Поўны збор твораў. Том 6
Аповесці, раман
Васіль Быкаў
Памер: 560с.
Мінск 2006
У пятнаццатым годзе ў нас нарадзіўся Алежка. Я жыла тады ў бацькоў у Полацку, Кірыл быў на фронце, ён служыў палкавым свяшчэннікам у Галіцыі, часта пісаў пра пакуты рускага салдата-акопніка ў той вайне. Праз год улетку прыехаў на пабыўку, падарыў на кароценькае шчасце і паехаў. I тут я, ведаеце, неяк бы падрасла ці пасталела, можа, пад ягоным уплывам ці таму, што стала маці, але менавіта з таго лета ў мяне мала што засталося ад дэмакратызму маёй маладосці і ўпершыню прыадкрылася вялікая таямніца бога. A
можа, таму, што час перамяніўся — насталі доўгія гады разрухі ў тыле, няўдач на фронце, людскіх трагедый. Якраз улетку таго года загінуў у баі пад Рыгай мой стрыечны брат Юра, каторага я так любіла. Слаўны быў, чысты хлопчык, пайшоў з патрыятычных перакананняў вольнаапрадзяляюшчымся ў артылерыю, але паступова расчараваўся ў вайне, незадоўга да пагібелі пісаў поўныя ўпадку пісьмы і загінуў, ратуючы батарэю ад непрыяцеля. Помню, мяне тады ўразіла гэта — зненавідзеў вайну, франтавыя парадкі, начальства, а калі настаў час — праявіў геройства і загінуў, да канца выканаўшы свой абавязак. I я думала: што гэта — вышэйшая доблесць ці хлапечае глупства? Я ўсё прымервалася да характару брата і не магла зразумець, ці здольна я на такое...
— Ну, а вам нашто было прымервацца? Вы ж жанчына. Ды яшчэ маладая мамаша, — сказаў Агееў.
— Напэўна, у тым і ўся справа, што стала маці. Гэта, ці ведаеце, заўжды мяняе псіхалогію жанчыны, асабліва ў трудны час, прывязвае да дзіцяці, ведаеце, да мужа таксама. Я гэта зразумела, калі дачакалася нарэшце Кірыла — прыйшоў неяк пад восень у семнаццатым, змораны, абвашыўлены, душэўна надламаны. Кастрычніцкі пераварот ён сустрэў спакойна, без асаблівай радасці, але і без гора — сам ён паходзіў з сялян, ведаў жыццё бяднейшых класаў, блізка прымаў іх інтарэсы і клопаты. Многае ў старым рушылася, бурылася, перайначвалася, але, здавалася, усё гэта рабілася дзеля выгады працоўных мас, для карысці народа. А калі для народа, дык якія маглі быць сумненні — народ мы паважалі з дзён нашай маладосці, для народа мы гатовы былі на ўсё. I калі ў нас разбурылі маёнтак Бротберга, спалілі бібліятэку, паламалі дарагую мэблю, скульптуру, Кірыл абурыўся — усё гэта дужа б спатрэбілася для новай народнай улады. Але маёнтак няхай, маёнтак, урэшце, дзела нажыўное, а вось тое, што расстралялі дырэктара народнага вучылішча, які ўсім сэрцам і справамі служыў менавіта народу, гэта ўжо было чорт ведае што! А расстралялі толькі таму, што той спрабаваў не даць рабаваць маёнтак, маючы на ўвазе перанесці туды вучылішча, дык яго расстралялі як абаронцу
буржуазіі, а маёнтак спалілі. I хто? Тыя самыя цёмныя, паднявольныя мужыкі, дзеці якіх вучыліся ў народным вучылішчы ў гэтага самага дырэктара Івана Іванавіча Посных. Можа быць, гэты выпадак упершыню, а пасля і многія да яго падобныя вымусілі мяне зразумець, што людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесіях і пасадах, а на добрых і злосных і што на аднаго добрага ў жыцці трапляе дзесяць злосных. I што дабрата немагчымая без бога, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д’ябал, якому ўжо ніхто не дасць рады.
Пасля грамадзянскай вайны Кірыл атрымаў прыход у родным мястэчку. Да нас тут доўгія гады раскашаваў айцец Піліп Заяц, гэта, я вам скажу, быў далёка не лепшы са служак боскіх, ды і з сыноў чалавечых таксама. Тыповы попабірала, абібок і п’яніца, якіх тады нямала развялося ў правінцыі. Гэты ўмеў прыладзіць рэлігію да свае асобы, ды так спрытна, нібы яна была для яго і створана богам. Пападдзя таксама папалася ў пару да бацюшкі, такая ж прагная і карыслівая, зрэшты, яна і кіравала папом і прыходам — цёмная, злосная баба. Да рэвалюцыі прыхаджане штогод падавалі скаргі, ездзілі ў сінод нават, але Заяц, дзе трэба, умеў прыкінуцца ягнём, а тым, хто паскардзіўся, пасля люта помсціў. Апошні раз скаргу на яго склала маладая фельчарка, дык ён давёў яе да самагубства — атруцілася морфіем. I мёртвай яшчэ помсціў — не даў пахаваць на могілках, закапалі за плотам каля дарогі. Але ўсё ж не скаргай, дык смерцю сваёй яна дамаглася, што Зайца знялі з прыхода, замест прызначылі айца Кірыла. Пераехалі мы ў гэтую во хату. Некалі тут мінула дзяцінства мужа, пасля прайшло дзяцінства нашага Алежкі. Я ў школе ўжо не рабіла, была простай хатняй гаспадыняй, пападдзёй, жылі мы пераважна з гарода ды з таго нямногага, што ахвяравалі прыхаджане. Трудна жылося. Але тады ўсім трудна жылося. Я палюбіла гэты дворык, і дом, і суседзяў на вуліцы — усе яны былі працавітыя, бясхітрасныя людзі. Я старалася з усімі жыць у міры і згодзе, чым магла памагала мнагадзетным, вулічным рабятам, у нас паявіліся сябры з простанароддзя. Інтэлігенцыя — настаўнікі, саўработнікі неяк з намі не надта вадзіліся, але
бог і імі, я іх разумела. Пасля стала горш, айцец Кірыл захварэў, стаў кепска спаць, часта нерваваўся, хаця спраўна адбываў службу, ездзіў на трэбы, сумленна рабіў усё, што належала рабіць прыходскаму свяшчэнніку. Але разгортвалася барацьба з рэлігіяй, і, як гэта нярэдка бывае, гэтая барацьба стала персаніфікавацца, набываць канкрэтны характар. Панятна, што айцец Кірыл стаў першым аб’ектам гэтай барацьбы. Часта сталі парушаць парадкі абедні — то выкрыкі, то п’яная свара. Пасля сталі яго выклікаць — пераважна ноччу — у ГПУ, у сельсавет, a то на дыспуты з народам. Ён не працівіўся, паслухмяна хадзіў, удзельнічаў у дыспутах, дзе, канечне ж, верх браў не ён. Верх заўжды быў за Коськам Брытым — не ведаю дагэтуль, дзе тут ад мянушкі, а дзе ад прозвішча. Але аднойчы, калі айцец Кірыл расказваў аб паходжанні святога Евангелля, гэты Коська Брыты сразіў яго воклічам: «А ты сам бога бачыў?» Айцец Кірыл узяўся тлумачыць, што бога немагчыма ўбачыць, што гэта хутчэй нраўственнае паняцце, чым персона, але гэты Брыты дабіў яго рэплікай аб тым, што «нраўственнасць ці наравітасць — гэта ад кабылы, якая не хоча ісці ў аглоблі, а мы, маўляў, людзі свабодныя, цяпер нам воля, і пляваць мы хацелі на бога».
Усё гэта было даволі прымітыўна, груба і абурала, але Кірыл умеў сцішваць свой гнеў і яшчэ спрабаваў растлумачыць нешта, можа быць, больш папулярна, пакуль двое сябрукоў гэтага Брытага не ўзлезлі на сцэну і не насунулі на вочы свяшчэнніку шапку, тым закрываючы дыспут. Пасля было шмат рознага, болей кепскага: зламалі веснічкі ў царкоўнай агароджы, гадзілі на паперці, мазалі гноем вароты нашай сядзібы. А пра выкрыкі, крыўдныя рэплікі на вуліцы, у крамах за спіной айца Кірыла і за мной я ўжо не кажу, я да іх прывыкла і старалася не заўважаць. Горш стала, калі малы Алежка пачаў прыходзіць з вуліцы са скаргамі на таварышаў — то абазвалі, то пакрыўдзілі, a то і пабілі. Памучыліся мы, пагаварылі, ды і адвезла я сына да бабкі ў Полацк. Там ён быў проста Алег Бараноўскі, пайшоў у школу, вучыўся, як усе, і толькі ўлетку прыязджаў на некалькі тыдняў да маці з бацькам. Што тады рабілася ў маёй душы,
гэтага не зразумець нікому. Нават муж не ведаў пра ўсе мае пакуты, тым болей што яму хапала сваіх...
Бараноўская гаварыла з набалеласцю ў голасе, часта спынялася, быццам прыслухоўваючыся між думак да невыразнага водгулля пражытых гадоў, і Агееў зразумеў, што гэта — не проста расказ, гэта споведзь спакутаванага чалавека, рэквіем па жыцці. I ён уважліва слухаў, стараючыся зразумець у многім загадкавы сэнс чужога лёсу. Ніякіх асабістых адносін да гэтага лёсу ў яго спярша не было, як не было ні спачування, ні асуджэння, была толькі ціхая чалавечая цікаўнасць. Сам ён належаў да іншага часу і ішоў зусім іншай сцяжынай жыцця. Часам слухаючы яе голас, ён пераставаў бачыць яе цяперашнюю і ўяўляў у цьмяным абліччы мінулага — то дарэвалюцыйнага, то настаўніцкага, пасля местачковага, папоўскага быту. Хацелася ведаць, як усё было далей і што сталася з яе сінявокім свяшчэннікам.
— Айцу Кірылу зусім кепска стала, калі ў начальства над мястэчкам выбіўся гэты Коська Брыты. Ужо як толькі ён не здзекаваўся з нас! Ніводнага сходу, пасяджэння або спектакля ў нардоме не праходзіла, каб ён не аблаяў бога, царкву і свяшчэнніка айца Кірыла. I мяне нямала здзіўляла цярпенне айца Кірыла, ён не азлобіўся, ні разу не закрычаў нават, трываў усё, часам уступаў у дыспут, а часцей маўчаў, бо размаўляць з Брытым сур’ёзна было немагчыма, ён толькі пагражаў і лаяўся. I вось справа скончылася тым, што неяк вясной царкву закрылі — якраз перад вялікаднем. Канечне, гэта выклікала крыўду сялян, некаторыя пісалі скаргі нават Калініну. Але ўсе скаргі вярталіся для разбору ўсё таму ж Коську Брытаму, які пасля гэтага лютаваў яшчэ болей. Аднойчы, калі ўжо арганізавалася МТС, ён падагнаў да царквы два трактары, наш верхалаз у прамым і пераносным сэнсе Лёкса Семашонак узлез на купалы, зачапіў за крыжы канаты. Напэўна, сабралася паўмястэчка паглядзець, як трактары, тузаючыся, выламалі з купалоў крыжы і сцягнулі іх з даху. У непагадзь царкву пачало заліваць дажджом, убранства стала псавацца, так прадаўжалася з год, пакуль аднойчы камісія сельсавета не рэквізавала царкоўную маёмасць. Кнігі пацягалі хлапчукі і доўга яшчэ з рукапісных
пергаментаў рабілі змеяў, пускалі з пагорка на вецер. А з папоўскіх рыз прамарцель шыла цюбецейкі, і ўвесь раён шмат гадоў хадзіў улетку ў гэтых шытых золатам і срэбрам мусульманскіх уборах.
Айцец Кірыл ледзьве перажыў закрыццё царквы, аднойчы зусім заняпаў душой. Ніякай іншай работы ён не меў, ды ніякай яму і не давалі, і тады ён надумаў: папрасіў родзіча з Ленінграда прыслаць яму шавецкі інструмент, ну, там розныя калодкі, абцугі, малаткі, і пачаў рамантаваць абутак. Неяк трэба было жыць, сродкаў жа ў нас не было ніякіх. Канечне, шавец з яго атрымаўся няўмелы, зарабляў калі пяць яек у дзень, калі вядро бульбы ці капеек пяцьдзесят грашыма. 3 таго і жылі. Але і тое працягвалася нядоўга, рамеснікаў-адзіночак абкладвалі вялікімі падаткамі, нельга было займацца прыватным прадпрымальніцтвам. А ў шавецкую арцель яго не прымалі — шкодзіла сацпаходжанне. Што мы маглі зрабіць.
Бараноўская сціхла, перажываючы штось недасказанае ці недадуманае, можа, і Агееў запытаўся, імкнучыся, каб цішэй і далікатней:
— Ну, а як жа вы жылі?
— Дрэнна жылі, што і казаць. Парой здавалася, лёс замкнуў на нас сваю пастку, з якой не было выйсця. Рознае думалася, болей кепскае. Але людскі гонар і вера ўтрымлівалі нас ад апошняга кроку, а галоўнае — трымаў у жыцці Алег. Калі аднойчы ноччу не стала бацькі, а хутка зламаў сабе галаву і наш мучыцель Коська Брыты, у мястэчка прыехаў Антон Сцяпанавіч.