Поўны збор твораў. Том 6 Аповесці, раман Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 6

Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 560с.
Мінск 2006
148.44 МБ
— Гэты самы Волкаў?
— Гэты самы. Несумненна, ён паходзіў з добрых людзей, як бы ні называўся і чым бы ні займаўся на свеце. Алег скончыў школу, але, самі ведаеце, куды было яму падацца з такімі яго бацькамі? I вось я аднойчы пайшла ў райком, расказала Антону Сцяпанавічу пра ўсё, па шчырасці, як во цяпер вам. Ён выслухаў, не варухнуўшыся за сваім сталом, не перапытаўшы ні разу, і сказаў: «Я вам памагу». I, ведаеце, ён даў такую паперу, што Бараноўскі Алег, будучы паходжаннем з сям’і свяшчэнніка, парваў з бацькамі, адмовіўся
ад рэпрэсіраванага бацькі і сумленна жадае будаваць бяскласавае сацыялістычнае грамадства. Прызнацца, прачытаўшы такую паперу з пячаткай, я заплакала, а ён кажа: «Не плачце, так трэба. Для вас гэта самае прыдатнае выйсце». I праўда, аказалася прыдатным тое выйсце — Кірыл прапаў, a Алег паступіў у інстытут, скончыў яго і стаў спецыялістам. З’явілася ўжо надзея, што для яго пачынаецца новае жыццё, не тое, што пражылі мы, — але во ўсё рухнула.
Здаецца, яна ўрэшце паспавядалася і змоўкла, можа, трохі заплакала, і Агееў неспакойна заварушыўся на тапчане.
— Да-а... Аднак... — не мог ён зразумець чагосьці. Драматычны сэнс гэтага лёсу не адразу, паступова, нібы штуршкамі, з перашкодамі даходзіў да ягонай свядомасці. — Рэлігія, яна, канечне, таго... Несумясціма...
— Справа не ў рэлігіі, — перапыніла яго Бараноўская. — Справа ў сумленні, якое далёка не з усім у нашым жыцці сумясціць можна было.
— Ведаеце, калі ішла класавая барацьба...
— Вось вы кажаце: барацьба! Але барацьба, калі двое адзін з адным боруцца. А мы хіба бароліся? Мы ж прынялі яе, новую ўладу. А вось яна нас не прыняла. Змагаліся з намі. I гэта хіба не крыўдна?
Чорт ведае, як было адказаць гэтай былой пападдзі: усё, што адбывалася тады ў краіне, было яму добра знаёма і тэарэтычна някепска абгрунтавана ў друку — канечне, калі глядзець збоку. Але варта было вось хоць краем вока зазірнуць у душы гэтых дваіх служыцеляў культу як рабілася незразумела і крыўдна, гэта ён адчуў пэўна.
Бараноўская тым часам сказала:
— Ведаеце, мы былі абдзелены ў нашым жыцці дабрынёй, можа быць, таму так даражылі яе малаю рэштай, якая нам дасталася. I якой мы стараліся надзяліць іншых. Што ж яшчэ магло быць даражэй? Золата? Багацце? Іх у нас не было ніколі, а дабрыня была, да яе мяне далучыў муж, вечная яму памяць за гэта. Для сябе ўжо не трэба, мне што... Для іншых. Тым больш для харошых людзей. Каторым яна патрэбна.
Каторым яна патрэбна...
Калі яна выйшла, было, мабыць, ужо за поўнач, і ён усё
думаў, што сталася б з ім, калі б не людская дабрыня, не хрысціянская, чалавечая ці якая яшчэ там міласэрнасць гэтай цёткі-пападдзі? Колькі ўжо тыдняў ён жыў пад ворагам, карыстаючыся менавіта гэтай дабрынёй людзей — з харчаваннем, сховішчам, а цяпер яшчэ і з даглядам яго, параненага, не плоцячы за гэта нічым, усё беручы па праву... Па праву абаронцы, ці што? Але які ж з яго абаронца, калі немцы адхапілі ўсю Беларусь і дайшлі да Смаленска? Кепскі з яго атрымаўся абаронца. А во і не сорамна, нават у чымсьці адчуваецца перавага перад гэтай былой пападдзёй, якая корміць яго, даглядае, пільнуе.
Чым ён ёй адплоціць?
Ён верыў Бараноўскай і не сумняваўся ў шчырасці яе споведзі, і ўсё ж недзе ў глыбіні душы часам торгала паганае адчуванне: як бы яна не падвяла яго, гэтая пападдзя. Усё ж яна належала да чужога класа, а рознасць класавах інтарэсаў — ёсць вечная перадумова для барацьбы, гэта ён засвоіў яшчэ ў школе ды і з кароткага курсу таксама. Столькі нацярпеўшыся ў жыцці, страціўшы мужа і сына, як можна адказваць за сваё гора нейкай там дабрынёй? Але, мабыць, можна, нездарма ж ёй даверыўся сакратар райкома, цяпер даверылі яго, Агеева. Значыць, ёсць у яе нешта вышэй за яе класавыя крыўды, а можа быць, і вышэй за прыроджанае імкненне да справядлівасці. «Штосьці дабрэйшае за дабрыню», — паўтарыў ён у думках, не знаходзячы адказу і адчуваючы, што засынае...
Раздзел трэці
Прачнуўшыся, як заўжды, на світанні, Агееў бавіў час у спальніку, думаў. Дажджу, мабыць, ужо не было, ветру таксама. Верх палаткі спакваля сох, набрынялыя вільгаццю плямы вузелі і знікалі. Ён разгублена глядзеў на крывыя абрысы гэтых плямаў, якія ранкам усё болей выяўляліся на парусіне, і ўспамінаў недарэчны сённяшні сон, імкнуўся разгадаць яго сэнс. Ён даўно ўжо навучыўся адгадваць блытанае прароцтва сваіх сноў, якія звычайна адносіліся да новага дня. Наогул гэта магло здацца смешным для канды-
дата навук, і ён нікому не гаварыў пра тое, баючыся насмешак і кпінаў, але ў яго даўно ўжо склалася свая сістэма разгадак, глыбока асабістая, хутчэй эмпірычная, чым колькінебудзь навуковая. Але, кіруючыся ёю, ён мог нават сказаць, што з яго сноў збудзецца ў першай палове дня, а што ў другой. Усё ў яго снах мела дакладныя суадносіны з часам будучых сутак. Канечне, было ў іх і нямала невыразных, загадкавых сімвалаў, не да канца зразумелых значэнняў, але адно заставалася нязменным — кепскія сны заўжды азначалі кепскую яву і, наадварот, радасныя сны прадказвалі радасныя падзеі ў нейкі час наступнага дня.
На гэты раз усё было проста і коратка, але даволі брыдотна: ён убачыў сябе неапранутым, нават без бялізны, у мітуслівым натоўпе людзей, які бывае ля стадыёнаў перад пачаткам матча, на прывакзальнай плошчы пасля прыбыцця цягніка, на базары. Усе ішлі насустрач, а ён нічым не мог прыкрыцца і вельмі саромеўся, хоць і не разумеў, чаму так сталася. Сон доўжыўся, можа, некалькі хвілін ночы, але сапсаваў настрой надоўга, і ён думаў: якую яшчэ гідоту рыхтуе яму гэты дзень? Ён зусім не сумняваўся, што гэтая гідота здзейсніцца, цяжка было толькі вызначыць яе сэнс і значэнне. Зрэшты, пра тое ён думаў не доўга, з учарашняга дня яго чакала звыклая праца, ён і так страціў процьму часу, які хуткаплынна мінаў, нічога не праясняючы з таго, што ён прагнуў для сябе зразумець. Скаланаючыся ад вільготнай стыласці ранку, ён надзеў сваю сінюю куртку і, узяўшы рыдлёўку, пайшоў да абрыву.
Нярадасны выгляд кар’ера, які пасля ліўню адкрыўся яму ўчора, амаль не змяніўся за ноч: вялізныя лужыны на дне кар’ера па-ранейшаму былі поўныя жоўтай вады; гара глею і пяску, што рухнула з краю абрыву, развалілася сярод адной з іх шырокай гаццю, па-ранейшаму палохаючы яго сваім аб’ёмам. Гэта колькі спатрэбіцца дзён, каб перакідаць яе ўбок. Ці, можа, зноў папрасіць бульдозер, падумаў Агееў. Але цяпер бульдозер сюды, мабыць, не сунецца, бульдазерыст не стане рызыкаваць машынай. Ды і што карысці з бульдозера, які можа перагарнуць сотні кубоў, але нічога не зрабіць там, дзе ўсё трэба перабраць рукамі.
Агееў з пагорка сышоў на дарогу і пратаптанай ім у быльнягу сцежкай, месцамі слізгаючы нагамі па мокрай зямлі, спусціўся ў самую глыб кар’ера. Зляжалы пясчанагравійны грунт тут не надта паддаўся дажджу і там, дзе не было лужын, добра трымаў чалавека. Вада ў лужынах стаяла густая і жоўтая, бы апельсінавы сок, і ў глыбокіх мясцінах, мабыць, дасягала яму да пояса. Крыўднае было ў тым, што лівень амаль цалкам затапіў самае патрэбнае яму месца пад навіслым абрывам, на якое ў дадатак да ўсяго яшчэ і рухнула глыба грунту. Агееў нерашуча ступіў на край гэтай глыбы і на яе беражку ля вады згледзеў нешта такое, што змусіла яго ўпусціць з рук рыдлёўку.
Гэта быў абмыты дажджом, зморшчаны і пагнуты жаночы туфель няпэўнага колеру на высокім абцасе, з адкрытым наском і вузенькім раменьчыкам на гузічку — зусім такі, якія перад вайной звалі лодачкамі. Ён амаль сатлеў, доўга праляжаўшы ў зямлі, раскіс ад вільгаці, ледзьве захаваўшы сваю перашапчатковую форму, але ўсім сваім выглядам прымусіў Агеева адчуць нечаканае хваляванне, амаль разгубленасць. Праўда, па меры таго, як ён узрушана круціў знаходку ў руках, мацаюча слізкую скуру, напаўадарваны абцас з рэштаю ржавых цвікоў, хваляванне яго стала марнець пад напорам цвярозых думак: ці мала тут магло знайсціся кінутага абутку, яму ўжо трапляліся і кірзавыя халявы ад ботаў, і дзіравыя дзіцячыя галошыкі, цяпер гэты туфель... Але ж туфель! Ён не запомніў тады, які ў яе быў памер, але іх знаёмства ў тым далёкім годзе пачалося менавіта з туфляў, здаецца, светла-бежавага колеру, якія яна прынесла яму, самазванаму местачковаму шаўцу. Ён яшчэ не ўмеў як трэба падбіць абцасы да мужчынскіх ботаў, а яна папрасіла залапіць насок, і ён нямала папрацаваў тады — у вузкі насок пралазілі толькі два яго пальцы, паспрабуй далезці туды з іголкай! Можа, каму іншаму ён бы адмовіў у гэтым нязручным рамонце, але ёй адмовіць не мог: гэтая дзяўчына прыглянулася яму з першага погляду.
Мабыць, туфель — чыстая тут выпадковасць, трапіў у кар’ер, можа, некалькі гадоў таму, наўрад ці ён мог захавацца тут з сорак першага года, з мешаным пацуццём расчара-
вання і палёгкі падумаў Агееў і, адклаўшы знаходку, узяўся капаць. Ён капаў і адкідаў прэч вілыотны шчэбень, пільна акідваючы позіркам кожны камяк зямлі. Але нічога болей там не было — усё той жа шчэбень, пясок без прыкмет чагонебудзь іншага, нават звычайнага смецця цяпер там не было. Накапаўшы немалую кучу, прытаміўшыся і спатнеўшы, ён убіў у зямлю рыдлёўку і, адышоўшыся на сухое, прысеў адпачыць.
Неяк вяла і нерашуча пачынаўся дзень, з ночы не было дажджу, але ранак наступіў хмарны, у небе над кар’ерам вісела мяккая малочная смуга, праз якую нідзе не прабівалася сонца. Цяжка было згадаць, якім выдасца дзень — ці прасвятлее да абеду, ці зноў пойдзе дождж і зусім затопіць кар’ер. Тады будзе зусім кепска. Можа, упершыню за праведзены тут час у яго прамільгнула здрадлівая думка: колькі ж можна? Ну, зразумела, яму стала неабходна гэта, спярша цікаўнасць, а пасля і неадольная патрэба паднялі яго з дому і пагналі за сотні кіламетраў у гэты закінуты кар’ер, але ж колькі можна выкладвацца? Ён патраціў тут большую частку лета, змарнаваў столькі сваіх немаладых сіл, напаткаў столькі расчараванняў і столькі перахваляваўся дарма, а чаго ён дамогся? Ранейшая загадка, якая гадамі трывожыла яго свядомасць, ні на сантыметр не наблізілася да сваёй разгадкі, нарадзіла новыя сумненні і новыя праблемы. Ён перавярнуў тут гару зямлі, усё чакаючы ўбачыць хоць штосьці, што магло зберагчыся ў зямлі за чатыры дзесяцігоддзі і што з пэўнаю доляй дакладнасці можна было б аднесці да яе: гузік, грабеньчык, спражку ад паяска, косць, нарэшце. Але нічога такога яму не траплялася, апроч во гэтага туфля, які мог належаць ёй з такой жа падставай, як і тысячам іншых жанчын. У глыбіні душы гэта нават радавала, бо прадоўжыла няпэўнасць і тым самым давала надзею. 3 самага пачатку надзея была для яго жаданым працягам, яна давала магчымасць жыць, працаваць, пакідаючы хоць маленькую шчылінку для выйсця ў будучыню. Але павінна ж яна ўрэшце набыць хоць маленькае, але пераканаўчае абгрунтаванне, гэтая надзея. Менавіта для надзеі трэба было выключыць з сумнення гэты кар’ер, на якім замкнулася для яго самае