкай, ну, і розумам, канечне. Апроч святых канонаў ён някепска ведаў літаратуру, разбіраўся ў мастацтве — сучасным, заходнім і візантыйскім, ды і да праваслаўнай царквы адносіўся ўмерана крытычна, бачыў у ёй не толькі плюсы, але і рад мінусаў. Аднак ён не хацеў асабліва ганьбіць руку, «хлеб даюіцую», і абавязкі свае выконваў старанна.